Беларуская традыцыйная музычная спадчына
Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
Двухгалосыя спевы — тып выканання, у якім другі голас выступае ў якасці ўторы да першага. Звычайна ўтора гучыць на тэрцыю вышэй вядучага голасу. Такім чынам,пры двухгалосых спевах ніжні голас з’яўляецца асноўным носьбітам мелодыі, а верхні падтрымлівае яго, уторыць яму. Сустракаецца ўтора і на кварту, квінту, сексту, актаву, аднак у такім выпадку яна носіць эпізадычны характар.
Двухгалосыя спевы існуюць у выкананні двух і болей спевакоў. У параўнанні з іншымі традыцыйнымі спевамі двухгалоссе ўзнікла пазней. Як правіла, на два галасы спяваюць пазаабрадавыя песні — лірычныя, бяседныя, так званыя «жорсткія» рамансы і інш. Пабудова меладычнага матэрыялу ў двухгалоссі адбываецца ў гарманічнавертыкальным напрамку.
Трохгалосы тып выканання ўзнікае ў тым выпадку, калі трэці голас запаўняе пустую квінту. Пры выкананні трохгалоссем утвараюцца розныя акордавыя спалучэнні: трохгуччы, секстакорды, квартсекстакорды і інш. У аснове сваёй трохгалоссе носіць эпізадычны характар.
Нам давялося ў час фальклорнай экспедыцыі па Гродзенскай вобласці (Ваўкавыскі раён, вёска Улезлы) пачуць у выкананні групы мясцовых жанчын двухі трохгалосыя спевы. Яны свядома падзяляюцца на харавыя партыі, прычым ужываюцца традыцыйныя народныя тэрміны: «падводка» — верхні голас, «басы» — «тоўсты» голас. Але спецыфіка іх спеваў карэнным чынам адрозніваецца ад палескай традыцыі спеваў з «пералівамі» і з «падводкай». Спевы роўныя, спакойныя, без пад’ёмаў і спадаў. Гурт з вёскі Улезлы выконвае пераважна лірычныя, бяседныя песні. Верхні голас («падводку») выконвае моцнае сапрана. Альты ў час узнікнення трохгалосся падзяляюцца на дзве партыі: альты першыя і другія.
Чатырохгалоссе пры традыцыйных спевах, паводле сведчання вядомага фалькларыста і майстра харавых спеваў У. I. Раговіча, узнікае ў выніку далучэння да жаночых галасоў мужчынскіх: высокіх (тэнараў) і нізкіх (басоў). Як вядома, па сваёй прыродзе мужчынскія галасы гучаць актавай ніжэй пры спевах ва ўнісон з жаночымі галасамі. Такім чынам, пры змешаных агульных спевах жанчын і мужчын натуральна ўзнікае чатырохгалоссе: сапрана дубліруецца тэнарамі, a альты — басамі, адпаведна на актаву ніжэй. Трэба адзначыць, што пры ўтварэнні чатырохгалосся ў натуральных умовах яго спецыфіка адрозніваецца ад класічнага акадэмічнага выканання з агульнапрынятымі законамі пабудовы і развіцця меладычнага матэрыялу. У
прафесійным напрамку спяваюць і народныя хары, з дакладным падзелам галасоў на харавыя партыі.
На нашу думку, адным з найбольш важных элементаў народнай манеры спеваў з’яўляецца інтанацыя. У дадзеным кантэксце тэрмін «інтанацыя» ўжываецца ў сэнсе семантычнага элемента народнай манеры спеваў, які мае адносна самастойнае выразнае значэнне. Інтанацыя — важнейшая эстэтычная і музычна-тэарэтычная катэгорыя, якая знайшла сваё канцэптуальнае адлюстраванне ў вядомым заключэнні Б. Асаф’ева: «...думка, каб выявіцца ў гуках, становіцца інтанацыяй, інтануецца». Можна зрабіць выснову, што працэс інтанавання народнай песні — гэта праяўленне чалавечай свядомасці ў народных спевах.
Па-за інтанаваннем немагчыма існаванне іншых сродкаў народнай манеры спеваў: тэмбру, гармоніі, рытму, дыялектаў, дыхання і інш. Такім чынам, яно мае універсальнае значэнне для фальклорных спеваў. Песенныя інтанацыі — вынік працяглага гістарычнага развіцця, таго жыццёвага ўкладу, у якім яны ўзніклі, шліфаваліся і дайшлі да нашага часу. Разам са зменай бытавых умоў змяняецца і інтанацыйны слоўнік (па тэрміналогіі Б. Асаф’ева) грамадства, яго слыхавыя ўяўленні. Народная песня ўстойлівая да жыццёвых змен, але і ў ёй адбываюцца пераасэнсаванні інтанацый, сутнасць якіх заключаецца не ў механічным пераносе пэўных меладычных элементаў з адной эпохі ў другую, а ў спалучэнні старых і новых інтанацый, узнікненні на іх аснове музычных сугуччаў, характэрных ужо новаму часу.
Гутарковая і музычная мовы маюць уласцівыя ім інтанацыі. Але музычная інтанацыя адрозніваецца ад моўнай карэнным чынам. У музыцы тон, танальнасць звязаны з якасцю інтэрвалаў як суадносін паміж гукамі рознай вышыні, якія пры выкананні патрабуюць пэўнага напружання. Менавіта якасць інтэрвалу ў народнай песні вызначае эмацыянальны характар інтанацыі. Інтэрвалы ж гутарковай мовы адносныя ў сваёй вышыні, не так напружаны, як пры спевах. Вызначыўшы якасць інтэрвалу народнай песні, можна перадаць інтанацыю, якая ляжыць у яе аснове.
Што такое народная песня? Гэта лаканічная інтанацыя, якая дзейнічае на кароткай «гукавой прасторы» (Б. Асаф’еў). У народных спевах слухачамі заўсёды заўважалася дакладнасць, праўда інтанавання, натуральнасць выканання. Пры народных спевах голас-гук быццам адыходзіць на другі план, уступаючы месца сэнсавай інтанацыі, інтанаванню слова.
Стварэнне кожнай народнай песні было абумоўлена пэўнымі жыццёвымі абставінамі. Менавіта таму за песнямі адпаведнага прызначэння ўстойліва замацаваліся характэрныя папеўкі, якія з’яўляюцца сэнсавым стрыжнем мелодыі, а іншым часам і паэтычным вобразам альбо сюжэтам. Нелыа скласці дакладнае ўяўленне аб сэнсавым змесце песні, ігнаруючы яе прызначэнне.
Для знаходжання, вывучэння і авалодання інтанацыямі фальклорнай песні, што ляжаць у аснове народнай манеры спеваў, неаб-
ходна вызначыць жанравыя прыкметы традыцыйнага твора. Ведаючы спецыфіку асобных устойлівых жанраў, заўсёды магчыма вызначыць сапраўдную прыроду той альбо іншай песні, характар і інтанацыю, якія ў ёй закладзены.
Сярод шматлікіх прынцыпаў класіфікацыі народных песень, прапануемых даследчыкамі, лічым мэтазгодным выкарыстаць эстэтычны, як найбольш устойлівую прымету жанру (Н. П. Каўпакова). У адпаведнасці з гэтым прынцыпам усе песні падзяляюцца на чатыры асноўныя жанры: заклінанні. гульнявыя, велічальныя, лірычныя. У першым выпадку песня заклінае прыроду, лес, прадметы бачнага і нябачнага свету; удругім — яна пераасэнсоўвае з’явы працоўнай дзейнасці чалавека і выкарыстоўваецца для гульні; у трэцім — усхваляе працоўныя і асабістыя якасці чалавека; у чацвёртым — адлюстроўвае эмацыянальныя адносіны чалавека да навакольнага свету, перадае яго радасць, гора, гнеў, крыўду, абурэнне, жартоўныя і сатырычныя погляды на з’явы рэчаіснасці.
В. I. Елатаў вылучае тры інтанацыйныя тыпы, якія ляжаць у аснове асэнсавання чалавекам рэчаіснасці: эмацыянальны, жанравы, вобразны.
Эмацыянальная тыпізацыя характэрна для ранніх форм музычнага мастацтва. Гэта эмоцыі, якія праяўляюцца ў гуках як плачы, крыкі, воклічы, гуканні, жаль, радасць, страх, гнеў, заклік і г. д. У абрадавых песнях яны знаходзяць сваё непасрэднае адлюстраванне.
Жанравая тыпізацыя — гэта выкарыстанне характэрных для пэўных жанраў інтанацый. Тут адчуваецца ўздзеянне на музыку іншых, больш канкрэтных мастацтваў: паэзіі, танца.
Вобразная тыпізацыя характарызуецца меншай залежнасцю ад іншых мастацтваў. Яна выпрацоўвае свае сродкі выразнасці. Асацыяцыі адыгрываюць важную ролю ў вобразным асэнсаванні музыкі, задавальненні эстэтычных запатрабаванняў чалавека. Гэтыя тры тыпы інтанацый шчыльна звязаны паміж сабою. Значную ролю ў з’яўленні эмацыянальных інтанацый адыграла працоўная практыка чалавека і рытуалы заклінальнага характару. Праца параджала розныя меладызаваныя ўдохі, «ухі», «ахі», «эхі», а абрады — рэчытатыўныя інтанацыі, воклічы, прызывы і інш.
«Інтанацыі-эмоцыі» — адлюстроўваюць палярныя псіхалагічныя станы чалавека: радасць — гора, весялосць — сум, дабро — зло. Гэтыя псіхалагічныя станы праяўляюцца ў інтанацыях воклічу і плачу. Пэўны эмацыянальны тонус заключаны ў розных воклічах: «Эх», «Ой», «Да», «А», а таксама імёнах, якія ўзыходзяць да язычніцтва: Купала, Лада, Ляля, Каляда і інш. Звычайна інтанацыі воклічаў сустракаюцца ў канцы папеўкі альбо ў канцы яе самастойных частак. Як правіла, гук, які ўтрымлівае эмацыянальную інтанацыю, спяваецца доўга, але можа выконвацца ў некаторых выпадках адрывіста, з акцэнтам (розныя «Гэй», «Ай» і г. д.).
Першасныя інтанацыі-эмоцыі захаваліся ў жніўных песнях, якім уласцівы амузыкаленыя воклічы, «рэчытатывы», звязаныя з цяжкай працай, момантамі дыхання ў час фізічнай напругі. Эмацыя-
нальныя загуканні-заклікі характэрны для веснавых песень. Сустракаюцца першасныя інтанацыі-эмоцыі ў калыханках, некаторых вясельных песнях.
У многіх народных песнях сустракаецца прыём вібрата, які перадае глыбокія эмацыянальныя пачуцці (кароткія ноты, фаршлагі).
Эмоцыі праяўляюцца пры выкананні розных інтанацый у выглядзе глісанда, «падкатаў», «адкатаў», «звязак» і інш.
Інтанацыі стогну перадаюцца паслядоўным спалучэннем сыходнай малой секунды і малой тэрцыі, а інтанацыі прызыву знаходзяць рэалізацыю ва ўзыходнай чыстай кварце.
Народныя спевакі пры выкананні абрадавых песень карыстаюцца прыёмам глісанда нават у момант квартавага скачка («падкаты», «пад’езды» і «адкаты» да ніжняга гуку).
Вызначэнне функцый абрадавых песень вельмі важна для авалодання прыёмамі народных спеваў. Напрыклад, агульнакалядныя песні перадаюць чаканне надыходзячага свята:
Ой, рана, рана куры запелі, Ганначка ўстала, коску ўчасала, Каляда, куры запелі. Каляда, коску ўчасала.
Ой, яшчэ раней Ганначка ўстала, Коску ўчасаўшы, павы пагнала, Каляда, Ганначка ўстала. Каляда, павы пагнала.
Гэта песня ў адпаведнасці са сваім зместам павінна перадаць вясёлы настрой, пажаданне аб хуткім надыходзе Каляд, ажыўленне, якое нясе да людзей свята. Перадача гэтага настрою выканаўцамі дапаможа знайсці і адпаведныя сродкі выканання, уласцівыя народнай манеры спеваў: дакладную дыкцыю, свабодны адкрыты гук, рытмічнасць, радасную інтанацыю, якая нагадвае хуткую гутарковую гаворку і інш. Трэба сачыць, каб выканаўцы не пераходзілі на крык. Звычайна пры выкананні абрадавых песень можна заўважыць дзве супрацьлеглыя, узаемавыключальныя з’явы: спевы, якія пераходзяць на крык, і спевы, якім уласцівы абыякавасць, «шэрасць», манатоннасць. Тлумачыцца такое становішча рознымі прычынамі. Чамусьці некаторыя лічаць, што дзіцячыя спевы павінны быць толькі звонкімі. Але ж звонкасць і крык — розныя рэчы.
Агульнакалядныя песні малююць вобраз Каляды, якая выступае часам як жывая істота:
Прыехала Каляда на сівым коніку, Сама села на куце ў пярынйы, Паставіла коніка ў ядрынцы, Паставіла дудачкі на стаўпе: