Беларуская традыцыйная музычная спадчына
Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
Вывучэнне абрадаў у школе ўскладняецца ўзаемадзеяннем у народнай культуры двух супрацьлеглых пачаткаў — язычніцтва і хрысціянства. Рэлігійныя веравучэнні аказалі ўплыў на існаванне беларускай абрадава-святочнай культуры, яны імкнуліся абвергнуць
народныя абрады і звычаі, далучыць святы і дні нараджэння сваіх багоў да традыцыйных вераванняў, рытуалаў, дзеянняў. Але канчаткова закрэсліць, зламаць язычніцкія светапогляды нашых продкаў хрысціянства не змагло. Сёння язычніцтва і хрысціянства ўтвараюць агульную аснову культуры народа. Пацвярджэнне сінтэзу народных і хрысціянскіх элементаў у сучасных святах знаходзім у паралелях: Каляды і Ражство Хрыстова, Грамніцы і Стрэчанне, Зялёныя святкі і Тройца, Купалле і дзень Яна Хрысціцеля, Багач і Ражство Маці Божай і інш. Нягледзячы на спалучэнне язычніцтва і хрысціянства ў культуры, вядучым элементам абрадаў і свят з’яўляецца народная язычніцкая міфалогія. Хрысціянства адчувае ўплыў язычніцтва, пераносячы на сваіх святых уяўленні аб старажытных боствах, выкарыстоўваючы некаторыя рытуалы, дзеі і сімвалы народнай традыцыі. Таму, па магчымасці, трэба вылучаць язычніцкую першааснову народных свят і абрадаў.
Зразумела, у школе, асабліва гарадской, цяжка ўявіць каляндарны рытм як натуральны рытм жыцця чалавека, таму што традыцыі вёскі ўжо даўно с-талі чужароднымі ў гарадскіх умовах. Неабходна мець на ўвазе складанасць эстэтычных задач і непазбежнасць іх умоўнага адлюстравання ў школе. Рэальнае выйсце з гэтага становішча — захапіць школьнікаў яскравасцю вобразаў, шумам гульні, прыгажосцю і арыгінальнасцю касцюмаў, акцэнтуючы ўвагу ў народным свяце на відовішчныя формы.
Ва ўмовах школы тэатралізаваны паказ народнага свята дае больш свабоды і адначасова не выключае эстэтычнага ўздзеяння на вучняў.( Няма неабходнасці захоўваць дакладную структуру абраду, узнаўляць у дэталях атрыбутыку, дзеянне і тэксты. У той жа час свабода трактоўкі абрадавага дзеяння павінна кампенсавацца асобымі задачамі. У прыватнасці, пэўную цікавасць уяўляе знаёмства не з абрадамі кожнага сезона, а разуменне асобных перыядаў у гадавым рытме, дакладней, усведамленне схаванага міфалагічнага сэнсу ў народнай традыцыі. Размова ідзе аб асноўнай міфалагічнай канцэпцыі ўспрымання свету як бясконцай барацьбы сіл хаосу і космасу. Хаос азначае цемру, холад, стыхійныя бедствы, смерць. Космас — святло, цяпло, жыццё, радасць. Змена гадавых цыклаў у барацьбе сіл космасу і хаосу — непасрэдны вынік гэтай барацьбы. Найбольш значныя святы ў народным календары супадаюць з крытычнымі момантамі ў барацьбе цемры і свету. Цэнтральнымі з’явамі народнага календара з’яўляюцца дні веснавога і зімовага сонцазвароту, калі ў касмічнай барацьбе адбываюцца знамянальныя пераломы. 3 гэтага пункту гледжання зіма — перамога цемры над святлом, урачыстасць смерці. Зіма, асабліва Каляды, — час разгулу нячыстай сілы, што знаходзіць адлюстраванне ў звычаях, абрадах і забабонах. Усяму зімоваму перыяду адпавядае пэўная сістэма вобразаў, персанажаў з яскравымі міфалагічнымі рысамі — закрытыя твары, махнатасць, жаданне нашкодзіць, бадаць, таптаць і інш.
Сонца кожныя суткі вядзе барацьбу з ноччу і кожны год — з зімой. Зімою яно зыходзіць у падземнае царства, памірае, а вясной
адраджаецца, уваскрасае. Нездарма старажытны каляндарны цыкл падзяляўся на дзве часткі: асенне-зімовы і вяснова-летні. Такім чынам, каляндарныя перыяды магчыма разглядаць з пазіцыі іх схаванага сэнсу, а яскравую святочнасць — як вынік яго асаблівай важнасці.
Пакланенне Сонцу (салярны культ) у язычнікаў было абавязковым, бо яно лічылася пачаткам, крыніцай жыцця. Культ Сонца захаваўся ў святах: Каляды, Купалле і інш. Рытуальны хлеб, напрыклад, у сямейнай абраднасці прысвячаецца Сонцу і з’яўляецца абавязковым для ўсіх этапаў абрадавых дзеянняў, асабліва ў Вяселлі.
Прыродныя стыхіі — агонь і вада — надзяляюцца ў каляндарных і сямейных абрадах магічнай сілай, ім пакланяюцца, прыносяць ахвяры. Увогуле старажытныя культы раслін (дрэў), жывёл, продкаў з’явіліся асновай міфалагічнага мыслення чалавека мінулага. Вера ў рознага роду нячысцікаў была таксама ўласціва архаічнай свядомасці, аснову якой складала магічнае мысленне. Галоўным носьбітам і сродкам магіі было слова, якім суправаджаліся замовы і розныя рытуальныя дзеянні.
Сёння многія недаацэньваюць значэнне міфалагічнай свядомасці, якая прысутнічае ў многіх фальклорных творах, асабліва абрадавых песнях. Але погляды на свет, якія былі характэрны для тысячагоддзяў існавання і развіцця людзей, не маглі зусім знікнуць з памяці чалавека, адысці ў нябыт. Мінулае адышло ў падсвядомасць, захоўваецца ў генетычнай памяці і час ад часу праяўляецца. Вось чаму важна вывучаць асаблівасці міфалагічнага мыслення, каб разумець фальклор як з’яву культуры. Цэласны погляд на рэчы, прыроду, космас, адчуванне адзінства чалавека і сусвету, тоеснасць макракосмасу і мікракосмасу складаюць аснову міфалагічнага мыслення. Паводле сведчання вядомага вучонага Мірчэ Эліадэ, старажытны чалавек адчуваў сябе непарыўна звязаным з космасам і касмічнымі рытмамі, а сучасны — звязаны з гісторыяй1.
Без разумення першапачатковага сэнсу традыцыйнай культуры, яе вытокаў, асноў фарміравання нелыа раскрыць сапраўдную сутнасць фальклору. Трэба адзначыць, што вывучэнне яго ў школе знаходзіцца на пачатковым этапе і сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі. Фальклор не ўсведамляецца ў поўнай меры як спецыфічная з’ява культуры, неадэкватная ў многім сучаснай свядомасці. He ўлічваецца стадыяльнасць яго шматвяковага развіцця, пераасэнсаванне і сучасны стан бытавання. Адмоўна адбіваецца на вывучэнні фальклору і тое, што не ўсе настаўнікі дастаткова тэарэтычна падрыхтаваны, адсутнічаюць якасныя падручнікі, дапаможнікі, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў і вучняў па прадмеце. Таму магчымасці фальклору як прадмета школьнага вывучэння і як сродку эстэтычнага выхавання вучняў поўнасцю не выкарыстаны.
Якую ж ролю ў музычным выхаванні школьнікаў займаюць фальклор, народная спадчына? На наш погляд, фальклор павінен
1 Элнаде, Мнрче. Космос н нсторня. М., 1987. С. 236.
дапамагчы вучню рэалізаваць сябе ў творчай дзейнасці, таму што народнае мастацтва — даступная форма развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей будучай асобы. Імправізацыйнасць, калектыўнасць творчага працэсу, вуснасць, непасрэднасць, варыятыўнасць, якія ўласцівы фальклору як мастацтву, лагічна адпавядаюць прыродзе вобразнага мыслення вучняў, цэласнага ўспрымання імі свету, што найбольш яскрава знаходзіць праяўленне ў гульнях, спевах, драматызацыі, калектыўных дзеяннях. Вусная форма ўзнікнення і бытавання фальклору павінна быць перанесена на заняткі з вучнямі як вызначальны метад засваення традыцыі, які развівае свабоду творчасці, грунтуецца на гульні, імправізацыйнасці, варыятыўнасці. Вусны спосаб вывучэння фальклору ў школе найбольш прымальны ў педагагічнай практыцы, таму што ён арганічны, натуральны, адпавядае духу народнага мастацтва.
Вельмі важна, вывучаючы фальклор на ўроках, дасягнуць шчырасці пачуццяў вучняў, непасрэднасці і натуральнасці ў час выканання твораў. Многія знакамітыя выканаўцы, фалькларысты, выкладчыкі мінулага і сучаснага звярталі і звяртаюць увагу на свабоду фальклорнай творчасці, рэалізацыю творчай ініцыятывы ўдзельнікаў, раскрыццё імі глыбіні і зместу твораў, праяўленне асаблівай сапраўднасці, даставернасці эмоцый і адчуванняў. Дасягненне творчага натхнення пры выкананні народных песень вучнямі робіць апраўданай і мастацкай саму манеру спеваў, якая істотна адрозніваецца ад акадэмічнай з «завучваннем» партый, раздзяленнем галасоў, асаблівасцямі гукаўтварэння і інш. Традыцыйна музычная педагогіка бачыць дынаміку музычнага развіцця вучняў у тэхнічных, а не ў мастацкіх задачах. Напрыклад, пеўчая культура вучняў вызначаецца іх уменнем спяваць на два, тры галасы і інш. Некаторыя настаўнікі разглядаюць унісонныя спевы як першапачатковы этап фарміравання пеўчай культуры, недаацэньваюць складанасці аднагалосся. Аднак значэнне спеваў не вычэрпваецца толькі авалоданнем вакальна-харавымі навыкамі. Галоўнае ў спевах — настрой, стан душы, што вызначае сутнасць музыкі. Таму неабходна ісці не ад тэарэтычных разважанняў, заканамернасцей узаемаадносін інтэрвалаў, акордаў, гукарадоў, а ад настрою, зместу, уласцівых фальклорным творам.
На ўроках музыкі, асабліва ў вясковай школе, важна выкарыстоўваць узоры мясцовага фальклору, запрашаючы на заняткі непасрэдных носьбітаў традыцыі. Зразумела, што вучняў трэба падрыхтаваць да сустрэч з народнымі выканаўцамі, стварыць пэўную атмасферу, расказаць пра гэтых людзей, пазнаёміць з мясцовымі дыялектамі, традыцыямі і г. д.
Выкарыстоўваючы фальклор у школе, неабходна прыўнесці на заняткі сам «дух фальклору», г. зн. так будаваць урок, каб ён адпавядаў прынцыпам, якія ляжаць у аснове народнай творчасці. Вызначым найбольш важныя сярод іх: вусны спосаб развучвання твораў, адзінства руху, слова і напеву, варыятыўнасць, калектыўнасць, раскрыццё творчай індывідуальнасці кожнага вучня. Пры гэтым важ-
на, каб засваенне матэрыялу адбывалася дабравольна, без прымусу, «як у самім жыцці». He трэба ўсіх вучняў уключаць у фальклорнае дзеянне, не ўлічваючы іх схільнасці і асаблівасці характару.
Узаемаадносіны з вучнямі трэба будаваць па прынцыпах народнай педагогікі. Як вядома, у народнай творчасці вядучым прынцыпам выхавання з’яўляецца вусны спосаб. Менавіта ён дазваляе кожнаму вучню пры спевах народных песень ці ўдзелу ў гульнях адчуць і перадаць па-свойму характар і настрой. Зразумела, што, вывучаючы песню з голасу настаўніка, вучні пераймаюць яго, захоўваюць інтанацыю, эмацыянальны стан выканання, але пры гэтым развіваюць сваю інтуіцыю і могуць часам знайсці свае варыянты. Пры стварэнні на занятках творчай фальклорнай сітуацыі дасягаецца свабода вучняў у адносінах да фальклорнага матэрыялу. У падобныя, сапраўды творчыя, моманты ствараецца асобае асяроддзе, у якім дзейнічаюць свае правілы. Напрыклад, пры выкананні веснавых песень-заклічак, прыпевак, жартоўных песень трэба, каб кожны знайшоў сваю манеру выканання. Важна, каб заняткі фальклорам былі арганічнай часткай развіцця музычнай і духоўнай культуры вучняў.