Беларуская традыцыйная музычная спадчына
Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
Стрымана J = 80
Пайшла Каляда, ка_ля_ду_ю_чы. Ой, Ка_ля_ла, Ка_ ля_дзі_ца!
Пайшла Каляда, калядуючы.
Ой, Каляда, Калядзіца!*
А за ёю хлопчык, ды й жабруючы, Пайшла Каляда па лесу, лесу, Рассыпала каляду па верасу.
А вы, дзевачкі, да й не гуляйце, Йдзіце каляду да й сабірайце.
Алег Аляхновіч, Пятро Гуд
ШЧОДРЫ ВЕЧАР
(сцэнарый для вучняў старэйшых класаў)
На пляцоўку ўваходзяць дзяўчаты з песняй «Ой, дзе ж мы ходзім».
Шчодрая. Добры вечар, гаспадарочкі, весялосці вам і радасці. Мір вашаму дому, быць пірагу ядому. Даўно да вас збіраліся, мы ледзь-ледзь сабраліся. Палотны пабялілі, убораў панашылі, усё парабілі ў дарогу.
Першая дзяўчына. Мы са «шчодрай» ідзём, на ўвесь свет радасць нясём. Прыйшлі да вашае хаты, каб была ваша сям’я багата. Каб увесь год быў шчаслівым, былі буйныя вашы нівы.
Другая дзяўчына. Каб былі збожжа поўныя клеці. I каб мелі вы павагу ў цэлым свеце.
ІПчодрая. Пусціце пашчадраваці ды вас павіншаваці.
Усе разам. Чалом вам б’ём, у ножкі кланяемся.
Шчодрая. А ці знойдзецца ў вас месца цёпленькае для нас? Ці шырокі лавы, каб нам паляжаці? А ці добрая гаспадынька, каб нас пачаставаці?
Трэцяя дзяўчына. Гаспадыня добрая, ды нават шчодрая, ды за што ж нас частаваці, спачатку трэба паспяваці!
Усе разам. Дык паспяваем. (Спяваюць песню «Ішла Каляда».)
Чацвёртая дзяўчына. Гаспадарскі двор на сямі стаўбах, на васьмі стаўпах, стаўбы тачоныя, пазалачоныя. А на самым двары стаяць тры церамы.
* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.
Пятая дзяўчына. Як у першым цераму — цёпла сонейка, у другім цераму — свецел месяц, а ў трэцім — часты звёздушкі.
Шостая дзяўчына. Цёпла сонейка — гаспадынюшка ў доме, свецел месяц — то гаспадар сам, часты звёздушкі — малы дзетушкі.
Сёмая дзяўчына. Дзякуй табе, гаспадар, за ласку, што не даў у абразку.
Восьмая дзяўчына. Май усяго даволі, а бяды — ніколі.
Першая дзяўчына. Шчасце каб было, а няшчасце каб сышло. (Спяваюць віншавальную гаспадару «Добры вечар таму, хто ў етым даму».)
Шчодрая. У пана Івана — умная жана ды закупіла ды тры гарады.
Другая дзяўчына. Першы горад — ды ўсё з панамі. Другі горад — ды ўсё з казакамі. Трэці горад — ды ўсё з мужыкамі.
Трэцяя дзяўчына. Жадаем табе, гаспадыня, з казакамі піва варыці.
Чацвёртая дзяўчына. 3 мужыкамі поле араці.
Усе разам. Поле араці, ячмень сеяці. (Спяваюць віншавальную гаспадыні «У пана Івана умная жана».)
Шчодрая. У хаце, дзе вокны ярка свецяцца, ружа чырвоная, бяроза беленька, сад зялёны вішнёвы, то дачка гаспадара, як лецейка, расцвіла. (Спяваюць віншавальную дачцэ гаспадароў «Травамурава».)
Шчодрая. А табе, гаспадарскі сынок, жадаем кахання не адзін гадок. Каб гаспадыню спрытну ўзяў ды акрамя яе нікога не кахаў.
Пятая дзяўчына. Каб у вас нараджаліся дзеткі.
Усе разам. Прыгожыя, як кветкі. (Спяваюць віншавальную сыну «Там за садамі за зялёнымі».)
Шчодрая. Гэй, дзяўчаты, расступіцеся ды на цыганак надзівіцеся!
На пляцоўцы з’яўляюцца тры цыганкі з песняй.
Першая цыганка. Добры вечар! Прыйшлі мы да вас на свята, a хата ў цябе, гаспадар, багата! Я цыганка маладая, я цыганка не прастая, я ўмею варажыць, я хачу паваражыць.
Другая цыганка. Пакажы-ка, барын, ручку, палажы-ка грошай кучку. Усю праўду скажу, усю ісціну. (Падыходзіць да гаспадара са снапом.)
Першая цыганка. Дазволь, гаспадар, паваражыць на ўраджай. Цягні каласок, калі выцягнеш доўгі і поўны — ураджай будзе шыкоўны, а калі саломінка будзе тонка, то ў гумне тваім будзе звонка.
Гаспадар цягне саломінку, ідзе варажба. У гэты час другая цыганка выводзіць на сярэдзіну гаспадарову дачку.
Другая цыганка. Паглядзіце, даражэнькія, якая ў гаспадара дачка прыгажэнькая, тварам прыгожа, станам хароша.
Трэцяя цыганка. Хай жа мінае гора і будзе жаніхоў мора.
Другая цыганка. Такой гожай, ружай панне паварожым на каханне. Мы табе завяжам вочкі і раскруцім тры разочкі. Калі спынішся супраць шклянкі, муж п’яны будзе прыходзіць з гулянкі. Калі спынішся супраць люстэрка, то мужык будзе быццам цукерка, a калі здарыцца ля кнігі апынуцца, да навукі ён будзе цягнуцца. Калі станеш тварам да жыта, будзеш замужам сыта. (Завязвае вочы і раскручвае, ідзе варажба.)
Трэцяя цыганка. А ці ведаеце вы, дзяўчаты, што ў гаспадара сын не жанаты? Ён у куточку ўсё стаіць ды адтуль на нас глядзіць. 90
Хлопец трохі сарамлівы, але бачна — не лянівы. Працавіты і прыгожы, гаспадар з яго харошы. (Выводзіць гаспадарова сына і звяртаецца да яго) Я табе паваражу, праўду ўсю табе скажу, ці пашчасціць табе, хлопец, знайсці жонку ў етым годзе. Ты вазьмі ў руку лучынку, у кола стань сярод дзяўчынак, і пакуль яна гарыць, будзем карагод вадзіць. А калі яна пагасне, то ўбачыш сваё шчасце.
Ідзе варажба. У гэты час чуецца голас: «Но, но, каб цябе халера».
Цыган. Добры дзень усім, са святам'вас!
Дзяўчаты. I табе добры, а каго гэта ты з сабой прывёў?
Цыган. Гэта мой вучоны конь. Гляньце — у вачах агонь! Разумее ўсё з паўслова, дзе ж вы бачылі такога? (Звяртаецца да гаспадара.) Можа купіш, гаспадар? У мяне такі тавар! Аддаю задарам, усяго за тысячу даляраў.
Дзяўчаты. Э, не! Ды за такога каня аддаць грошы шкада. Ён на зямлі ледзь стаіць.
Цыган. Дык у яго баляць ногі з доўгай дарогі. Вы лепш паглядзіце, павы, які ён у мяне ласкавы. Паглядзіце, якая ў яго паходка, плыве, як у моры лодка. А як мой сівы бяжыць, дык пад ім зямля дрыжыць. (Конь паказвае свае здольнасці.)
Дзяўчаты. О! Чуць не ўпаў!
Цыган. А вы не глядзіце, што худаваты, ён так арэ, як валы. A вось каб далі яму зараз пад’есці, пракаціў бы чалавек дзвесце.
Дзяўчаты. He, цыган! Ён больш нічога ў цябе рабіць не ўмее.
Цыган Многа вы разумееце! Ён можа не толькі араці, а яшчэ полечку скакаці. Ды нават шчасце нагадаці!
Дзяўчаты. Хлусіш ты.
Цыган He верыце, дык глядзіце! Ёсць адная варажба, якраз для гаспадара! (Падыходзіць да гаспадара.). Яму вочы мы завяжам, a майму каню прыкажам, каб круціўся і скакаў, да сябе не падпускаў. У гэты час сам гаспадар мусіць ухапіць тавар. Калі за хвост — не пойдзе гаспадарка ў рост. А як ухопішся за грыву — будзеш долю мець шчасліву.
Гучыць музыка. Гаспадар ловіць каня, а той раптам падае.
Цыган. А, гаспадар, хай жа цябе ліха, загубіў ты мне каня.
Дзяўчаты. Надта ўжо слабы твой конь, нават гаспадара не ўтрымаў.
Цыган. Слабы ды худаваты, але шчасце прынёс у хату. За гэткую чэсць давай мне даляраў тысяч шэсць.
Дзяўчаты. Купляй, гаспадар, каня, шчасце ён табе прынёс.
Гаспадар. Купляю. (Аддае цыгану грошы.)
Цыган. Дзякуй, гаспадар, што купіў у мяне тавар! (Звяртаецца да каня.) А ты, конік, не сумуй ды мяне за ўсё даруй! He журыся і не плач, лепей полечку затанч.
Дзяўчаты. Каб гаспадары і rocui паразмялі свае косці!
Гучыць музыка, усе танчаць польку.
Шостая дзяўчына. Усе мы справы парабілі і настрой свой не згубілі, а каб нам яго трымаць, трэба ў гульні пагуляць, бо як гульні мы адчуем, вас як трэба павіншуем, з вамі добра пажартуем. Усё так добра, вось глядзіце: у паўколе вы стаіце, а каб нам яго трымаць, трэба хустку пашукаць.
Шчодрая. Што шукаць, калі мая хустка вельмі добрая/Дае сваю хустку.)
ІПостая дзяўчына. Гэй, музыкі, заіграйце, у гульні нас падтрымайце. А вы, людцы, не зявайце, хустачку перадавайце, а калі музыка спыніцца, хустку не кідайце, а па нашым па ўмовам лепей заспявайце, а калі спяваць не хочаш, можаш польку заплясаць ці што-небудзь прачытаць. Гэй, музыка, заіграй, у гульні нас падтрымай!
Праводзіцца гульня «Хустачка».
Сёмая дзяўчына. Кракавяк танцаваць — трэба сала пад’ядаць, a па бульбе, малаку — ледзьве ногі валаку.
Усе танчаць кракавяк.
Шчодрая. Ну а зараз, мая душачка, прапаную я «Падушачку». (Выводзіць на сярэдзіну дачку гаспадара.)
Восьмая дзяўчына. У гэтай гульні ўсё годна, на каханне ўсё падобна. Зараз мы пойдзем па крузе, дружна заспяваем: «Падушачка, падушачка мая пухавая, малодушка, малодушка мая маладая, каго люблю, каго люблю, таго пацалую, падушачку, падушачку таму падарую. Ну а ты, мая дачушачка, у руках трымай падушачку, з ёй ідзі ты супраць кола. У музыкаў усё гатова? А з кім будзеш сустракацца, з тым павінна цалавацца».
Ідзе гульня «Падушачка».
Дзевятая дзяўчына. Добра сталі мы гуляць, зараз час усім танцаваць. Польку нашу родную, любую, народную: «Полька, полечкатрасуха, не чужая, нашая, абдымуха, паскакуха, лепшае нямашака».
Усе танчаць польку.
Шчодрая. А зараз, гаспадарочкі, дарыце і добра хлеба нам нясіце.
Шостая дзяўчына. Дарыце, гаспадарочкі, дарыце, нас не барыце. Кароткі світкі, памерзлі лыткі.
Сёмая дзяўчына. Дайце грошай карабец, а мы купім сто авец.
Восьмая дзяўчына. I кавалак сала, каб свінка добра спала.
Першая дзяўчына. He дасі пока, вылезе вока.
Другая дзяўчына. He дасі пірог, дык мы пойдзем за парог.
Шчодрая. Мы не варагі, бяром хлеба ды пірагі.
Трэцяя дзяўчына. Каўбасу даставайце, каб ліха не было ў хаце.
Чацвёртая дзяўчына. Дайце нам чарку, каб гаспадар меў толькі шкварку.
Пятая дзяўчына. He дасі здароў, палупім кароў.
Усе разам. Дарыце, гаспадарочкі, дарыце.
Выходзіць гаспадар з мехам.
Гаспадар. Вось вам мех адзін на ўсіх. Усе спажывайце ды Каляды ўспамінайце.
Дзяўчаты дзякуюць яму і падбягаюць да меха.
Шостая дзяўчына (дастае піражок). Які гэты піражок, каб гэтакі каласок, а з таго каласочка — жыта бочка!
Сёмая дзяўчына (выцягвае сала). А за гэты кусок сала каб свіння дзверы выстаўляла!
Шчодрая Дык будзьце здаровы, жывіце багата.
Усе разам. Хай шчаснаю доляй напоўніцца хата! (Спяваюць песню «Будзь ваша здароў».)
Шчодрая. Дзякуй вам, людцы, за тое, што прынялі, з хаты нас не выганялі, з намі шчыра пагулялі дый прысмакаў надавалі, каб у хаце быў мір, спакой, у гумне жыцейка ракой, каб спінка не балела, каб скацінка не хварэла.
Усе разам. Каб вы з намі цераз год зноў вадзілі карагод.
Шчодрая. Бывайце, сябры, бывайце, дабра нажывайце, сваё шчасце напаткайце.
Усе разам. Ды праз год нас чакайце!
Алег Аляхновіч, Пятро Гуд
ОЙ, ДЗЕ Ж МЫ ХОДЗІМ...
Ой, дзе ж мы хо_ дзім ды й па_ ха_джа_ем. Шчо_ дры ве_ чар!
Ой, дзе ж мы ходзім ды й пахаджаем.
Шчодры вечар!*
Ды з Новым годам усіх паздраўляем, Вашага двара мы не мінаем, Вашага двара развесяляем.
(Зап. А. Аляхновіч у 1994 г. ад студэнткі Беларускага універсітэта культуры Н. У. Навумовіч з Гомельскай вобл.) Натацыя напеву А. Аляхновіча.