Беларуская традыцыйная музычная спадчына
Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
На гэтую мелодыю, як расказвае Матрона Андрэеўна Плаксіна, спявалі таксама вяснянку «На моры вутка купалася». Надыход вясны выклікае абуджэнне пачуццяў дзяўчыны:
На моры вутка купалася, На беражочку сушылася. У-у-у!
На беражочку сушылася.
Я, маладзенька, журылася. У-у-у!
Я, маладзенька, журылася.
Ці была вясна, ці не была. У-у-у!
Маці на вулку не пускала, У святліцу запірала. У-у-у!
— Ой, пусці маці пагуляці, 3 дзеўкамі вясну пагукаці. У-у-у!
3 дзеўкамі вясну пагукаці, 3 хлопцамі коней павадзіці. У-у-у!
Конікі мае вараныя, Хлопчыкі мае маладыя. У-у-у!
(Зап. А. Аляхновіч у 1998 г. у Рудзенску Пухавіцкага р-на Мінскаіі вобл. ад М.А. Плаксінай, 1921 г.н., з в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.)
Некаторыя вяснянкі даносяць водгук глыбокай старажытнасці, калі ўсе справы калектыву вырашаліся са згоды роданачальнікаў, старэйшых людзей. Вядома, што на фальклор аказала ўздзеянне хрысціянства, таму ў вяснянках з’яўляецца Бог, да якога таксама звяртаюцца з просьбай дазволіць «гукаць вясну». У вяснянцы, якая прыводзіцца ніжэй, адчуваецца ўплыў хрысціянства, але наяўнасць рэлігійных элементаў не зніжае яскравай паэтычнасці верша. Нягледзячы на простую мелодыю, якая пабудавана ў межах кварты, вяснянка пры выкананні стварае ўражанне аб’ёмнасці гучання і незвычайнай эмацыянальнай насычанасці. Песня вельмі зручная для выканання вучнямі рознага ўзросту, таму што мае невялікі па дыяпазоне інтэрвальны склад і плаўнае голасавядзенне. Вясна ў ёй выступае як нейкая персаніфікаваная асоба, якая прыносіць радасць людзям. Па сваёй кампазіцыйнай будове і форме вяснянка ўяўляе самастойны, закончаны твор.
ПАМАЖЫ, БОЖА, НАМ ВЯСНУ ГУКАЦЬ
— Памажы, Божа, нам вясну гукаць, Ой, люлі, люлі, нам вясну гукаць.
Ой, вясна-красна, што нам прынесла? Ой, люлі, люлі, што нам прынесла?
Старым дзядочкам па кіёчачку, Ой, люлі, люлі, што із ліпачкі.
Старым бабачкам па маточачку, Ой, люлі, люлі, што зімой пралі.
Усім хлопчыкам па дудачцы, Ой, люлі, люлі, што із вербачкі.
Усім дзевачкам ды па стужачцы, Ой, люлі, люлі, заплятаць косы.
Усім дзетачкам па яечачку, Ой, люлі, люлі, шчэ й па булачцы.
Ой, вясна-красна, Велікодны дзень, Ой, люлі, люлі, Велікодны дзень.
У гэты дзянёк ды Хрыстос васкрэс, Ой, люлі, люлі, ды Хрыстос васкрэс.
(Зап. А. Аляхновіч у 1998 г. у Рудзенску Пухавіцкага раёна Мінскай вобл. ад М.А. Плаксінай, 1921 г. н., з в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.) Натацыя напеву А. Аляхновіча.
Як бачым, у песні ствараецца вобраз шчодрай вясны, якая кожнаму прыносіць радасць, заняткі, уцехі. Несумненна, што характар гэтага карагода абрадавы, у ім адчуваецца наяўнасць гульнявых і танцавальных элементаў і, увогуле, веснавой традыцыі. Спалучэнне слова, музыкі, танца, мімікі ў веснавых карагодах аказвала магічнае дзеянне на выканаўцаў і слухачоў.
Важнымі момантамі абраду Гукання вясны былі распальванне вогнішча, выпечка «жаваранкаў», асабліва на Саракі, калі, паводле народнага павер’я, прыляталі сорак выраяў: шпакі, гусі, буслы, качкі, жаўрукі і інш. Выпякалі таксама з цеста галушкі, якія раздавалі дзецям.
Зварот у вяснянках да вясны, прыроды, птушак меў заклінальны характар, імкненне ўздзейнічаць на тую ці іншую з’яву прыроды з пэўнай мэтай, як правіла, каб дапамагчы ў працы земляроба.
Для вяснянак характэрна анімістычнае ўспрыманне вясны, яе адухаўленне, што стала паэтычнай умоўнасцю і ўспрымаецца як мастацкі вобраз.
Вобраз-сімвал веснавых песень — дзявочы вянок з кветак, галінак дрэў — сімвалізаваў каханне і шлюб і быў абавязковым эстэтычным атрыбутам абрадаў і песень.
Пры правядзенні абраду Гуканне вясны спяваліся часам творы, не звязаныя з абрадам, напрыклад, з сюжэтам пра нядбайную жонку, якая ў свой час не напрала кудзелі:
ОЙ, ШТО ВЯСНА, TO ВЯСНА
а_ке_неч_ кам
се_ дзя_ чы.
Ой, што вясна, то вясна, Чужыя жанкі ткуць кросна, А мая чэша лён, чэша, Пад акенечкам седзячы.
Ой, што вясна, то вясна, Чужыя жанкі ткуць кросна, Пад акенечкам седзячы, У акенечка гледзячы.
Да пазаабрадавых песень належыць і наступны веснавы карагод, у якім паэтычнымі сродкамі малюецца вобраз бярозы.
НА ЛУГУ, НА ЛУГУ ЗЕЛЯНЁШАНЬКІМ
Апрацоўка А. Аляхновіча
Павольна J= 52
На лугу, на лугу зелянёшанькім, Там бярозка стаіць адзінёшанька. Нізка бярозанька накланілася, Горка бярозанька зажурылася.
— Ты скажы, што з табой прыключылася, Адчаго галавой накланілася?
— Людзі нядобрыя сустракалісь мне, Веткі зялёныя абламалі мне.
Мы лячылі бярозку зялёную, Палівалі вадзіцай студзёнаю. Стала бярозанька зелянёшанька, Стала кудравая весялёшанька.
(Зап. А. Аляхновіч у Рудзенску Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ад М.А. Плаксінай, 1921 г.н., з в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.) Натацыя напеву А. Аляхновіча.
Характэрнымі рысамі паэтычнай вобразнасці вяснянак з’яўляюцца метафары, гіпербалізацыя. Гэтыя творы лірычныя, задушэўныя, ласкавыя, ім уласцівы ўсхваляванасць, узнёсласць, унутраная закончанасць і лагічная будова верша.
Многім вяснянкам уласцівы складаныя, сінкапіраваныя рытмы, паўзы паміж нотамі, затрыманні (ферматы) ў канцы сказаў. Адчуваецца, што настрой выканаўцы вельмі ўздзейнічае на манеру і характар выканання, якія вызначаюцца ўнутранай свабодай і глыбокім пранікненнем у змест песні. Шматлікія выклікі, накшталт «Э!», «Во!», «Эй!», «Ой!» і інш., павінны выконвацца без крыку, але заўсёды з акцэнтам, і адпавядаць характару і настрою песні. Важна, каб распеўныя гукі спяваліся дакладна. Як паказвае практыка, выканаўцам не заўсёды хапае вакальнай тэхнікі для ўзнаўлення гука, пабудаванага на некалькіх нотах, якія аб’яднаны лігай. Іншым часам некаторымі спевакамі проста не ўсведамдяецца важнасць выканання ў працяжных веснавых песнях кожнай ноты, якая непарыўна злучана з наступнай.
Зразумела, што раскрыць характар выканання вяснянак магчыма толькі пры ўмове ведання іх сувязей з абрадавым дзеяннем, працоўнай дзейнасцю чалавека і разумення першапачатковай магічнай функцыі песень.
На жаль, многія моманты выканання вяснянак практычна нельга паказаць пры натацыі напеву, таму трэба ўдумліва падыходзіць да інтэрпрэтацыі кожнага твора.
Валачобныя песні, якія спявалі ў час святкавання Вялікадня, складаюць адметную рысу беларускага фальклору. Яны іграюць у валачобным абрадзе вядучую ролю, разам з практычнымі функцыямі выконваюць эстэтычныя і маральна-выхаваўчыя функцыі. Характэрныя прыкметы гэтых песень — чаргаванне запеву «пачынальніка» і прыпеву «падхватнічкаў», дакладнае прызначэнне песень пэўным катэгорыям людзей, спецыфічныя прыпевы, формульнасць напеваў, устойлівая рытміка, звязаная з рухам, гімнічны характар гучання, мастацкая дасканаласць вершаў і інш.
Валачобныя песні па сваім змесце нагадваюць калядкі і шчадроўкі. Разам з падабенствам, якое носіць фармальны, знешні характар, валачобныя песні, на нашу думку, больш разнастайныя па сваёй кампазіцыйнай будове, развітыя ў меладычным плане, закончаныя па форме ў параўнанні з зімовымі песнямі. Для валачобных песень уласцівы ўстойлівыя эпітэты і словаспалучэнні, прыпевы, якія ствараюць шырокі спектр эмацыянальных пачуццяў і настрояў.
ЦЕРАЗ ПОЛЕ ДЫ ШЫРОКАЕ
Цераз поле ды шырокае, Ды віно ж маё зеляное!* Ішлі, беглі валачобнічкі: Валачыліся, памачыліся, К слаўнаму пану прыбіліся. Чым пан гаспадар праславіўся? Перад каралём з вараным канём Падмятаў двары ўсё павым пяром.
* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.
Усё павым пяром, залатым крылом. Стаўляў сталы ўсё цясовыя, Усё цясовыя, папісаныя. Засцілаў сталы ўсё кітайкаю, Усё кітайкаю ды бяленькаю, Стаўляў кубкі ўсё мядзяныя, Усё мядзяныя, падзіманыя, Наліваў кубкі зеляным віном, Зеляным віном, чорным півам, Чорным півам, салодкім мядком. Чорнае піва — для самога пана, Зеляно віно — для яго жаны, Салодкі мядок — для яго дзяток.
Для некаторых валачобных песень характэрны традыцыйныя сюжэты: спаборніцтва паміж дзяўчатамі і хлопцамі, высмейванне адмоўных рыс у паводзінах і характарах апошніх. Зразумела, гэты акт не мае абразлівага значэння для хлопцаў, наадварот, адмоўныя рысы іх характару падаюцца жартоўна.
Загарэўся сыры бор! Ніваю, Юр’я, ніваю!* Пайшлі хлопцы гасіці, Рэшатам воду насіці. А ў рэшаце вады нет, А ў хлопцаў праўды нет.
Пайшлі дзеўкі гасіці, Вянкамі ваду насіці. А ў вяночках вада ёсць. А ў дзевачках праўда ёсць. Загарэўся сыры бор!
Валачобныя песні, як і валачобны абрад, зведалі ўплыў хрысціянства. Намі запісана песня, у якой спалучаюцца розныя сюжэты: пра ўваскрэсенне Хрыста, велікоднае яйка, бабку і сірату, якому не хапіла святочнага пачастунку. Але ж у адрозненне ад іншых падобных сюжэтаў бабка надзяляе сірату парасём і кошыкам гароху.
* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.
НА ВЯЛІКДЗЕНЬ
Ha Вялікдзень, ды на першы дзень, Хрыстос васкрэс, Сын Божы*.
Сабраліся хлопцы, малады малойцы, Згаварыліся й павалачыліся, Павалачыліся, замачыліся.
Дала бабка ўсім па яечку,
А сіраце не дасталася.
Пайшла сірата да й заплакала.
— Вярніся, сірата, дам табе парася.
Дала парася, шчэ й гароху ношку,
Шчэ й гароху ношку,
Шчэ й гароху ношку, дый за плечы кошку.
Хрыстос васкрэс на ўвесь свет!
(Зап. А. Аляхновіч у 1998 г. у Рудзенску ад М.А. Плаксінай, 1921 г.н., з в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.) Натацыя напеву А. Аляхновіча.
Валачобнікі ў песнях быццам выконваюць сацыяльны і духоўны заказ тых, хто марыць пра добры ўраджай, прыплод у статку, добрыя адносіны да людзей, дорань надзею на лепшае будучае, шчаслівы лёс, удалы шлюб. Яны з’яўляюцца носьбітамі дабрыні і высокай духоўнасці, сімвалізуюць вечнае імкненне чалавека да гармоніі з прыродай, грамадствам. Высокая місія валачобнікаў — прыносіць дабрабыт і шчасце чалавеку — выступае ў песнях проста і адначасова апаэтызавана.
* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.
ЛУЖКОМ, ЛУЖКОМ ДЫ ДАЛІНКАЮ
Апрацоўка А. Аляхновіча
Лужком, лужком ды далінкаю, Ды віно ж маё зеляное!* Сцежачкамі дратаванымі, Ой, зялёны явар, вінаград!*
Тудой ішлі валачобнічкі, Спяваючы, іграючы, Малойчыка шукаючы: — А ці дома малады Іванька?
Сюжэт некаторых валачобных песень разгортваецца вакол велікоднага яйка, якое сімвалізуе вечны кругаварот жыцця, пажаданне здароўя і шчасця.