Беларуская традыцыйная музычная спадчына  Алег Аляхновіч

Беларуская традыцыйная музычная спадчына

Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
102.6 МБ
Як жа ён ёй дараваў?
Ой, знімаў ён шапачку
Ды да ножак кланяўся —
Так дараваў.
ГУКАННЕ ВЯСНЫ
(сцэнарый для вучняў пачатковых класаў)
У вызначаны тэрмін вучні збіраюцца ў розных месцах (паблізу цэнтральнай пляцоўкі) з такім разлікам, каб іх спевы былі чутныя адзін аднаму і ствараўся эфект перагуквання (рэха). Гурты спяваюць веснавыя песні-заклічкі. Свята пачынаецца зваротам удзельнікаў гуртоў да прысутных з пытаннем: «Ці трэба вам вясна-красна?» У адказ чуецца: «Трэба, трэба!»
Затым гурты па чарзе клічуць.
Першы гурт. Вясна наша вясёлая! Гу!
Развесяліла зямлю, ваду. Гу.
Другі гурт. Ой, вясна, вясна вясёлая,
Нарасла трава зялёная. У-у-у!
Трэці гурт. Да ўзвесяліла ўсе горачкі, даліначкі,
Дзе парабочкі, там дзевачкі. У-у-у!
Чацвёрты гурт. Ідуць парабочкі, страляючы,
А дзевачкі — спяваючы. У-у-у!
Закончыўшы перагукванні, гурты накіроўваюцца на цэнтральную пляцоўку з песнямі-заклічкамі*.
Сабраўшыся на цэнтральнай пляцоўцы, усе гурты спяваюць агульную песню. Пасля яе заканчэння на сярэдзіну пляцоўкі выходзіць адзін удзельнік і дэкламуе:
— Прыйдзі, прыйдзі, вясна,
Прыйдзі, прыйдзі, красна,
К нам у таночак,
Прынясі нам збожжа,
Прынясі нам красак,
Каб звіць вяночак!
Затым выканаўцы расступаюцца і на сярэдзіну пляцоўкі выходзіць Вясноўка ў суправаджэнні «вяснянак», якая апранута ў зялёны саян, на галовах «вяснянак» прыгожыя вянкі.
* Рэкамендуем выкарыстоўваць песні, змешчаныя ў дапаможніку.
Пачынаецца шэсце Вясноўкі, у час якога наступны ўдзельнік кажа:
— Ідзе вясна, ідзе
На залатым кані,
У зялёным саяне.
Вязе вясна, вязе
Ясныя дзянёчкі,
Частыя дажджочкі,
Зялёныя травы,
Красныя цвяточкі
Нам на вяночкі.
Шэсце рухаецца па крузе, затым спыняецца. Да Вясноўкі звяртаюцца дзяўчынкі і хлопчыкі.
Дзяўчынкі. Вясна, вясна,
Што ты нам прынясла?
Вясноўка. Я прынясла
На зямельку травіцу,
На травіцу расіцу,
На лясочак лісточак,
На дзевачак вяночак.
Хлопчыкі. Гэй, вясна, красна,
Што ты нам прынясла?
Ці сала кусочак,
Ці масла брусочак,
Ці па яечку,
Ці па піражочку?
Вясноўка. Я вам прынясла
Тры карысці ў радасці:
Шаўкавую траву на вясну,
Буйнае жыта на лета,
Ядрыну грэчку на восень.
Пасля гэтых дыялогаў «вяснянкі» частуюць усіх прысутных печывам у форме птушак. Затым спяваюць песні, ладзяць карагоды і гульні.
ПТУШКІ
(сцэнарый гульнявой праграмы для вучняў пачатковых і сярэдніх класаў)
Пляцоўка ўпрыгожана галінкамі, лісцем, кветачкамі, нібы лясная палянка, гучыць музыка, чуюцца птушыныя пералівы. На пляцоўку выходзіць Вядучая. Музыка сціхае.
Вядучая. Добры дзень, дарагія сябры! Сённяшняя сустрэча прысвечана прыродзе і нашым малодшым сябрам — птушкам. Мы паразмаўляем аб тым, якую карысць прыносяць птушкі, як прывабіць іх у нашы сады, лясы і агароды. Як трэба выхоўваць пярнатых сяброў і дапамагаць ім зімой. Мы ведаем, што прырода — гэта багацце нашага народа, яе трэба берагчы, як жыццё чалавека.
Гучыць мелодыя песні «Дзед-Барадзед».
Вядучая. Наша сустрэча не можа абысціся без галоўнай дзеючай асобы, усім вам вядомага Дзеда-Барадзеда — Лесавіка, які ахоўвае лясы, палі — усё тое, што знаходзіцца вакол нас.
Мелодыя гучыць мацней і, спяваючы, выходзіць Дзед-Барадзед — «Лесавік».
Лесавік. Я хаджу па белым свеце — Ваш найлепшы сябра, дзеці.
Калі трэба — памагу, Бо я ўсё рабіць магу. Бачу тут дзяўчат-красунь, Хлопчыкаў і птушак-галасунь, Усе мы разам пагуляем, Штосьці новае пазнаем.
(Пасля песні.) Хто я?
Дзеці. Дзед-Барадзед.
Лесавік. Правільна, Дзед-Барадзед.
Абышоў белы свет, А цяпер у ціхі час Завітаў да вас!
Добры дзень, шаноўны люд!
Я вось тут як тут, Бачу дзяцей тут багата. Пэўна ж тут нейкае свята? А якое ж сёння свята?
Дзеці. Свята птушак!
Вядучая. Правільна, дзеці, свята птушак. Птушкі — дзівосныя стварэнні прыроды. Птушкі — гэта галасы нашых лясоў, палёў і гор. Іх песні гучаць на зямлі цэлы год. Ці можам мы ўявіць сабе жыццё без птушак? А колькі карысці прыносяць яны чалавеку!
Лесавік. Птушкі — дзеці паветра, яны ўзнімаюцца вышэй аблокаў і гор, пралятаюць праз моры і пустыні. Моцных і смелых людзей называлі «сокаламі» і «арламі». Дзяцей называюць «чыжыкамі», «верабейкамі», а задзірыстых — «пеўнямі».
Вядучая. Уявіце сабе, што мы знаходзімся ў «краіне птушак». Паслухайце ўважліва іх спевы і пастарайцеся вызначыць, якая птушка пяе.
Лесавік. Я прынёс запісы галасоў розных птушак. Тых, хто можа пазнаць птушку па голасе, я запрашаю падысці сюды, на пляцоўку. Зразумелі? Тады слухаем. (Гучыць у запісе ціньканне сінічкі. Дзеці адказваюць.)
А ці ведаеце вы, што сінічкі самыя вясёлыя, дапытлівыя, спрытныя птушкі нашых лясоў? Яны ні хвіліначкі не могуць пасядзець спакойна, скачуць, перапырхваюць з дрэва на дрэва, падвешваюцца на тонкіх галінках, зачэпліваюцца за ствалы, вышукваюць розных насякомых. А зараз яшчэ адзін запіс, слухайце ўважліва. (Чуюцца гукі ўдода: худа-тут, худа-тут. Дзеці адказваюць.)
Правільна адгадалі. Удод. У палёце ён нагадвае нам вялікага стракатага матыля. (Ставіць касету з голасам сачавіцы.) Сачавіца. Цікава ведаць, што гэтая птушка ўлетку вырошчвае не адзін вывадак, і ўжо напрыканцы траўня магчыма сустрэць птушанят, якія настойліва праследуюць дарослую птушку, выпрошваючы ежу. (Пасля паўзы.)
А вось яшчэ голас. Я ўпэўнены, вы хутка адгадаеце, хто гэта. (Гучыць голас філіна: у-у-у! Дзеці адказваюць.)
Правільна, гэта філін. А хто ведае, як яшчэ называюць яго? Так, царом ночы. Харчуецца мышамі, жабамі, зайцамі. Ну і апошні голас. Я спадзяюся, што вы ўсе правільна і хутка назавяце гэтую птушку. (Кукуе зязюля.) Дзеці, хто гэта?
Дзеці. Зязюля.
Лесавік. Добра вы ведаеце галасы птушак. А хто з вас пытаўся ў зязюлі, колькі год яму жыць?
Дзеці. Усе пыталіся!
Лесавік. Але памятайце, што зязюля з раніцы кукуе даўжэй, чым удзень, а вясной часцей, чым улетку. Вось якія вы разумныя, усё ведаеце. А ці зможаце злавіць птушку?
Дзеці. Зможам!
Лесавік. Вось мы і пабачым, якія вы спрытныя! Станьце, калі ласка, у круг, а рукі складзіце такім чынам, каб атрымаліся крылы, як у птушкі. Я пад музыку пакладу камусьці ў далоні «птушачку», вось гэтую (паказвае). Калі музыка спыніцца, той, у каго знаходзіцца «птушка», хай хуценька бяжыць да мяне, а астатнія ўдзельнікі павінны быць уважлівымі, каб «птушка», не аказалася ў Вядучай. Зразумелі? Пачынаем! (Гульня паўтараецца 3 разы.)
Вось вам ласуначкі і яшчэ падаруначкі — шапачкі «птушак»: зязюлек, буслоў, рабчыкаў і г.д. Няхай кожны з вас надзене на галаву адну з гэтых шапачак, а другую — на таго, з кім бы ён хацеў пасябраваць. А свайго новага сябра прывядзіце, калі ласка, да мяне. (Дзеці выконваюць умовы.) Пачынаем новую гульню. Пад музыку вы танцуеце, быццам птушкі, кожны са сваім сябрам. Пасля таго як яна скончыцца, вы павінны спыніцца ў тым руху, які б нагадваў вашу птушку. А зараз паглядзім, якая пара лепш уяўляе сябе птушкай. 1, 2, 3 — пачалі! (Гучыць музыка, гульня праводзіцца 2—3 разы.)
Малайцы, вось за гэта кожнай пары я даю паветраны шарык. Як вы памятаеце, наша сённяшняя сустрэча прысвечана птушкам, і ў наступнай гульні рознакаляровыя шарыкі будуць выконваць ролю птушыных яек. Ці ведаеце вы, якая птушка нясе розныя па колеры яйкі? (Дзеці адказваюць.) Правільна. Зязюля. У яе блакітныя, зялёныя, бурыя, шэрыя, стракатыя, белыя яйкі. Увогуле зязюля вельмі цікавая птушка. Яна падкладвае свае яйкі ў чужыя гнёзды, пераносячы іх у клюве.
Дзеці, мы правядзём іульню. Вы павінны па чарзе перанесці «яйкі» ў «гняздо». Зразумелі? Пачалі!
Вядучая. Ну, вось і добра, гульня атрымалася, усе «птушкі» «яйкі» свае збераглі, і таму ўдзельнікі ў якасці падарункаў забіраюць сабе шарыкі.
Лесавік (задае пытанні). 1) А ці ведаеце вы, куды трапляе з гнёздаў-шпакоўніц шалупінне тых яек, з якіх выводзяцца птушаняты? (Птушкі выносяць у клюве.)
2)	Якія птушкі начуюць, схаваўшыся ў снег? (Цецярук, рабчык.)
3)	Назавіце самую маленькую птушачку нашых хвойных лясоў? (Каралёк.)
4)	У якіх птушак самцы чырвоныя, а самкі зялёныя? (У крыжадзюбаў.)
5)	Якая маленькая птушка сваіх птушанят выкормлівае рыбай? (Зімародак.)
6)	Якія птушкі капаюць норы для гнёздаў? (Берагавая ластаўка, шчурка, зімародак.)
7)	Якая птушка выводзіць птушанят узімку? (Крыжадзюб.)
8)	Якія пявучыя птушкі — драпежнікі? (Саракапуты.)
Таму, хто хутчэй і правільна адказаў, Вядучая раздае жэтоны.
Вядучая. Малайцы. Таго, хто атрымаў жэтоны, я прашу падысці да мяне. (Дзеці падыходзяць.) Усе мы добра ведаем, што каршун — драпежная птушка, ён знішчае не толькі маленькіх птушанят, якія выводзяцца ў свойскіх птушак, але і дарослых птушак. У вёсках дзеці дапамагаюць абараняць птушак ад драпежніка. А ці ведаеце вы, якімі ўважлівымі і спрытнымі трэба быць, каб абараніць птушак? Давайце зараз пагуляем у гульню «Качка і каршун».
Спачатку з дапамогай лічылкі вызначым «каршуна-драпежніка»;
Ляцеў воран у трубу, Чорны дым валіць, Табе жмурыць.
Вось мы выбралі «каршуна», а зараз ён адвернецца ад усіх гледачоў, а я тым часам дакрануся да кагосьці з вас. Вось у нас ужо ёсць «качка», а ахоўнікамі я прапаную стаць астатнім. Адна пара будзе ствараць варотцы, а астатнія ўдзельнікі, сярод якіх і «качка», возьмуцца за рукі ў ланцужок, які будзе праходзіць праз варотцы. «Каршун» павінен хадзіць побач. Калі праз варотцы праходзіць «качка» — яны зачыняюіша, ахоўнікі разбягаюцца ва ўсе бакі і, калі «качку» падсцерагае небяспека, яны ўтвараюць круг, дзе тая хаваецца. «Каршун», не злавіўшы «качку» за межамі круга, выбывае з гульні. Зразумелі? Пачалі!
Гульня «Качка і каршун» праводзіцца 2—3 разы.
Лесавік (пасля гульні). Добра вы гулялі, весела скакалі! А зараз прыміце цукерачкі вось з гэтай талерачкі. (Раздае.) Дзякуй усім за гульню. Мы запрашаем удзельнікаў і гледачоў паскакаць танец «Качаняты». (Пасля танца звяртаецца да ўсіх удзельнікаў і гледачоў.)
Трэба нам ужо ў дарогу,
Дзякуй, госці, за падмогу,
Вы так дружна рагаталі,
Вы так хораша спявалі.
Пляскалі у ладкі,
Адгадвалі загадкі,
Весела скакалі,
Голас падавалі,
3 птушкамі гулялі.
Птушак трэба шанаваць,
Ім ва ўсім дапамагаць,
Гнёзды іх не разбураць,
Птушанят абараняць
I ўсіх птушак услаўляць.
Вядучая (працягвае).
I шкада, а ўсё ж бывайце.