Беларуская традыцыйная музычная спадчына
Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
Толькі нас не забывайце!
Дружна жывіце! Хутка расціце!
Край свой любіце!
He таму любіце,
Што за ўсіх цяплейшы і прыгажэйшы,
А таму, што мілейшы.
Лесавік.
Вялікі дзякуй вам! Няхай звіняць і спяваюць нашы меншыя сябры — птушкі!
Вядучая. Беражыце кожную птушку.
Хай птушкай усялякай напоўніцца хата
I птушачцы кожнай вы будзеце рады.
I з птушкай у ладзе заўсёды жывіце,
Шануйце, карміце вы іх і любіце!
Лесавік
Каб бадзёрымі вы былі,
Каб прыродай даражылі,
Каб разумнымі раслі
I здаровымі былі!
Лесавік і Вядучая (разам).
Да пабачэння, да новых сустрэч!
Алег Аляхновіч, Пятро Гуд
ПЕРАПЁЛКА
Перапёлка,
Трысцяно гняздзечка, Залато яечка, Перапёлка.
Перапёлка,
He вій ты гняздзечка Блізка пры дарожцы, Перапёлка.
Перапёлка, Пастушкі пагоняць, Яечкі заберуць, Перапёлка.
Перапёлка,
А звій ты гняздзечка На зялёным дубе, Перапёлка.
Перапёлка, Вецярок павеіць, Дзетак пакалышыць, Перапёлка.
Ой, дзеванька!
He вій ты вяночка — Восень недалёчка, Ой, дзеванька.
Ой, дзеванька! Сваточкі прыедуць, Цябе з сабой возьмуць, Ой, дзеванька.
ХОДЗІЦЬ ПАВА ПА ВУЛІЦЫ
Ходзіць пава па вуліцы, гэй, віно!
Ходзіць пава па вуліцы, віно!
Сцеле пер’е па мураўцы, гэй, віно!
Сцеле пер’е па мураўцы, віно!
А за ёю красна панна, гэй, віно!
Красна панна, млада Ганна, віно!
Пер’е бярэ, у хвартух кладзе, гэй, віно!
Пер’е бярэ, у хвартух кладзе, віно!
А з хвартушка вянок віе, гэй, віно!
А з хвартушка вянок віе, віно!
Звіўшы вянок, пайшла ў танок, гэй, віно!
Звіўшы вянок, пайшла ў танок, віно!
ЦЕРАЗ БОР, БАРЫ
Цераз бор, бары, бары*, Цераз цёмныя лясы
— Дзе будзем начаваць I што будзем жыраваць?
Шэры гусі ляцелі. Летучы, гаварылі:
Заначуем у бары, Зажыруем на мяжы.
У бары бруснічаньку, На мяжы пшанічаньку.
НАВАРЫЎ ВЕРАБЕЙ ШВА
Наварыў верабей піва Без хмелю, без ячменю.
Сазываў верабей гасцей, Аднае савы забыўся.
* Першы радок кожнай страфы паўтараецца.
Прыляцела сава сама, Села яна на прыпечку.
Ой, села яна на прыпечку Дый зайграла яна ў скрыпачку.
Як пайшоў верабей у танец, Адтаптаў сініцы палец.
Дзе ж дастаці нам тое масці, К сінічаму пальцу класці?
Каб не тыя ўсе людзі, Перабілі б вераб’ю грудзі.
Каб не тыя чалавекі, Забілі б вераб’я навекі.
ХАДЗІЛА ПАВОНЬКА
Хадзіла павонька Па высокай гарэ*,
Хадзіла Алеська Пер’ечка збіраці.
Губляла пер’ечка Па шаўковай траве.
Пер’ечка збірала, У падушачкі клала.
Падушкі пуховы, Хто на іх спаць будзе?
* Другі радок кожнай страфы паўтараецца двойчы.
ЯК ПАСТАВІЎ ВЕРАБЕЙКА НА СМЕТНІЧКУ ХАТУ
ха_ ту
Як паставіў верабейка На сметнічку хату Ды сазваў на наваселле Госцейкаў багата.
Піва, квасу наварыў, Квашанінкі настудзіў, Насмажыў кілбасаў I ўсякага мяса.
У залочанай карэце Дзяцел пад’язджае, А за дзятлам на валах Жоўна паспяшае.
А зязюля з шуляком, Перапеліца з круком Лугам, даліною Шпараць пехатою.
Заклікае верабейка Ўсіх госцейкаў есці, Запрашае белу лебедзь На покуці сесці.
А з лебеддзю жураўля,
I савішну, і луня, I стару чачотку — Сваю родну цётку.
Сядзіць мядзведзь на калодзе, На скрыпачцы йграіць, Дзіцяняты-мядзвядзяты Струны напраўляюць.
Як зайгралі «дылі-дылі», Госці у далоні білі — Адзін дзіваваўся, А другі смяяўся.
Шчыгел важна пахаджае, Цаплю ў танец просіць, Галка піва налівае, А удод разносіць.
За здароўе вераб’я
Пілі, елі аж да дня, А бацян упіўся Ды пад стол зваліўся.
ЛЕТНІЯ АБРАДЫ I ПЕСНІ
Летні абрадава-святочны цыкл складаюць купальскія і жніўныя песні.
Свята Купалле звязана з днём летняга сонцастаяння, парой росквіту прыроды. У купальскіх песнях — клопаты земляроба ў перыяд даспявання збожжа, разам з тым арганічна ўключаюцца матывы кахання, замужжа, гумарыстычныя інтанацыі.
Сонца, агонь займаюць цэнтральнае месца ў купальскай абраднасці. На думку вучоных, адносіны старажытнага хлебароба да сонца, агню выяўляюнь пэўную сістэму яго поглядаў на гэтыя з’явы прыроды як на цудадзейную сілу, крыніцу цяпла, жыцця.
Купальская ноч лічылася асаблівай. Гэта адлюстравалася ў вераваннях, паэтычных легендах, паданнях. Паводле многіх уяўленняў, у гэтую ноч розныя злыя сілы імкнуцца рабіць шкоду чалавеку. Мабыць, таму моладзь скакала праз агонь, каб уберагчыся і ачысціцца ад уздзеяння варожых сіл, дурнога вока, хваробы і інш.
Важнейшай часткай Купалля з’яўляецца песня. Яна ўключаецца ў свята разам з тэатралізаванымі дзеяннямі, карагодамі, гульнямі, абрадавымі шэсцямі, элементамі народнай пантамімы і харэаграфіі. Купальскія песні выконваюцца ад вясны да Святога Івана (Яна), які наступае пасля купальскага свята. Вядомы розныя народныя назвы купальскіх песень: «купалка», «купальная», «купалёнка», «купалінка» і інш.
Без купальскіх песень не абыходзіўся ні адзін абрадавы элемент свята. Напрыклад, абрадавыя абыходы двароў суправаджалі песні велічальнага характару, у час збору траў і кветак спявалі песні апісальнага характару, а скокі праз вогнішча суправаджалі жартоўныя песні. Асаблівае значэнне надавалася песням велічальным і заклінальным, таму што, на думку людзей мінулага, яны валодалі магічнай сілай. Пэўнае месца ў купальскай абраднасці займаюць карагоды-гульні, у якіх замацаваны музычна-драматычныя сцэнкі.
Купальскія песні вельмі разнастайныя: лірычныя, стрыманыя, эпічныя, узнёслыя, сумныя, святочна-танцавальныя і інш. Сярод іх сустракаюцца творы ўнісоннага гучання, характэрнага для ўсёй каляндарна-абрадавай песні, і напевы з даволі развітой гетэрафоніяй, якая ўключае як эпізадычныя адхіленні галасоў ад асноўнай мелодыі, так і гарманічнае двух-, трохгалоссе.
Манера выканання купальскіх песень характарызуецца адкрытым гукам, які стварае дакладную тэмбравую выразнасць, напружанасць гучання. Спакойнае, ураўнаважанае выкананне гэтых песень сустракаецца даволі абмежавана. Народныя спевакі шырока
выкарыстоўваюць сродкі імправізацыі, разнастайныя меладычныя арнаментальныя ўзоры і рытмічныя спалучэнні, раптоўныя сінкопы, глісандавыя заканчэнні апорных тонаў, непаўторныя цэзуры і інш. Гэтыя прыёмы і складаюць спецыфіку народнай манеры выканання купальскіх песень, што вызначалася адпаведнымі ўмовамі: спяванне ў полі, на лузе, вуліцы, узлессі, рацэ. Эфект рэха, які ўзнікае пры выкананні ў натуральным асяроддзі, надае песні асаблівае гучанне.
Вялікае значэнне мае пры спевах непасрэднасць, унутраная свабода, што абумоўлівае дыханне выканаўцаў. Дыханне народнага выканаўцы традыцыйных песень істотна адрозніваецца ад прыёмаў, якія выкарыстоўвае прафесіянальны спявак. Прырода народнай песні іншая ў параўнанні з аўтарскай, у класічным яе разуменні. Для фальклорнай песні ўласнівы несіметрычнасць апорных долей такта, частая змена метрарытмічнай структуры, цэзуры ўнутры складоў, што выклікае экстатычна няроўнае дыханне спевака. Пры гэтым трэба ўлічваць, што купальская песня выконваецца ў адпаведнасці з дзеяннем у абрадзе, якое часам бывае псіхалагічна напружаным. Таму, на нашу думку, нельга прымяняць да яе крытэрыі прафесіянальнага падыходу, што ў дадзеным выпадку не адпавядае жанру і стылю фальклорнага твора. На жаль, на практыцы сустракаецца менавіта падобны падыход, які тлумачыцца некампетэнтнасцю некаторых «знаўцаў» фальклору.
Складанасць вывучэння фальклорнай песні, авалодання народнай манерай спеваў пачынаюць разумець зараз многія настаўнікі музыкі, кіраўнікі фальклорных калектываў і іх удзельнікі. Усім, хто займаецца дадзенай праблемай, трэба вывучаць песенную спадчыну, вучыцца майстэрству ў народных выканаўцаў. Усведамляючы гэта, шмат хто пачынае збіраць, запісваць абрады. На аснове ўласнага вопыту і ведаў традыцыйнай спадчыны народныя выканаўцы заўсёды гатовы перадаць моладзі сваё майстэрства.
Настаўнікі музыкі, работнікі культасветустаноў могуць аказаць вялікую дапамогу ў справе адраджэння традыцыйнай культуры, яе захаванні, развіцці і перадачы нашчадкам.
Некаторыя даследчыкі мінулага (П.Б. Бяссонаў) і сучаснага (Г. Таўлай) фальклору адзначаюць старажытнасць купальскіх песень, асабліва тых, якія заканчваюцца прыпевамі «то-то», «ту-ту», «Божа наш», «гэй», «каліна», «сонейка» і інш.
Асаблівасць паэзіі вызначае вобраз Купалкі, Купалінкі, Купалы. Ён выступае як персаніфікаваны вобраз жанчыны, і рэалістычнай, і таямнічай. Купалка з’яўляецца на свяце неяк нечакана, клапоцячыся, каб спрыяла добрае надвор’е. Ддначасова яна запрашае ўсіх на святочнае «пагулянейка».
Значнае месца Купалка займае ў купальскім карагодзе. У залежнасці ад мясцовай песеннай традыцыі развіваецца дыялог паміж дзяўчатамі і Купалкай. Паэтычны змест многіх карагодаў складаюць пытанні моладзі да Купалкі і яе адказы на іх. Дзеянне адбываецца ў тэатралізаванай форме. Зразумела, што Купалку, а таксама яе дачку ў карагодзе прадстаўляюць выбраныя дзяўчаты.
У песнях выступаюць таксама розныя сюжэты з Купалкай у ролі гаспадыні-маці, якая рыхтуе пасаг сваім дочкам.
Цікавае развіццё вобраз Купалкі атрымлівае ў гумарыстычных песнях, у якіх яна сама становіцца аб’ектам гумару. Праз Купалку ў песнях высмейваюцца адмоўныя рысы хлопцаў, выказваюцца адносіны жыхароў адной вёскі да другой, супрацьпастаўляюцца дзяўчаты вёсак. Гумарыстычныя песні пабудаваны ў форме пытанняў і адказаў. Можна заключыць, што дыялог у купальскіх песнях абумоўлівае спецыфіку структуры гэтых твораў.
Купальская песня, дапаўняючыся жэстам, мімікай, тэатралізацыяй, скокамі, арганічна ўваходзіла ў абрад, аб’ядноўваючы ўсе яго кампаненты.
Найбольш распаўсюджаны купальскія песні ў Цэнтральнай, Паўночнай і часткова Паўднёва-Заходняй Беларусі. Як і іншыя абрадавыя песні, яны вызначаюцца формульнасцю-тыпізацыяй напеваў, што праяўляецца ў такіх элементах музычнай мовы, як лад, рытм, гукавысотнасць, тэмп, асаблівасці тэмбру і інш. Сярод адзначаных сродкаў музычнай выразнасці рытміка купальскіх песень найбольш устойлівая і кансерватыўная. Беларуская этнамузыказнаўца Г.В. Таўлай даследавала меладычныя тыпы купальскіх песень. Звернем увагу на некаторыя асаблівасці іх выканання.
Перш за ўсё трэба адзначыць, з якой фантазіяй народныя спевакі выкарыстоўваюць абмежаваныя магчымасці мелодыкі купальскіх песень. Дзякуючы выкарыстанню народнымі спевакамі сродкаў мікраальтэрацыі, фальцэтных прыгукаў, раптоўнага сінкапіравання асобных тонаў, прыпынкаў на апорных ступенях ладу і інш. іх выкананню ўласцівы тонкія інтанацыйна-меладычныя ўзоры, вар’іраванне меладычнага руху. Асаблівасці гучання песень дапаўняюцца тэмбравай выразнасцю, спевамі адкрытым гукам. Гэтыя творы пераважна харавыя, якія спяваюць усёй вёскай. Але ж сустракаюцца і песні, якія ўтрымліваюць дыялогі, што сведчыць аб іх старажытнасці, калі спявак-пачынальнік выступае быццам пасрэднік паміж сялянскай абшчынай і Купалай і таму звяртаецца першым да яе. Прыкметна ўзбагачае ладава-інтанацыйную формулу арнаментальны распеў купальскай песні. Градацыі гучнасці маюць дастаткова шырокую амплітуду: ад невялікай сілы гуку да вельмі моцнай, блізкай да крыку. Некаторыя купальскія песні па свайму мелодыка-інтанацыйнаму тыпу вельмі блізкія да жніўных. Для апошніх, як вядома, характэрны інтанацыі плачу. Народныя спевакі звяртаюць увагу на тое, што купальскія песні трэба спяваць, «як плакаць», «енчыць».