Беларуская выцінанка  Яўген Сахута

Беларуская выцінанка

Яўген Сахута

Выдавец: Беларусь
Памер: 230с.
Мінск 2008
72.74 МБ
19 Grabowski J. Wycinanka ludowa. S. 72, 74.
Э.Седлярзк. Гембінскі клапок. 1979 г. Польшча.
іншых тэрыторыях, дзе быў вядомы гэты від народнай творчасці, але тлумачыцца гэта не столькі культурнымі ўзаемаўплывамі, колькі аднолькавымі тэхналагічнымі прыёмамі выканання, якія дыктуюць аналагічнасць кампазіцый.
Другую групу выцінанак вызначае кампазіцыя, якую можна назваць сіметрычнай (люстэркавай). Аркуш паперы складваецца папалам для атры-
мання вертыкальнай восі сіметрыі. Выразаны малюнак люстэркава паўтараецца справа і злева ад восі. Такая кампазіцыя дыктуе і характар узору, які мае ярка выяўленую вертыкальнасць. На яе аснове будаваліся пашыраныя калісьці глыбокатрадыцыйныя матывы ў выглядзе Дрэва жыцця, букетаў кветак і інш., вядомыя ў ткацтве, вышыўцы, роспісе. Праўда, для выразнасці і дэкаратыўнасці малюнка толькі вертыкальнага складвання было недастаткова, папяровы аркуш яшчэ неаднаразова складвалі ў самых роз-
С. Канопка. Курпёўская лелуя. 1970 г. Польшча.
20 Grabowski J. Wycinanka Ludowa. С. 74, табл. 19.
М.Варанецкі. Выцінанкі. 1950—1960-ыя гг. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.
ных напрамках, але сіметрычнасць кампазіцыі заставалася дамінуючай.
Выдатныя прыклады такіх кампазіцый 1920-ых гадоў з в.Шыкшнева Ваўкавыскага павета прыводзіць зноў жа Ю.Грабоўскі, адзначаючы пры гэтым, што яны дэманструюць адзін з найпрыгажэйшых узораў, якія ведае выцінанка20. Як можна бачыць на здымках, кампазіцыя выцінанак сіметрычная, але выкананы яны ў камбінаванай тэхніцы як аплікацыя з рознакаляровай паперы. На прамавугольны аркуш наклеены сцябліна з адгалінаваннямі і лісточкамі і кветкі, выразаныя асобна як разеткі. Па кутках кампазіцыя дапоўнена каляровымі трохвугольнікамі. Другі падобны твор выкананы з плямістай паперы, што надае яму дадатковы каларыстычны эфект. Як відаць, такія выцінанкі ўяўляюць сабой далейшую распрацоўку больш простых узораў, што наклейваліся проста на беленую сцяну. Яны ўжо скарыстоўваліся як карцінкі-пано, магчыма, нават афармляліся пад шкло.
На жаль, іншых падобных узораў мы не маем, хоць у свой час гэта была тыповая з'ява, у кожным разе для захаду Беларусі, дзе пераважалі атынкаваныя беленыя сцены. Як успамінала Ганна Зайко (1907 г.н.) з Сапоцкіна Гродзенска-
га раёна, «часам такімі выцінанкамі была аздоблена ўся сцяна».
Падобныя выцінанкі ў 1950—1960-ыя гады выразаў Міхась Варанецкі з Ружанаў Брэсцкай вобласці. Сярод яго твораў, галоўным чынам расліннага характару, пераважаюць кампазіцыі ў выглядзе адной ці трох кветак на сцябліне з адгалінаваннямі і лістамі. Як і згаданыя ўзоры з-пад Ваўкавыска, выцінанкі Міхася Варанецкага паліхромныя і спалучаюць выразанне з аплікацыяй, але характар стылізацыі раслінных матываў не такі геаметрызаваны, абрысы плаўныя, мяккія, блізкія да прыродных. Значную частку калекцыі яго работ, што захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, складаюць таксама традыцыйныя манахромныя (сінія, карычневыя, белыя) квадратныя і круглыя разеткі.
Трэцюю кампазіцыйную разнавіднасць складаюць выцінанкі рапортнага тыпу. Доўгі аркуш ці стужку паперы складвалі гармонікам, выразаны ўзор з многімі вертыкальнымі восямі сіметрыі шматразова паўтараўся па гарызанталі. Так выразалі фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, акаймоўку на абразы і люстэркі, такім жа спосабам выканана і большасць узораў, адноўле-
Выцінанкі-зоркі. 1920-ыя гг. Ваўкавыскі пав. Гродзенскай губ. (па: Grabowski J. Wycinanka ludowa.
Warszawa, 1955).
ных па памяці майстрамі старэйшага пакалення, якія яшчэ заспелі традыцыі бытавання выцінанкі ў побыце.
Аднак у чыстым выглядзе рапортныя выцінанкі прадстаўлены хіба што толькі нешырокімі падзорамі на палічкі і рамы абразоў. Аконныя фіранкі, якія часам дасягалі метровай даўжыні і паўметровай шырыні, пры вырэзванні дадаткова складваліся ў самых розных напрамках у адпаведнасці з задуманым узорам. Яго асноўная кампазіцыя — зубцы па ніжнім краі ў выглядзе паўкругоў ці фестонаў, буйныя матывы па гарызанталі — стваралася складваннем аркуша ў гармонік. Затым яго разгортвалі і кожны атрыманы ўчастак зноў складвалі ў самых розных напрамках (часам да 20 разоў) для выразання дадатковых дробных матываў: разетак, стылізаваных кветак, ланцужкоў з ромбікаў, трохвугольнікаў, стрэлак і інш.
Матывы дэкору выцінанак надзвычай разнастайныя. Ёсць яўныя запазычанні і перапрацоўка тых, што даўно вядомыя ў іншых відах народнага мастацтва, нямала перанята з гарадскога побыту і прамысловых вырабаў, а яшчэ больш — уласная адвольная творчасць («як рука павя-
дзе»), актывізаваная нейтральнасцю і інертнасцю матэрыялу. Пры ўсім тым перавага геаметрычных матываў відавочная. Справа тут не толькі ў прастаце выканання, але, відаць, і ў яўнай еднасці іх з традыцыйнымі геаметрычнымі матывамі ткацтва, вышыўкі, разьбярства. Зубчыкі, радкі ромбікаў, крыжыкі, шматпраменныя разеткі — подых іх старажытнай сімвалічнай ролі, звязанай з даўнімі веснавымі звычаямі. Магчыма, круглыя разеткавыя выцінанкі якраз і выразаліся як сімвал свяціла, тым больш што выконваліся да веснавых святаў. У некаторых месцах (Лідскі, Навагрудскі раёны) яшчэ не забыліся назвы «сонца» і «месяц», якія адносяцца да круглых разеткавых матываў на фіранках.
3 язычніцкай міфалогіяй старажытных славян яўна звязаны і зааморфныя ці, дакладней, арнітаморфныя матывы. У большасці выпадкаў іх звалі проста «птушкі». Па сілуэту яны нагадваюць галубоў, пеўняў, сустракаюцца і экзатычныя, яўна больш позняга паходжання — «павы». У Гродзенскім раёне сілуэтнымі фігуркамі галубоў, папарна злучаных дзюбкамі, упрыгожвалі палічкі пад абразы. Хутчэй за ўсё, падобныя матывы калісьці былі пашыраны на больш значных тэрыторыях, паколькі амаль такія ж быта-
валі і ў Украіне21. Прататыпамі іх, відаць, былі саламяныя і драўляныя галубкі — даўняе ўпрыгожанне покуці, сімвал шчырасці і дабрыні.
Пераважная большасць матываў — кветкавыя. З'ява гэта цалкам вытлумачальная: выцінанкі набылі пашырэнне ў час, калі ў народным мастацтве забываўся даўні сімвалізм, а на першы план вылучаліся дэкаратыўныя задачы. Такая тэндэнцыя выявілася ў выцінанках асабліва выразна, паколькі роля іх у інтэр'еры была чыста дэкаратыўная. Выцінанкі з іх расліннымі матывамі спалучаліся з пашыранымі ў першай палове XX ст. маляванымі куфрамі і дыванамі, гладзевай вышыўкай, архітэктурнай прапілоўкай.
У той жа час яўна старажытнае паходжанне выдае найбольш любімы і пашыраны матыў Дрэва жыцця, здаўна вядомы і ў іншых відах народнага мастацтва. Яго традыцыйны варыянт у выцінанцы і сапраўды вырашаўся ў выглядзе дрэва — з высокім ствалом, што вырастае з зямлі, і пышнай кронаю, якая ў залежнасці ад ступені стылізацыі можа быць авальнай, прамавугольнай, квадратнай, трохвугольнай і інш. Звычайна такая кампазіцыя дапаўнялася сілуэтамі птушак, якія сіметрычна размяшчаліся паабапал ствала або ў кроне. Аднак ужо ў пачатку XX ст., калі старажытная семантыка гэтага матыву стала забывацца, Дрэва жыцця ператварылася ў дэкаратыўную кампазіцыю ў выглядзе адзінкавай кветкі на сцябліне з галінкамі, букета кветак або вазона. Арнітаморфныя матывы, зразумела, тут былі ўжо не да месца.
Моцны ўплыў на характар выцінанкі аказала гарадское асяроддзе, квяцістыя фабрычныя тканіны, дапаможнікі па рукадзеллю і інш. У многіх выпадках відавочнае імкненне да амаль дакладнай імітацыі гардзінных тканін, пашыраных у горадзе і маладаступных вёсцы. Нярэдка папяровыя фіранкі (асабліва ў першыя пасляваен-
ныя гады) займалі месца больш працаёмкіх у дэкараванні палатняных, нагадвалі іх па форме і нават прызбіраліся на нітку. Дзеля больш дакладнай імітацыі традыцыйныя тэхнікі і прыёмы вырэзвання дапаўняліся новымі, напрыклад, выбіваннем трубачкай, выразаннем нажом на дошцы, прычым гэта лічылася больш майстэрскай работай. Так, па ўспамінах Марфы Гурскай (1922 г.н.) з в. Качаны на Карэліччыне, «складныя фіранкі кожны мог выразаць, а нажом — толькі вопытныя, таленавітыя майстрыхі». Тутэйшыя ўзоры папяровых фіранак ствараюць ілюзію гафтаваных вырабаў: некалькі буйных кветак з лісцем на фоне ячэістай сеткі («лускі»). Фіранкі Ніны Шурак (1932 г.н.) з Навагрудка, што дэманстраваліся на 2-ой Нацыянальнай выстаўцы народнага мастацтва (2006 г.), уяўляюць сабой акуратна выбіваную косую сетку, на якой сіметрычна размешчаны галінкі з лістамі і птушкі. У в. Дзераўная Драгічынскага раёна выкарыстоўвалі клятчастую паперу ці спецыяльна расчэрчвалі ў клетку паляросную, каб выразаць клятчасты фон, як і ў гардзінных тканінах. Але такая яўна імітацыйная плынь уяўляе сабою позні, апошні этап бытавання традыцыйных выцінанак.
Хоць стварэнне ажурных папяровых аздобаў мела масавы характар і выразаць фіранку магла кожная гаспадыня (часам займаліся мужчыны, a то і дзеці), нярэдка ў гэтай справе вылучаліся майстрыхі з асаблівымі здольнасцямі. Звычайна яны вызначаліся майстэрствам і ў іншых відах народнага мастацтва: ткацтве, вышыўцы, карункапляценні. Іх творчасць служыла ўзорам для пераймання, яны нярэдка выконвалі заказы суседзяў ці наватусёй вёскі, як, напрыклад, Марыя Няхай (1905 г.н.) з в. Ляды Чэрвеньскага раёна, Ніна Хоміч (1928 г.н.) з в. Навасёлкі Асіповіцкага раёна і інш. Фіранкі апошняй і сапраўды вылучаюцца адмысловай кампа-
г1 Станкевнч М.Е. Украінські внтннанкм. С. 44, 63.
Выцінанка ў інтэр'еры народнага жылля. 1950-ыя гг. Павіцце Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
зіцыяй, дасканаласцю і тонкасцю работы. Аснову дэкору складаюць вялікія разеткі, якія нібы сонечныя дыскі або адмысловыя кветкі запаўняюць поле шырокіх фіранак з трыма хвалістымі фестонамі па нізе або вялікіх вугольнікаў, якімі аздаблялі верхнія куткі вокан. Драбнейшыя разеткі аздабляюць краі фестонаў або збягаюць па баках вугольнікаў.
Часам такія майстрыхі клалі пачатак традыцыі, дзе яе датуль не было. Так, Соф'я Канецкая, перабраўшыся з Брэстчыны ў в. Пухоўчыцы Бераставіцкага раёна, стала ўпрыгожваць беленыя сцены папяровымі «кветкамі». На першым часе гэта было дзівам для вёскі, дзе бытавалі толькі вузенькія стужкі-выразанкі па краях палічак і на рамах абразоў. Але хутка новая мода набыла агульнае прызнанне, з'явіліся шырокія фіранкі на вокнах, круглыя выцінанкі сталі наклейваць над дзвярыма, класці на паліцы і сталы.