Беларускае мастацкае шкло: XIX — пачатак XX ст
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 143с.
Мінск 1984
так жывапісу, графікі або скульптуры да бытавой рэчы, якую яны прызваны былі аздобіць, пазіцыя Э. Гале была прагрэсіўнай. Мастак вырабляў таксама сталовыя шкляныя вырабы простых форм без ніякіх дэкораў. Ен працаваў сам з матэрыялам і выкарыстоўваў вельмі шырокі дыяпазон тэхнічных сродкаў і мастацкіх лрыёмаў шкларобства розных часоў і народаў: слабаафар■баванае шкло, свабодна выдзіманую тэхніку, ляпныя дэкоры і формы, шматлікія тэхнікі дэкарыравання — непразрысты і празрысты наклад, глыбокае і мелкае траўленне, эмалевы роспіс, глыбокую контрразьбу па шклу, гравіроўку. Вырабам Э. Гале наследавалі ў Францыі і ва ўсім свеце.
Беларускія шкларобы па-свойму інтэрпрэтавалі развіты Э. Гале «натурстыль», які імпанаваў ім, таму што даваў магчымасць адлюстраваць у шкле родную прыроду, яе флору і фауну. Да таго ж беларускае мастацтва заўсёды прытрымлівалася рэалістычных напрамкаў, адлюстроўваючы густы народа.
Беларускія шкларобы з усіх тэхналагічных дэкаратыўных прыёмаў Э. Гале выбралі толькі наклад і глыбокае траўленне, роспіс эмалямі на глушоным (у Э. Гале толькі на празрыстым), апакавым і празрыстым шкле, атрымліваючы пры гэтым падобныя дэкаратыўныя эфекты.
Прыкладам прымянення тэхнікі гале (трохслойнага траўлення) у Беларусі могуць служыць дзве вазы, вырабленыя на шклозаводзе «Нёман». Формы ваз аваідальныя. Адна ўстаноўлена на балясіне з круглым пляскатым паддонам, мае прафіляванае на тры аб’ёмы дно,
што збліжае яе з урэцка-налібоцкімі бакаламі, другая — без паддона, выраблена з накладнога трохслойнага шкла (бясколернага, апакавага і каляровага). Першая — з чырвоным накладам, другая — з кобальтавым. Чырвоным накладам па апакаваму шклу выкананы рэалістычна трактаваныя выявы гронак рабіны (рыс. 63), кобальтавы наклад больш адпавядаў адлюстраванню мясцовага краявіду — некалькі дрэў, якія нагадваюць бярозкі, з сядзячымі на іх птушкамі (захоўваецца ваза ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі). У дэкорах гэтых ваз назіраецца перапрацоўка запазычанага «натурстылю», якая праявілася ва ўвядзенні ў дэкор мясцовай флоры і фауны, краявіду, у болыв абагульненай трактоўцы выяўленчых форм. Яшчэ адна ваза, вырабленая на шклозаводзе «Барысаў», адлюстроўвае ўплывы мастака Э. Гале ў прымяненні тэхнікі эмалевага роспісу (сл. 4). У гэтай вазе рысы стылю мадэрн адчуваюцца ўжо ў самой форме. Чатырохгранная ў донцы ваза празмерна выцягнута ўверх, выгнутыя цякучыя лініі злёгку перакручаных сценак то разыходзяцца, то зліваюцца, манерна выгінаючыся вакол уяўляемай асі. Падзяляючы погляд Э. Гале аб мэтазгоднасці прымянення некалькіх тэхнік дэкарыравання на адным вырабе, беларускі майстар напісаў на дынамічна выгнутых сценках вазы з апакава-салатнага шкла бела-сінімі эмалямі і золатам буйныя кветкі, якія асацыіруюцца з ірысамі. На першы погляд здаецца, што тут дэкаратыўная перагрузка, але дэкор арганічна лёг на форму, знойдзен у маштабе.
Рыс. 73. Прыборы для
вады і шкляякі. Шклозавод «Барысаў» і гута «Нёман». 1890— 1939 гг. Рысункі з каталогаў
Менавіта тэхніка роспісу шкла эмалевымі фарбамі атрымала ў гэты час асаблівае распаўсюджанне. Беларускія майстры ўводзілі ў дэкоры рэалістычна трактаваныя выявы мясцовых раслін, дрэў, птушак, найбольш папулярных у народзе. Умоўна матывы роспісаў можна падзяліць на кветкавыя, садавінныя і краявідныя. Сярод кветкавых — сустракаюцца выявы вертыкальна размешчаных і манерна выгнутых сцяблінак з ірысамі, браткамі, званочкамі, васількамі, ландышамі, цюльпанамі, макамі, галінкамі бэзу. Сярод садавінных — пераважаюць выявы галінак з вішнямі, чарэшня-
мі, парэчкамі, агрэстам, сланечнікам, вінаградам, яблыкамі. Рысуючы краявіды, мастакі адлюстроўвалі знаёмыя з дзяцінства карціны: возера ў лесе, грыбы пад бярозкай, бярозы, птушкі на галінках, яловы лес, групу бяроз на фоне курганоў, курганы ў яловым лесе, хату і млын каля лесу, хату на фоне лісцёвага лесу, хату на фоне яловага лесу і інш. (рыс. 73, 104, 105).
Размеркаванне малюнкаў на крывалінейнай паверхні посуду рабілася так, каб уся кампазіцыя роспісу была ў полі зроку і тым самым падкрэслівала форму. Трактоўка кампазіцыі і манера пісьма носяць
народны характар і светаўспрыманнем майстроў набліжаюцца да роспісаў алеем беларускіх народных дываноў.
Хоць большасць форм шкляных вырабаў канца XIX—пачатку XX ст. стваралася ў адпаведнасці з існуючымі стылямі і напрамкамі ў прыкладным мастацтве Заходняй Еўропы, самабытнасць беларускага мастацкага шкла вызначалася дэкорамі, іх тэматыкай, матывамі, характарам кампаноўкі эмалевых малюнкаў на плоскасці, каларытам шкла і роспісаў. Распрацоўкай узораў роспісу, напрыклад, на шклозаводзе графа Ленскага на хутары Устрынь-Боркі з 1880 г. займаўся Міхал Людвіцкі, які працаваў там мастаком, а пазней да 1920 г. працаваў на шклозаводзе «Нёман»26.
Уплывы стылю мадэрн асабліва выразна праявіліся ў вытанчаных прапорцыях і крыху манерных формах ваз для кветак, так званых «кветнікаў». Візітнай карткай мадэрна ў Беларусі можна лічыць вазы квадратныя і масіўныя ў дне з вузкімі стромкімі сценкамі, якія ўверсе ледзь пашыраліся (рыс. 67, сл. 1). Выраблялі іх у Беларусі з 1890 па 1950 г. з каляровага шкла метадам заліўкі донца ў пэўную форму і выцягваннем сценак на розную вышыню (ад 20 да 120 см). Венчыкі некаторых з іх заканчваліся накшталт кветкавых пялёсткаў (рыс. 67). Ваза вышынёю 120 см сустрэта ў хаце выдзімальшчыка, які працаваў у пачатку XX ст. на гуце
20 Прыношу ўдзячнасць былому чаканшчыку шклозавода «Нёман» Э. Л. Тэрасаніну за звесткі аб мастаках і майстрах, якія працавалі на заводзе да 1939 г.
в. Астраўно Лідскага р-на. Адна з такіх высокіх ваз гутніка з в. Астраўно захоўваецца ў БДМ. Выраблена яна з накладам рубінавага шкла па бясколернаму крышталю. Выраб такіх ваз патрабаваў ад выдзімальшчыка вялікага майстэрства, спрытнасці і фізічнай сілы. Папулярнымі былі і танкасценныя ціхавыдзіманыя ў формы вазы, якія мелі выгляд жаночай рукі, трымаючай кубак; вазы з рэльефным малюнкам на сценках, які адлюстроўваў мясцовы пейзаж — чапляў на фоне забалочанага азярца з лілеямі, гарлачыкамі і асакой; вазы з хвалістым накшталт рушы венчыкам (сл. 10). Шмат выраблялася ваз, што складаліся з двух аб’ёмаў — цыліндра і шара ў верхняй частцы, цыліндра і конуса ў верхняй частцы, завершанага перфарыраваным венчыкам, цыліндра і біканічнага завяршэння ў верхняй частцы. Многія вазы ўзвышаліся на розных форм паддонах (рыс. 63, сл. 6), чым майстры падкрэслівалі вертыкальнасць, якая была характэрнай рысай шкляных вырабаў у стылі мадэрн.
Формам мадэрна адпавядалі вытанчаныя ў прапорцыях графіны для лікёру з пластычна выгнутымі і выцягнутымі па вертыкалі ручкамі, высокімі ножкамі і коркамі (сл. 7). Большасць з іх выраблялася з накладнога каляровага шкла, шліфавалася авальнай і шырокай гранню, аптычнымі ямкамі і зверху распісвалася каляровымі эмалямі. Многія вырабы ў стылі мадэрн вабяць вынаходніцтвам і нечаканасцю мастацкага рашэння. Гэта былі вырабы сапраўды новыя, асабліва па формах, у якіх дамінавала вертыкальная лінія. Нават шарападобныя тулавы
лікёрных прыбораў імкнуліся зрабіць кроплепадобнымі і моцна выцягнутымі. Класічны арнамент мадэрна — манерна выгнутыя, амаль графічна выпісаныя сцяблінкі ўюнка з грамафончыкападобнымі кветкамі і канічнай формы лісточкаміне атрымаў развіцця на беларускім шкле гэтага перыяду.
Па мастацкаму ўзроўню шкляны посуд беларускіх заводаў не ўступаў вырабам лепшых шклозаводаў Расіі, што адзначалася Камітэтам усерасійскіх сельскагаспадарчых выставак, які ўзнагародзіў Целяханскі завод Залатым медалём «За трудолюбне н нскусство» за вырабы з крышталю і каляровага шкла, a Барысаўскі шкло-крышталёвы завод — Вялікім Залатым медалём за высокую якасць вырабаў27.
Вырабы Старэўскага шкло-крышталёвага завода, які вырабляў крышталёвы посуд і лямпы, былі ўдастоены вышэйшай узнагароды «GrandPrix» у 1908 г. на Міжнароднай выстаўцы мастацтва ў Марселі (Фрапцыя) 28. У 1910 г. вырабы крышталёвай фабрыкі «Барысаў» былі ўдастоены Залатога медаля на выстаўцы шкла ў Парыжы29.
Усе шкляныя рэчы, што вырабляліся на шклозаводах Беларусі ў канцы XIX ст., у залежнасці ад тэхнікі фармавання дзяліліся на прасаваныя, выдзіманыя ў рухомыя і нерухомыя формы (ціхавыдзіманыя) і свабодна фармаваныя.
Прасаваныя і выдзіманыя вырабы ў металічных формах называліся «форменнымі» ў «Прейскуранте хру-
27 Жаврнд М. Ф. Белорусское стекло, с. 64.
28 ЦДГА БССР, ф. 311, воп. 1, спр. 176, л. 113.
29 Борнсовскнй стекольный, с. 9.
стальной фабрнкн «Борнсов», відавочна, ад таго, што іх форма і дэкор атрымліваліся дзякуючы прасаванню і выдзіманню ў загадзя прыгатаваную форму ў адрозненне ад рэчаў, створаных свабодным фармаваннем.
Сценкі многіх прасаваных вырабаў у 1880—1914 гг. густа пакрываліся вытанчаным нізкарэльефным дэкорам, які наследаваў неагатычныя матывы і матывы неаракако. «Віці аканту», ракайлявыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў мудрагеліста кампанаваліся на паверхні ваз, шклянак, кілішкаў, лампад, чаш, графінаў. Фрагменты сасудаў з такім дэкорам выяўлены мастаком шклозавода «Нёман» В. Дзівінскай на месцы былой «Новай гуты», якая згарэла ў час першай сусветнай вайны. Паколькі дробнарэльефнымі рысункамі, як карункамі, укрывалі сценкі посуду, каб схаваць матаванасць паверхні пасля прасавання, такія дэкоры атрымалі назву «карункавы стыль». Выяўленыя В. Дзівінскай рэчы сведчаць, што вырабляліся і танкасценныя прасаваныя вырабы з далікатнымі рэльефнымі «карункавымі» дэкорамі і што яны дадаткова дэкарыраваліся гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніцямі, сл. 11). Спалучэнне прасавання з гутнымі тэхнікамі значна ўзбагачала мастацкае аблічча вырабаў.
У прасаваных вырабах, якія наследавалі дэкоры шліфаванага шкла, выкарыстоўвалі тонкі слой сульфідна-цынкавага накладу, што дапаўняла каляровую палітру вырабаў апалавымі адценнямі. Для прасаваных вырабаў звычайна ўжывалі шкло вельмі прыгожых адцен-
няў — блакітнае, ружовае, аранжавае, чырвонае, малочнае, чорнае. Прымяняліся і вельмі незвычайныя дэкоры: танюткімі накладнымі жгуцікамі з каляровага глушонага шкла аздаблялі вырабы з бясколернага шкла.
Метадам прасавання вырабляліся: 20 відаў шклянак, якія называліся «роўныя», «падцёс», «двайныя», «пальцы», «адмірал», «пейсах», «дзясень»; чаркі і 3 віды ракавін; 15 відаў кілішкаў (рыс. 60, 68, 78, а); 9 відаў кружак; 1 від малочнікаў; 8 відаў сальніц; 4 віды масленіц (рыс. 71); 22 віды цукарніц без накрывак і 3 віды з накрыўкамі (рыс. 99); 22 віды ваз на ножцы для садавіны і дэсерту (рыс. 66, 96), у тым ліку 1 від такіх ваз з ручкамі; 2 віды куфэркаў для цукерак і цукру (рыс. 61, 62); 3 віды лампад, 2 віды падносаў (рыс. 96, 100), 2 віды падсвечнікаў (рыс. 90, 91), 12 відаў талерак, у тым ліку 5 відаў на трох ножках.