• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускі храм  Уладзімір Мароз

    Беларускі храм

    Уладзімір Мароз

    Выдавец: Міжнародны цэнтр культуры кнігі
    Памер: 112с.
    Мінск 2003
    25.04 МБ
    Галоўныя плошчы сталіцы.
    Плошча Незалежнасці. Архітэктурна завершана ў канцы 80-х гадоў.
    Плошча Перамогі. Самы цэласны і гарманічны ансамбль цэнтра, які склаўся яшчэ ў сярэдзіне 50-х.
    Больш за ўсё па часе чакала свайго завяршэння цэнтральная, Кастрычніцкая плошча.
    * * *
    Кастрычніцкая плошча месца сустрэчы новага цэнтра сталіцы са старым, Верхнім горадам. Перапляценне стагоддзяў стварае непаўторны вобраз любімага старадаўняга і маладога Мінска.
    * * *
    Крыжы на званіцах і купалах храмаў. Сімвалы духоўнасці, якая вяртаецца на беларускую зямлю. Выспачкі зноў здабываемай дабрадаці.
    ♦ ♦ *
    Царкоўны перазвон у першыя дзесяцігоддзі савецкай улады стаў зусім знікаць з нашага жыцця. Апошні праваслаўны храм у сталіцы Беларусі Мінску быў закрыты ў 1937 годзе.
    Сёння, гледзячы кадры кінахронікі, дакументальныя сведчанні часу, нельга не здзівіцца, як моцна ўдалося ўбіць у галовы людскія ваяўнічы атэізм, як хутка змаглося разбурыць духоўныя традыцыі продкаў.
    ♦	* ♦
    Продкі нашыя любілі і ўмелі будаваць храмы знакі дабрадаці Гасподняй на дадзенай ім Богам зямлі.
    ♦	♦ ♦
    Архітэктура ва ўсе часы была ўвасабленнем і адлюстраваннем чалавечага жыцця. Немагчыма ўсвядоміць, як шмат культурных каштоўнасцей створана ў лоне царквы.
    * * *
    Надоўга перарваныя традыцыі храмавага будаўніцтва сталі адраджацца ў канцы 80-х гадоў XX стагоддзя. Запатрабавалася забытая прафесія царкоўнага дойліда.
    * * *
    Будаўніцтва храма не самамэта. Гэта сродак духоўнага адраджэння, адраджэння вялікага пласта жыцця і культуры, страчанага і зноў набываемага.
    Іканапіс, ганчарства, мастацкая коўка, манументальны роспіс храм патрабуе сінтэза ўсіх мастацтваў. Можна набыць фабрычныя штампованыя рэчы, але яны не нясуць у сабе цяпло рук і душы майстра-верніка.
    * * *
    Будаўніцтва цэркваў запатрабавала для жыцця і майстэрства ліцця званоў і пакліканне званароў.
    * * *
    Царкоўны дабравест паядноўвае ўсе стагоддзі нашай хрысціянскай гісторыі, сцвярджае неадваротнасць духоўнага адраджэння.
    Варта акрэслена ўсведамляць, што без гэтага не будзе і адраджэння нацыянальнага. Толькі калі паверыш, што ўсё на зямлі створана промыслам Божым, што чалавеку, вянцу тварэння, трэба жыць у любові, мы зможам дарэшты ўсвядоміць, што беларуская нацыя ўзнікла невыпадкова, што народу нашаму дадзены Госпадам найбольшыя святыні родная зямля і матчына мова, якія мы павінны берагчы і памнажаць як дар Божы. Толькі тады мы зможам пабудаваць наша жыццё і дабудаваць сваю Беларусь.
    * * *
    Духоўныя традыцыі немагчыма вынішчыць, як і немагчыма спыніць самое жыццё. Надыдзе час, калі званы дабравесту будуць чуваць па ўсёй Беларусі.
    НА МЯЖЫ СТАРАДАЎНЯЙ ЛІТВЫ
    Косава мястэчка майго маленства, сямі дашкольных гадоў. Тут з’явіўся я на свет у 1953 годзе, які памятны як год смерці «бацькі ўсіх народаў» Сталіна. Але што мне было да таго? Праўда пра сталінскія часы прыйдзе значна пазней, ужо ў сталым узросце. Найпершы і светлы (а ці бываюць іншыя ў маленстве?) успамін дзіцячы дом, дзе мой бацька працаваў дырэктарам. Жыла наша сям’я ў доме побач, натуральна, што першымі маімі знаёмымі і сябрамі сталі якраз дзетдомаўцы. Крыху падросшы, мы са старэйшым братам рэзаліся з імі ў карты, хаваючыся ад бацькоў. Гулялі ў лапту, што было весела і рухава. Глядзелі дыяфільмы. Мо адтуль у мяне спраўджаная ў жыцці (сямнаццаць гадоў работы ў кіно) любоў да светлага экрана ў цёмнай залі?
    Цяпер разумееш, што ў дзетдомаўцаў дзяцінства якраз і не вызначалася бясхмарнасцю. Пасляваенныя бязбацькавічы, беспрытульнікі, бадзяжнікі колькі іх было на Беларусі, колькі такіх дзетдомаў існавала? Мой зачынілі ў сярэдзіне 60-х, калі ўжо наша сям’я пераехала з Косава ў вёску Даманава таго ж Івацэвіцкага раёна. Дарэчы, у будынку, дзе месціўся дзіцячы дом, у вайну знаходзілася гестапа.
    Другой яркай згадкай маленства быў касцёл, які стаяў на другім баку брукаванай вуліцы насупраць дзетдома. Ён здаваўся мне высокім, змрочным, непадступным. Мы любілі лазіць па цвінтары, абыходзіць будыніну з усіх бакоў. Па словах бацькі, касцёл зрэдчас працаваў, але памяць не захавала мяне мало'га ўнутры храма. Напэўна, каб не парушыць стан містычнага рамантызму, у якім трымала спаруда хлапчука сваёю закінутасцю. Даўно ўжо дрэвы перасталі здавацца высокімі, паменшаў для мяне і горад, святыня цяпер не выдае сягаючай аблокаў. Затое прыйшло ўсведамленне, што храм не можа быць змрочным. Згадаць толькі вузкія стральчатыя вокны з вітражамі на бакавых фасадах, якія ствараюць цудоўнае вясёлкавае асвятленне ўнутры. Святло надае прыгажосць рэчам, а праз пазнан-
    не прыгажосці чалавек набліжаецца да пазнання Хрыста сапраўднага святла, што высвечвае свет.
    Троіцкі касцёл у Косаве адзін з першых на Беларусі культавых помнікаў архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ён у 1878 годзе на ахвяраванні Вандаліна Пуслоўскага і парафіян. Дапамагалі таксама мясцовыя памешчыкі Астрамецкія і Юндзілы. Першы ж касцёл быў узведзены тут у 1526 годзе, праз сто гадоў новы храм заснаваў знакаміты Леў Сапега, якому на той час належала Косава. Будынак быў драўляны, згарэў у 1872 годзе. На гэтым жа месцы і паўстаў мураваны, які і сёння радуе вока гатычным імкненнем у неба.
    Ёсць у Косаве і царква ў цэнтры горада. Памятаю, што па нядзелях там было людна, дзень кірмашу, а вось сам храм не адбіўся ў дзіцячай свядомасці. Потым ужо я разабраўся, што гэта звычайны ўзор мураўёўскай архітэктуры рэтраспектыўнарускага стылю. Антонаўская царква паўстала ў 1868 годзе. Добра хоць тое, што яна існавала і не зачынялася.
    Самай жа таямнічай казкай маленства быў напаўразбураны палац, які знаходзіўся недалёка ад Косава ў Марачоўшчыне. Агромністае прадстаўнічае збудаванне хвалявала сілуэтам вежаў з гатычнай апрацоўкай, стральчатыя вокны, як у касцёле, зеўралі пустымі праёмамі, адкрытыя скляпенні вабілі залезці і адкрыць для сябе нейкую таямніцу. Сёння цяжка згледзець палац нават у яго вонкавай велічы, — зарос наўкола лесам. Толькі сілуэт цэнтральнага аб’ёму праглядваецца над вершалінамі дрэў.
    Палац узвёў у 1838 годзе граф Войцэх Пуслоўскі, апошні ўладальнік Косава. Ёсць меркаванні, што ён здолеў значна памножыць свае багацці падчас руска-французкай вайны 1812 года (вайна заўсёды камусьці нясе прыбытак). Таму і мог дазволіць сабе такое шыкоўнае збудаваннне, якое нагадвала замак-крэпасць: зубчаты парапет, вузкія шчыліны-байніцы, васьмігранныя вежы-вартаўнікі. Праект выканаў варшаўскі архітэктар Францішак Яшчолд. Праўда, готыка тут толькі ў аздабленні, сама аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя захоўвае пануючую на той час класіцыстычную ўраўнаважаную кампазіцыю. Такое вось спалучэнне. У будаўніцтве прымаў удзел таксама архітэктар У. Марконі, роспісы заляў выканаў мастак Ф. Жмурка.
    Дзе тыя роспісы? Толькі згадкі пра іх засталіся. Лёс палаца склаўся незайздросна: пасля паўстання 1863—1864 гадоў ён перайшоў у рукі маскоўскай арыстакратыі князёў Трубяцкіх і Альдэнбурскіх. Урэшце стаў маёмасцю казны. У першую сус-
    ветную вайну разрабаваны немцамі, за Польшчай тут знаходзілася староства Косаўскага павету і першая на Беларусі школа пчалярства. Пасля апошняй вайны засталіся толькі велічныя рамантычныя руіны. Гавораць, што замак спалілі савецкія партызаны.
    А вось дом, дзе нарадзіўся герой Беларусі, Польшчы, Францыі і Амерыкі Тадэвуш Касцюшка, не захаваўся. Сядзіба месцілася непадалёку ад замка, уласна, гэта і называлася маёнткам Марачоўшчына. Бацька кіраўніка паўстання 1794 года «за вольнасць нашу і вашу» Людвік Касцюшка пераехаў сюды у 1729 годзе, праз адзінаццаць гадоў ажаніўся з Тэкляй Ратомскай і ў іх нарадзілася чацьвёра дзяцей. Апошнім быў якраз Андрэй Тадэвуш Банавентура. Цікава, што нават трайное імя славутага сына Беларусі ёсць адбіткам нашай няпростай гісторыі. Першае праваслаўнае, другое (Фадзей-Тадэвуш) уніяцкае, трэцяе каталіцкае. Адсюль і непаразуменні з датай яго нараджэння. Адны лічаць яе 4 лютага 1746 годазгодна запісу аб хрышчэнні ў Косаўскім касцёле. Іншыя называюць 30 лістапада 1745 года на той падставе, што хрысцілі яго спачатку ў праваслаўнай царкве і далі імя ў гонар Св. Андрэя Першазваннага, свята шанавання памяці якога выпадае якраз на гэты дзень. Мне асабіста апошняе здаецца болып верагодным, бо маці Касцюшкі паходзіла з праваслаўна-уніяцкага роду, не адзінымі былі выпадкі, калі дзяцей, раней хрышчаных у царкве, гютым паўторна хрысцілі ў касцёле.
    У доме Касцюшкі пры Польшчы быў музей, памяць нацыянальнага героя шанавалі. Згарэў будынак перад самым вызваленнем Косава летам 1944 года. Хто яго падпаліў так і невядома, у народзе ходзіць пагалоска, што і тут без партызанаў не абышлося. Сёння невялікі пагорак, дзе можна яшчэ згледзець радок камянёў ад былога падмурку, абнесены ланцужком, пастаўлены мемарыяльны камень. Расце невялічкае дрэўца глог, якое восенню асыпае на зямлю чырвоныя ягады. Яскравы, на жаль, прыклад нашых адносін да сваёй гісторыі, якой нас зусім не так, як трэба, вучылі ў школе, якой мы па-сапраўднаму не ведалі. I толькі ў апошняе дзесяцігоддзе яна вяртаецца да нас мясцінамі, падзеямі, асобамі. Вяртаецца ваўсёй велічы і Тадэвуш Касцюшка.
    Мой славуты зямляк неаднойчы падкрэсліваў: «Нарадзіўся я ліцьвінам». Гэта значыць беларусам. У той даўні час усе жыхары сучаснай Беларусі як нашчадкі Вялікага княства Літоўска-
    га называлі сябе ліцьвінамі. Праўда, у гэтым выпадку мне бачыцца і больш канкрэтны змест. Практычна да Косава даходзіць вялікі лес Літва, што цягнецца ад Слоніма. У Івацэвіцкім жа раёне, паўторым, ёсць і балота Пагоня. Гэта сведчыць, што якраз тут праходзіла паўднёвая мяжа летапіснай Літвы, акрэсленай гісторыкам Міколай Ермаловічам, якая дала назву нашай старабеларускай дзяржаве. Адзначым яшчэ раз: ад земляў у цэнтры Беларусі пайшло Вялікае княства Літоўскае, а зусім не ад сучаснай Летувы, як гэта сцявярджалі царскія гісторыкі, каб Беларусь лічыць «нсконно своей». На мяжы вось той, старадаўняй Літвы і ўзнікла мястэчка Косава.
    Упершыню Косава згадваецца ў прывілеі вялікага князя Аляксандра аб дараванні гэтага маёнтка маршалку Яну Літавору Храптовічу. Датаваны ён 11 чэрвенем 1494 года. Потым Косава належала Осцікам, Сангушкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім, Пуслоўскім. Шмат цікавых старонак мае гісторыя горада, і ўсе яны сведчаць, што тут заўсёды жыў вольналюбівы ліцвінскі дух. Прыкладаў шмат. Адна з легенд назву Косава звязвае з імем Касы, які быў кавалём і ў часы набегаў татар каваў зброю, якою жыхары біліся з ворагам. Калі людзі ішлі да яго, казалі, што ідуць да Касога, і месца, дзе ён жыў паступова пачалі называць Косава. Прыгожае паданне, але неспатоленая цікаўнасць у мяне застаецца: а ці ёсць усё-такі сувязь назвы майго горада з краем Косава ў Югаславіі?