Беларускі храм
Уладзімір Мароз
Выдавец: Міжнародны цэнтр культуры кнігі
Памер: 112с.
Мінск 2003
На Елеонскай гары размешчаны царква Усіх Нацый, храм Успення Дзевы Марыі, царква Слязы Ісуса і храм Марыі Магдаліны, які належыць замежнай рускай праваслаўнай царкве. Усе яны месца паломніцтва вернікаў-хрысціян. Тут прыходзіць адчуванне, што ты — сам удзельнік евангельскіх падзей. Яно ўзмацняецца, калі ўзыходзіш на самую вяршыню Елеонскай гары. Адсюль адкрываецца непараўнальная цудоўная панарама Святога Горада. Дамінуе ў ёй купал мячэці Амара, храма над скалой, з якой узнёсся на неба Магамет. Гэта напамінак, што Іерусалім ёсць скрыжаваннем трох вялікіх рэлігій Хрысціянства, Іудаізму, Ісламу, кожная з якіх мае ў горадзе свае найвялікшыя святыні. Для іудзеяў гэта сцяна Плачу, для мусульман згаданая мячэць Амара, для Хрысціян Храм Святой Дамавіны. Яго сілуэт таксама добра відаць у панараме старога Іерусаліма.
Для нас шлях да Святой Дамавіны пачаўся ў Вялікую Пятніцу ад будынка Прэторыі. Гэта тут Ісус Хрыстос быў увязнены ў цямніцы, тут адбываўся суд над ім пракуратара Іудзеі Понція Пілата, які абмыў рукі пасля рашэння іудзейскага народу аб укрыжаванні Хрыста, адсюль пачаўся крыжовы шлях Божага Пакутніка на Галгофу. Па вузкай каменнай лесвіцы, дзе двум чалавекам і не размінуцца, спускаемся ў сутарэнне. У суцэльнай скале высечаны пячоры-камеры. Вось вязніца Ісуса, побач турма разбойніка Варравы, якога памілавалі замест Хрыста. Наверсе, на вузкай вулцы каля Прэторыі, паломнікаў ужо
не злічыць. Хвіліны чакання і праваслаўныя іерархі выносяць крыж, да якога ўсе побач і ты сам імкнешся дакрануцца. Неўсвядомленае жаданне глыбей далучыцца да дзеі. Пачынаецца шлях, якім ішоўзнясілены Хрыстос, згінаючыся пад цяжарам Крыжа. Крыжовы шлях вядзе па вуліцы Смутку альбо Віа Даляроса. Рух няспешны, старажытная вузенька вулка запоўнена людзьмі. Абапал яе шматлікія арабскія шапікі, крамкі, запоўненыя таварам. Але на гэта не звяртаеш увагі, засяроджваешся на сваім, згадваеш словы евангельскія: «I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною, той не варты Мяне».
Крыжовы ход выплывае да Храма Святой Дамавіны Гасподняй, плошча перад уваходнаю брамаю ўмомант запаўняецца людзьмі. Там, унутры храма, месца пакутніцкай смерці Збавіцеля: «I несучы крыж свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-яўрэйску Галгофа; там укрыжавалі Яго...» Калі чытаеш Святое Дабравесце, цяжка атаясаміць тыхчасовыя падзеі з рэальным месцам, дзе яны адбываліся. У Святым Горадзе ўсё робіцца відавочным гэта тут, побач, у некалькіх кроках: Галгофа (даслоўна «месца чарапоў»), Пліта памазання, на якой ляжала цела Ісуса, калі Яго знялі з крыжа, і, нарэшце, сама Дамавіна, пячора ў скале, дзе быў пахаваны Хрыстос. Усё гэта ўнутры храма, пад адною страхою. Святая Дамавіна велічнае і аб’ёмнае збудаванне, практычна гэта лаўра, дзе акрамя галоўных святыняў шмат каплічак, прыдзелаў, што належаць розным хрысціянскім цэрквам.
Другі раз у Святую Дамавіну мы трапляем ужо пад вечар у гэты ж дзень, у пятніцу. Усе пілігрымы ў чаканні галоўнай падзеі велікодных дзён у Іерусаліме сашэсця Святога дабрадатнага агню на дамавіну Гасподнюю. Цуд адбываецца толькі на праваслаўны Вялікдзень як праява Божай дабрадаці. 3 году ў год цягам шматлікіх стагоддзяў Гасподзь сведчыць тым самым аб сваёй любові да нас грэшных. Сыходзіць Святы агонь у Вялікую Суботу, але тысячы паломнікаў у храме ўжо з вечара, бо з раніцы трапіць сюды немагчыма. На вячэрні становімся сведкамі вынасу плашчаніцы, палатна, у якое Ісус Хрыстос быў абгорнуты пры пахаванні. Праваслаўныя іерархі з многіх краін Еўропы тройчы абносяць плашчаніцу вакол капліцы Дамавіны Гасподняй, якая называеццца Кувукліяй. Мне, як і да крыжа, пашчасціла дакрануцца да яе рукой.
Потым ужо ўсведамляеш, што нашае чаканне Святога агню доўжылася больш шаснаццаці гадзін. Але час там пралятае непрыкметна, тым больш мы вымушаны шукаць месца, каб грунтоўна атабарыцца са сваім кінематаграфічным начыннем. Нарэшце ўсталёўваемся ля падножжа Галгофы і больш ужо нікуды не зрушваемся. Каля Галгофы, у храме Святой Дамавіны ды яшчэ і на Вялікдзень аб гэтым можна было толькі марыць! Выключнасці стану, хутчэй, не усведамляеш у той момант, як і не ўсведамляеш, што зараз на тваіх вачах адбудзецца цуд. He адбіцца ад мімалётнай думкі: а ці верыш сам у цуд, ці верыш у сашэсце Святога агню? Так і не знаходзіш пакуль адказу, моцна ўсё ж сядзіць у нас убіты за гады суцэльнага атэізму рацыяналістычны, матэрыяльны пачатак.
Наўкола тысячы людзей. Большасць спрактыкаваныя сядзяць на прынесеных з сабою раскладанчыках. Сярод паломнікаў самая вялікая колькасць грэкаў і румынаў, у асноўным людзі простыя. Ёсць і з Расіі пераважна святары, манахі ды манахіні. А з Беларусі на той час толькі мы ўтрох. Гучаць розныя мовы, у звязку з гэтым здаюцца марнымі спрэчкі нашы ўнутраныя: быць ці не быць мове беларускай у святынях Беларусі? Зразумела, быць. Сумненні ў моцы і бязмежнасці Госпада, што Ён можа не зразумець шчырыя словы, звернутыя да Яго ў роднай для чалавека мове, валодаюць толькі тымі, хто не верыць. Нягучнае шматгалоссе ў Святой Дамавіне сведчыць аб несмяротнасці хрысціянства, уздымае над мітуснёю жыцця кожнага з нас у сваіх краінах.
Згадваецца, што нашая назва свята Пасхі «Вялікдзень» старадаўняя, яе знаходзім ужо ў свяціцеля зямлі беларускай Кірылы Тураўскага: «воскресенне Хрнстово Велнкн день нарнцается...». Успамінаецца таксама, што дадамавіны Гасподняй тры разы прыходзіла святая апякунка Беларусі Еўфрасіння Полацкая, якая ажыццявіла паломніцтва на Святую Змлю на схіле свайго жыцця. Усведамляеш, што адбывалася тое якраз напрыканцы красавіка, як і зараз, роўна 830 гадоў таму. Пахаваная яна была ў Феадосьеўскім манастыры бліз Іерусаліма. Праўда, сам гэты факт пілігрымкі Еўфрасінні толькі канстатуецца ў нас на Беларусі ў шматлікіх публікацыях пра яе, асэнсавання глыбокага няма, не акцэнтуецца повязь сапраўднага верніка з зямлёю Ісуса. Хрыста.
Дабрадатны агонь сыходзіць у перадвелікодную суботу ў адзін і той жа час, пасля гадзіны дня. Атрыманне яго належыць выключна праваслаўнаму Іерусалімскаму Патрыярху. Аднойчы армянам ўдалося аспрэчыць гэтае права, але намаганні іхныя былі марнымі, агонь сышоў не на дамавіну, а на каменную калону ля ўваходнай брамы ў Храм, раскалоў яе. Цяпер гэтая расколіна прадмет асаблівага шанавання праваслаўных вернікаў.
Працэс з’яўлення Святога агню знаходзіцца пад строгім наглядам грамадзянскіх улад Іерусаліма. Напярэдадні, у Вялікую Пятніцу, у храме тушацца ўсе агні, само памяшканне Кувукліі пільна даследуецца, потым на ўваход накладваецца пячатка. Мы самі яе бачылі. Перад дзеяй Патрыярха аглядаюць, здымаюць адзенне і мітру, ён застаецца ў падрасніку. Толькі пасля здымаюць пячатку, і Уладыка можа зайсці ў Дамавіну. Праз некаторы час, пасля рупнай малітвы, сыходзіць Дабрадатны агонь. Перад гэтым быццам маланкі прабліскваюць у прасторы храма, тысячы людзей сцішыліся ў чаканні. I вось адбылося! Патрыярхзапальвае пучкі свечак (па 33 свечкі ў кожным, па ліку гадоў зямнога жыцця Збавіцеля) і перадае прысутным у храме. Людзі далей перадаюць агонь адзін аднаму сваімі пучкамі, ён разліваецца хваляй; вокамгненна, літаральна праз некалькі хвілін яны гараць ужо ў кожнага, увесь храм свеціцца незямным святлом. Запальваем і мы свае свечкі, я абмываю твар агнём на працягу першых імгненняў ён не апякае. Усялякія сумненні мінаюць сапраўдны цуд, які адбыўся на тваіх вачах! Радасць і ўрачыстасць людзей бязмежныя. Усе выходзяць з храма з агнём, здаецца, цэлы стары горад ахінуты дабрадаццю Гасподняй.
Пад моцным уражаннем мы сустракаем Вялікдзень у сваім Горнім манастыры. Аднаго Святога агню даволі было б у гэтай пілігрымцы, але, дзякаваць Богу, у першыя дні Святой Сядміцы нас яшчэ чакаюць дзівосныя сустрэчы з іншымі святынямі Зямлі Ісўса Хрыста, таксама ўражлівыя і незабыўныя. У панядзелак шлях наш ляжыць у старадаўнюю Галілею, да тых мясцін, дзе адбываліся шмат якія евангельскія падзеі. Едзем па Іудзейскай пустэльні, але тут сэнс слова «пустэльня» не спрацоўвае, гэта не пяскі і барханы, а скаліста-пясчаныя горы, практычна без расліннасці, што маляўніча праплываюць міма.
Бліжэй да Іерусаліма яны пакрыты яшчэ травой і дрэўцамі, у схілы нібы ўціснуты вялізныя камлыгі. Становіцца зразумелым адзін з момантаў спакусы Хрыста: «I прыступіў да яго спакуснік і сказаў: «Калі Ты сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі». А Ён сказаў яму ў адказ (напісана): «Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Божых». Дык вось, валуны сапраўды выдаюць на выпечаныя хлябы!
Сама Гара спакусы. Памятаеце: «Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх, і кажа Яму: «Усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне». Тады кажаяму Ісус: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы». Гэтая суровая скалістая гара быццам навісае над горадам Іерыхонам і далінаю ракі Іярдан. Пасярэдзіне гары прыляпіўся да скал ці вырастае з іх Грэчаскі праваслаўны манастыр. Карціна невыказна маляўнічая. Пачынаем падымацца. Да манастыра яшчэ адносна лёгка, нягледзячы на невыносную гарачыню. Там перадых, малебен у капліцы, якая пазначае месца, дзе Ісус, згодна падання, трымаў пост сорак дзён і сорак начэй. Адбітак ступні Збавіцеля на камені так, якраз тут ён сядзеў у задуменні. Прыкладваемся і мы да святога каменя. Пасля па камяністай пакручастай сцяжынцы пад’ём на вяршыню, да таго ж мы яшчэ і з нялёгкім кіношным грузам. Хвілінай здаецца, што моцы ісці ўверх больш няма. Ды нямогласць адступае, Гасподзь дае сілы. I вось мы на вяршыні. Руіны храма, які калісьці стаяў тут; наўкола ва ўсе бакі цудоўная панарама. Сапраўды, усе царствы свету перад табою.
На Гару Сарака дзён, як яе яшчэ называюць, Хрыстос прыйшоў пасля свайго хрышчэння ў рацэ Іярдан ад Іаана Хрысціцеля. Працяглы час едзем уздоўж гэтай нешырокай рэчкі, яна ўнізе, у даліне, за ёй ужо краіна Іярданія. Іудзеі гэтым шляхам не карыстаюцца, бо тут арабская частка Ізраіля, а нас тое абыходзіць, мы проста паломнікі. Нарэшце пад’язджаем да самой ракі, да таго месца, дзе адбывалася хрышчэнне. Гэта побач з Галілейскім морам, куды Іярдан уцякае на поўначы і адкуль выцякае на поўдні, каб потым трапіць у Мёртвае мора. Рэчка нешырокая, берагі аброслыя невысокімі паўднёвымі дрэўцамі кшталту нашай вярбы. Вада літаральна зялёная і здаецца бруд-