Беларускі храм
Уладзімір Мароз
Выдавец: Міжнародны цэнтр культуры кнігі
Памер: 112с.
Мінск 2003
наватай. Але ўражанне падманнае, варта набраць яе ў посуд і адразу ўпэўнішся, што гэта не так. Тут нам у нейкім сэнсе пашчасціла, бо разам з намі некалькі святароў. Яны служаць малебен хрышчэння, і мы прымаем яго па-сапраўднаму, пасля малітвы тры разы акунаемся з галавой у воды іярданскія. Адно што відаць, нашая недасведчанасць, бо хрысціцца трэба ў доўгай белай палатнянай кашулі, якая зберагаецца потым да смерці чалавека.
Па дарозе да Іярдана пабывалі яшчэ на гары Фавор, дзе адбывалася Прэабражэнне. Тут, бліжэй да Галілеі, прырода ўжо напоўнена расліннасцю, гара зялёным грудам узвышаецца над раўнінай, добра відаць здалёк. Уражанне такое, быццам сапраўды з яе вяршыні да сіняга неба рукой падаць. Потым быў Назарэт, горад Дабравешчання. Над крыніцаю, дзе, згодна апакрыфічным паданням, арханёл Гаўрыіл даў вестку Марыі аб будучым зачацці, калі яна ішла за вадою, узвышаецца храм у гонар Св. Гаўрыіла. У царкве не рэкамендуецца браць ваду з фантана Дзевы Марыі, але некаторыя з нашых пілігрымаў не звярталі на гэта ўвагі. Напраўду «вера твая ўратавала цябе». У гэтым храме XVIII стагоддзя выклікае захапленне бясцэнны іканастас з цудоўнымі абразамі.
Такім жа паўднёвым мястэчкам з маляўнічымі вулкамі і мітуслівым гандлем паўстала для нас і Кана Галілейская. Цуд на вяселлі ў Кане, калі Ісус ператварыў ваду ў віно, мае першаступенную ролю ў тэкстах Дабравесця, бо размова ідзе якраз аб першым цудзе Хрыста ў Галілеі пасля Яго посту на Гары спакусы. Зразумела, што і мы набылі шлюбнага віна і асвяцілі яго ў Царкве Цуда ў гліняным збане, з якога, згодна падання, налівалі створанае віно на шлюбным застоллі. Ужо дома выпілі мы яго з жонкай нетаропка, яшчэ раз мацуючы наш шлюб.
I нарэшце Галілейскае мора ці, па-іншаму, Ціверыядскае возера, берагі якога былі сведкамі асноўных евангельскіх даіерусалімскіх падзей. Тут Ісус Хрыстос знайшоў усіх сваіх дванаццаць вучняў, якія былі рыбарамі, тут Ён накарміў тысячы людзей некалькімі рыбамі і хлябамі, тут гучала Яго Нагорная казань, адбывалася пазбаўленне людзей ад немачы. Мы аб’ехалі возера вакол па ўсім перыметры. Яно незвычайна прыгожае, бо нават я, патрыятычны прыхільнік Нарачы ды іншых беларускіх азёр, быў у шчырым захапленні. Сіне-зеленаватая
вада, сіняе неба без аніводнага воблачка, маляўнічыя зялёныя берагі з крапінамі селішчаў. Ужо на сыходзе дня мы былі ў Ціверыядзе, любаваліся прадвячэрне-спакойным возерам. Матушка, якая суправаджала нас, адзначыла, што калі-нікалі там, дзе Ісус ішоў па вадзе да сваіх вучняў бачна светлая палоска на воднай паверхні.« А ў чацвертую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры». He ведаю як іншым, а мне раптам адкрыўся гэты светлы след ад берага ў далячынь возера. Гэта было як азарэнне якраз тут ішоў Ён па вадзе як пасуху, акурат гэты светлы след не згасае праз морак стагоддзяў! Амаль адразу прыйшло ўсведамленне, што гэта самае моцнае эмацыянальнае ўражанне маё на Святой Зямлі. Я бачыў светлы след! Тут ужо сумненняў у пасланым знаку, цудзе не было аніякіх.
I як адхланне ад узрушэння, душэўнага ўсплеску наведванне адзінокага грэчаскага манастыра на беразе Галілейскага мора, ужо ў самым сапраўдным мяккім змроку ночы. На гэтым месцы Ісус сустрэў восем сваіх вучняў таму храм мае восем купалаў што зусім нехарактэрна для праваслаўнага канону. Памаліўшыся ў царкве, я наадзіноце выйшаў па кладках да возера. Далёка, на супрацьлеглым беразе свяціліся груды вугельчыкаў знакі жытла чалавечага, у змроку ціха паплюхвала вада аб прыбярэжныя камяні, каля ліхтара шапацела машкара. Якраз і патрэбная была ў гэты час адзінота. Убачаны светлы след быў са мною, напаўняў маю істоту дабрадаццю. На душы было так добра і светла, быццам ты сапраўды знаходзішся на райскай зямлі.
Наступным днём, у аўторак, наш шлях зноў ляжаў да Іудзейскай пустэльні, да горных праваслаўных манастыроў. Адзінае, з-за напоўненасці велікодных дзён мы не змаглі трапіць у Віфлеем. А ў сераду, напярэдадні ад’езду, развітваліся з Іерусалімам, але ўжо не з акна аўтобуса. Абышлі ўсю Елеонскую гару, любаваліся панарамай Святога Горада. Зноў прыйшлі да Святой Дамавіны, каб ужо немітусліва, у спакойным стане пакланіцца хрысціянскім святыням. На Галгофе дакранаемся да скалы, дзе срэбным колцам пазначана месца мацавання Крыжа Гасподняга, прыпадаем да Пліты памазання, потым пачаргова, бо ў самой Дамавіне месцяцца не больш двух чалавек, уваходзім у пячору, дзе быў пахаваны Хрыстос. Усё гэта застаецца ў душы і сэрцы ўжо назаўсёды, усё гэтае прывязеш з сабою ў родную Бе-
ларусь. Як прывязём мы і зняты на кінаплёнку момант сашэсця Святога Дабрадатнага агню. У напаўцёмным кадры з’яўляецца агонь, і ўжо праз хвіліны на тваіх вачах усё напаўняецца незямным святлом. Знак любові Госпада да нас, людзей, запрашэнне адкрыць душу да дна насустрач гэтаму ўсёпранікальнаму святлу.
БЕЛАРУСКІ ХРАМ,
альбо Крокі па з’яднанні нацыі
За мітуснёю часу і няўцямнасцю рэальнага беларускага быцця 2000-годдзе Нараджэння Хрыстовага, адпаведна і змена вякоў, прайшлі ў нас дзяжурна, без узнёсласці. Бачна жаданне нешта ў гэтым кантэксце асэнсаваць, азірнуцца назад, глянуць наперад, але ўсё неяк дыскрэтна і несістэмна.
Між тым, гэтая найсветлая падзея была і ёсць добраю нагодаю глыбей асэнсаваць крыжовы беларускі шлях. Каб не толькі чалавек як экзістэнцыйная духоўная сутнасць задумваўся, з якімі здабыткамі сустракае ён дату Дабрадаці, але і для краіны Беларусь як сукупнасці ўсіх нас, грэшных, больш акрэслена вызначыцца, з якім духоўным набыткам прайшла яна праз браму новага тысячагоддзя хрысціянства. Усвядомім канчальна без духоўнага адраджэння не будзе і нацыянальнага.
Што да грамадскага жыцця, тут прасцей. Згадаем, колькі слоў сказана, колькі артыкулаў напісана і меркаванняў выказана датычна нацыянальнай ідэі. Ад месіянска-містычнага ўсведамлення маладымі да аспектаў «у межах заканадаўства», як нехта няўклюдна пісаў у «Звяздзе». А пасярэдзіне грунтоўная, узважаная, гістарычна і філасофскі вывераная канцэпцыя нашага слыннага Уладзіміра Конана. Зразумела, ва ўсіх вызначэннях беларускай ідэі ёсць элемент хрысціянскага шляху. Як элемент неабходны. Ці дастатковы ён? Можа гэта якраз той камень, адкінуты будаўнікамі, што потым ляжа ў кут падмурку? Бо не пакідае надзея і вера, што прыйдзе, запануе ўрэшце царства духу і ўсё ўбачыцца ў Боскім святле.
Нататкі не маюць мэтай грунтоўнае асэнсаванне беларускага шляху як шляху хрысціянскага, на тое трэба філасофскай моцы не аднаго чалавека. Ды і ў грэх агульшчыны ўпадаць жадання няма, яго часам аж зашмат у нашых прыватных імпрэсіях. Мэтаякраз пазначыць канкрэтныя крокі, якія дадухоўнага
набытку нацыі будуць, на мой погляд, на пачатку новага тысячагоддзя хрысціянства значным даважкам, беларускім па сваёй сутнасці.
Паперадзе варта адзначыць, што выраз «беларускі Храм» ужываецца тут упоравень з іншымі асноўнымі дэфініцыямі нацыянальнай ідэі «беларускі Шлях» і «беларускі Дом». Пры тым кожная з іх не выключае астатнія, яны суіснуюць у адзінстве. Успомнім Уладзіміра Караткевіча: «Гэты край Твой дом і сабор...» («На Беларусі Бог жыве»). Хаця зразумела, што кожная мае сваю адметнасць, сваю грань: шлях гісторыя, дом дзяржава, храм узвышэнне духу.
Беларускі шлях у афіцыйнай ідэалогіі сёння занядбаны гісторыя і традыцыі быдта і не патрэбныя, нацыянальныя сімвалы адпрэчаныя. Няма і жадання дабудаваць свой беларускі Дом хутчэй ёсць незразумелае імкненне прадаць «участак» «пры захаванні суверэнітэту» (?). Легітымным з гэтага гледзішча застаецца толькі беларускі Храм, бо часам чуваць дэкларацыі, што дзяржаўная ідэалогія грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Пакінем фарысейства на сумленні тых, хто яго чыніць. Самі ж скарыстаемся з гэтай магчымасці, не адкідваючы іншых форм змагання за Беларусь, за нацыянальную ідэю.
У слове «змаганне» — ключ да тлумачэння падзагалоўка. Сёння акурат дзякуючы ўладзе нацыя раз’яднана, фактычна ідзе ціхая неаб’яўленая вайна. Супольнасць расколата на часткі, людзі трымаюцца сваіх амбіцый, партый, рухаў ці нейтралітэту, ці сваёй апатыі, ці слугавання ўладзе і абслугоўвання яе. Сумоўя не атрымліваецца. Працягваецца таксама нябачнае вокам супрацьстаянне хрысціянскіх канфесій, асабліва галоўных з іх праваслаўнай і каталіцкай. Кожная змагаецца за вернікаў, за пашырэнне свайго ўплыву. Пры тым у большасці (станоўчыя для беларускасці выключэнні не адкідваюцца) касцёл так і застаецца спаланізаваным, а царква зрусіфікаванай. I калі ў праваслаўных ёсць хоць нейкі аргумент маўляў зрусіфікавана ўсё дзяржаўнае і грамадскае жыццё, то ў касцёла і таго няма, сёння азначэнне «католік гэта паляк» выглядае анахранізмам. Дарэчы, праваслаўны беларус ніколі не назаве сябе рускім. Даўнавата вычытаў у артыкуле Анатоля Сідарэвіча, што з 1,5 мільёнаў беларускіх католікаў толькі каля 200 тысяч з’яўляюцца этнічнымі палякамі. 3 другога боку не раз прайшла інфармацыя, што каля
80 працэнтаў з усёй колькасці вернікаў на Беларусі прытрымліваюцца праваслаўя.
Ды справа не ў лічбах. Справа ў гістарычнай традыцыі мірнага суіснавання на беларускіх землях розных канфесій на падставе ўзаемнай цярпімасці. He заўсёды талерантнасць трывала паслядоўна, але ў параўнанні з краінамі Еўропы, дзе гарэлі кастры інквізіцыі ды магчымымі былі варфаламееўскія ночы, наш вопыт сапраўды ўнікальны і сёння цікавы для свету. Зрэшты, пра гэта трэба асобна гаварыць.
Прапануецца канкрэтны крок, які б вонкава замацоўваў і выяўляў такую нашу адметнасць. Ёсць ідэя ўзвесці ў Мінску беларускі Храм хрысціянскіх канфесій. Назва гаворыць сама за сябе. Галоўны сабор краіны аднолькава належаў бы вернікам усіх плыняў хрысціянства, якія ёсць на Беларусі. Стаў бы агульнацыянальнай святыняй. Для гэтага патрабуецца зусім няшмат добрая воля царкоўных іерархаў, жаданне прыйсці да згоды. Народ супраць не будзе. Ды яшчэ разуменне і падтрымка дзяржавы. На пачатку новага веку быў бы знак нашага пакаяння за міжхрысціянскія звады, гвалты ды ўціскі, знак паяднання нацыі на грунце хрысціянскіх каштоўнасцей.
Запомніўся дзядзька ў праваслаўнай царкве ў Слоніме, які даглядаў храм. Сам праваслаўны, жонка каталічка. I ніхто з іх не збіраецца мяняць веру. Тыповая беларуская сітуацыя. Ёсць такія выпадкі і ў маёй немалой сям’і. He магу асуджаць стрыечнага брата, католіка па маці і праваслаўнага па бацьку, які выбраў уніяцтва. Хоць сам да ўніяцтва стаўлюся толькі як да гістарычнага факту, што мае часавыя рамкі ў існаванні нашай Бацькаўшчыны, не болей. Як не кінуся ў змаганне за стрыечага пляменніка, які падлеткам перайшоў у каталіцтва. Па-жыццёваму зразумела прывабілі хлопца з небагатай сям’і, але ж застаўся ён хрысціянінам, значыць, не пойдзе па шляху зла. Ці не гэта галоўнае?