Беларускі храм
Уладзімір Мароз
Выдавец: Міжнародны цэнтр культуры кнігі
Памер: 112с.
Мінск 2003
Адкуль вытокі яго? Як і ва ўсіх нас у дзяцінстве, дзе з калыскі далучаешся да роднага слова, дзе гарчаць недаспеласцю спакусныя яблыкі, дзе ляціць у неба цэркаўка, праз якую дакранаешся да высокіх напеваў. Беларусі ніколі не давалі спакою. У натуральны крутабег жыцця народзіны, хрышчэнне, радзіма, бацька і маці, мова, песня, што ідзе ад душы народнай, заўсёды няўмольнаўмешвалася гісторыя. Лёс чалавека, уваплецены ў жорсткасць рэчаіснасці, быў драматычны. А лёс музыкі асабліва, бо як ніхто чуе ён дысгармонію часу, што ўрываецца ў спрадвечныя рытмы, крышыць усё на сваім шляху выкручвае заведзены парадак.
Нарадзіўся Мікола Равенскі 5(17) снежня 1886 года ў вёсцы Капланцы Ігуменскага павета Менскай губерні. Цяпер Бя-
рэзінскі раён. Усяго на чатыры гады маладзейшы ад нашых песняроў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Пра дарэвалюцыйны перыяд жыцця вядома няшмат, адно толькі, што ў 1913—1915 гадах Равенскі вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбурзе. Пасля працаваў регентам і настаўнікам спеваў у Наваградку, збіраў народныя песні. Ужо тады пра яго можна гаварыць як пра фалькларыста, кампазітара і хормайстра. Гая Пікарда лічыць, што ў гэты перыяд напісаная значная частка ягоных твораў.
У Мінск Мікола Равенскі трапляе ў 1919 годзе. Кіруе хорам пры Беларускім рабочым клубе, працуе хормайстрам БДТ, цяперашняга купалаўскага тэатра. У 1921 годзе бярэ ўдзел у фальклорнай экспедыцыі па Случчыне, арганізаванай Інбелкультам. Мінскае каапэрацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэньне» ў 1922 годзе выпускае «Зборнік песень з нотамі» М. Равенскага. Цікавая гісторыя з гэтым спеўнікам. Яго не адшукаеш сённячы нават ў Нацыянальнай бібліятэцы. Скралі зацікаўленыя людзі, калегі. I не толькі самую кнігу, скрадвалі мелодыі, матывы кампазітара, выдаючы іх за свае. Як, напрыклад, «Мой родны кут». Вядома, знік кампазітар пасля вайны, начужыне аказаўся. Значыць, вораг народа, на Бацькаўшчыне поўнае забвенне. Чаму б не скарыстацца? Аб такіх выпадках ведае дачка кампазітара Вольга Мікалаеўна Аляксеенка. Я не буду тут сцвярджаць безапеляцыйна. Думаецца, што музыказнаўцы ўсё ж павінны сказаць праўду (зборнік увогуле існуе, ёсць у Лондане). А ў Беларусі рарытэтную кніжыцу захаваў пісьменнік Васіль Вітка, а цяпер яна знаходзіцца ў дачкі кампазітара. A наконт плагіяту, то падпісанне твораў можа быць у такім выглядзе: ідэя (напеў, мелодыя) Міколы Равенскага, музыка (апрацоўка, гарманізацыя) імярэк.
Бог ім суддзя, таленавітага майстра ад гэтага не паменее, хутчэй наадварот. Адно ведаю дакладна, пад нумарам 25 значыцца песня на словы Канстанцыі Буйло «Люблю наш край, старонку гэту», якую цягам шматлікіх дзесяцігоддзяў нам прадстаўлялі як народную. Аўтарка слоў радавалася такому факту, думаецца, што і Равенскі разумеў вышыню адзнакі кампазітарскай працы, калі песня робіцца народнаю.
Таленавітага сялянскага сына (хоць узрост сталы 37 гадоў) як дзяржаўнага стыпендыята рэспублікі пасылаюць на
вучобу ў Маскву. Цікавы факт: ад ураду БССР атрымоўвае ён пры гэтым у падарунак унікальную скрыпку. Трэба думаць, што інструмент быў старой работы выдатнага майстра. 3 гэтаю скрыпкаю Мікола Равенскі не расставаўся трыццаць гадоў да самай смерці. У ліхія гадзіны, на пачатку акупацыі ці на чужыне, яна былаяго адзіным найбольшым набыткам-«манаткам». Яскрава ўяўляецца, як у суладдзі з сяброўкай-скрыпкай нараджалася мелодыя неўміручага «Магутнага Божа» на словы Наталлі Арсенневай родзічкі М. Лермантава. Было тое вясной-летам 1947 года ў далёкім Остэргофене, беларускім лагеры для перамешчаных асоб. Равенскі жыўу адной кватэры з бацькамі Зоры Савёнак (у замужжы Кіпель). У Остэргофене духоўны гімн і прагучаўупершыню.
Але да гэтага шлях быў яшчэ далёкі. Маскоўскі перыяд жыцця кампазітара ахоплівае гады з 1923-га па 1930-ты. Спачатку закончыў музычны тэхнікум імя Стасава, пасля Маскоўскую кансерваторыю. Быў вучнем Міхаіла Іпалітава-Іванова, які ў першай палове 20-х гадоў узначальваў Беларускую песнявую камісію. Жыў Мікола Якаўлевіч на Малой Мікіцкай вуліцы ў будынку прадстаўніцтва БССР. I тут арганізаваў зямляцкі хор. Адсюль і яго шчырыя стасункі з Уладзімірам Дубоўкам, які, трэба меркаваць, жыў таксама ў беларускім будынку. Кампазітара і таленавітага паэта падзялялі чатырнаццаць гадоў розніцы ва ўзросце, але якраз маладзейшы значна паўплываў на творчасць старэйшага, яшчэ больш загартаваў у справе беларушчыны. Равенскі напісаў песні на вершы Дубоўкі «О Беларусь, мая шыпшына», «Такая ноч» (адна з найлепшых рэчаў), «Ліпнёвы гімн», які пасля арышту Дубоўкі ў 30-м годзе быў забаронены. Тады ж канфіксаваная была і першая беларуская гістарычная опера «Браніслава», таксама плён супрацоўніцтва з Дубоўкам. Мікола Равенскі першым паклаў на музыку вершы Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», «Завіруха», «Не кувай ты, шэрая зязюля». Ужо ў час вайны напісаў музыку для «Пагоні». 3 даваеннага плёну яшчэ шматлікія апрацоўкі народных песняў, гістарычная сюіта па матывах аднайменнага верша Буйло «Курган», першая беларуская аперэта «Залёты» на словы Дуніна-Марцінкевіча, песня на словы Цішкі Гартнага «Ах ты Нёман-рака» высокага патрыятычнага гучання. Яна таксама
лічылася народнаю, гучала на радыё, яе здаўна выконваў мікалаеўскі ансамбль «Коласаўскія землякі» майго стрыечнага дзядзькі Міхала.
Пасля Маскоўскай кансерваторыі ў 1930 годзе Мікола Равенскі вяртаецца ў Мінск, выкладае ў музычным тэхнікуме, a пазней у новастворанай Беларускай кансерваторыі. Але ўжо прыклеены да яго ярлык нацдэм. Найперш за сяброўства і творчае супрацоўніцтва з Уладзімірам Дубоўкам. Ды не толькі. У 1938 годзе арыштаваны і расстраляны ў Курапатах старэйшы брат Антон, які настаўнічаў у Карзюках недалёка ад Мінска. Падчас вучобы Мікола летнія вакацыі праводзіў у брата, ды і потым бываў неаднойчы. Антон Адамовіч, эмігранцкі пісьменнік і крытык, называе Антона дзейным беларускім эсэрам. Загінуў у Курапатах і стрыечны брат Аляксандр. Самога Міколу Равенскага ў 1938 годзе выключаюць з Саюзу кампазітараў, знаёмыя сталі адварочвацца. Творца вымушана адыйшоў у цень дык аб якіх песнях тады можна было гаварыць! Але не каяўся перад рэжымам (за што?), не стаў угоднічаць, як ягоны калега Мікола Шчаглоў, чыя «Кантата аб Сталіне» гучала ў Мінску, Кіеве, Адэсе, Харкаве, Тбілісі. Праўда, у час акупацыі Шчаглоў здаў свой ордэн Пашаны ў гарадскую ўправу, нават прозвішча змяніў, узяў матчына Куліковіч. Гэтак ірваў з мінулым. Потым таксама апынуўся ў эміграцыі, шмат зрабіў для беларускай музыкі.
Мікола Равенскі жа ціха і зацята трымаўся нонканфармізму. Як да вайны, так і ў вайну. У той згаданы эпізод у гарадской управе Антон Адамовіч запытаўся ў яго пра лёс «Браніславы». «Дзе там! Нат каб і дахавалася, дык спапялела б цяпер, у гэтай пажэжы й бамбежы, у якой і нядаўна жонка маладая завілася, як дым, і не знайсьці во ніяк...» « А за пару тыдняў, піша далей Адамовіч, прыйшоў і адвітвацца запрасілі на рэгента ў царкву ў калішні Ігумань, нядаўны Чэрвень».
Першая жонка Міколы Якаўлевіча памерла ад родавай гарачкі, пакінуўшы дачку Лёлю (Лену). У час акупацыі дачка была ўжо дарослаю, стала падпольшчыцай пад мянушкай «Сініца». Лёлю арыштавала гестапа, яе расстралялі ў двары Мінскай турмы. Падрастаў унук Барыс.
Перад вайною кампазітар ажаніўся другі раз, яго абранніцай стала ўласная вучаніца Яніна, маладая спявачка. Ад яе на-
радзіліся дзве дачкі, Вольга і Людміла, якая памерла ў дзяцінстве. Яніна з Вольгай пад акупацыяй жылі гаротна, Равенскі не мог іх знайсці, дапамагчы, забраць да сябе ў Ігумен. Зазірнуўшы наперад, адзначым, што кар’ера маладой таленавітай спавачкі ў Яніны Станіславаўны не адбылася па вядомых прычынах жыццё пад акупацыяй, муж-эмігрант і вораг народа. 3 цяжкасцю, але выцерабілася на бацькаву сцяжыну дачка Вольга. Скончыла кансерваторыю, спявала ў хоры Віктара Роўды. Дарэчы, калі ансамбль стаў выконваць «Магутны Божа», спачатку не ведала, што ўрачыстую духоўную песню напісаў бацька. Зараз актыўная прапагандыстка творчасці Равенскага, выконвае шмат ягоных твораў.
Час вызвалення, які ішоў, ставіў пытанне: ці зноў вярнуцца ў непрадказальную наступствамі савецкую рэчаіснасць, дзе недабітых нацдэмаў і так званых калабарантаў мусілі «дабіваць», ці сысці на чужыну. Сталася апошняе. Лагеры для перамешчаных асоб Рэгенсбург, Остэргофен, Розэнхайм. Усюды Равенскі ствараў ансамблі, кіраваў свецкім і царкоўным хорамі, нястомна падтрымліваў агмень беларушчыны. У 1950 годзе Міколу Равенскага запрашаюць у бэльгійскі Лювен, дзе стала магчымым студыявацца ў мясцовым унівесітэце трыццаці маладым беларусам. Гэта апошняя старонка жыцця кампазітара. У Лювене ён пачынае працаваць з Ансамблем беларускіх студэнтаў, прапагандуе народную музыку. Гэта было адзіным адхланнем немаладога і незваротна хворага майстра ад тугі па радзіме. Можна толькі здзіўляцца, як з вападковых для музыкі людзей яму ўдалося стварыць высокамастацкі ансамбль, запісы якога пазней выдаваліся ў Бельгіі, Нямеччыне, ЗША і Канадзе. Тут, акрамя дасканальнага пачуцця харавога стылю, патрэбна была надзвычайная ўпартасць і цярплівасць у працы. Але гэта ўдалося! Папулярнасць хору выйшла далёка за межы Бельгіі, беларускую песню слухалі ў Парыжы, Лондане ды іншых кутках Еўропы. Штрышком для характарыстыкі таго часу ёсць словы Равенскага з ліста ў Англію да сваячніцы Таццяны (Тэрэзы) Руткоўскай, дачкі згаданага стрыечнага брата Аляксандра, ад Юстудзеня 1952 года: «...Прыступіў да працы, ў сучасны момант рыхтуемся да напяяньня грамафонных плітак. Маем шэсць пліткаў, на якіх будзе зьмешчана 12 песьняў. Болып пакуль не зможам напець, бо вельмі дорага Kam-
туе. Дагаворы з фабрыкай яшчэ не закончаны, за гэтыя пліткі яна патрабуе дзевяцьсто тысячаў, але думаю, пойдзе на ўступкі. А з 20-га бярэм удзел у шэрагу царкоўных службаў у Бруссэлю, дзе адбываецца кожны год так званы «тыдзень агульнай малітвы» па розных касьцелях, за пакутны хрысціянскі Народ за залезнай завесай».
Мне пашчасціла слухаць народныя песні з тых кружэлак. Высокае духоўнае гучанне, адразу адчуваецца класічны прафесіяналізм. Сам не музыказнаўца, таму для ацэнкі творчасці дамо слова калегу Равенскага, таксама кампазітару-эмігранту, музыкальнаму крытыку і яго таварышу Алесю Карповічу: «Праз усе творы, пры ўсёй іхнай эмацыянальнай разнастайнасьці і шырокім жанравым дыяпазоне, чырвонай ніткаю праходзіць прынцып беларускасьці ў музыцы... Ягоная любасьць да народных мэлёдыяў, імкненьне захаваць усю таямніцу прыгажосьці й багацьця выразу гэтага мэлясу, не пераабцяжыць яго гарманічнымі або тэмбравымі колерамі... Шырокія музычныя палотны, прыймы развіцьця тэматычнага матэр’ялу дазваляюць гаварыць аб імкненьні аўтара сымфанізаваць харавую фактуру, надаць ёй тую лёгіку, эмацыянальную выразнасьць і дынаміку, якія ўласьцівыя вышэйшаму дасягненьню музычнай архітэктонікі сымфоніі...»