Біялогія
Падруч. для 6—7 кл. агульнаадукац. шк
Выдавец: Народная асвета
Памер: 223с.
Мінск 1994
Трэцяе. Жывёлы — рухомыя ар
ганізмы, яны актыўна перамяшчаюцца ў пошуках ежы. Рост жа сам па сабе не ўплывае на гэтыя працэсы. А расліны — арганізмы прымацаваныя, таму толькі пры дапамозе росту і новаўтварэння органаў яны могуць захопліваць новыя аб’ёмы глебы і паветранага асяроддзя для жыўлення, новую «жыццёвую прастору». Некаторыя жыццёвыя формы раслін, напрыклад паўзучыя або доўгакарэнішчавыя, дзякуючы росту перамяшчаюцца з месца на месца, «уцякаюць», скажам, з градкі пад плот, гэта значыць, набываюць своеасаблівую рухомасць. Зразумела, яна не такая, як у жывёл: расліны перамяшчаюцца «з малой хуткасцю», напрыклад некаторыя паўзучыя травы — на 0,5 м у год. Але ўсё ж рост — гэта адзіная магчымасць прыметнага перамяшчэння раслін.
Чым жа забяспечваецца пастаянны рост і органаўтварэнне ў раслін? Тым, што, у адрозненне ад жывёл, яны маюць шматлікія пункты росту — на кончыках каранёў (гл. мал. 25) і на верхавінках парасткаў, што знаходзяцца ў пупышках (гл. мал. 34). Гэтыя пункты росту складаюцца з утваральнай тканкі, клеткі якой, як мы ведаем, здольны неабмежавана дзяліцца. Дзякуючы галінаванню каранёў і парасткаў колькасць пунктаў росту на працягу жыцця ўзрастае ў многа разоў. У дарослага дрэва іх тысячы.
Рэгуляцыя росту. Роставыя рэчывы. Рост усіх органаў расліны, абумоўлены дзяленнем і расцягваннем
128
клетак, строга рэгулюецца. Работа пунктаў росту каранёў і парасткаў, разрастанне лістоў, участкаў сцябла, кветаножак, пладоў узгоднена паміж сабой. Так, напрыклад, вясной пачатак разгортвання маладых парасткаў з пупышак у дрэў выклікае ўзмоцненую работу камбію, і пачынаецца адначасовы рост у таўшчыню галін і ствалоў, утварэнне чарговага гадавога кольца. Вельмі моцны рост адных частак расліны можа замарудзіць, прыпыніць рост іншых частак. Тлумачыцца гэта абмежаванасцю рэзерву пажыўных рэчываў, якія накіроўваюцца да пэўных участкаў цела расліны, часам на шкоду іншым участкам. Мы ўжо ведаем, што такая ўнутраная рэгуляцыя, напрыклад, прыводзіць да тармажэння галінавання галоўнага кораня, калі гэты корань узмоцнена расце ў даўжыню. А калі выдаліць верхавінку галоўнага кораня, то гэтым можна выклікаць адваротны працэс: узмоцненае ўтварэнне бакавых і прыдаткавых каранёў, чым і карыстаюцца ў сельскай гаспадарцы (гл. мал. 30). Абрэзкай часткі галін на кроне можна выклікаць абуджэнне спячых пупышак і надаць кроне жаданую форму. Такім чынам, унутраная рэгуляцыя росту ў межах цэлай расліны дае магчымасць выпрацаваць некаторыя прыёмы кіравання ростам і развіццём раслін.
Вучоныя выявілі, што рэгуляцыя роставых працэсаў, іх узгадненне звязаны з утварэннем асобных складаных рэчываў, названых «роставымі рэчывамі», або «гармонамі росту».
Яны выпрацоўваюцца ў клетках утваральных тканак і могуць перамяшчацца па расліне, звычайна па клетках лубу, узмацняючы або тармозячы рост на асобных участках расліны.
Рухі раслін. Большая частка рухаў раслін — роставыя. Мы ўжо ведаем, што паступова ў выніку росту парасткаў расліны могуць перамяшчацца ў прасторы, распаўзацца ў розныя бакі і г. д. Але, акрамя гэтых павольных рухаў, вядомы і іншыя, больш хутчэйшыя — гэта рухі асобных органаў. Так, усім вядома, што лісты многіх раслін (напрыклад, герані, настуркі), кветкі ці суквецці (скажам, кошыкі сланечніку) актыўна паварочваюцца да святла. Аказваецца, гэтыя павароты звязаны з нераўнамерным ростам чаранкоў лістоў або кветаножак. Клеткі хутчэй расцягваюцца на зацененым баку, a таму пласцінка ліста або кветка нахіляецца, наадварот, у бок, адкуль падае святло, насустрач яму. Добра прыметны кругавыя рухі кончыка растучага парастка, асабліва ў павойных раслін, напрыклад у фасолі, калі здымаць гэтыя парасткі на кінаплёнку на працягу некалькіх дзён праз пэўныя прамежкі часу, а потым хуценька прагледзець гэтыя кадры.
На нераўнамернасць росту, выгіны растучых органаў уплывае не толькі святло. Напрыклад, маладыя карані растуць у глебе ў напрамку да вады і найбольшай канцэнтрацыі солей. Пад уплывам сутачных змяненняў асвятлення і тэмпературы
5. „Біялог ія”, 67 кл.
129
адкрываюцца і закрываюцца ў розны час кветкі і суквецці розных раслін — гэта часцей за ўсё абумоўлена зноў жа роставымі рухамі чашалісцікаў і пялёсткаў.
Але некаторыя, яшчэ больш хуткія рухі органаў расліны звязаны не з ростам, а з хуткай зменай колькасці вады ў клетках. Па гэтай прычыне адразу апускаюцца ад дакранання лісцікі сарамлівай мімозы, раскрываюцца і «выстрэльваюць» створкі пладоў.
ф Пункт росту. Роставыя рэчывы.
1. Чым адрозніваецца рост раслін ад росту * жывёл і чалавека? 2. Чым забяспечваецца здольнасць раслін да пастаяннага росту і органаўтварэння? 3. Ці могуць у расліны адначасова актыўна расці ўсе органы? Калі не, то чаму? 4. Якія рэчывы садзейнічаюць рэгуляцыі росту і размеркаванню неабходных для росту пажыўных рэчываў? 5. Чым абумоўлены рухі раслін? Прывядзіце прыклады павольных перамяшчэнняў і хуткіх рухаў раслін.
§ 54. Узроставыя змены ў кветкавых раслін
Індывідуальнае жыццё раслін. Як і любы арганізм, расліна праходзіць свой жыццёвы шлях ад нараджэння да смерці. Як і ў іншых жывых істот, у раслін ёсць перыяды: зародкавы, маладосці, спеласці і старасці. Але мы ўжо ведаем, што агульная працягласць жыцця раслін вагаецца ад
некалькіх дзён або тыдняў да некалькіх соцень ці нават тысяч гадоў. Таму ў раслін розных жыццёвых форм: дрэў, кустоўя, разнастайных шматгадовых і аднагадовых траў узроставыя перыяды неаднолькавыя па часу. I ўсё ж можна знайсці ў іх нешта агульнае і назваць самыя характэрныя адзнакі кожнага ўзроставага перыяду.
Зародкавы перыяд. Пры насенным размнажэнні жыццё кожнай кветкавай расліны пачынаецца з апладнення яйцаклеткі — зіготы, якая, шматразова дзелячыся, ператвараецца ў зародак.
Калі зародак, які ўнутры насення, знаходзіцца ў стане спакою, расліна можа існаваць часам вельмі доўга — дзесяткі гадоў, але калі насенне захоўвае жыццяздольнасць.
Перыяд маладосці — гэта перыяд ад прарастання насення да першага цвіцення, пакуль расліна застаецца вегетатыўнай. Спачатку яна ўяўляе сабой праростак, або ўсход (гл. мал. 19, 20). У ім разрастаюцца перш за ўсё тыя органы, якія былі закладзены яшчэ ў зародку. Гэта — галоўны корань, зародкавая сцяблінка, семядольныя лісты. Спачатку праросткі выкарыстоўваюць для жыўлення назапашаныя рэчывы насення. Вельмі хутка ў зародка разгортваецца пупышка і працягваецца рост галоўнага парастка. Ен можа адразу выцягнуцца, як у бярозы, ільну, або быць пакарочаным, як у морквы, трыпутніку. Корань расце, пачынае галінавацца, утвараюцца
130
прыдаткавыя карані каля асновы сцябла. Фарміруецца каранёвая сістэма.
Такім чынам, праростак пераходзіць на самастойнае жыўленне пры дапамозе каранёў і лістоў.
Далейшае жыццё маладой вегетатыўнай расліны залежыць ад таго, да якой жыццёвай формы яна належыць (гл. мал. 7). Аднагадовая расліна за адзін вегетацыйны перыяд поўнасцю заканчвае рост, зацвітае, пладаносіць і адмірае. Таму да паяўлення першай кветкі або суквецця яна расце нядоўга (не больш за месяц, a то і менш). Успомніце агародныя расліны — кроп, гарох, агуркі.
Шматгадовыя травы часам у першы год жыцця вырастаюць дастаткова вялікімі і нават могуць зацвітаць, напрыклад канюшына. Але часцей, асабліва ў густой траве, на лузе або ў лясным цені, маладыя расліны застаюцца вельмі маленькімі, малапрыметнымі; кожны год даюць па аднамудва лісты і могуць «прасядзець» да першага цвіцення гадоў пяцьдзесят (напрыклад, лясная герань, ландыш).
Дрэвы і кустоўе ў першыя 5— 10 гадоў жыцця растуць, як правіла, вельмі марудна, амаль не ўзвышаюцца над травой. Потым дрэўца набірае сілу, развівае магутную каранёвую сістэму і пускаецца ў рост: кожны год парасткі прырастаюць на 30—50, а то і на 70— 80 см. Фарміруюцца тонкі стволік і крона.
Перыяд спеласці. У аднагадовых
і двухгадовых раслін гэты перыяд надыходзіць хутка, і пасля адзінага цвіцення і плоданашэння расліны гінуць.
У шматгадовых раслін гэта самы доўгі перыяд іх жыцця. Пасля першага цвіцення надыходзіць другое, трэцяе і г. д.— і так шмат разоў. Расліна за гэты час працягвае расці, дасягае максімальных памераў. Прыросту новых каранёў і парасткаў спадарожнічае адміранне старых органаў.
Перыяд старасці. I дрэвы, і кустоўе, і шматгадовыя травы з часам старэюць. Гэта заключаецца ў тым, што здольнасць да цвіцення і плоданашэння ў іх памяншаецца і, нарэшце, зусім прападае (напрыклад, вельмі старыя яблыні ў садзе перастаюць даваць яблыкі). Здольнасць да росту новых органаў таксама рэзка слабее. He ўтвараюцца новыя карані, верхавінкі крон пачынаюць сохнуць, усё больш галінак адмірае і адпадае. Унутры ствала ўтвараецца дупло. Ствалы, якія падгнілі з сярэдзіны, лёгка ламаюцца і падаюць пры моцным ветры (мал. 74).
У шматгадовых траў, якія старэюць, з пупышак вырастаюць з кожным годам усё больш дробныя і слабыя парасткі, знешне падобныя да маладых раслін. Калі ж выкапаць старую расліну, мы ўбачым, у адрозненне ад маладой, магутныя падземныя органы — карэнішчы, карані, але яны звычайна напаўзгнілыя, са слядамі адмерлых парасткаў мінулых гадоў. Новыя пупышкі на іх не ўтва
131
Мал. 74. Старое дрэва
раюцца. Старэнне прыводзіць да натуральнай смерці.
Перыяды жыцця расліны: зародкавы, маладосці, спеласці, старасці.
' v 1. Якія ўзроставыя перыяды можна назваць у шматгадовых раслін? 2. Якая галоўная асаблівасць праросткаў? Як у гэты час жывіцца расліна? 3. Ці ва ўсіх раслін цвіценне наступае ў першы год жыцця? Колькі гадоў можа працягвацца перыяд маладосці (вегетатыўны)? Прывядзіце розныя прыклады. 4. Якія адзнакі старэння ў дрэў? У шматгадовых траў? 5. Вызначце, да якіх узроставых груп належаць дрэвы і кустоўе на прышкольным участку, у парку, уздоўж вашай дарогі ў школу.
^ Летняе заданне
1. Працягвайце весці каляндар прыроды. Адзначайце ў ім час цвіцення і плоданашэння дрэў, кустоўя, траў. Звярніце ўвагу, якім спосабам апыляюцца іх кветкі і як распаўсюджваюцца насенне і плады.
2. Пабывайце ў ліставым лесе і адкажыце на пытанні:
а) Ці магчымы актыўны рост парасткаў на дрэвах у сярэдзіне лета?
б) Ці ёсць у ліставым лесе летам падснежнікі?
в) Якія травяністыя расліны пераважаюць у ліставым лесе летам? Ці ёсць сярод іх такія, што цвітуць?