Біялогія
Падруч. для 6—7 кл. агульнаадукац. шк
Выдавец: Народная асвета
Памер: 223с.
Мінск 1994
199
Мал. 113. Размнажэнне грыба
Ядавітыя грыбы
Лісічка
Ядомыя грыбы
Мал. 114. Ядомыя і ядавітыя грыбы
Многія шапачкавыя грыбы атрымліваюць арганічныя рэчывы з каранёў дрэў. Грыбнікам добра вядома, што падбярозавікі растуць пад бярозамі, падасінавікі — у асінавым лесе, а маслякі — пад соснамі і лістоўніцамі. Такая сувязь грыбоў і дрэў тлумачыцца тым, што міцэлій пэўных відаў грыбоў уступае ў цесны кантакт з каранямі пэўных дрэвавых парод. Пры гэтым гіфы міцэлію аплятаюць корань і нават пранікаюць унутр яго клетак. Адносіны паміж грыбам і дрэвам «выгадныя» для абодвух бакоў. Карані дрэва атрымліваюць ад грыба ваду і мінеральныя солі, а грыб ад каранёў дрэва — арганічныя рэчывы, неабходныя для жыўлення і ўтварэння пладовых цел. Падобныя сувязі паміж рознымі арганізмамі называюць сімбіёзам (ад грэчаскага слова «сімбіёзіс» — сумеснае жыццё). Сімбіёз міцэлію грыба з каранямі носіць назву мікарыза (ад грэчаскіх слоў «мікас» і «рыза»— корань). 3 сімбіёзам мы сустракаліся і раней, калі гаварылі пра клубяньковыя бактэрыі, якія пасяляюцца ў каранях струкавых раслін.
Утвараюць мікарызу вельмі многія шапачкавыя грыбы, але не ўсе. Так, не ўтварае мікарызу адзін з самых каштоўных ядомых грыбоў — шампіньён. Шампіньёны здаўна разводзяць у спецыяльных цяпліцах.
Размнажэнне шапачкавых грыбоў. Пладовыя целы шапачкавых грыбоў служаць для ўтварэння спор. Трубачкі і пласцінкі даюць магчымасць у многа разоў павялічыць
200
Трубчасты шапачкавы грыб Пласціністы шапачкавы грыб
Мал. 115. Пладовыя целы трубчастага і пласціністага грыба
паверхню, на якой утвараюцца споры. Нават невялікае пладовае цела ўтварае мільёны спор, а часта іх бывае дзесяткі і нават сотні мільёнаў. Споры шапачкавых грыбоў вельмі дробныя і лёгкія і пераносяцца струменямі паветра. Акрамя таго, вавёркі і іншыя дробныя жывёлы, назапашваючы грыбы, садзейнічаюць распаўсюджванню спор.
Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, гэта значыць цёплыя і вільготныя, спора прарастае ў гіфу. Гіфы растуць, галінуюцца, колькасць клетак у іх павялічваецца. Паступова ўтвараецца міцэлій, які складаецца з мноства гіфаў. Міцэлій, або грыбніца,— гэта вегетатыўная частка грыба. Гэта тая белая «павуціна», добра знаёмая грыбнікам, якую часта можна бачыць у лесе на апалых суччах і лістах, на аголенай глебе. Але асноўная частка міцэлію схавана пад паверхняй глебы.
Міцэлій — асноўны стан грыба. У гэтым выглядзе грыб можа зна
ходзіцца працяглы час, аднак для размнажэння неабходна выспяванне спор (гл. мал. 113). Там, дзе грыбнікоў вельмі многа і пладовыя целы не паспяваюць даць споры, грыбоў становіцца менш і яны нават зусім знікаюць, як, напрыклад, паблізу вялікіх гарадоў.
Большасць грыбоў утвараюць пладовыя целы ў канцы лета і ў пачатку восені. Але ёсць і вельмі раннія грыбы. Ужо ў канцы красавіка ў сярэдняй паласе збіраюць смаржкі. Споры ў іх утвараюцца не на ніжнім, а на верхнім баку іх зморшчаных шапачак (мал. 116).
Ядомыя і ядавітыя грыбы. Людзі здаўна выкарыстоўваюць шапачкавыя грыбы ў ежу. Грьібы багатыя бялкамі (20—30 % сухой масы). У іх ёсць тлушчы, мінеральныя рэчывы, мікраэлементы — жалеза, кальцый, цынк, ёд, калій, фосфар. Вядома каля 300 відаў ядомых грыбоў. Лепшымі ядомымі грыбамі з’яўляюцца белы грыб, падасінавік, пад
201
бярозавік, масляк, белы грузд, асенняя апенька і рад іншых. Побач з вялікай колькасцю ядомых грыбоў у лясах сустракаюцца і ядавітыя. Да іх адносяць, напрыклад, усім вядомыя мухаморы з чырвонымі і белымі плямістымі шапачкамі (гл. мал. 114). Вельмі небяспечная для жыцця бледная паганка. Яна некалькі падобна да шампіньёна, але пласцінкі не ружовыя, а белыя. Зверху шапачка бледнай паганкі белая або зеленаватая, на ножцы ёсць кольца, як у шампіньёна, а каля асновы ножкі каўпачок. Існуюць і ядавітыя грыбы — двайнікі ядомых: несапраўдная лісічка — двайнік лісічкі, бледная паганка зялёная — зелянушкі, несапраўдныя апенькі шэражоўтыя — апенькаў летніх. Калі грыб выклікае хоць невялікае сумненне, лепш яго не браць.
Многія грыбы — смаржкі, свінухі і рад іншых — з’яўляюцца ўмоўна ядомымі, паколькі часам у іх утвараюцца ядавітыя рэчывы. Перад ужываннем у ежу гэтыя грыбы трэба двойчы пракіпяціць, паколькі ядавітыя рэчывы раствараюцца ў вадзе. Памятайце, аднак, што гэты спосаб не абясшкоджвае многія ядавітыя грыбы, такія, як бледную паганку.
Л Грыбніца. Міцэлій. Гіфы. Пладовае цела. Трубчастыя і пласціністыя грыбы. Сімбіёз. Мікарыза.
• V 1. Якія агульныя адзнакі грыбоў? 2. Якія грыбы называюць шапачкавымі? 3. Што такое гіфы, міцэлій, пладовае цела? 4.
Як жывяцца грыбы? 5. Што такое сімбіёз, мікарыза? 6. Як адрозніць бледную паганку ад шампіньёна?
^ Вывучзнне будовы пладовых цел шапачкавых грыбоў
1. Разгледзьце пладовае цела трубчастага грыба. Аддзяліце пянёк ад шапачкі.
2. Прэпаравальным нажом разрэжце пянёк удоўж і пры дапамозе лупы разгледзьце гіфы, якія шчыльна прылягаюць адзін да аднаго і складаюць пладовае цела грыба.
3. Разгледзьце ніжнюю паверхню шапачкі пры дапамозе лупы. Знайдзіце адтуліны трубачак, у якіх знаходзяцца споры.
4. Разгледзьце пладовае цела пласціністага грыба.
5. У чым падабенства і адрозненне пласціністых і трубчастых грыбоў?
§ 90. Плесневыя грыбы. Дрожджы
Плесневы грыбмукор. Далёка не ўсе грыбы ўтвараюць буйныя пладовыя целы. Умовы жыцця грыбоў выключна разнастайныя. Некаторыя жывуць і ў нашых дамах, толькі да пары да часу мы іх не заўважаем.
Пакіньце ў хлебніцы кавалкі белага або чорнага хлеба на некалькі дзён. Яны пакрыюцца плямамі белай, жаўтаватай або зеленаватай плесні. На хлебе, варэнні і іншых прадуктах пасяляюцца плесневыя грыбы.
Белая пушыстая плесня часта ўяўляе сабой грыбмукор (гл. мал. 116). Пад мікраскопам відаць, што міцэлій мукора складаецца з тонкіх бясколерных ніцей, якія галінуюцца.
202
Але, у адрозненне ад шапачкавых грыбоў, у міцэліі мукора нельга заўважыць асобных клетак. Такі міцэлій уяўляе сабой быццам адну разгалінаваную клетку. Некаторыя гіфы растуць вертыкальна ўверх і ўтвараюць на сваіх канцах пашырэнні ў выглядзе шарыкаў, у якіх утвараюцца споры. Калі споры паспеюць, спарангій разрываецца і споры апынаюцца ў паветры. Яны вельмі дробныя, нябачныя для простага вока і пераносяцца струменямі паветра. Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, спора прарастае і ўтвараецца міцэлій.
Як і ўсе грыбы, мукор не мае хларафілу і жывіцца гатовымі арганічнымі рэчывамі. Ен знаходзіць спрыяльныя ўмовы на прадуктах харчавання.
Плесневы грыб пеніцыл. Грыбпеніцыл утварае зялёную плесню. У адрозненне ад мукора, міцэлій пеніцылу падзелены перагародкамі на клеткі. Пад мікраскопам відаць, што асобныя гіфы падымаюцца вертыкальна, утвараючы на канцах гронкападобныя разгалінаванні. Гэтыя разгалінаванні заканчваюцца ланцужкамі спор, якія аддзяляюцца і разносяцца струменямі паветра (гл. мал. 116).
Некаторыя віды пеніцылу выдзяляюць рэчыва, якое згубна дзейнічае на бактэрыі. 3 пеніцылу навучыліся вырабляць адно з самых вядомых лякарстваў — пеніцылін. Вынікі лячэння гнойных ран спорамі зялёных плесняў апісаны рускімі вучонымі В. А. Манасеіным
і А. Г. Палацебнавым яшчэ ў 70х гадах мінулага стагоддзя. Аднак толькі ў 1941 г. біяхімікам удалося распрацаваць метады атрымання і ачысткі пеніцыліну. У гэтым жа годзе пеніцылін быў упершыню выпрабаваны на пацыенце з цяжкім запаленчагнойным захворваннем, выкліканым бактэрыямі.
Цяпер цяжка сабе ўявіць, як раней абыходзіліся без пеніцыліну і роднасных яму прэпаратаў. Гэта найбольш эфектыўны сродак пры інфекцыях, якія ўзнікаюць у адкрытых ранах і прыводзяць да смерці. Пеніцылін прымяняецца шырока пры лёгачных захворваннях, менінгіце і спасае жыццё людзей у тых выпадках, калі іншыя лячэбныя прэпараты аказваюцца бяссільнымі.
Пеніцылін адносіцца да антыбіётыкаў. Так называюцца рэчывы, якія прыгнятальна дзейнічаюць на хваробатворныя бактэрыі і вірусы.
203
Утвараюць антыбіётыкі розныя мікраарганізмы, у тым ліку і плесневыя грыбы.
Дрожджы. Да грыбоў адносяцца дрожджы. He ўсе з вас ведаюць, што пачкі дражджэй, якія прадаюцца ў магазінах,— гэта спрэсаваныя жывыя арганізмы.
Калі ўзяць на кончык іголкі кавалачак дражджэй, развесці іх у кроплі вады і разгледзець пад мікраскопам, то будзе бачна мноства авальных або прадаўгаватых клетак. Унутры клетак знаходзяцца вакуолі і кроплі тлушчу (дрожджы вельмі багатыя тлушчамі). Клеткі ляжаць паасобку або злучаны ў ланцужкі, якія галінуюцца (мал. 117). Ланцужкі ўтвараюцца ў выніку размнажэння — пачкавання. Гэта адбываецца такім чынам: спачатку на клетцы паяўляецца бугарок. Яна паступова павялічваецца. Ядро мацярынскай клеткі дзеліцца, і адно з даччыных ядзер пераходзіць у бугарок, які расце. Так узнікае новая клетка, якая застаецца злучанай з мацярынскай або зусім аддзяляецца ад яе.
Чалавек здаўна разводзіў і выкарыстоўваў дрожджы. Цікава, што ў дзікім стане дрожджы зараз не вядомы. Для нармальнай жыццядзейнасці дражджэй неабходны вадкасці, якія змяшчаюць цукар. Дрожджы «бродзяць», раскладаючы цукар на спірт і вуглякіслы газ. Пузыркі вуглякіслага газу, якія ўтвараюцца ў цесце, робяць хлеб порыстым, лёгкім, і’ён лепш выпякаецца. Адсюль вялікае значэнне дражджэй у хар
Мал. 117. Пачкаванне хлебных дражджэй
човай прамысловасці, напрыклад у выпечцы хлеба.
Антыбіётыкі.
1. Як выглядае плесневы грыбпеніцыл пад мікраскопам? 2. Як размнажаюцца плесневыя грыбы? Чаму яны так называюцца? 3. Што вы ведаеце аб адкрыцці і выкарыстанні пеніцыліну? 4. Што такое антыбіётыкі? 5. Якую будову маюць дрожджы? Як іх выкарыстоўвае чалавек?
ж Вырошчванне белай плесні мукору
1. На дно кубка Петры пакладзіце фільтравальную паперу ў 2—3 слоі. На фільтравальную паперу наліце крыху вады, каб папера зрабілася вільготнай.
2. У кубак Петры на фільтравальную паперу пакладзіце кавалачак белага хлеба, а затым накрыйце хімічнай шклянкай.
3. Пастаўце кубак Петры ў цёплае месца (20—25 °C) на некалькі дзён. Сачыце за тым, каб прамакальная папера была вільготнай. Праз некалькі дзён на хлебе паявіцца мукор.
Д Будова плесневага грыбамукора
1. Разгледзьце няўзброеным вокам плесневы грыб на хлебе. Апішыце яго знешні выгляд.
2. Разгледзьце мікрапрэпарат «Мукор» пад мікраскопам пры павелічэнні ў 56 разоў. Што ўяўляе сабой міцэлій плесневага грыба.