Брыдкія аповяды
Дзмітрый Падбярэзскі
Выдавец: Каўчэг
Памер: 198с.
Мінск 2015
Дзмітрый Падбярэзскі
ЗМЕСТ
1. ТАЯ, ЯКАЯ ЗБІРАЕЦЦА НА БАЛЬ
Жаночае апавяданне Свінг............................ 5
2. ЗАСТАЕЦЦА РЭЧКУ ПЕРАЕХАЦЬ... Журналістскае апавяданне......... 12
3. ШЭРЫФ НІКОЛІ HE ПАМЫЛЯЕЦЦА
Гісторыка-рэвалюцыйнае апавяданне... 22
4. МАЙСТАР ПРЫЙШОЎ ЗАПОЗНА
Хранічна-дакументальнае апавяданне.. 37
5. БЕГ ТРАМВАЙ ДВАЦЦАТЫ НУМАР... Футуралагічнае апавяданне....... 52
6. РЭПАРТАЖ 3 ТАГО СВЕТУ Неверагоднае апавяданне.......... 65
7. КНІГАЎКА НІКОЛІ HE ПЛАЧА Канспіратыўнае апавяданне...... 94
8. СТАЛЁВАЯ ПОЎНЯ Неправільнае апавяданне........ 108
9.ПАМЫЛКА404 Сумная аповесць................ 131
10. ТОЙ, ЯКІЎЖО НІКУДЫ HE
СПЯШАЕЦЦА
Мужчынскае апавяданне. Бібоп.......................... 188
3
ТАЯ, ЯКАЯ ЗБІРАЕЦЦА НА БАЛЬ
Жаночае апавяданне
Свінг
Марыне Вішнеўскай на дзень нараджэння
Усё павінна быць проста і гожа. Нізкі стол перад люстрам, застаўлены парфумамі ды шкатулкамі з біжутэрыяй, дзве свечкі, што стаілі дыханне па абодва бакі ад люстранога шкла, масіўнае крэсла з высокай спінкай, на якім зараз сядзіць яна — тая, якая збіраецца на баль.
Гэта павінен быць першы баль у яе жыцці. He таму першы, што яна яшчэ занадта маладая, а таму нідзе ніколі не бывала, не выязджала ў свет; не таму першы, што яна толькі цяпер, у сталыя гады, дамаглася таго грамадскага становішча, калі яе нарэшце пачалі запрашаць; не таму першы, што гэты баль — наогул першы за ўсю гісторыю яе гораду. Гэта проста самы першы баль у яе жыцці, і яна мусіць на ім быць, мусіць паказацца на ім так, каб потым яшчэ доўга людзі згадвалі яе імя ў размовах, каб пасля таго балю вакол яе асобы разыходзіліся чуткі ды плёткі, каб ужо ніхто і ніколі, ладзячы ў сябе нешта падобнае да балю, і ў думках не мог дапусціць, каб гэтае свята абыходзілася без яе — той, якая зьбіраецца на баль.
Яна толькі што вярнулася з вялікай, заглыбленай у блакітны мармур ванны. Яна скідае з сябе цёплы халат і ў каторы раз уважліва разглядае сваё цела ў люстры. Цела не можа ёй не падабацца ўжо хоць бы таму, што яно належыць ёй, а не якой іншай, чужой кабеце, таму што яна ведае ўласнае цела так, як яго не ведае ніхто. I не таму, што яна не надта ўхваляла, каб нехта яшчэ, апрача яе самой, мог гэтак жа
5
ахвяраваць гадзінамі жыцця, бясконца вывучаючы вуснамі яе прыгожае цела, падарожжы па якім — бясконцыя і поўныя нечаканасцей, азартныя і ўсёпажэрныя, калі часам, у канцы таго падарожжа, не стае нават паветра, глытнуўшы якога, можна толькі праз пэўны час апрытомнець, а таму кроплі поту яшчэ доўга будуць збягаць па яе пругкай скуры, быццам бы першыя шарыкі ліпеньскай залевы па гарачым прыдарожным пыле. He, яна безумоўна любіць тыя падарожжы, але далёка не кожнага дапускае падзяліць з сабой той багаты на прыгоды і ўражанні шлях. I не таму, пгго сама яна капрызная ды пераборлівая, хоць і без каліўца ўсяго гэтага, здаецца, ніводнай кабеце жыць проста немагчыма. Яна жадае, каб у гэтыя гадзіны яе спадарожнік-мужчына забываў часам пра тое, хто ён ёсць, дзе жыве і кім сябе пачувае, а моўчкі, безадказна падпарадкоўваўся б кожнаму яе ледзь прыкметнаму капрызу, жаданню, жэсту — той, якая цяпер збіраецца на баль.
Яе доўгія, тонкія ногі прагнуць музыкі і танца, таму што яна выдатна ведае, на што здатныя гэтыя ногі; яе мускулістыя, трэніраваныя зацятымі падарожжамі клубы выпраменьваюць энергію маладосці, здольную спыніць раз’юшаны натоўп; яе лона загадкавае і трывожнае, як начное возера, у якім хвошчуць хвастамі ментузы; яе жывот — гэта святочны стол з незлічонай колькасцю страў, убачыўшы якія, мала хто не захлынецца слінаю; яе грудзі — два дзёрзкія стварэнні, якія, нібы магніты, заўсёды прыцягваюць позіркі мужчын, што цалкам зразумела, і кабет таксама, што зразумела яшчэ больш; яе рукі — адначасова і цёплыя ручнікі, і халодныя, абыякавыя кайданкі; яе шыя з пушком на патыліцы — неацэнная каштоўнасць, бо колькі было тых, ахвочых, гатовых за адзін дотык вуснамі да таго
6
жоўтага пушка закласці, аддаць, спаліць усё, што яны маюць свайго; яе непрадказальныя вусны, якія могуць ці то падараваць пацалунак, ці то адкрыць шлях вострым, бы лязо, бялюткім зубам; яе нос, які імгненна адгукаецца на пах гатовага да падарожжа мужчыны; яе вочы, што звычайна безуважныя, але гэты спакой збольшага нагадвае разліты па зямлі бензін: дастаткова маленькай іскры, каб адбыўся выбух; яе вушы — празрыстыя і ружовыя, асабліва ў той момант, калі з імі сваволіць веснавое сонца; яе ідэальнай формы бровы, што самі па сабе нагадваюць схіленыя віхурай бярозы. He, гэта ўсё здаўна і добра знаёмае ёй, але яна ў каторы ўжо раз не ў сілах адарваць ад сябе вачэй — ад той, якая працягвае збірацца на баль.
Яна падыходзіць да шафы і няспешна пачынае пераглядаць сукні. Гэтая вось, цёмна-зялёнага колеру восеньскай елкі, з доўгімі рукавамі і ніжэй за калені, прыдатная да дзелавых сустрэчаў, але ніяк не для балю, хоць швачка і ўклала ў сукню ўсё сваё ўменне, каб дагадзіць ёй, бо каму, як не жанчыне, падчас дзелавых перамоваў выпадае пераконваць суразмоўцаў не толькі словам, але і рухамі прыхаванай тканінаю плоці? Гэтая вось сукенка — з няважкай тканіны, празрыстая, адкрытая кожнаму позірку, падабаецца ёй тады, калі яна плануе выбрацца ў падарожжа, бо яе галоўная вартасць — лёгка, без затрымак адасобіцца ад цела і, пырхнуўшы, як матыль крыльцамі, растаць у абдымках ночы. Гэтая, глыбока-чырвонага колеру, безумоўна ўплывае на мужчын тады, калі яна жадае паказаць ім, хто сапраўдны гаспадар становішча: мужчына, які траціць розум і аддаецца толькі эмоцыям, робячыся бездапаможным, бы неразумнае ягня, ёй ужо нічым не цікавы, аднак калі нехта вытрымлівае вар’яцкую
7
атаку гэтай чырвані, той робіцца ёй роўным партнёрам па прыгодах. Але яна ўсё ж выбірае доўгую, амаль да паддогі, строга чорнага колеру сукню з кароткімі рукавамі і глыбокімі выразамі па баках, пашытую з багатай, цяжкай тканіны, якая дазваляе ёй спакойна пачуваць сябе літаральна ў кожнай сітуацыі: калі яна, напрыклад, у гэтай сукні ганарліва, знешне нядбайна, але з вытанчаным разлікам апусціцца ў мяккае крэсла, закінуўшы нагу за нагу, з-пад гэтага разрэзу на баку імгненна паласне па вачах усіх прысутных яркае святло яе белых ног, ад якога многія па страчаным назаўсёды розуме гэтак жа лёгка губляюць і зрок; а глыбокае дэкальтэ тае сукні выклікае ў мужчын звычайна неўласцівую ім фантазію, калі яны пачынаюць ліпнуць уратаванымі вачыма да невялікага чырвонага каменьчыка, які гуляецца з праменьчыкамі святла на канцы тонкага залатога ланцужка паміж грудзей і гэтак прыемна казыча іх — два дзёрзкія стварэньні той, якая збіраецца на баль.
Яна пад’едзе да палацу на чацверыку ў карэце адмысловай работы з двума жоўтатварымі лёкаямі на прыступках. Яна падкоціць проста да ганку, і чалавек ля ўваходу ў залу гучна ўдарыць жазлом па паддозе, і зала імгненна перастане гудзець, як толькі высока пад столь узляціць яе імя, і састарэлы маэстра, які дагэтуль кахае маладзенькіх скрыпачак і, дарэчы, карыстаецца ўзаемнасцю, убачыўшы яе, згубіць вострую, бы джала, палачку, а музыкі аркестру забудуцца на ноты і пачнуць іграць толькі таму, што нічога іншага рабіць не могуць, бо выконвалі тую музыку гадоў з трыста, і кельнеры з разносамі, на якіх у высокіх бакалах сваволіць шампанскае, стануць, аслупянеўшы, не зважаючы на тое, як пародзістыя ганчакі цягаюць са сталоў вэнджанае мяса. I сам
8
гаспадар палацу наблізіцца да яе, пацалуе, нізка нахіліўшыся, руку, правядзе да пачэснага месца пад балконам, дзе знаходзіцца разгублены аркестр, і толькі тады жэстам рукі дазволіць прысутным аднавіць гутаркі, маэстра — падняць з падлогі страчаную палачку, музыкам — звярнуць нарэшце ўвагу на ноты, кельнерам — разнесці свавольнае шампанскае, а ганчакам — разадраць спецыяльна для іх засмажанага парсюка. Тады яна, якая зявілася на баль, пачне чакаць, хто першы запросіць яе на танец.
Гэта можа быць вось гэты малады, але, па ўсім відаць, ужо нахабны мужчына, што прывык да лёгкіх падарожжаў, якіх ён паспеў зрабіць ужо шмат і штораз — з новай спадарожніцай, аднак усе ягоныя жаданні напэўна выйдуць навідавок, як толькі ён убачыць той чырвоны каменьчык на канцы залатога ланцужка, што працягвае цалавацца з двума дзёрзкімі стварэннямі, і таму ёй адразу ж зробіцца з ім сумна, бо аніякай інтрыгі ў агульным з ім падарожжы знайсці будзе проста немагчыма. Яе партнёрам па танцы можа зрабіцца вунь той ваенны, чые скроні падмарозіла ўжо сівізна, але цела дагэтуль выдае жаданне ўладарыць і загадваць, а таму кожнае падарожжа ён здольны разглядаць адно як ваенную аперацыю з нязменным для сябе выйгрышным заканчэннем. Гэта можа быць той хударлявы, з доўгімі валасамі мастак, але цела кабеты для яго — усяго толькі абавязковы атрыбут майстэрні, якіх ён пабачыў ужо столькі, што не ў сілах, калі будзе карыстацца імі як фарбай, стварыць шэдэўр нават для самога сябе. Яе можа запрасіць на тур той таўставаты, з іранічным выразам твару вядомы журналіст, які з задавальненнем вып’е з ёй па танцы кубачак кавы, але нават не зверне ўвагі ані на яе
9
чырвоны каменьчык, ані на празрыстыя намёкі адносна магчымасці зрабіць непаўторнае падарожжа, бо ягоная галава занятая не далёкімі, неспазнанымі краінамі, а выключна справамі фракцыяў зануднага парламенту. Да яе, праўда, можа наблізіцца падцягнуты дыпламат з далёкага афрыканскага кантыненту і ветліва ўсміхнуцца, дэманструючы, што ў ягоных вуснах не заходзіць сонца, а зубы адпачываюць у снягах Кіліманджара; падарожжа з ім можа стацца святам экзотыкі і непаўторных эмоцый, але яна не дасць аніводнага шанцу ягонаму сэрцу ацалець, калі ён, абняўшы яе і паклаўшы ёй руку на спіну крыху ніжэй за талію, праз колькі імгненняў — а іначай і быць не можа! — пасуне руку яшчэ крыху долу і раптам адчуе, што ў яе пад гэтай чорнай, здрадлівай, такой прыцягальнай сукняй больш нічога не апранута! I гэта напэўна зробіцца апошнім імгненнем жыцця дыпламата-мужчыны — таго, што праз такую далячынь адважыўся з’явіцца на яе баль.
Вось чаму яна будзе танчыць сама. Яна раскіне ў бакі свае свежыя рукі, якія, быццам крылы, панясуць яе па зале, і тады яна закруціцца, узняўшы галаву, a яе валасы падобна рыжай лавіне абрынуцца на спіну, і недзе там высока, пад самае столлю, яна ўбачыць маленькага аголенага хлопчыка з бялюткімі кудрашамі на галаве і ледзь прыкметнымі крыльцамі за спінай, які, смеючыся, палюе на людзей з лука і пускае ў залу адну па адной нябачныя стрэлы; яна ўбачыць безліч галубоў, якія плюхаюцца ў вялікіх кашах, поўных белых рамонкавых пялёсткаў, і тыя лёгкімі сняжынкамі апускаюцца на прысутных, уражаных гэткім незвычайным відовішчам; яна ўбачыць крылатага каня, які ўголас чытае на лацінцы вершы, і з тузін нейкіх неакрэсленага полу нябесных жыхароў, што іграюць на струнах вясёлкі быццам на