• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брыдкія аповяды  Дзмітрый Падбярэзскі

    Брыдкія аповяды

    Дзмітрый Падбярэзскі

    Выдавец: Каўчэг
    Памер: 198с.
    Мінск 2015
    62.19 МБ
    — Ну! — рыкнуў Генеральны сакратар. Са шклянкі праліўся ярка-жоўты сок і паліўся па пальцах ягонай РУКІ.
    Даўганогі юнак рэзка сарваў з твару акуляры і выпусціў іх з пальцаў. Акуляры ўдарыліся аб
    38
    сінтэтычнае пакрыццё стадыёна, падскочылі з пару разоў і леглі, недарэчна раскінуўшы чорныя дужкі. Спартсмен асцярожна зрабіў крок, другі, пабег вялікімі крокамі, адштурхнуўся ад зямлі, выпрастаўся ў струнку і мякка слізгануў па-над плянкай. Тая нават не гайданулася.
    Генеральны сакратар адкінуўся на спінку крэсла.
    — Выдатна! — радасна залемантаваў тэлекаментатар. — Я, прызнацца, верыў у нашага хлопца, адно не хацеў сурочыць. Так-так... Добра відаць, як захваляваліся хвалёныя амерыканскія спартсмэны. Яны ўжо, відаць, лічылі, што ўсе медалі ў іх кішэнях. Не-е!.. Барацьба, па ўсім відаць, толькі пачынаецца. Планка ўздымаецца на чарговую вышыню, а наш спартсмен...
    — Ну вось, Галіна, — лагодна сказаў Генеральны сакратар. — Такое жыццё... Да ўсяго трэба даходзіць самому. Літаральна да ўсяго! А нашто ж тады трэнеры, спартовыя камітэты, куды ідуць дзяржаўныя грошы? I немалыя! Што яны там усе робяць, калі без належнага кантролю нават дзіцячую вышыню самастойна адолець не могуць?!
    — Леанід, я яшчэ раз праіпу вас дарма не хвалявацца, — адгукнулася Галіна Канстанцінаўна. — У вас жа ёсць адпаведныя службы — міністэрствы, камітэты, упраўленні. Нельга ж усё вырашаць самому!..
    — Такая ў нас работа... Пасада, на якую мы прызначаны народам. Ну што там? Чым адкажуць нам амерыканцы?
    Голас спартыўнага каментатара быў стрыманы і ціхі.
    — Ну што ж... Што ж... Застаецца толькі верыць, што наш малады рэкардсмен, якому выразна бракуе вопыту міжнародных спаборніцтваў, не разгубіцца ў
    39
    такой сітуацыі, збярэ ўсю сваю волю ў кулак і скіруе яе на новую вышыню. Пакуль жа... Як ні дзіўна, але ўсе тры амерыканскія спартсмены з першай жа спробы пераадолелі чарговы рубеж.
    — Ясна... — прамармытаў Генеральны сакратар. — Калі ласка, прынясіце мой пінжак, Галіна.
    — Ад сіняга касцюма? — спытала Галіна Канстанцінаўна.
    — Працоўны, чорны!
    Генеральны сакратар падцягнуў да сябе тэлефон.
    — Міхаіл Андрэевіч? Вы тэлевізар глядзіце?.. Вось і я пра тое ж... Давайце хуценька да мяне. Хуценька!
    Пінжак быў пашыты ўсяго год назад. Генеральны сакратар павольна зашпіліў усе гузікі, паглядзеўся ў люстэрка.
    — Зоркі ўсе на месцы, Галіна? — спытаў ён.
    — Усе, усе!
    — Мне чамусьці падалося, што адной не стае... Ці нават дзвюх... — сказаў Генеральны сакратар і сеў за вялікі дубовы стол.
    — Ну, што тут можна сказаць... — сумна вымавіў з тэлевізару каментатар. — Яно і зразумела: колькасная перавага чорнаскурых прыгуноў не магла не падзейнічаць на нашага маладога атлета. Безумоўна, нельга выключаць і наркотыкі, анаболікі, допінгі, на якія суддзі яўна глядзяць скрозь пальцы. Так сказаць, наяве ўвесь букет заганаў капіталістычнага грамадства. Ці вытрымае ўсё гэта наш атлет, калі на стадыёне нельга нават пачуць знаёмае: “Шайбу, шайбу!” У яго застаюцца яшчэ дзве спробы...
    Міхаіл Андрэевіч заляцеў у палату і адразу ж зірнуў на экран тэлевізару.
    — Як наш?
    40
    — А!.. — Генеральны сакратар махнуў рукой. — Збіў! Што будзем рабіць?
    — Думаю, трэба тэрмінова запрасіць сюды міністраў бяспекі, абароны, цяжкага машынабудавання, марскога флоту, сувязі і... I ўсіх іншых!
    — He пашкодзіць прысутнасць першага сакратара саюза моладзі, — скончыў за яго Генеральны сакратар. — Але перш чым мы выпрацуем лінію нашых паводзінаў, лічу неадкладным выслаць тэлеграму.
    — Я пра гэта падумаў, — згадзіўся Міхаіл Андрэевіч. — Падрыхтаваў некалькі варыянтаў. Зачытаць?
    Густыя бровы Генеральнага сакратара схавалі пад сабой вочы.
    — Ай-яй-яй! — залемантаваў каментатар. — Ну канешне! Якраз у той момант, калі наш атлет разбягаўся, варожа настроеныя да яго гледачы пачалі гучна пляскаць у далоні. I як вынік — не хапіла некалькіх міліметраў.
    — Трэба нешта нейтральнае, але каб усе добра зразумелі, — прапанаваў Генеральны сакратар. — Так, нейтральнае, але... Каб залішняга іпуму ў свеце не нарабіць.
    — Ёсць такі вось тэкст, — Міхаіл Андрэевіч ператасаваў у руках паперкі. — “Кіруючыся воляй савецкага народу, мы заклікаем нашых атлетаў да пераадолення новых гарызонтаў у спорце. Гэта з’явіцца вашым унёскам у будаўніцтва светлай будучыні”. I подпіс: “Вярхоўная Рада, Рада Міністраў і асабіста...”
    — М-м... — скрывіўся Генеральны сакратар. — Зноў вы гэтае “асабіста”! Нельга! Як толькі там чуюць “асабіста”, адразу ж уздымаецца чарговая
    41
    прапагандысцкая кампанія. Дадайце паміж “новых” і “гарызонтаў” слова “высокіх”, а “асабіста” і далей — здыміце.
    Міхаіл Андрэевіч усхапіўся з-за стала і застыў над ім — высокі і худы, падобны на цэп.
    — “Высокіх гарызонтаў” — не зусім правільна з пункту гледжання граматыкі, — запярэчыў ён.
    — Затое прымушае задумацца, — адрэзаў Генеральны сакратар.
    — Добра!.. Але калі тэлеграма прыйдзе без подпісу “асабіста”, яна можа не падзейнічаць.
    — Вы дрэнна ведаеце нашых атлетаў, — адзначыла Галіна Канстанцінаўна. — Яны і без дадатковых указанняў адразу ж адчуваюць на сабе клопат нашай партыі і асабіста...
    — Я бы папрасіў вас, Галіна! — адгукнуўся дубовы стол.
    — Ну што б вы папрасілі ў мяне, Леанід? — жанчына паказала на экран. — Вы ўсё вырашаеце, вырашаеце, а чалавек скочыць не можа без вашых дырэктыў.
    I ўсё ж спартсмен у чырвонай майцы пачаў разбег. Генеральны сакратар на руках прыўзняўся над сталом, вытрашчыў вочы і гучна пракрычаў:
    — Стоп!
    Юнак спыніўся на паўдарозе і вярнуўся да таго месца, адкуль пачынаў разбег.
    — Міхаіл Андрэевіч, тэлеграму адпраўце урадавай “маланкай”.
    Міхаіл Андрэевіч выйшаў з палаты і праз якую хвіліну вярнуўся ў суправаджэнні некалькіх дзесяткаў мужчын у бездакорных чорных касцюмах. Генеральны сакратар стрымана кіўнуў, не адрываючы позірку ад экрану.
    42
    Да юнака падбег нейкі чалавек у спартыўным касцюме і ў гальштуку і разгарнуў перад вачыма спартсмена аркуш паперы. Твар юнака прасвятлеў, ён скончыў чытаць, азірнуўся на тэлекамеру, моўчкі, вельмі сур’ёзна паглядзеў проста ў аб’ектыў, пасля чаго, не вагаючыся, стрымгалоў кінуўся ў бок ямы для скачкоў у вышыню.
    Тое, як ён пераляцеў над папярэчынай, камеры ў розных ракурсах паўтаралі бясконца. Каментатар аж заходзіўся, спрабуючы адшукаць усё новыя і новыя словы, каб з іх дапамогай пераказаць усе падрабязнасці скачка.
    — Цікава, чым цяпер здолеюць адказаць нам амерыканцы? — паўтарыў Генеральны сакратар.
    — Можа, дзеля таго, каб узняць маральны дух нашага атлета, ёсць сэнс даслаць на стадыён групу падтрымкі? — прапанаваў міністар культуры.
    Генеральны сакратар згодна кіўнуў.
    Над стадыёнам у Мехіка праляцеў вялікі чатырохматорны самалёт, з якога, бы гарох, пасыпаліся парашутысты. Праз якія тры хвіліны па бегавой дарожцы крочыў зводны духавы аркестр. Музыка Глінкі заглушала ўсё навокал. Зіхацелі на сонцы трубы, гулка бухалі барабаны, віск флейтаў высока ўразаўся ў паветра.
    — Якія яшчэ будуць прапановы? — спытаў Генеральны сакратар.
    — Па нашых каналах мы атрымалі інфармацыю, што адзін з амерыканскіх спартсменаў скача без красовак, басанож, — заўважыў міністр бяспекі. — Адносна яго мы можам разгарнуць шэраг аператыўных мерапрыемстваў.
    — Згодны! — сказаў Генеральны сакратар.
    Высокі амерыканец крочыў узад-уперад па беразе футбольнага поля і разгублена ўзіраўся ў аркестр.
    43
    Раптам грымаса болю перакруціла ягоны твар. Амерыканец паваліўся на траву, схапіўшыся за нагу. Тэлеаператар спрытна падскочыў да яго, на экране тэлевізара буйным планам з’явілася чорная пята, з якой тырчаў новенькі цвік.
    — Як у дзесятку! — задаволена сказаў міністр бяспекі і падсунуў Генеральнаму сакратару доўгі спіс.
    — Трыццаць чатыры чалавекі? — узняў бровы Генеральны сакратар. — I кожнаму па ордэну? Ці не зашмат?
    — Вы ж самі бачылі вынік спецаперацыі, — развёў рукамі міністр бяспекі.
    Генеральны сакратар падпісаў указ. Амерыканца на насілках адцягнулі да машыны “хуткай дапамогі”. Два другія амерыканцы паслядоўна пераскочылі над планкай і чакалі, што будзе рабіць спартовец у чырвонай майцы.
    — Няхай наш прапусціць чарговую вышыню, — загадаў Генеральны сакратар. — Мы мусім параіцца.
    — Наш атлет вырашыў прапусціць гэты рубеж, — растлумачыў з экрану каментатар. — Гэтым ён, прызнацца, паставіў сваіх амерыканскіх супернікаў у тупік. Яны ведалі, што асабісты рэкорд нашага спартсмена — два метры трыццаць сантыметраў. A тут ён прапускае два трыццаць пяць. Амерыканцы выразна хвалююцца.
    — Можа, землятрус? — прамармытаў міністр геалогіі. — Там, у Мексіцы, землятрус — рэч звычайная. Пусцім балаў з восем, папярэдзіўшы сваіх дыпламатаў. Думаю, на амерыканцаў тое падзейнічае.
    — На колькі смяротных ахвяраў вы разлічваеце? — спытаў Міхаіл Андрэевіч.
    44
    — Колькі будзе неабходна для перамогі, — адказаў міністр геалогіі. — Думаю, тысяч восем-дзесяць дастаткова.
    Адлюстраванне ў тэлевізары здрыганулася, гледачы з лямантам сарваліся з месцаў, высокая асвятляльная вежа нахілілася і запаволена завалілася на трыбуну стадыёну.
    — Мне толькі што паведамілі, што адзін з амерыканскіх спартсменаў адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах, — растлумачыў сітуацыю каментатар. — Справа ў тым, што пад рэшткамі асвятляльнай вежы санітары знайшлі цела ягонага бацькі. Што ж, такое непрадказальнае спартыўнае жыццё. Але ўвага! Наш чэмпіён пачаў разбег!
    Спартсмен у чырвонай майцы ўзляцеў над планкай, упаў на спіну і імгненна ўскочыў на ногі з пераможным крыкам.
    — Добра, — сказаў Генеральны сакратар. — Але спыняцца на дасягнутым не варта.
    Камера выхапіла твар амерыканскага спартсмена, які трымаўся рукамі за галаву і недаўменна лыпаў вачыма.
    — Наш атлет просіць падняць планку на вышыню два метры пяцьдзесят сантыметраў, — заходзіўся ад радасці і гордасці каментатар. — Гэта будзе новы сусветны рэкорд. Я кажу “будзе”, таму што ўпэўнены: такая вышыня па сілах славутаму прадстаўніку нашага спорту!
    — Якія ў вас прагнозы? — Генеральны сакратар зірнуў на міністра спорту.
    — У цэлым неблагія, — адказаў той і падсунуў на подпіс некалькі старонак з прозвішчамі.
    — Чаму тут столькі людзей? — не зразумеў Генеральны сакратар. — Такое ўражанне, што пералічаны ўвесь штат вашага міністэрства.