Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
Ірына Жарнасек
БУДЗЬ ВОЛЯ ТВАЯ
Ірына ЖАРНАСЕК
Зудзь волп Твая
Раман
2-е выданне, выпраўленае
Мінск
«ПРО ХРЫСТО» 2023
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
Ж35
Мастак Уладзімір Вішнеўскі
Выдадзена дзякуючы падтрымцы Кангрэгацыі айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
ISBN 978-985-7206-98-8
© Кангрэгацыя айцоў Марыянаў, 2004, 2023
© Жарнасек I. Ф., 2004, 2023
© ВУП «Выдавецтва „ПРО ХРЫСТО“», 2023
Яны былі вернымі свайму пакліканню...
«Будзь воля Твая...» Кніга Ірыны Жарнасек, якую шаноўны чытач трымае ў руках, — гэта не проста чарговы аповед пра трагічныя старонкі Другой сусветнай вайны, якая смяротным валам пракацілася па нашай зямлі. Гэта твор, што раскрывае глыбіню людской душы, якая неспадзявана трапляе ў трагічную сітуацыю і якой неабходна зрабіць няпросты выбар: ратаваць сваё жыццё або дапамагчы іншым прайсці свой шлях да канца і застацца вернымі свайму пакліканню. Гэта кніга пра веру, якая дае сілу не паддацца спакусе маладушнасці і вытрываць на шляху, што, па людскіх мерках, будзе прайграны. Выстаяць у сваім пакліканні, вытрываць таму, што толькі ў Богу чалавек знаходзіць сілы і матывацыю, да якіх часта няздольная слабая людская натура.
Кніга акунае нас у атмасферу падзеяў, што разгортваліся ў 1943 годзе ў паўночна-заходняй частцы нашай краіны падчас нацысцкага тэрору на нашай зямлі. За трагічнымі лёсамі мірных жыхароў, якім давялося адысці з гэтага свету ў жудасным полымі спаленых фашыстамі вёсак, за прыкладамі гераічнага служэння і мучаніцкай смерці айцоў марыянаў Юрыя і Антонія, паўстае пытанне: «Чаму так адбылося?». Што з’яўляецца прычынаю нялюдскіх трагедый у такім, здавалася б, цывілізаваным свеце? I сёння, калі той самы свет, які зрабіў велізарныя крокі наперад у сваім тэхнічным развіцці і, на жаль, зноў апынаецца на парозе вайны, адказ на гэтае пытанне дапамог бы
пазбегнуць яшчэ больш жудаснай катастрофы. Гэты адказ дае нам Евангелле, дзе знаходзім словы Езуса Хрыста: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4,4). Калі мы шукаем у гэтым свеце толькі «хлеба і відовішчаў», раней ці пазней пачынаем хапацца за зброю, бо не ведаем, як падзяліць між сабою гэты «хлеб» і што яшчэ прыдумаць сабе ў якасці «відовішча».
I таму ў малітве «Ойча наш» раней за просьбу аб штодзённым хлебе стаіць просьба «Будзь воля Твая», праз якую чалавек павінен прыгадаць, адкуль ён узнік і Каму належыць апошняе слова ў гэтым свеце. Прыгадаць і пагадзіцца з тою праўдаю, што не нам урэшце рэшт належыць гэты свет і нашае жыццё ў ім, бо, імкнучыся «быць як бог», вырашаючы, чым ёсць дабро, а чым зло, чалавек будзе паўтараць трагедыі, падобныя да Росіцкай. Надзею на такое ўсведамленне дае і перавыданне гэтай кнігі, пацвярджаючы, што людзям неабыякавы іх лёс і лёс зямлі, на якой яны жывуць, а таксама паняцці мужнасці, адвагі, самаахвярнасці і адказнасці за лёс іншага чалавека. Усеабдымная любоў, якую Бог прынёс у гэты свет і вучыць ёй таксама нас, сваіх дзяцей, робіць нас падобнымі да Яго і з’яўляецца сродкам выратавання як жыцця кожнага асобнага чалавека, так і ўсяго свету.
Няхай прыклад мужнасці і вернасці свайму пакліканню росіцкіх мучанікаў натхняе як мага больш людзей на пошук тых каштоўнасцяў, дзякуючы якім мы будзем здольныя заставацца людзьмі ў кожнай, нават самай трагічнай сітуацыі і жыць згодна з Божымі запаведзямі.
Аўтару кнігі і ўсім яе чытачам няхай спадарожнічае заступніцтва благаслаўлёных айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, а таксама Божае благаслаўленне.
+ Алег Буткевіч, Біскуп Віцебскі.
I
— Пашлі мне, Езу, дар мужнасці, — шэптам папрасіў айцец Антоні пасля працяглага маўчання і зноў аціх.
Гэтая нерухомая суцішанасць — не адна толькі стома пасля пражытага дня. Наадварот, яна ўбірала ў сябе ўвесь дзённы клопат, почасту такі няпросты. Ціша тут поўнілася для яго чалавечымі скаргамі й бедамі, мноствам чалавечых твараў, з якімі сустрэўся ўдзень і якія найчасцей цяпер былі мокрыя ад слёз. У вачах людзей надоўга й трывала пасялілася вялікая бяда, што гэтымі восеньскімі сонечнымі днямі ўладна гаспадарыла паўсюль. Дзе было яму браць сілу, каб неяк сунімаць людскую роспач? Толькі тут, у велічнай маўклівай святыні, па-асабліваму сцішанай і задуменнай пасля пражытага дня, толькі тут, перад Хрыстом.
Ніколі і нідзе айцец Антоні так не ўмацоўваўся духам, як перад маўклівым табэрнакулюмам1, што патанаў у стоенай цемры алтара. У цемры... Ніколі і нідзе ягоную душу не апраменьвала столькі святла, як у гэтыя хвіліны. I не таму, што воддаль заўсёды свяціўся чырвоны агеньчык, які нагадваў людзям пра пастаянную Божую прысутнасць, але яшчэ і таму, што менавіта ў гэтай бязгучнасці, якая зусім не была для яго глухою, таілася штосьці вельмі значнае,
1 Месца ў алтары, дзе захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт — святыя Дары Цела і Крыві Хрыста (лац. tabemaculum).
непадуладнае начы, тое, чым атуляў яго ў гэтыя хвіліны сам Бог.
Раней, калі быў малады, у такія хвіліны айцец Антоні нічога не прасіў у Яго — адно кленчыў, нізка схіляўся перад Ягонай веліччу і маўчаў. Найчасцей гэтае маўчанне было падзякай за ўсё, што спатыкаў у жыцці. Асабліва ж дзякаваў за тое, што Пан Бог паклікаў свойчас яго, маладога хлопца з Абрамоўшчыны, за сабой. Дзякаваў за вучобу ў Пецярбурзе і за тое, што дазволіў яму стаць пры алтары, за тое, піто паслаў несці Божае слова ў няблізкі свет, ажно ў Кітай. Ніколі не марыў пра далёкія краіны, але ведаў, што калі Бог паслаў яго туды, значыць у гэтым ёсць нейкі вялікі сэнс. Знаходзіў у сабе сілы дзякаваць і тады, калі пасля начнога салодкага сну, у якім ён так часта блукаў па роднай Абрамоўшчыне, углядаўся ў сінечу Нарачы, удыхаў настоенае на лугавых травах паветра Вілейшчыны, ён прачынаўся ад няветлай сцюжы і моўчкі згаджаўся са сцюдзёнай рэальнасцю.
Доўгімі харбінскімі2 вечарамі айцец Антоні кленчыў перад табэрнакулюмам у настылым касцёле і дзякаваў Богу за тое, што дзень за днём узвышаецца над зямлёю яшчэ адна святыня ў Харбіне і ён мае самае непасрэднае дачыненне да яе. У гэткія хвіліны ён не толькі дзякаваў, але і змагаў утаймоўваў у сабе гонар за тую будоўлю, што неўзабаве стане Божым домам і ў якім ён, пробашч, таксама будзе кленчыць у цішы й цемры прад Найвышэйшым. Кленчыць і дзякаваць за свой святарскі лёс. Нялёгка гэта было рабіць, бо снілася Абрамоўшчына і часам, прачнуўшыся ад прыгожага сну, ён марыў пра тое, што некалі стане каля алтара там, на роднай зямлі, няхай сабе ў самай маленькай глухой вёсачцы. Маліўся за гэта. I калі Бог пачуў тыя малітвы, ягоны святарскі шлях, упэўнены й просты, зрабіў гэткі рэзкі паварот, што некаторыя ад неспадзяванкі ажно зам-
2 Харбін — горад у Кітаі.
ружылі вочы, баючыся, што яго, ужо немаладога святара, можа выкінуць з жыццёвае калясніцы на ўзбочыну дарогі.
Тады ён нечакана для ўсіх вырашыў стаць законнікам і ўступіць у кангрэгацыю марыянаў. Адны проста дзівіліся, іншыя не разумелі ці спачувалі: чалавеку пад пяцьдзясят, а ён хоча кінуць усё і пайсці ў навіцыят3, у сталым веку цалкам адмовіцца ад свайго «я»? Пайшоў. Як у свой час пайшлі ягоныя даўнія сябры Андрэй і Фабіян4. I ўрэшце пасля доўгіх дарог, блуканняў, доўгіх гадзінаў штодзённай малітвы ён з’явіўся ў друйскім кляштары ўжо марыянінам. Шмат быў начуты пра Друю, менавіта ў ёй спадзяваўся адбыць свой навіцыят, напярэдадні яго нават прыязджаў з гэткай надзеяй сюды. Але якраз у той час над друйскімі марыянамі пачалі грувасціцца хмары, што неўзабаве грымнулі перуном — загадам віленскага ваяводы Бацянскага аб высяленні з Друі беларускіх марыянаў. Беларусаў гналі з Друі. Таму генерал кангрэгацыі айцец Андрэй Цікота, ягоны колішні сябар семінарыйнай маладосці, вырашыў хоць бы напачатку адвесці ад яго буру. Яго паслалі не туды, адкуль могуць адразу ж выгнаць, але туды, дзе не звернуць асаблівае ўвагі на «крэсавяка», — у польскі Скурац. I толькі пасля таго як былі складзены першыя манаскія шлюбы, ён з’явіўся нарэшце ў Друі. Ён палюбіў Друю не менш за родную Абрамоўшчыну, да якой адсюль не так ужо й далёка. I Друя, і Абрамоўшчына былі ягонай радзімай, і гэта галоўнае.
Але спакойнай радасці на Бацькаўшчыне ён меў да болю мала — усяго некалькі сонечных жнівеньскіх дзён. I ўжо ў першы дзень верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць дзявятага ён разам з братамі марыянамі кленчыў у друйскім касцёле перад алтаром і доўга, так, што нямелі ды рабіліся чужымі ногі, маліўся. Адна, другая, трэцяя літаніі... I зноў:
3 Пачатковы этап манаскай фармацыі.
4 Айцы марыяне Андрэй Цікота і Фабіян Абрантовіч.
— Ойча з неба, Божа, змілуйся над намі!..
А ён, айцец Антоні, раптам сярод гэтых умольных словаў пачуў пах дыму — горкага, едкага, зусім не такога, які мог быць ад свечак. Нікому не распавядаў пра тое дзіўнае адчуванне, але й забыцца пра яго не мог. Адкуль ён плыў, гэты горкі дым, калі паблізу не было ніякага вогнішча, пажару? I не мог забыцца, як сціснулася тады нутро, як забракавала раптам паветра ў вялікім, прасторным касцёле. Тады і выдыхнуў з самай глыбіні душы:
— Езу, пашлі мне мужнасць.
А браты, нібы пачуўшы ягоную просьбу, маліліся далей:
— ...выслухай нас, Пане!..
Мужнасці спатрэбілася шмат. Неўзабаве над Друяй узвіўся чырвоны, як кроў, сцяг, а на агульным сходзе, сагнаным задзірыстымі чырвонаармейцамі ў вастраверхіх шапках, было абвешчана, што тут цяпер ніякая не буржуазная Польшча, ніякія не «ўсходнія крэсы», але самы што ні ёсць сапраўдны Савецкі Саюз. I гэта азначала, што ўсе павінны цешыцца з тае прычыны, а таксама спрыяць новай уладзе. Друйскія законнікі адразу паспрыялі, бо ў іх адабралі нядаўна звезенае з поля збожжа разам са свірнам і адрынай, а заадно прыхапілі й жывёлу з хлявамі, і пашу для яе. Калі чырвонаармейцы спраўна грузілі на павозкі адборнае зерне, айцец Антоні не вытрываў:
— Што вы робіце? Гэта ж насенне!
— А яно табе ўжо не спатрэбіцца, манах! — весела астудзіў яго задзірысты чырвонаармеец, а другі, старэйшы і вышэйшы ростам, дадаў з пераможным выразам на твары:
— Гэтак жа, як не спатрэбяцца тут больш і манахі. Так што, зматваўся б ты, дзядзя, у сваю айчыну!
— Куды ж я паеду, — больш не ў прыхадняў, але ў самога сябе горка папытаў айцец Антоні, — калі мая айчына тут?