• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    — Вярнуліся вашы ксяндзы! Двое! Маладзейшыя. Гэта... Можа, маеш які кавалак сала з хлебам, дык навучу, як выбавіць трэцяга з бяды.
    Сястра Разалія кінулася ў дом за парадай да маці Юзэфы. Тая выцягнула з кошыка на гарышчы кавалак салёнага сала, паклала ў прыдачу бохан хлеба ды колькі гуркоў. Сястра Разалія вынесла ўсё гэта і нецярпліва папытала:
    — Дык што з нашым ойчанькам?
    — На тым беразе, — адказаў руды, складваючы набытак у торбу. — У Прыдруйску яго пакуль што трымаюць. Але вы не спіце — збярыце людзей ды прасіце начальства выпусціць яго. Яны, камандзіры, канечне, жорсткія, але як да іх па-добраму, без гонару, то й можна дамовіцца. Так што, манашкі, ратуйце сваіх ксяндзоў!
    Чалавек пайшоў прэч, а яны кінуліся ў розныя бакі па мястэчку збіраць людзей. Увесь вечар ды яшчэ паўначы бегалі, і назаўтра каля касцёла з раніцы было людна, як на якое вялікае свята. Людзі раіліся, выказвалі самыя розныя здагадкі, а потым рушылі на бераг Дзвіны, дзе стаяла машына чырвонаармейцаў. I там ужо ўсчаўся сапраўдны гвалт: адны прасілі, другія патрабавалі, іншыя проста плакалі. Грудасты чырвонаармеец, мабыць іхні начальнік, стаў на прыступку машыны і гукнуў у натоўп:
    — Чего крнчнте, как воронье?
    Натоўп прыціх. Потым хтосьці з мужчын падаў голас:
    — Выпусціце нашага ксяндза.
    — А больше ннчего не хотнте? — штосілы загарлаў прамоўца. — Развелн здесь, поннмаешь, фашнстскую нечнсть н еіцё чего-то орут. Кулацкне прнхвостнн! Зажралнсь здесь прн буржуях. Ксендза нм подавай — нашлн мне героя!
    Усталявалася глухая ціша, яе праз хвіліну парушыў дзіцячы плач, да яго далучыліся жаночыя галасы, і сярод іх з натоўпу прагучаў сухі мужчынскі голас:
    — Сваё ядзім — не ваша! Гэта вы на нашае панаязджалі, бо сваё ўсё ўлапошылі.
    — Что-о? — зароў чырвонаармеец, саскочыў з прыступкі і рынуўся ў натоўп. — Ты, фашнстская шкура!.. Кто? Кто это сказал?
    3 новай сілай заплакалі жанчыны, надрыўна закрычала чыёсьці дзіця, старая кабета схапіла чырвонаармейца за рукаво і загаласіла:
    — Дзетка, не злуйся ты на нас — з гора мы так. Аддайце нам ксяндза, і мы пойдзем па хатах. Вы ж у Бога не верыце, дык нашто ён вам? Дзеткі! Аддайце ойчаньку! He бярыце грэх на душу. Як жа нам без святароў у гэтую завіруху?
    — Я сказал: разойднтесь по-хорошему! He вернётся уже ваш ксёндз! У вас вон еіцё сколько в монастыре сндят, как мышн! Ншь, гнездо свнлн! Всё знаем: у вас тут полно такнх, что на советскую власть косо смотрят! Вам любо с полячкамн да с немцамн шашнн воднть, нлн вон с латышамн якшаться!
    Моцна счапіўшы рукі, за колькі крокаў ад натоўпу ціха плакалі сястра Ядвіга з сястрой Разаліяй. Яны ўжо зразумелі, што ўся іхняя беганіна па мястэчку ў мінулую ноч была дарэмнаю і той руды прыхадзень, што атрымаў ад маці Юзэфы ладны кавалак сала за сваю параду, проста скарыстаў іхнюю бяду.
    — Юда! — усхліпвала сястра Разалія. — Юда няшчасны!
    — Цішэй, — спрабавала супакоіць яе сястра Ядвіга, а сама ўжо нават і не выцірала слёз. — Што ён ашукаў нас — перажывем, а вось што айца Кулешу не аддаюць...
    Ззаду хтосьці крануў яе за рукаво. Азірнулася — і адхіснулася ўсім целам убок: малады чырвонаармеец з шэрымі журботнымі вачыма стаяў перад ёю.
    — Ціха, — шапнуў. — He падымайце гвалту — нічога ўжо не паможа: застрэлілі вашага ксяндза.
    Сястра Разалія заціснула даланёй рот, задушыла роспачны крык, што ірваўся з грудзей.
    — Дзе яго пахавалі? — запытала сястра Ядвіга.
    — За вёскай, на тым беразе Дзвіны... у полі... Але вы цяпер беражыце тых ксяндзоў, што засталіся, бо і па іх збіраюцца прыйсці. Толькі мяне не выдайце, a то калі даведаюцца... — паказаў ён вачыма на таго, што ўсё яшчэ гразіўся разбурыць «буржуазныя гнёзды», і замоўк.
    — He даведаюцца, — паабяцала сястра Ядвіга і дадала, зазірнуўшы хлапцу ў вочы: — Маліцца за цябе будзем, добры чалавек.
    — Маліцеся... — не адмовіўся хлапец, і ягоныя вочы, здалося, зрабіліся яшчэ больш журботныя. Ён падняў з-пад ног лазовы дубец, пакруціў яго, сцебануў па сваім вялікім, яўна не па назе кірзачы і пайшоў прэч.
    — Так что расходнтесь по-хорошему! — гарлаў сваё барацьбіт з буржуазіяй. — У нас н без вас дел по горло.
    Хлапец з журботнымі вачыма сказаў праўду: чырвонаармейцы сапраўды прыехалі ў кляштар па айца Смалінскага і айца Бакаляжа, але яны, папярэджаныя сёстрамі, праседзелі да позняга вечара на высознай касцельнай вежы, а ўначы, калі чырвонаармейцы ад’ехалі, пераапрануліся ў жаночае адзенне і неўпрыкмет выйшлі з Друі, каб перачакаць ліхоцце на аддаленым хутары.
    Недзе праз тыдзень у Друю зноў заявіліся немцы, і прыціхлае, разгубленае пасля нядаўніх падзеяў мястэчка не ведала, бедаваць яму з гэтае прычыны ці мо лепш
    не наракаць на лёс, бо немцы пакуль што яшчэ нікога ў Друі не забілі, а тыя, з чырвонымі зоркамі на вастраверхіх шапках, ужо ўчынілі страшнае забойства.
    Цела айца Кулешы знайшлі і прывезлі ў Друю законніцы. Кабета з Лупантаў распавяла ім, як паўз яе хату салдаты вялі ксяндза з рыдлёўкай у руках. Яна яшчэ падзівілася: навошта друйскаму ксяндзу рыдлёўка, што ён такое збіраецца ў іх тут капаць? Потым бачыла, як ён капаў у полі яму, а двое чырвонаармейцаў чакалі. Выкапаў, перажагнаў яе, і забойца стрэліў...
    Калі цела ў акрываўленай сутане, загорнутае ў белую прасціну, прывезлі да касцёла, там ужо чакаў агромністы людскі натоўп. Айцец Смалінскі выйшаў на ганак, заспяваў: Libera me, Domine, de morte aeterna, in die ilia tremenda...10
    Ягоны голас асекся, i на касцельным пляцы ўслед за ім ужо болей ніхто не стрымліваў слёз.
    10 Выбаў мяне, Пане, ад вечнай смерці, у той страшны дзень (лац. Рэспансорый X ст.).
    IV
    Свідэрскі нацягнуў лейцы, і конь слухмяна прыпыніўся на ўзбочыне дарогі. Айцец Ляшчэвіч адарваўся ад сваіх думак, агледзеўся. Яны спыніліся пры сумнай хацінцы з шэрай саламянай страхой, за якой пачыналася мястэчка, раскінутае на некалькіх узгорках, што атачалі невялікае азярко пасярод мястэчка. Проста ж перад імі — толькі спусціцца ўніз і зноў узняцца на ўзгорак — чырванеў цагляны гмах.
    — Касцёл? — ці то запытаў, ці то сцвердзіў айцец Ляшчэвіч.
    — Касцёл, — задаволена, з гонарам усміхнуўся Свідэрскі. — Так што, ойчанька, прыехалі мы — во радасці тут зараз будзе!
    Касцёл быў скалечаны: груды цэглы на даху адно нагадвалі пра вежы, якія калісьці ўзвышаліся над ім.
    — Даўно яго... так? — запытаў айцец Ляшчэвіч.
    — Як ксяндзоў забралі, падступіліся і да касцёла. А высокі ж быў!.. Едзеш, было, з базару — за кіламетраў дзесяць відаць! Звон зазвоніць — таксама далё-ё-ка лятуць адгалоскі...
    — Але чаму? Навошта ж бурыць такую прыгажосць? — гарачкавата пытаў айцец Антоні. — Ну, зачынілі, калі баяліся з Богам сустрэцца, але навошта ж бурыць?
    Свідэрскі ўздыхнуў:
    — А навошта ўсюды ламалі ды ўзрывалі? Такую ўжо прынялі яны праграму — ламаць, крышыць, узрываць. Наш касцёл, кажуць, знявечылі, бо баяліся, што стаіць недалёка ад мяжы — прыцэл быццам бы вельмі добры.
    Памаўчалі.
    — Ра-сі-ца, — па складах, паволі вымавіў айцец Ляшчэвіч. — Прыгожая назва. Мабыць, росы тутулетку шчодрыя, таму і Расіца?
    Свідэрскі крануў каня лейцамі, узмахнуў пугай:
    — Хто яго ведае, чаму Расіца, а не як іначай. Усё ж, відаць, мае сваю прычыну: ці то ад росаў, ці то яшчэ ад чаго... Але... ад чаго яшчэ? — павярнуўся і запытальна паглядзеў на айца Антонія, потым засмяяўся, махнуў рукой. — А ну яго! Ніколі не думаў — няма чаго і цяпер галаву закручваць. Ды во... гэта ж... рэчка ў нас таксама Расіца!
    Пераступаючы парог касцёла, айцец Антоні памятаў, што тут ужо шмат гадоў не Божы дом, што тут доўга былі гаспадарамі мясцовыя камсамольцы. Гэта яны ў касцёле паказвалі кіно, ладзілі вечарыны ды канцэрты, на якіх, вядома ж, высмейвалі Таго, Хто паклікаў кожнага з іх да жыцця. Памятаў: тут цяпер не Божая святыня, у якой кожны вернік, калі зойдзе, згінае калені, тут цяпер... Ды ногі самі падагнуліся, ён укленчыў і, нізка звесіўшы галаву, надоўга знерухомеў. Ягонае сэрца не згадзілася з той брыдкай рэальнасцю, што гэты прыгожы раманскі касцёл — цяпер не святыня. Кленчыў і прасіў прабачэння ў галоўнага і сапраўднага Гаспадара гэтага дому, гэтай зямлі, гэтага свету:
    — Даруй ім, яны не ведаюць, што чыняць.
    Зарыпелі дзверы, хтосьці ціхімі крокамі наблізіўся ззаду да яго, спыніўся воддаль. Айцец Антоні падняўся з каленяў, азірнуўся. Жанчына ў доўгай карычневай сукенцы, гэткага ж колеру ваўняным свэтры і цёмна-сіняй хустцы, закручанай вакол шыі, амаль подбегам кінулася да яго, пацалавала руку, а потым зусім неспадзявана ўкленчыла і пацалавала край ягонай сутаны.
    — Дачакалася! Усё ж дачакалася! — выдыхнула яна, знізу ўверх зазіраючы яму ў вочы.
    Столькі адкрытай і яснай радасці было ў ейных вачах, што айцец Антоні сумеўся. Жанчына мела прыгожы, хоць і немалады ўжо твар, па якім нечакана, як для гэткага радаснага ўзрушэння, пацяклі дзве слязіны.
    — Устаньце, — ласкава папрасіў айцец Ляшчэвіч.
    Яна паднялася.
    — Гэта і ёсць наша Гэлена, — сказаў Свідэрскі, які ўвесь час стаяў за філярай і не падаваў гуку. — Тая самая Гэлена, якая ў нас была за ксяндза.
    — Ну вот жа, як скажаце што, пане Свідэрскі! — засаромелася Гэлена, а айцу Антонію патлумачыла: — He ад лёгкага жыцця, ойчанька.
    Чым больш чуў айцец Антоні пра тутэйшае жыццё і ягоны цяжар, тым ясней адчуваў, што ўсё гэта стане і ягоным жыццём, а значыць і болем. Ён абвёў позіркам абшарпаныя сцены, пакалечаныя алтары — паленаваліся вынесці? — недарэчную столь з пасівелых негабляваных дошак над галавой.
    — Ойчанька! Усё тут можна зрабіць! — зразумела ягоныя нявымаўленыя думкі Гэлена. — У людзей па хатах ды на гарышчах ёсць схаваныя абразы, знойдзецца тое-сёе і з начыння.
    — У мяне пад апілкамі ў адрыне ляжыць крыж, што вісеў пры ўваходзе.
    — Пад апілкамі...
    Гэлена скрушна пахітала галавой:
    — Шмат чаго ў нас тут ляжыць пад апілкамі, a то і ў зямлі закапана. Мабыць, гэтага дня чакала, праўда, ойчанька? — заўсміхалася яна і неяк цвёрда, з націскам дадала: — I дачакалася!
    — Даруйце, — ціха прамовіў айцец Антоні, уражаны затоенай сілай, што чулася ў голасе гэтай немаладой, нават кволай з выгляду жанчыны. — Я не хацеў вас пакрыўдзіць.
    Сумна, аднымі вуснамі Гэлена ўсміхнулася яму ў адказ: — А ксёндз і не пакрыўдзіў нікога. Ды і на каго мы маем крыўдаваць, апроч як на злую сілу, што не на жарт разлютавалася па нашых ваколіцах?