• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    He, дзеля гэтага варта сюды ехаць і працаваць, не шкадуючы сілаў. Хто ведае, можа, гэта і ёсць ягонае асноўнае жыццёвае заданне... Можа, галоўнае, што ён павінен зрабіць у жыцці, ён робіць менавіта цяпер? Тут? Ён ведае, што павінен вярнуць Бога людзям, ад якіх, здаецца, адвярнуўся цэлы свет. Многія з іх заблудзіліся ў гэтым жыцці, многія разгубіліся, страцілі ўсялякую ўпэўненасць і цяпер навобмацак шукаюць яе. А колькі тых, што ўжо нічога не шукаюць, нічога не чакаюць, бязмэтна сціраючы адведзеныя ім дні!..
    Як жа айцец Антоні быў удзячны сваім дарагім гасцям за тое, што яны дапамаглі яму наладзіць гэтае свята ў Расіцы! Можа, не менш быў удзячны, чым ахвярная
    14 Канфесіянал — спавядніца (ад лац. confessio).
    Гэлена, якая шмат гадоў вымольвала ў Пана Бога гэты дзень. I таму цяпер ён як дбайны гаспадар дзякаваў сваім канфратрам15. Хтосьці з іх аджартаваўся:
    — Як жа было не прыехаць да суседа? Абавязак. Святы абавязак.
    Суседзі. Ксёндз Антоні займеў іх, прыехаўшы ў Расіцу. Суседам стаў айцец Лаўцэвіч з Лявонпалю, да якога ён любіў прыязджаць, бо запаў яму ў душу ціхі, задумлівы старасвецкі Лявонпаль, дзе на яго заўсёды веяла нейкім асаблівым супакоем. Часам з Лявонпалю айцец Антоні ехаў у Дрысу і ў невялічкім, цудам ацалелым касцёле адпраўляў святую Імшу. Часам наведваў і Сар’ю з яе цудоўным касцёлам з чырвонай цэглы, што, здавалася, усімі сваімі спічастымі вежамі ўзлятаў увысь. Цяпер жа і Дрыса, і Сар’я зрабіліся ягонымі суседзямі. Суседкаю стала і ціхая Ідолта з яе двума невялічкімі касцёламі, якія нібы паглядаюць адзін на аднаго з процілеглых берагоў ціхага азярка.
    Ксёндз Баляслаў нібы адчуўшы думкі айца Антонія пра ягоную Ідолту, узняў голаў, і іхнія позіркі сустрэліся. Лёгкая ўсмешка разумення й падтрымкі кранула вусны ксяндза Баляслава. Айцу Антонію быў сімпатычны гэты малады прыгожы святар з уважлівымі, добрымі і злёгку быццам сумнаватымі вачыма. Ён з’явіўся ў Ідолце пасля таго, як бальшавікі арыштавалі ідолцкага пробашча Эліяша. Хадзілі чуткі (хацелася верыць, што гэта ўсяго толькі чуткі, а не жорсткая праўда), нібыта ксяндза Эліяша разам з сотнямі вязняў расстралялі. Казалі, што іх гналі з Беразвечча ў Віцебск. Каля Улы над калонаю пачалі кружляць нямецкія самалёты і вартавыя, выконваючы, мабыць, страшны загад, атрыманы яшчэ ў Беразвеччы, расстралялі вязняў. Казалі яшчэ, што кроў пасля таго
    15 Члены аднаго брацтва, ордэну, святары-калегі, літаральна: сабраты (ад лац. confrater).
    стаяла ў дарожных каляінах, нібы вада пасля дажджу. He хацелася верыць, што ў гэтых каляінах змяшалася з гразёй, застыла кроў і разважлівага ксяндза Эліяша. Пасля яго ў Ідолце застаўся недабудаваны касцёл, і цяпер ім займаўся ксёндз Грамз. Кажуць, ён цэлымі гадзінамі прастойвае на каленях у глыбокай малітве перад табэрнакулюмам. Што ж, калі так, то будзе ўрадлівы плён ягонае працы...
    Айцец Антоні зноў сустрэўся вачыма з позіркам ксяндза Баляслава і, нібы падбадзёрваючы свайго маладога калегу, усміхнуўся яму. Зрэшты, яму, ксяндзу Антонію, самому была патрэбная падтрымка ў ягонай няпростай справе. Але ж справа гэтая ў імя Бога, таму быць не можа, каб не атрымаў айцец Антоні найвышэйшай, самай жаданай і самай патрэбнай падтрымкі, той, што раз-пораз прыходзіць да людзей з нябеснае вышыні і нябачна, незаўважна кіруе іхнімі шляхамі-дарогамі, якія людзі звыкліся называць сваім лёсам.
    Гэнька заплакаў гэтак голасна, што ўсе, хто быў паблізу, пакідалі свой занятак. Працы напярэдадні Божага Нараджэння ў касцёле столькі, што колькі б ні прыйшло людзей да тае працы, іх усё адно не будзе зашмат. Тым больш, што касцёл не толькі трэба ўпрыгожыць, але і паспець залатаць такія-сякія дзіркі, зашкліць вокны ды зладзіць галоўны алтар. Бакавыя ўжо да свята не паспеецца — хоць бы галоўны. Хто — з пілой, хто — з сякерай, хто — з малатком. I вось у гэтую гарачую працу, для якой так мала кароткага зімовага дня, уварваўся голасны хлопчыкаў плач. Гэньку акружылі і нейкі час за ўсхліпамі не маглі дабіцца толку.
    — Ты скажаш нарэшце, што там у цябе стрэслася? — злавала Гэнькава маці, высокая мажная кабета, тузаючы сына за каўнер кажушка.
    А хлопчык убачыў айца Антонія, які якраз выйшаў з сакрыстыі, кінуўся да яго, прытуліўся зарумзанай шчакой да сутаны і скрозь усхліпы ледзь чутна прамовіў:
    — Я зрабіў з гліны бычка, як ты сказаў, нёс яго сюды, а поты-ым... ы-ы-ы... — зайшоўся ён зноў няўцешным плачам.
    Айцец Антоні ўзяў хлопчыкаў твар у свае далоні:
    — Ну-ну, і што ж сталася потым?
    — Паслізнуўся-я-я... і... і... у бычка адарваліся ногі.
    — Цьху ты, дурніло малое! — раззлавалася Гэнькава маці. — Напужаў толькі! Я ўжо думала, ці паламаў што, ці звіхнуў.
    — Го! Цо за бёда! — падышоў бліжэй ксёндз Фелікс і ўзяў з рук малога ягонага глінянага бычка без абедзвюх задніх ног. — Цо за бёда — нёма ног! To ж война, браце коханы! Розўмеш? Но! Цо ж за бёда споткала твэго бычка? Подставімы ногі! I радосць справімы Езўсу! Розўмеш? Вбйна! Бёда можэ спбткаць не тылько чловёка, розўмеш? Но, Гэн-ню-юсь! Усмёхній сень! Цо?
    У словах айца Фелікса было столькі бадзёрага й спагадлівага, што Гэнька, хоць і не ўсё разумеў з ягонай польскай гаворкі, якую ксёндз Фелікс з усіх сілаў імкнуўся наблізіць да тутэйшай, але плакаць перастаў. Малы шмаргануў носам, недаверліва перавёў позірк з айца Антонія на айца Фелікса — перамоўчаў. 3 першага дня знаёмства, з таго самага, калі яны, расіцкія падшыванцы, гулялі каля канюшні ў хованкі і ўпершыню ўбачылі незнаёмага чалавека ў сутане, Гэнька палюбіў айца Антонія. На наступны ж дзень малы прыбег у касцёл шукаць таго дзіўнага «дзядзьку ў чорнай сукенцы», які паабяцаў ім расказаць нешта цікавае. Прыбег і ніяк не мог даць веры цётцы Гэленцы, што таго чалавека ўжо няма. Праўда, яна казала, што айцец Антоні абавязкова вернецца, але горкі камяк як захрас у Гэнькавым горле, так чамусьці і не кратаўся — ні ўзад, ні ўперад. I знік ён толькі тады, калі Гэнька пачуў ад сябрукоў, што яны зноў бачылі таго дзіўнага чалавека ў чорнай сукні. Гэнька як стаяў босы сярод хаты, так стрымгалоў і панёсся ў касцёл. «Дзіўны чалавек» пазнаў Гэньку і больш за тое — зарадаваўся, убачыўшы яго, адно толькі і запытаў, ці не горача Гэньку гойсаць прымаразкамі басанож. «Не-а, — шчасліва смяяўся тады Гэнька, — я прывычны. Дзе ж нам мамка набярэцца для ўсіх абутку?»
    Сёння Гэнька ў валёнках. Праўда, гэтыя валёнкі на дваіх — на Гэньку і на ягоную сястру Насцю, якая недзе румзае цяпер у хаце, бо ёй таксама хочацца ў касцёл, дзе ладзяць тую таямнічую стаенку для маленькага Езуса, што неўзабаве народзіцца ў іхнім касцёле.
    — He плач, хлбпчэ, полечымы трбхэ твоёго бычка і бэндзе он гоноровым госцем... I Езус бэндзе задоволены, — казаў айцец Фелікс.
    Ксёндз Антоні ўзяў Гэньку за плечы і лёгенька падштурхнуў туды, дзе некалькі мужчын ладзілі стаенку:
    — Ідзі, Гэнька, падавай ім пруткі — усё хутчэй будзе.
    Высокі мужчына ў доўгім кажусе, на якім там-сям яшчэ віднеліся белыя лапікі снегу, падышоў да айца Антонія:
    — 3 Цінкаўцаў я, па аплаткі прыехаў. Для ўсёй вёскі. Дасцё?
    — Дадзім-дадзім, — паспешліва кіўнуў галавой айцец Антоні. — Якая ж куцця без аплаткаў? А ў касцёл на Пастэрку збіраецеся?
    — Прыдзем. Чаму не прыйсці, калі ёсць куды, — заўсміхаўся мужчына. — Малых — на сані, самі — ззаду. Каб толькі было куды ісці, — паўтарыў.
    — А ведаеце, што Пастэрка ў нас сёлета не ўначы, як заўсёды, але ўдзень? Вайна, разумееце...
    А ў сакрыстыі тым часам — зусім іншая праца. Айцец Фелікс, клерык Генрых, які нядаўна прыехаў у Расіцу з Друі, ды сакрыстыян Юзаф асцярожліва абстукваюць сцены — шукаюць каштоўны клад.
    Сёння ўранні ў касцёл прыйшла жанчына ў шэрым залапленым кажусе, паверх якога ледзьве не да пояса спадалі доўгія фрэнзлі клятчастай пянькоўкі, закручанай вакол шыі. Жанчына адазвала ксяндза Антонія ўбок і пачала шаптаць, раз-пораз выціраючы рукой сухі, абветраны твар:
    — Доўга я чакала гэтага дня, думала, памру, не прычакаўшы, ды, дзякаваць Богу, мусіць... To ж, я так разумею, вы надоўга сюды прыехалі, праўда? Будзеце тут, праўда?
    — Калі Бог дазволіць, — стрымана адказаў айцец Антоні, прадчуваючы штосьці незвычайнае.
    — У сцяне сакрыстыі замуравана касцельнае начынне, — зашаптала зноў жанчына. — Шукаць трэба.
    — Але... як? Адкуль вам... гэта вядома?! — сумеўся айцец Антоні.
    I тады жанчына, глытаючы словы, распавяла яму даўнюю таямніцу, якую некалі даверыў ёй ксёндз Эдвард, што да самага свайго арышту служыў у расіцкім касцёле. У той год, калі паўсюль шалеў сталінскі хапун, ксёндз Эдвард зразумеў, што не абміне ён і яго. Тады і замураваў касцельнае начынне ў сцяну — да лепшых часоў I выглядала на тое, што менавіта на гэты вось самы час ён разлічваў, бо вярнуліся ж у касцёл святары, а значыць і начынне спатрэбіцца. Жанчына не ведала дакладна, дзе, у якім месцы трэба шукаць, бо ксёндз Эдвард сказаў ёй толькі, што ён гэта зробіць, паказаць жа не паспеў — забралі.
    I яны шукалі — прастуквалі сцены, прыслухоўваліся, уважліва аглядалі кожны сантыметр. Гэты занятак асабліва захапіў клерыка Генрыха, сімпатычнага маладога чалавека, якога айцец Антоні ведаў яшчэ з навіцыяту ў Скурцы16.1 вось цяпер сустрэліся тут, на місіі. Як цяжка ўсё ж вымаўляць слова «місія» ў дачыненні да гэтай зямлі, дзе людзі здавён ведалі Хрыста, мелі Яго ў сваіх сэрцах. He яны вінаватыя, што пачварная злая сіла замахнулася нават на іхнія сэрцы. Зрэшты, чаму «нават»?.. Найперш — на сэрцы. Бо пасля таго, як пераможана сэрца, з чалавекам можна рабіць што заўгодна. I ўсё ж гэта — не місія, гэта — вяртанне! Праз боль, страты, крыўды, праз недавер і страх, але гэта — вяртанне!
    Добра зразумеў тое ўчора ў Асвеі. Ён спавядаў. Ужо даўно замерзлі ногі, ад працяглага нязручнага сядзення пачынала нямець спіна, а людзі ўсё ішлі і ішлі да споведзі. Касцёл у былым панскім палацы быў поўны народу. Час ад часу дзверы адчыняліся, і ў марозных клубах уваходзіў хтосьці яшчэ. Ды вось неспадзявана чалавек, які толькі што ўвайшоў, укленчыў на імгненне пры парозе
    16 Вёска ў Польшчы, дзе ёсць кляштар марыянаў.
    і подбегам скіраваўся проста да спавядніцы. Айцец Антоні здзіўлена ўзняў бровы, дакорліва паглядзеў на кабету ў паношанай незашпіленай шварцы, па ўсім відно, з мужчынскага пляча. Тая адступіла на пару крокаў, нейкі час стаяла, потым укленчыла, а як толькі чалавек, які спавядаўся, адышоў, яна сарвалася з каленяў, падбегла да айца Антонія і паспешліва пачала шаптаць: