• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    — Але чаму? — запытаў айцец Антоні.
    — Таму што ў нас хутка будзе камунізма! — крыкнуў самы старэйшы. — Мне тата заўсёды казаў, каб я нікому не прызнаваўся, што бабуля кожны вечар моліцца і што ў яе за печчу на крыжы вісіць Божанька!
    — Вось ты нікому і не сказаў, — заверашчаў той, што вылез з аеру.
    Старэйшы густа пачырванеў і, не знайшоўшы, што адказаць, падаўся назад.
    — Дык вось, дзеткі, — загаварыў айцец Антоні, — ксёндз — гэта такі чалавек, які ўсё сваё жыццё распавядае людзям пра Бога.
    — Усё жыццё? — піснуў хлапчук у доўгай кашулі, а хтосьці прысвіснуў.
    — Ну так, усё жыццё. Таму што Бог такі вялікі, такі магутны, велічны, што, каб добра распавесці пра Яго, не хопіць і жыцця. А для таго, каб усе людзі ведалі, хто менавіта можа распавесці ім пра Бога, той чалавек і носіць такое адзенне, як у мяне. Разумееце? Каб кожны, хто са мной сустрэнецца, ведаў, што ў мяне можна папытацца пра Бога.
    — Дык раскажы нам, — папрасіў Гэнька.
    Айцец Антоні засмяяўся:
    — Можа, трохі пазней? Вы прыходзьце ў касцёл — я там часта буду. Вось там і пачуеце шмат цікавых рэчаў, пра якія раней не чулі. А напачатку добра запамятайце: самы галоўны на свеце — Бог. I ніхто іншы. Ніводзін чалавек не можа быць Яму роўны.
    — I ні Ленін, і ні Сталін? — адкрыў рот рабаціністы хлапчук.
    -He.
    Малыя пераглянуліся, пакруцілі галовамі, але пярэчыць не сталі.
    — Бог стварыў і зямлю, і неба, і зоркі на небе, — казаў далей айцец Антоні, — усё-усё, разумееце? Нас з вамі Ён таксама стварыў. Таму ўсе людзі і павінны заўсёды дзякаваць Яму за гэта.
    Разявіўшы раты, малыя глядзелі на айца Антонія і маўчалі. «Вось і сказаў я сваё першае казанне ў Расіцы», — пажартаваў сам з сябе ў думках айцец Антоні.
    — А-а-а, каб вас на кускі парвала! — уварваўся раптам у іхнюю цікавую гаворку злосны жаночы крык. — Каб вас чэрці ганялі, як вы не налётаецеся!..
    Высокая худая кабета з доўгім дубцом у руцэ ішла да іх і сіпатым голасам лямантавала:
    — Грышка, заразнік, я табе што загадала? Я табе, вытарапак ты няшчасны, загадала свінню пасвіць! А ты, валацуга пракляты, што робіш? Каб ты свету не бачыў, як табе мала гэтых гульняў! Каб ты...
    Малыя гарохам сыпанулі на бакі. Толькі айцец Антоні застаўся стаяць на ранейшым месцы і, знямеўшы ад пачутага, на ўсе вочы глядзеў на расчырванелую ад гневу кабету. Разбэрсаныя валасы, што пасмамі вытыркаліся з-пад выцвілай, шызай хусткі, рабілі яе непрыгожай і нават страшнай. Але яшчэ страшнейшымі былі тыя словы, якія калючым шротам зляталі з сухіх, патрэсканых вуснаў:
    — Каб ты ногі-рукі павыкручваў як ты пакінуў свінню галоднай! Каб ты...
    Убачыўшы нарэшце айца Антонія, кабета спынілася, як укапаная, і асеклася на паўслове. Яна, якая кагадзе гатовая была ўчыніць вось тут, на месцы, расправу за ненакормленую свінню, цяпер тупа глядзела на айца Антонія і адно лыпала вачыма.
    Айцец Антоні нейкі час не мог знайсці патрэбных слоў, толькі выціснуў з сябе:
    — Навошта ж... гэткімі страшнымі словамі... — памаўчаў і дадаў: — He грашы так, жанчына.
    Кабета нічога не адказала. Яна крутнулася, пайшла прэч, сцёбнула дубцом сабе па назе, потым раптам спынілася, неяк крыва павярнулася назад, спадылба зірнула на айца Антонія, і ейны твар зморшчыўся. Яна ўсхліпнула:
    — А ці ж мне лёгка, адной, на ўсіх іх гнуць спіну? А дзе ж я набяруся цярплі-і-васці ды сі-і-лачкі? А каб жа яна спрахла, гэткая мая долечка-а-а...
    Яна пайшла, прычытваючы паміж усхліпам. 3 прыдарожнага лазняку голасным гагатаннем адазваліся гусі і заглушылі ейную жальбу. Кабета замахнулася на іх дубцом, а яны, быццам здзекуючыся з яе, узнялі сапраўдны вэрхал.
    VI
    Прастрэленая ў некалькіх месцах сутана айца Кулешы, старанна вымытая ад крыві й бруду, вісела цяпер на паддашшы дома сясцёр эўхарыстак. Часта, калі палыновая горыч сціскала грудзі, сястра Ядвіга ўзлазіла на паддашша і, утуліўшы твар у шорсткае чорнае сукно, давала волю слязам. Яна ніяк не магла змірыцца з тым, што ў некага паднялася рука на святара. У вушах стаяў ягоны спакойны, упэўнены голас, калі ён праводзіў для іх біблійныя заняткі. Памяталіся ягоныя словы пра тое, што надыдзе такі час, калі будзе карыснаю кожная дробязь, спазнаная раней.
    Надыдзе такі час... Ці не надышоў ён ужо, той складаны і страхавіты час? Як жа горка і сумна жыць у ім!
    — Цётачка, не плач! Ён жа быў добры і, напэўна, ужо ў небе! — тоненькі галасок з цемры паддашка.
    Кася... Дзяўчынка, якая не так даўно прыбілася ў Друю аднекуль з-за Дзвіны. Прыйшла шукаць сваіх родзічаў ды й затрымалася ў сясцёр. Худзенькае, танклявае дзяўчо ў спалавелай сукенцы хутка абвыклася ў іх, называла сясцёр «цётачкамі», мабыць, тым самым кампенсуючы тое, што так і не знайшла сваіх родзічаў. Сёстры прапанавалі ёй рыхтавацца да першай споведзі. Згадзілася і з радасцю, шырока раскрыўшы вочы, паглынала тое, чаму яе вучылі. А ў нядзелю Кася прыме Першую святую Камунію.
    — Будзеш да нас потым прыходзіць у касцёл, Кася? — папытала сястра Ядвіга, прытуліўшы дзяўчынку да сябе.
    — Прыходзіць!.. Ці ж гэта блізкі свет? Я вось кажу, кажу, каб вы са мной пайшлі ды нашых дзяцей вучылі рэлігіі, а вы не хочаце слухаць, — надзьмулася Кася. — У нас жа таксама ёсць касцёл. Праўда, маленькі, разоў у... шмат меншы за ваш, але ж ёсць!
    Яна шмат шчабятала пра гэта і нават не здагадвалася, што дарослыя абмяркоўвалі тое ж.
    — Пойдзеце? — дапытвалася дзяўчынка.
    — Ах, Кася, Кася, ці ж гэта ад мяне залежыць? — уздыхнула сястра Ядвіга. — Ужо ж колькі я табе тлумачыла, а ты ўсё адно сваё.
    Яны злазілі з паддашша, і Кася апраўдвалася:
    — Ой, цётачка Ядвіга, не злуйся я ж не адной табе, я ж і іншым цётачкам кажу.
    Столькі шчырага й непасрэднага было ў ейным голасе, што сястра Ядвіга засмяялася, ці не першы раз пасля пахавання айца Кулешы.
    He адна Кася прыйшла ў Друю з-за Дзвіны. To ў адну, то ў другую нядзелю ў чарзе да спавядніцы ў касцёле можна было ўбачыць кагосьці незнаёмага. I калі той незнаёмы надоўга кленчыў пры спавядніцы, было зразумела, што ён даўно не спавядаўся, а таму, хутчэй за ўсё, прыбыў адтуль, дзе ўжо даўно не было ў каго паспавядацца.
    VII
    Кася гатовая была скакаць ад радасці — яна вяртаецца з Друі дахаты не адна, а разам з «цётачкамі». Яны нарэшце згадзіліся з Касяй, што ім трэба распавядаць людзям пра Бога не толькі ў Друі, але і ў Касінай вёсцы. Яны паслухаліся яе — вось жа радасць!
    Дзяўчынка, вядома ж, не магла ведаць, што пасля таго, як айцец Ляшчэвіч вярнуўся са сваёй пабыўкі за Дзвіной, яны доўга абмяркоўвалі з генеральнай маці законніцай Юзэфай Жук, каго з сясцёр можна паслаць на місіянерскую працу за Дзвіну. Маракавалі, раіліся і вырашылі пасылаць толькі тых, якія самі таго жадаюць, бо праца чакала нялёгкая ды няпростая. Потым генеральная маці з’ездзіла ў Вільню, атрымала дазвол і блаславенне на працу ад біскупа, і толькі пасля гэтага сёстры пачалі збірацца ў дарогу. Для Касі ж таксама вызначалася адказная місія — праводзіць іх у сваю вёску.
    Шмат рэчаў у дарогу не бралі, ды іх і не было. Блюзка ды спадніца, ды хустка на галаву. Кожная, праўда, мела габіт12, але яны ляжалі на дне скрыняў, падалей ад нядобрых вачэй. Знялі іх сёстры ў верасні трыццаць дзявятага, тады, калі ў Друю завіталі чырвонаармейцы. Параілі гэтак зрабіць святары, бо ведалі, што для савецкіх актывістаў адзенне святара альбо габіт законніка, што чырвоная
    12 Ад habitus (лац.) — адзенне законніка.
    ануча для раз’ятранага быка. Сёстры знялі іх неахвотна і пачалі адзяваць толькі ў сваім доме ў дні вялікіх урачыстасцяў, папярэдне зашчапіўшы дзверы ды пазавешаўшы вокны ад залішне цікаўных вачэй. He адзелі яны габітаў і з прыходам немцаў, ад якіх таксама хацелася быць як найдалей — гэтак жа, як і ад «саветаў». Таму знешне сёстры цяпер нічым не адрозніваліся ад іншых друйскіх кабетаў.
    У няблізкую дарогу выправіліся ўтрох: сястра Апалонія, сястра Ядвіга і Кася-правадніца. Вырашылі пераправіцца цераз Дзвіну на лодцы, прайсці Прыдруйск, яшчэ пару латышскіх вёсак і зноў апынуцца на Беларусі, толькі ўжо ў той, якая і раней была савецкай.
    На латышскай мяжы іх запыніў салдат загадным воклічам: «Halt!»13. Спыніліся. Але потым сястра Апалонія, расшпіліўшы свэтар, паказала яму нагрудны крыж законніцы, перажагналася і махнула рукой перад сабой, маўляў, у нас мірныя мэты, мы нясем Хрыста. Ён, здаецца, зразумеў і нават ухваліў: гут, гут. Усцешаныя такой лёгкай развязкай першай мітрэнгі, рушылі далей. Няблізкая гэта была дарога. Колькі разоў сёстры дапытваліся ў Касі:
    — Ну, можа, ужо Савецкі Саюз?
    Але тая адно махала рукой ды пасмейвалася з іхняе нецярплівасці:
    — Ой, цётачкі, нашы мясціны адразу прыкметныя — там адна лабада будзе пры дарозе.
    Праўда, дабрылі нарэшце і да абяцанай «лабады» — занядбаных былых калгасных палеткаў, якія цяпер увогуле былі нічые. Вока спатыкалася аб шэрыя хаціны за крывым частаколам, ад якіх веяла гэткім жа шэрым сумам.
    Пад вечар стомленыя, запыленыя, са спечанымі ад смагі вуснамі, яны нарэшце ўзышлі на ганак Касінай хаты. Насустрач ім выбегла Касіна маці і, прытуліўшы дачку, заплакала:
    13 Стаяць! (ням.).
    — А я ж ужо ўсе вочы прагледзела! Як пайшла, дык і згадкі няма. Ажно душа зайшлася, цябе чакаючы.
    Калі Кася патлумачыла маці, што гэта за «цётачкі» з ёй прыйшлі, кабета пляснула рукамі і зноў пачала прычытваць:
    — А мае ж вы родненькія! Ці ж мы мелі спадзеўкі, што пра нас яшчэ нехта памятае? Ці ж маглі мы падумаць, што хтосьці і пра нашыя душы клапоціцца?
    I яна заплакала, бо ўжо звыклася аплакваць сваю гаротную долю, у якой не было ані макавінкі прасвету. Ды і хто б не плакаў: шасцёра дзяцей, як гарох, адзін пад адным, на ейных плячах, а муж невядома дзе, у якім краі. «Вораг народа»... Такіх «ворагаў» у Балінах — у кожнай хаце, бо ў вёсцы пасля хапуна ў трыццаць сёмым, а потым і ў саракавым засталіся адны бабы ды дзеці, ды яшчэ некалькі сівых дзядоў. Усе ж мужчыны, каторыя пры сіле, — «ворагі», і ўсе яны вывезеныя хто куды. Бо, як тлумачыў неяк сельсаветчык, у прымежнай зоне патрэбна асаблівая пільнасць, тут ні на кроплю нельга спускаць вачэй. Вось гэтая пільнасць і гнула ў крук жаночыя плечы ды змушала іх выплакваць вочы над сваёй гаротнай доляй, над дзецьмі, што прагавіта хапалі кожны акраец хлеба.