Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
Потым яны разам маліліся Ружанец, укленчыўшы каля стала, які баба Альбіна заслала вышыванай сурвэтай. Калі мовілі Ларэтанскую літанію, баба Альбіна расплакалася, і айцец Юры чуў, як здушана выдыхала яна праз усхліпы: «За нас маліся». Перажагналіся, пацалавалі крыжыкі ружанцаў і нейкі час стаялі, сцішаныя, на каленях — думалі кожны пра сваё і давяралі тое сваё, патаемнае, Богу. Раптам баба Альбіна крутнула галавой і неяк разгублена, умольна зірнула на айца Юрыя:
— I што ж гэта такое прыйшло на зямельку, што ні мужыкам, ні панам, ні ксяндзам няма спакою?
Айцец Юры перамоўчаў, толькі ніжэй апусціў галаву.
— Ах, Бо-о-жа ж наш, Божа! — жаласна й распеўна забедавала бабуля. Яна цяжка паднялася, сашчапіла на грудзях рукі — рушыла да аднаго, другога вакна, потым заціснула рот сваёй учарнелай спрацаванай рукой і пайшла ў трысцен. Нейкі час айцец Юры стаяў на каленях, нізка звесіўшы галаву. Трэба было збірацца ў дарогу, а ён лавіў сябе на тым, што знарок марудзіць. Калі ўсё пойдзе на добрае, то да Друі заставалася дзве начы хады.
— Будзь воля Твая, Пане, — прашаптаў ціха і падняўся.
Бабуля, мабыць, падглядвала ў шчыліну дзвярэй, бо адразу паклікала:
— Ойчанька, проша да столу!
На гэты раз на талерцы збоч гарачага варыва ляжала яшчэ некалькі скрыдлікаў пажоўклага леташняга сала. Баба Альбіна прысела на лаўку пры стале і адразу пачала тлумачыцца:
— Ты ж, ойчанька, не думай чаго кепскага пра мяне, дурную бабу. Гэта ж, каб я адразу скумекала, то ці ж бы чаго пашкадавала? Апошняе аддала б... Як роднаму сыну...
— Навошта ж апошняе? — сумеўся айцец Юры. — Я ж разумею, што і самім вам нясоладка. Ці ж я... — і не знайшлося болып слоў.
— Даражэнькі ты мой, — заплакала раптам бабуля, — каб жа ведаў, як нясоладка! Гэта ж я не казала, бо не будзеш пра такое малоць языком з першым стрэчным: чалавек мой разам з сынам у лесе вунь хаваюцца, — махнула галавой некуды ўбок. — Я ж ім кожны дзянёк есці нашу, кожны дзянёк... і за кожным разам перакалачуся, што тая асініна.
— У партызанах? — коратка папытаў айцец Юры.
— Якія табе там партызаны! — махнула старая рукой. — Можа, дзе і ёсць, ды толькі мае баяцца і адных, і другіх. Кажу табе: перавярнуўся свет, перавярнуўся, — і ўзняла заплаканыя вочы: — Адны яны ў лесе. Без анікога.
Як заварылася ўся гэтая каша, дык сына ўзялі ў сваё войска палякі, а праз год прыйшоў ён дахаты, згаладалы, высахлы — скура ды косці. Пешкі ажно з-пад Варшавы ішоў. Ды і якая там хада, калі нага перабітая. А тут за гэты час «саветы» прыйшлі, пачалі хлопцаў у сваё войска збіраць. Дык ён не стаў чакаць, пакуль яго злапаюць — у лес падаўся разам з бацькам. Вот і кукую я тут адна, — заплакала яна зноў. — Ёсць мае мужчыны блізка, а ці вернуцца калі ў сваю хату?
Дык вось для каго берагла баба Альбіна гэтае прыжоўклае сала! Горла сціснула, быццам захрас у ім кавалачак таго дарагога наедку. Ціха прамовіў, сам слаба верачы ў свае словы:
— Але ж ваша хата з краю, на хутары, то, можа, і не так страшна было б пабыць ім хоць трохі дома?..
— Ойчанька! Ці ж яны не былі б, каб толькі можна было?! — пляснула рукамі баба Альбіна. — Вунь Васілішын Мікола на сваім гарышчы хаваўся — дык жа знайшлі, каб іх парвала. Забралі, а куды павялі — ніхто не ведае. Як у сажалку чалавек боўтнуўся.
— Ды хто ж забраў?
— А хто табе скажа: уначы адны прыходзяць, дубальтоўкамі сваімі трасуць над людскімі галовамі, а ўдзень нямецкія гергетуны на сваіх марцыклетах — шась туды, шась сюды. Адно толькі і чуваць цяпер: там — застрэлілі, там — падпалілі, там — скаціну са двара да апошняга хваста выгналі. А ты сядзі сабе, чалавечак, і толькі чакай, з якога боку новая бяда прыпаўзе. Цяпер чалавечая жытка анічагусенькі нявартая стала: сёння — ёсць, а заўтра...
Айцец Юры адно ўздыхнуў. За сваю доўгую дарогу ён шмат наслухаўся гэткіх жальбаў, нараканняў. Усюды яны былі падобныя: пад Скурцам, каля Вільні ці Коўна, тут, блізу ягонай Друі. Што ён, святар, мог параіць людзям у гэткія хвіліны? Толькі адно — даверыцца Божаму Провіду, як даверыўся ён сам.
II
Высокая статная жанчына ў блакітнай блюзцы, паверх якой спераду быў павязаны сіні хвартух, шпаркім крокам ішла паперадзе айца Юрыя і паспешліва, злёгку задыхана гаварыла:
— Ён жа, наш ксёндз, увесь час моліцца. Калі толькі што робіць — тады перапынак, а так каб калі-небудзь сеў ды проста так сабе пасядзеў? He. У яго гэткага няма. To працуе, то моліцца. Час, кажа, такі. Па-іншаму, кажа, не выпадае. Бог, кажа, патрабуе гэтага.
Яна раптоўна спынілася і павярнулася да айца Юрыя:
— А вы што, да яго нейкі інтарэс маеце?
Ейныя вялікія шэрыя вочы ў атачэнні драбнюткіх зморшчынак, якія, як ні дзіўна, не псавалі прыгожага твару, але наадварот, надавалі яму лагоднай мудрасці, уважліва глядзелі на айца Юрыя. I ён зразумеў: жанчына яму не давярае. Таму і пайшла праводзіць з плябаніі да касцёла, хоць ён і пераконваў, што дойдзе сам, бо не раз быў тут некалі. He паслухала — пайшла разам. Трэба было неяк развеяць ейны недавер, і айцец Юры паспрабаваў гэта зрабіць:
— Так, маю інтарэс... — падумаў і дадаў: — Я... тутэйшы, праўда, даўно не быў у гэтых краях. — Убачыў, як нібы апалі плечы жанчыны і паспяшаўся яе запэўніць: — А ксяндза вашага ведаю — вельмі пабожны ксёндз.
Жанчына закусіла вусніну, звяла да пераносся бровы, быццам намагалася нешта прыгадаць, але нічога не сказала.
Павярнулася, паправіла на галаве празрысты светла-шэры шалік, які непаслухмяна з’язджаў з галавы і затрымліваўся на вялікім тугім вузле валасоў над патыліцай, — пайшла зноў наперад, толькі цяпер ужо павальнейшым крокам.
He азіраючыся, уздыхнула:
— Гэткай ранняй парою толькі пільныя справы могуць быць да святара.
Нічога не адказаў. Ды і не час быў тлумачыць гэтай немаладой прыгожай жанчыне, якая так хвалявалася за ксяндза Эліяша, што ён, іхні ранні госць, таксама ксёндз. Напэўна ж, трэба яму было прычакаць у мілашоўскім лесе гадзін да дзевяці-дзесяці, а не перціся на плябанію а палове сёмай. Але ў яго не хапіла цярплівасці. Ён быў ужо ў сваіх родных мясцінах і чакаць, хавацца, прыйшоўшы да самага ідолцкага касцёла, ён проста не змог. Вядома, неасцярожна зрабіў: нічога не разведаўшы, пайшоў адразу да ксяндза Эліяша. А ён во, бачыш, ледзь развіднела — ужо на малітве. Як гэтая жанчына казала: па-іншаму не выпадае?
Любіў гэты невялічкі ўтульны касцялок на ўзгорыстым паўвостраве ў атачэнні прыгожага возера. Некалі прыязджаў сюды па запрашэнні ксяндза Эліяша на свята Маці Божай Шкаплернай. Амаль заўсёды спавядаў тут на двары, бо ў цесным касцёле не хапала месца ды й у спавядніцах звычайна спавядалі старэйшыя святары, а ён што ж — мог і на двары, вунь пад той ліпінай, здаецца... Сэрца моцна калацілася ці то ад хвалявання, ці таму, што яны ішлі пад гару. Жанчына быццам адчула ягоны стан — зноў прыпынілася, павярнулася да яго:
— Пачакайце тут — паклічу ксяндза.
— А мне нельга цяпер зайсці ў касцёл? — запытаў айцец Юры і неспадзявана для самога сябе, бо зазвычай ён без пярэчанняў прымаў усё, што яму прапаноўвалі стрэчныя на ягоным шляху людзі, папрасіў: — Калі ласка... Я... адразу ж пры дзвярах памалюся і буду чакаць.
Вялікія ўважлівыя вочы жанчыны, здалося, яшчэ больш пашырэлі, нейкі момант яна вагалася, але потым кіўнула галавой на знак згоды і паволі адчыніла касцельныя дзверы.
Як жа ён быў удзячны гэтай мілай, добрай жанчыне, што яна, змогшы сваю, такую зразумелую насцярожанасць, усё ж паверыла яму і адчыніла перад ім гэтыя цяжкія дзверы! Нізка звесіў галаву, апусціўся на калені — знерухомеў.
— Няхай будзе праслаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт цяпер і заўсёды, і на вякі вечныя. Амэн, — і захраслі словы недзе ў грудзях, не праштурхнуць іх. Але разам з гэтай гаркотай айцец Юры адчуў раптам, як з ягоных плячэй нібы зваліўся вялікі клопат, што абцяжарваў яго ўсю гэтую дарогу. Ён прыйшоў! Да Друі яшчэ заставалася нейкіх дзесяць кіламетраў, але ён ужо ведаў, што прыйшоў. I гэтую вялікую радасць ён даверыў цяпер Таму, Хто чакаў яго тут у цішы алтара. «Я, напэўна, змагу сёння тут адправіць святую Імшу», — радасна падумаў айцец Юры. Сёння яму не трэба будзе нікога баяцца, не трэба будзе даставаць з-пад подшыўкі пінжака лісткі з перапісаным дробным почыркам тэкстам святой Імшы «De beata Maria Virgine»4 i, хаваючыся ад людскіх вачэй, усёй сваёй істотай разумеючы абсурднасць гэтай схованкі, маліцца. Сёння ён адправіць Імшу адкрыта, не тоячыся — пры гэтым алтары. Узняў галаву, паспешліва выцер вільготныя вочы і ўбачыў, што ад алтара да яго ішоў чалавек у сутане. Жанчына стаяла на каленях пры алтары, але, павярнуўшыся, моўчкі сачыла за ім. Айцец Юры непаразумела глядзеў на маладога прыгожага святара, які чамусьці быў у ідолцкім касцёле гэткай ранняю парою. «Дзе ж ксёндз Эліяш?» — мільганула ў галаве, а ўслых ён прывітаў незнаёмага святара:
— Laudetur lesus Christus!5
4 Тэкст ватыўнай Імшы пра Найсвяцейшую Панну Марыю (лац.).
5 Пахвалёны Езус Хрыстус! (лац.).
Святар паволі, не зводзячы з яго праніклівых, але, здалося, без падазронасці, вачэй, амаль па складах адказаў:
— In saecula saeculorum. Amen6.
Толькі цяпер айцец Юры прыгадаў, што ўсё яшчэ стаіць на каленях. Падняўся і з прадчуваннем чагосьці нядобрага паволі, ненатуральна расцягваючы словы, папытаў:
— А... ксёндз... Эліяш? Я магу... яго... бачыць сёння?
Гэты малады прыгожы святар, напэўна, быў ягоным равеснікам. Кагосьці ён моцна нагадваў сваім уважлівым паглядам, ды цяпер, вядома, не згадаеш, каго.
— Ксяндза Эліяша, на жаль, тут няма, — прамовіў святар.
— Даўно? — папытаў айцец Юры, разумеючы, што пытае не тое, бо цяпер важна было ведаць, ці ёсць ён увогуле дзесьці на гэтым свеце.
— Яго забралі яшчэ перад вайной.
— Бальшавікі?
Святар перамоўчаў, і айцец Юры зразумеў недарэчнасць свайго пытання, бо як жа мог гэты святар адкрыта размаўляць з ім, не ведаючы, з кім гаворыць.
— Ксёндз Юры Кашыра, — працягнуў айцец Юры руку і паціснуў халаднаватую вузкую далонь святара, убачыў, як узляцелі ўгору ягоныя чорныя бровы.
— Ксёндз Баляслаў Грамз, — назваўся святар і па-ранейшаму пільна глядзеў у вочы, быццам хацеў пачуць яшчэ нешта.
— Іду з Вільні, — патлумачыў айцец Юры, памаўчаў і дадаў: — У Друю. Марыянін я...