Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
ў Расіцу. А для Гэнькі яны сапраўдны скарб — ужо каторы дзень разглядвае і час ад часу штосьці шэпча па складах.
— Давай мы так з табою зробім, — прапанаваў айцец Юры: — Цяпер паедзем у Ворзава, а як вернешся — возьмеш якую-небудзь кніжку дахаты, пачытаеш і прынясеш. Потым зноў возьмеш. I сябрукам сваім скажы, што ў нас біябліятэка адкрылася.
Гэнька, як спружына, падскочыў на месцы:
— Я гэты вазьму!
— Вазьмі-вазьмі, — айцец Юры збіраў валізку, потым выпрастаўся: — Пачакай, а маці ж твая не будзе ведаць, дзе ты падзеўся...
Ён не паспеў скончыць: Гэнька стрымгалоў кінуўся да дзвярэй, з парогу кінуў: «Я зараз!» і панёсся паўз вакно — на вуліцу.
— Ну во, — разгубіўся айцец Юры, — трэба ж мне было яго зачапіць. Пакуль туды ды назад — трохі часу зойме, — і вінавата павярнуўся да жанчыны: — Ну, не кідаць жа цяпер мальца?..
Жанчына махнула рукой:
— Ніхто ў карак не падганяе — пачакаем.
— Вы прысядзьце, — запрасіў айцец Юры, — у нагах, кажуць, праўды няма.
— А дзе яна ёсць, тая праўда? — жанчына ступіла колькі крокаў, неяк бокам прысела на бераг стоўчыка, падціснула пад яго ногі.
Толькі цяпер айцец Юры заўважыў, што яна басанож. Для вёскі ўлетку гэта, вядома, не дзіва, але ж надта ўжо не пасавала святочная сукенка да босых ног. Жанчына нібы адчула ягоны позірк — яшчэ болып падціснула ногі пад стоўчык.
— Можа, у свеце і ёсць дзе тая праўда, — загаварыла, — але не ў нас. Бацька мой казаў: як зганялі ў калгас, дык усё абяцалі, што зажывуць калгаснікі лепей ад паноў. Ну-у... Жылі ж неяк, хоць і бедна, а перабіваліся ж неяк... I за гэта
дзякуй Богу. А што камунізмы той не дачакаліся, якую нам у школе ўсё абяцалі, дык, значыць, не для нас яна, гэтая самая камунізма.
Бровы айца Юрыя паволі папаўзлі ўверх:
— Вельмі шкадуеце, што не дачакаліся абяцанай камунізмы (ён чамусьці, як і жанчына, надаў «светлай будучыні» жаночы род)?
Кабета засмяялася:
— Абяцанка-цацанка, а дурному радасць. Я вунь як была радая, што мой мужык вярнуўся з будаўніцтва гэтай самай камунізмы! Іншыя не вярнуліся, а яму пашчасціла. Хоць грыжу нажыў, але вярнуўся. Яго разам з усімі мужчынамі забралі, каб значыцца, не было тут, блізу граніцы, мужыкоў нашых. Бо што баба зробіць той граніцы, а мужык... — падумала і паціснула плячыма. — Халера яго ведае, што і мужык бы там зрабіў, але ж забралі. Яны пад Віцебскам недзе жылі ў бараках ды нешта там будавалі, а мне было хоць плач, хоць галасі, а рады не дасі, бо чацвёра малых, як гарох, на карку. А старэйшая са школы прыйдзе і нудзіць: «Вось як камунізму пабудуем — усім будзе лёгка жыць». Ну-у... Можа, і лёгка было б... Ды не дабудавалі ж вот... — яна прымружыла вочы, угледзелася ў вакно.
I цяжка было зразумець, пасміхаецца гэтая дзіўнаватая жанчына з недабудаванай «камунізмы» альбо і праўда смуткуе, што не прычакала яе.
— У касцёл часта прыходзіш? — папытаў айцец Юры.
— Не-а, — хітнула галавой, не адрываючы позірку ад вакна, быццам там было штосьці надзвычай цікавае для яе. — Я праваслаўная. Мужык мой з каталікоў, а я так... пару разоў прыходзіла на святы. Сёння во суседка прычапілася: пайшлі ды пайшлі. Ну і пайшлі. А ойчанька як напужаў дык цяпер ужо й не ведаю, што рабіць. Бацюшка да нас не едзе, дык, можа, да ойчанькі ісці да споведзі? Нашы ж многія з праваслаўных пайшлі цяпер у касцёл — Бог адзін, кажуць.
А як бацюшка даведаецца? — апусціла галаву, памаўчала, уздыхнула: — Яно ж праўда: сёння жывеш, а заўтра...
Айцец Юры перамоўчаў. Ніколі не падштурхоўваў да гэткага кроку людзей, быў перакананы, што чалавек сам павінен вырашыць, зрабіць яму той крок у сваім жыцці альбо не. Сам Юры Кашыра ў свой час зрабіў яго і цяпер не мог уявіць, што магло быць іначай і што каталіцкі Касцёл мог быць для яго чымсьці няхай сабе і вялікім, пашанотным, але тым, што існуе збоку, без ягонага, Юрыевага, у ім удзелу. Заўсёды лічыў сваю прыналежнасць да Касцёла Божай ласкай, што была пасланая яму ў васямнаццаць гадоў. Калі ягоная маці перайшла з праваслаўя ў каталіцызм, Юрыю было тры гады, калі ж ён таксама прыйшоў у Касцёл, яе ўжо не было на гэтым свеце. I для яго назаўсёды засталося таямніцай, што перажыла Марыя Кашыра да таго, як, паклаўшы руку на Біблію, вызнала сімвал веры Каталіцкага Касцёла, а потым прамовіла і такія словы: «...Прызнаю святы, каталіцкі і Апостальскі Касцёл Рымскі за маці і настаўніцу ўсіх касцёлаў, а перад Рымскім Біскупам, наступнікам святога Пятра, князем Апосталаў, як Намеснікам Езуса Хрыста, клянуся і абяцаю яму праўдзівае пас лушэнства».
Ніколі Юры Кашыра не пашкадаваў, што ў свае васямнаццаць гадоў зрабіў такі самы адважны крок, і ўсё ж ніколі не намаўляў іншых зрабіць тое ж. Некалі ягоны сябрук Змітрок Баразна нават пакрыўдзіўся: «А чаго ты, разумнік гэткі, мне не кажаш, каб і я стаў каталіком?» Адно засмяяўся тады яму ў адказ: «Касцёл — не калгас, Змітрок, у яго не агітуюць і сілком туды не цягнуць. Тым ён і моцны, што Божы, святы, каталіцкі». Нібы жартам сказаў, а выйшла ўсур’ёз: так і не адступіўся потым ні разу ад сваіх слоў.
У вакне мільганула Гэнькава саламяная чупрына, залезгацела клямка ў дзвярах, і задыханы Гэнька радасна абвясціў:
— Пусціла!
— I не сварылася? — пацікавіўся айцец Юры.
— Можа, ксяндзом... станеш... сказала... — Гэнька ніяк не мог аддыхацца.
— Добра, будучы расіцкі ксёндз, хадзем у касцёл. Сёння паедзем да хворага па ўсіх правілах — з міністрантам.
Па дарозе ў касцёл Гэнька забягаў наперад і перапытваў:
— А як гэта — па ўсіх правілах? I што я павінен рабіць? А ці далёка паедзем? А калі вернемся?
— Але ж і смелыя парабіліся дзеці, — бурчэла жанчына. — Каб гэта я калі гэтак перад ксяндзом альбо бацюшкам балбатала?..
Айцец Юры прыпыніўся на прыступках касцёла і, жартаўліва насупіўшы бровы, прамовіў:
— Але ты й праўда сёння вунь які гаварок! Ты хоць ведаеш, што па дарозе да хворага няможна размаўляць, бо я павязу Найсвяцейшы Сакрамэнт?
He вельмі ўпэўнена Гэнька кіўнуў: ці ведаў, ці не, а з усім трэба было згаджацца дзеля гэткай паездкі. Ён шмаргануў носам і на ўсялякі выпадак перапытаў:
— Зусім няможна? Hi слова? А шаптаць можна?
— He, браток, — пакалашмаціў айцец Юры Гэнькаву чупрыну, — па дарозе можна будзе размаўляць толькі з Езусам, гэта значыць, маліцца ды яшчэ зрэдку, асабліва, калі ўбачыш людзей, будзеш званіць у званок, каб і яны ведалі, што з намі ёсць Езус.
— Званок з сабой возьмем? I я званіць буду? — Гэнька ажно прысеў ад такога шчасця.
Ен добра нёс сваю службу ўсю дарогу. Убачыўшы кагосьці стрэчнага, званіў ды ўхвальна ківаў галавой, калі той разумеў, што да чаго, і кленчыў проста на ўскрайку дарогі. Калі ж стрэчны ніяк не рэагаваў на Гэнькаў сігнал,
адно што з цікавасцю разглядваў іх, на Гэнькавым твары адбіваліся самыя розныя пачуцці, але і тады ён тушыў іх выразным маўчаннем, якое, па ўсім відно, цяжкавата яму давалася.
Айцец Юры маліўся Ружанец. Жанчына сядзела спераду на калёсах, зрэдку тузала лейцамі, але каня не панукала, толькі час ад часу моўчкі ўзмахвала дубцом над ягоным крупам. Так яны і ўехалі ў вёску. Праехалі па калдобістай дарозе, мінулі купку дзяцей, якія, убачыўшы незвычайную павозку, нават хованкі свае прыпынілі і абляпілі старую таполю. Жанчына нацягнула лейцы пры нізкай доўгай хаціне, якую дзяліў на два роўныя канцы невялікі ганак, засланы цяпер стракатай перабіранкай. Гэнька першы саскочыў з калёс, на ўсялякі выпадак абтрос комжу, не перастаючы пры гэтым увесь час званіць. 3 хаты выйшлі жанчыны і адразу апусціліся на калені пры ганку:
— Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста, — прамовілі яны тройчы, нізка схіліўшы галовы і б’ючы сябе кулакамі ў грудзі.
3 высокага ганку айцец Юры трапіў у цёмныя прахалодныя сені, густа застаўленыя гаспадарскім начыннем і прапахлыя ім. Жанчына забегла яму наперад і з шэптам «проша» адчыніла дзверы ў левую палову хаты. Прайшоў праз невялічкі пакойчык і апынуўся ў прасторным, залітым сонцам пакоі. Па стракатых паласястых ходніках рушыў следам за гаспадыняй да шырокага драўлянага ложка з высокімі, пачарнелымі ад часу спінкамі. Паміж высока ўзбітых падушак на ім напаўляжала худзенькая старая бабуля ў нізка насунутай на лоб белай хустцы, з-пад якой уважліва, хоць і стомлена глядзелі шэрыя, ў атачэнні вялікіх сініх плямаў вочы. Як толькі айцец Юры наблізіўся да ложка, старая паволі ўзняла руку, перажагналася і прамовіла сухім голасам:
— Hex бэндзе пахвалёны Езус Хрыстус! У споведзі астатні раз была на Вялікім тыдні...
Нявестка паспешліва выйшла, неасцярожна бразнуўшы дзвярыма.
— Ты вось што скажы мне, ойча, — азызлы, даўно няголены твар навіс над талеркай салёных гуркоў Чалавек успёрся рукамі на край стала, намагаўся захаваць раўнавагу. Гэта яму дрэнна ўдавалася, і ён раз-пораз боўтаў галавой, але потым усё ж зноў узнімаў на айца Юрыя асалавелыя вузкія вочы. — Ты мне скажы: такі бандзюля, як я, можа трапіць у неба, ці маё месца толькі там, — торкнуў ён пальцам пад стол, пахіснуўся і ледзьве не зваліўся з крэсла.
— Кожны чалавек можа трапіць у неба, — стрымана адказаў айцец Юры, — трэба толькі моцна жадаць.
Вельмі шкадаваў, што паддаўся на ўгаворы гэтага п’янага чалавека, які пераняў яго ў сянёк. Нібыта няёмка было адмаўляцца, калі гаспадар, прыклаўшы рукі да грудзей, упрошваў: «Ойча! Ніколі не быў у маёй хаце — не пагрэбуй!» Гэтае «не пагрэбуй» і ўзяло верх, тым больш, што там, у прыцемку сяней, айцец Юры адразу не ўбачыў, што мужчына быў на добрым падпітку. Зразумеў гэта, калі апынуўся ў правай палове хаты і гаспадар, хістаючыся, запрасіў яго да стала, за якім сядзеў яшчэ адзін сярэдніх гадоў шыракатвары мужчыны з вялікай бардовай плямай на левай скроні. Спачатку айцец Юры нават падумаў, што ягоны лоб у крыві, але потым прыгледзеўся і зразумеў, што гэта — радзімая пляма.
— Дык, кажаш, магу і я трапіць на нябёсы? — не сунімаўся гаспадар. — А калі грахоў цэлы воз?
Мужчына з чырвонай радзімкай хмыкнуў у рудыя шчаціністыя вусы:
— На ліха ж табе той воз цягнуць у гэткую даль? У балота яго, а сам ляці сабе далей анёлам.
— Го-го-го! — смяяўся гаспадар. — У балота, кажаш? А ойча што на гэта?
Змагаючы грэблівасць, айцец Юры коратка і як мага спакайней прамовіў: