• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    Так што ахвотнікаў купацца на тым возеры ў Расіцы не было.
    — Паганства гэта, грэх — верыць ва ўсялякіх русалакчараўніц, — тонам старэйшай прамовіла сястра Паўліна, сціскаючы пад пахаю адзенне.
    — Мачалку ўзялі? — гукнула сястра Адэля з сяней.
    — На частаколе вунь вісіць са свежага гурэчніку — так адшаруе, што ажно блішчэць будзеце, смяялася сястра
    Альбіна. Яна заставалася ў хаце за гаспадыню, бо ўчора аступілася і ў шчыкалатцы распухла нага — ні да якога возера не дабрыдзеш.
    Ціха перакідваючыся жартамі, сёстры адна за адной рушылі па сцежцы за хлеў адкуль па разоры праз бульбу — да лазні і потым ужо ўзмежкам наўпрост — да Петрунэлінага дуба, што высіцца, як той волат, пры бальшаку на Ворзава. Пройдзеш па ім з паўкіламетра і збочыш да таго самага таямнічага возера, пра якое ў Расіцы распавядаюць нават не адно, а некалькі паданняў.
    Прыклаўшы далонь да лоба і засланяючы вочы ад слепкага сонца, што пачынала ўжо хіліцца за высачэзныя бярозы пры калгаснай стадоле, сястра Альбіна доўга глядзела, як аддаляліся белыя хусткі сясцёр і неўзабаве адна за адной зніклі за прыдарожным хмызняком. На душы раптам зрабілася крыху сумна, як бывае тады, калі пасля вяселля госці пакінуць дом гаспадароў і ім завалодае абыякавая да ўсяго ціша. Па драбіне, прыслоненай да гарышча, сястра Альбіна паднялася на некалькі пярэчак, усё яшчэ ўглядаючыся на ворзаўскі шлях, па якім цяпер недзе ішлі сёстры, але нікога там ужо не ўбачыла. Затое як не заняло дух ад таго лагоднага жнівеньскага спакою, што напаўняў разамлелыя ў цеплыні дрэвы, прыпудраныя пылам кусты, жоўтыя палі зжатай збажыны ўперамешку з зялёнымі плямамі пожняў, на якіх там-сям былі раскіданыя невялікія копы і стажкі сена, і яркія, адчайныя сваёй перадвосеньскай зелянінай лугавіны ў нізінах. «I гэтую цудоўную красу мы ўсе некалі пакінем тут», — прыйшло раптам у галаву цалкам несуладнае з ціхамірнасцю сонечнага жнівеньскага адвячорка. Паволі павяла галавой, і позірк паплыў на злёгку ўжо кранутыя восеньскай жаўцізной бярозы, прыжоўклыя высозныя ліпы, над якімі высіўся чырвоны мур касцёла, і, як заўсёды, кальнула ў сэрца ўяўленне пра тое, які ён быў велічны тады, яшчэ не скалечаны, калі ягоныя вежы ўзносіліся над гэтымі
    ліпамі, над шэрымі хатамі местачкоўцаў, белымі мураванкамі бальніцы ды школы, старой пякарняй, над жыдоўскай Гандлёвай вуліцай уздоўж возера, над гэтым сінім задумлівым возерам. Затым позірк паплыў па стрэхах хат у шчодрым атачэнні вішняку, слівоўніку ды яблыняў, язміну ды бэзу, спыніўся на крылатым адзінокім ветраку, што, нібы пільны вартавы, узвышаўся над мястэчкам. Цікава, хто быў той чалавек, што першы пасяліўся ў Расіцы? I чаму ён пасяліўся менавіта тут? Таму, што тут возера? I адно, і другое... і лес... і зямля, кажуць, тут шчодрая. I ў лясах немалы спажытак, і ў азёрах. Значыць, не прагадалі тыя першыя людзі, што прыйшлі сюды жыць. I гэтыя ўсе, што цяпер жывуць у Расіцы...
    Па дарозе з Крывасельцаў, чутно было, хтосьці панукваў каня. Сястра Альбіна спахапілася: во зараз нехта пасмяецца, убачыўшы законніцу, застылую на драбіне, як той помнік. Спусцілася ўніз і ў тую ж хвілю ўбачыла, як з дарогі да іхняй хаты збочыла нейкая дзяўчына ў светлай сукенцы, з доўгай тоўстай касой, перакінутай на грудзі. Дзяўчына ступіла некалькі крокаў і нерашуча спынілася, азірнулася назад, быццам там яшчэ нехта быў і мог штосьці ёй падказаць. Сястра Альбіна чакала. Дзяўчына паволі наблізілася, але за некалькі крокаў зноў спынілася, узялася рукой за частакол, прывіталася:
    — Пахвалёны Езус Хрыстус!
    Сястра Альбіна адказала, і дзяўчына, успыхнуўшы чырванню, папытала:
    — Ці тут жыве пані Гэлена?
    — Тут. Толькі на другім канцы, з таго боку вунь да яе дзверы, — паказала рукою сястра Альбіна, але дзяўчына яшчэ болыл зачырванелася і нават не зірнула ў той бок, куды ёй паказвалі. Яна крыху памарудзіла, потым перакінула тугую касу за плячо і прамовіла:
    — Я да вас прыйшла.
    — Во як добра, — падбадзёрыла госцю сястра Альбіна, — а то я засталася адна ў хаце — трохі сумна. Хадзі во, прысядзем ды расказвай, з чым прыйшла.
    — 3 Перапечак я, — прамовіла дзяўчына і апусцілася на лаўку пад хатай. — Мяне Данусяй завуць. Вам не казаў ксёндз, што я хачу ў законніцы пайсці?
    — Гэта ксёндз Фелікс у вас быў? — здагадалася сястра Альбіна і прыпомніла, як цешыўся айцец Фелікс, што ў Перапечках ці не сямнаццаць дзяўчат сабраліся ісці ў закон.
    Дзяўчына паціснула плячыма, апусціла галаву, абаперлася рукамі на лаўку і глядзела проста перад сабою ў дол. У яе быў выгляд, нібы яна чакала цяпер суровага выраку. Сястры Альбіне раптам зрабілася шкада гэтай сарамлівай прыгажуні з Перапечак.
    — Што ж я табе скажу, Дануська, — уздыхнула яна. — Маліцца трэба, моцна трэба маліцца, каб адкрылася тваё сэрцайка, каб душа зразумела, што табе рабіць. Без малітвы, мая галубка, нічога не зразумееш.
    Дануся ўзняла на сястру Альбіну вочы, поўныя слёз, што рабілі іх яшчэ прыгажэйшымі.
    — Ведаю, — шапнула, — ксёндз мне тое ж самае казаў. Я і малюся. Толькі не ведаю, ці так, як трэба. Ён сказаў: «Маліся і слухай сваю душу», а я не ведаю, як гэта. Што... гэта? — павярнулася яна да сястры Альбіны. — Вот і надумалася да вас прыйсці, папытацца. Я ж нявучаная, разумных кніжак не чытала — што бабуля навучыла, тое і маю.
    — А тут навука такая, Дануська, — Бога трэба слухацца, у кожную хвіліну трэба Яго слухацца. Усё наша жыццё, Дануська, — толькі падданне і прыняцце Ягонай волі. I нічога больш. Такі лёс кожнай законніцы і законніка. I нічога ў нас няма свайго. I світанкі нашы, і дні, і ночы аднаму Яму належаць. А пачнеш дзяліць штосьці, маракаваць, прыкідваць, як лепш сабе дагадзіць — у грэх упадзеш. Бо
    ўжо што належыць Пану Богу — на тое не замахвайся, калі не хочаш на сябе бяду наклікаць.
    За хатай зарыпеў асвер — мабыць, Гэлена набірала ваду. Чуваць было, як ударылася вядро ў студні, потым пад мернае і прыглушанае рыпенне яго паднялі наверх і праз нейкі час тоўстая калода, прывязаная да канца асвера, гахнула аб зямлю. Дануся сядзела, уся сціснуўшыся, — прыслухоўвалася да гэтых гукаў, і калі асвер аціх, прамовіла:
    — Цяжка вам?
    Сястра Альбіна варухнула рукамі на прыполе:
    — Хто ж табе на гэта адкажа? У кожнага, мая ты галубка, свой цяжар. На якім бязмене яго ўзважыш? Я толькі адно табе, Дануська, скажу: калі хочаш быць законніцай, каб лягчэй жылося, то лепш адразу ад гэтай задумкі адрачыся, — і ўсміхнулася. — Наша адна сястра ўсё любіць узгадваць, як яна ішла ў кляштар, а ейная старэйшая замужняя сястра асцерагала: «Памятай: будзеш добрай законніцай — трапіш у рай, а благой — на самым дне пекла будзеш боўтацца».
    Дануся прыклала далоні да шчок і неяк смешна, па-дзіцячы адкрыла рот, нібы ў гэты самы момант яна ўжо бачыла тое страшнае пекла. Здавалася, на ейных ружовых вуснах застыла сполашнае: «Ах!» Увесь яе выгляд так нечакана й рэзка змяніўся, што сястра Альбіна не вытрывала і засмяялася ўголас:
    — Што, страшна?
    Дануся, не адымаючы рук ад твару, кіўнула — страшна. 3 сарамлівае красуні яна раптам ператварылася ў спуджанае дзіця.
    — Ну, не бойся ўжо так, — скрозь смех паспрабавала супакоіць яе сястра Альбіна. — Можа, ты будзеш найлепшай законніцай, заслужыш сваім святым жыццём неба і адразу пасля смерці трапіш туды.
    Дануся яшчэ шчыльней прыціснула далоні да шчок:
    — Ой, ці сумею я гэткаю быць?
    — А гэтага ніхто, апрача Пана Бога, не ведае, — уздыхнула сястра Альбіна і дадала ўжо зусім сур’ёзна. — Ты толькі, Дануся, добра зразумей, дзеля чаго ты хочаш ісці ў законніцы. Калі дзеля Бога, тады варта назаўсёды схаваць тваю прыгожую касу ад гэтага свету, а разам з касой і ўсю тваю дзявочую красу. А калі, можа, надумалася пайсці ў закон, бо абрыдла сярпом махаць ды спіну над зямлёю гнуць, то лепей, дзеўка, тады адразу адумайся. Тады маліся, дзяўчыначка, каб не ўпасці табе ў гэты цяжкі грэх.
    Дануся нарэшце адарвала далоні ад пругкіх пунцовых шчок, пакінуўшы на іх белыя плямы, і паволі апусціла рукі на прыпол. Яна падціснула пад лаўку свае босыя ногі, павярнулася да сястры Альбіны, і тая зноў убачыла, як напоўніліся Данусіны вочы слязьмі.
    — Як жа мне распазнаць усё гэта? — з дзіцячым даверам папытала яна.
    Сястра Альбіна абняла дзяўчыну за плечы, дакранулася вуснамі да гарачай скроні, прашаптала:
    — Нічога новага табе не параю — маліцца трэба. Шмат трэба маліцца. I, дасць Бог, распазнаеш. Шчырую маеш душу — не можа быць, каб не распазнала ты вызначанай для цябе дарогі, каб на чужую заблудзілася. Ты толькі любі Бога, моцна і шчыра, і не думай зашмат пра ўсё астатняе, аддай гэты клопат Яму. Ён яго вырашыць, — памаўчала і запытала неспадзяванае: — А хлопец у цябе, Дануся, ёсць?
    Тая выпрасталася, наструнілася ўсім целам, адвярнула галаву, нібы штосьці цікавае прывабіла яе ўвагу ў кусце бэзу.
    — Няма, — адказала коратка раптоўна пачужэлым голасам.
    — I не было?
    Быў.
    Памаўчалі. Сястра Альбіна чакала, і Дануся ціха патлумачыла:
    — He ведаю, дзе ён цяпер: ці жыве, ці, можа, няма ўжо яго на гэтым свеце. А можа, якую-небудзь ужо мае.
    — Ой, дзеўка, разбярыся ты з усім гэтым, — паківала галавой сястра Альбіна.
    — Як жа я разбяруся, калі яго блізка няма? — азвалася ціха Дануся і зноў нізка звесіла галаву. — Таму я й вырашыла: пайду ў законніцы і буду маліцца — і за сябе, і за яго, бо ён малітвы не прызнае, смяяўся з тых, хто моліцца, і з абразоў у нашай хаце таксама смяяўся, казаў: «Не дапаможа табе Бог, якога самога прыбілі да крыжа». Бабуля пачула аднаго разу гэткае ад яго і з хаты выгнала, і мне забараніла з ім бачыцца.
    — А ты?
    — Доўга не сустракаліся. Ён не з нашай вёскі, дык можна было й не бачыцца. А потым знік кудысьці.
    — Але смыліць у цябе па ім душа?
    — He ведаю, — прашаптала Дануся. — Даўно ўжо ўсё тое было... А я грэху баюся! — ускінула яна галаву. — Баюся грэху! Ён Бога абражаў — не хачу, не хачу болып нічога такога чуць, — крутнула яна галавой, і сястра Альбіна паверыла, што гэта — чыстая праўда.
    — У споведзі даўно была? — папытала.
    — Перад Прачыстай.
    Сястра Альбіна прымружыла вочы і доўга глядзела на расіцкі далягляд, туды, дзе неба сыходзілася з зямлёю. Прыгадаліся свае бяссонныя ночы, свае блуканні па лясных ды палявых сцежках, сваё ўгляданне ў неба тады, калі збіралася ісці ў кляштар.