Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
— Самі вырашайце, каму што і куды везці.
— Э-э-э не, ойча, — паківаў раптам пальцам мужчына з радзімкай і спадылба хітравата прымружыўся на айца Юрыя, — гэта не нам, але айцу вырашаць, куды нам падзецца са сваімі грахамі.
Мужчына ўсміхаўся і адкрыта разглядваў айца Юрыя, і ён раптам падумаў, што гэты, з радзімкаю, не такі п’яны, як гаспадар. Таму адказаў яму сур’ёзна, з разлікам, што яго зразумеюць:
— Найлепш гэта вырашыць у касцёле... альбо ў царкве.
Гаспадарова галава боўтнулася ледзьве не ў міску, ён так-сяк, з намаганнем падняў яе і прамармытаў:
— Праўду кажаш, ойча, ісцінную праўду. Прыйду, некалі, абавязкова прыйду разам са сваёй багамолкай, — ляпнуў ён кулаком сябе ў грудзі. — Яна ў мяне праваслаўная, але моліцца, не скажу — моліцца. I ўсё намаўляе мяне шлюб узяць, у касцёл, кажа, пойдзе са мной, абы толькі шлюб... Во... Што яна там... я не ведаю, але моліцца. А во матка мая было... — крутнуў ён галавой і замоўк.
— Што, айцец, цяжка тут служыць? — з лёгкай усмешкай запытаўся мужчына з радзімкай, і айцец Юры чамусьці адчуў няўтульнасць ад ягонай крываватай ухмылкі, але змусіў сябе адказаць сур’ёзна і стрымана:
— He цяжэй, хіба, чымсьці ў нейкім іншым месцы. Вайной усюды няпроста.
— Вайно-ой то яно та-ак, — прамовіў мужчына, расцягваючы словы. — Але ж і да вайны тут было нясоладка — усіх папоў ды ксяндзоў пазаганялі за калючы дрот. У нас то, у Латвіі, у той час нікога не чапалі, а тут ледзь што — у «воран», у «воран»!
Зрабілася ціха. Айцец Юры ўжо хацеў падняцца, але мужчына загаварыў зноў, гледзячы некуды ў кут:
— Ду-урная тут уласць. I людзі... дурныя.
Айцец Юры хацеў запярэчыць, але мужчына апярэдзіў яго — махнуў рукой:
— А каб не былі дурныя — не паддаліся б ажно так, не далі б гэтым паўшабэлкам на галаву сесці. А цяпер? Усё калгаснае тут вунь разбурылася-разляцелася. Дык што, яны ірванулі падабраць дабро ды за працу? Розум меўшы, тут на гэткіх землях можна вунь як разжыцца, а гэтыя... — ён кінуў выразна грэблівы позірк на гаспадара і змоўк.
Гаспадар узняў асалавелыя вочы, і айцец Юры прыгадаў як моцна яны падобныя да вачэй старэнькай бабулі, якую ён кагадзе спавядаў на той палове хаты.
— Ты вот што, Вацюк, — прахрыпеў мужчына, — ты ў мой гарод камянёў н-не кідай! Знаеш, дзе я быў і як мне лёгенька прыйшлося! Хваробу нажыў, сілу надарваў а ты...
— А што я? — ледзяным тонам прамовіў Вацюк.
— А тое, — налёг гаспадар на стол грудзьмі, — што ты ў сваёй Латвіі гэткага хлеба не зведаў, дык і не судзі! — грымнуў ён знянацку кулаком па стале. — Я вярнуўся з будоўлі, а мае бабы лебяду з крапівай у чыгунках вараць. Свінням, думаеш? Трасцу табе свінням... Ты ў сваёй Латвіі такіх прысмакаў не каштаваў! Што, не праўду кажу?
Вацюк закусіў вусніну, ягоны твар наліўся чырванню, і радзімая пляма на скроні, здалося, ажно ўзбухла:
— Праўда, яна рознаю бывае. 3 якога боку глянеш — такая і праўда.
Айцец Юры падняўся:
— Пайду я. Мне яшчэ ў дарогу.
Гаспадар для чагосьці растапырыў пальцы, патрымаў іх на ўзроўні вачэй і паволі апусціў сабе на калені, прамовіў нібы працверазелым голасам:
— Ехаць — дык ехаць, што тут вучонаму чалавеку нашы байкі слухаць. Іх каб захацеў усе пераслухаць — вушы б засмылелі.
Было ў ягоных словах штосьці такое горкае, што айцец Юры нейкі момант яшчэ памарудзіў, быццам вагаўся, ісці яму адсюль ці яшчэ застацца на нейкі час, потым усё ж прамовіў на развітанне:
— Заставайцеся здаровыя! 3 Богам!
— Дзякуй, ойча, — боўтнуў гаспадар галавой. — 3 Богам, канечне, лепш, чым без Яго.
На двор выйшлі разам з Вацюком.
— I занесла ж цябе, ксёндз, у гэты край! — чмыхнуў той, падаючы на развітанне руку. — Лепшага месца не знайшлося? — і засмяяўся: — Ладна, табе не паложана кепска гаварыць пра людзей. Авечкі — усе авечкі. I ўсе — роўныя.
Рука была цёплая і чамусьці ліпкая. Айцец Юры злавіў сябе на тым, якім непрыемным быў для яго дотык гэтай мяккай, нейкай зусім не сялянскай рукі. Але ён усё ж перамог сябе і паглядзеў проста ў вочы Вацюку:
— He трэба мне спачуваць — няма прычыны.
Вацюковы вочы рэзка звузіліся, зрабіліся раптам калюча-сцюдзёнымі. Нейкі час яны нібы свідравалі айца Юрыя, потым Вацюк трасянуў галавой і зноў паблажліва чмыхнуў:
— Яно ж так: кожны кулік сваё балота хваліць, — і засмяяўся: -Але ж гэта не зусім тваё балота, бо, казалі мне, не мясцовы ты — прыезджы.
Айцец Юры ўскудлачыў Гэнькаву чупрыну, які падбег да яго, як толькі ён выйшаў з хаты, і ўвесь час цярпліва чакаў, калі яго заўважаць.
— Ды не, мой гэта кут, мой, — засмяяўся айцец Юры.
I Гэнька хоць і не ведаў, пра што гаворка, таксама шчасна засмяяўся разам з ім.
VII
— Ну вось, заўтра зноў разбяжымся, — працяжна вымавіла сястра Марыя, разгладжваючы зморшчынку на шэрым ільняным абрусе. Сказала разгублена, усміхнулася і крутнула галавой — адвярнулася да вакна.
— Разбяжымся, — падтакнула сястра Разалія і раптам гучна, неяк ненатуральна весела прапанавала:
— Можа, яшчэ каму святаяннічку наліць?
Ад яе воклічу сястра Ядвіга ажно ўздрыгнула, а сястра Адэля сполашна ўскінула галаву але нічога не прамовіла — адно падставіла свой пагнуты бляшаны кубак.
— Яшчэ каму? — ірвалася гаспадарыць сястра Разалія.
— Папяяла б ты лепей, — папрасіла сястра Марыя.
— Анягож, — стрэльнула сваімі цёмнымі вачыма сястра Разалія, — я ім буду тут канцэрты выпейваць, а яны хто куды галовы пазакручвалі, і не зразумееш, ці яшчэ жывыя, ці ўжо не зусім. Можа, хаўтуры тут па кім, дык скажыце — запяём, што трэба.
— А ну цябе, — махнула рукой і закашлялася скрозь смех сястра Марыя, — цябе толькі зачапі — нагаворыш.
Сёння закончыліся рэкалекцыі13, сёстры сядзелі цяпер, злёгку прыгаломшаныя, за сталом, пілі гарбату і больш маўчалі, чым гаварылі. Аднолькавыя белыя хусткі на іх-
13 Комплекс духоўных практыкаванняў, які мае на мэце аднаўленне духоўных сілаў і ўмацаванне веры (ад лац. recolligo).
ніх галовах рабілі іх падобнымі адна да адной і сведчылі пра тое, што ўсіх іх нешта аб’ядноўвае. Кожная радая была б надзець на сябе габіт законніцы, каб ужо ні ў каго не ўзнікала аніякіх пытанняў і каб кожны стрэчны ведаў, што яна належыць Хрысту і нікому больш. Думалася, што так было б прасцей. Але габіт, казаў айцец Антоні, прыцягваў бы да сябе ўвагу не толькі добрых людзей. Значыць, няхай яны лепш паляжаць сабе спакойна ў друйскіх куфрах — да лепшых, спакайнейшых часоў. А ці надыдуць яны калі, тыя спакайнейшыя часы? Ніхто ім гэтага не мог абяцаць. Вось і айцец Антоні на рэкалекцыях прасіў іх быць гатовымі да самага горшага, бо ніхто не ведае, што чакае кожнага з іх заўтра. Вось прыйдзе яно, тое заўтра, і сёстры зноў разыдуцца: адны — у адну вёску, другія — у другую. I зноў будуць начлегі у незнаёмых людзей, харчаванне з ласкі тых жа добрых людзей і насцярожанае прыслухоўванне да начной цемры за вакном.
Сястра Марыя павярнулася да сясцёр і задумліва, трохі разгублена прамовіла:
— Вось я думаю, дзе ўва мне тая адвага, пра якую казаў айцец Антоні на рэкалекцыях? Казаў, што кожная з нас павінна мець тую адвагу. А дзе яна ў мяне? Мусіць, зусім няма. Вось, здаецца, перасілю ўжо сябе, ужо цалкам здамся на Божую волю, а як здарыцца што, як падступіцца новая бядота — уся душа ў пятках. Ну, што ж гэта такое?
— Так ужо і ў пятках, — буркнула сястра Адэля.
— Я табе кажу, — горача запэўніла сястра Марыя, і сёстры пырснулі смехам.
— А ну вас, — крыўдліва зморшчыла нос сястра Марыя.
— А на возеры вада недзе цёплая-я-я, — заплюшчыла вочы і крутнула галавой сястра Разалія.
Сёстры пераглянуліся, нерашуча перамоўчалі, толькі сястра Яніна не стрывала і ўздыхнула:
— Анягож. Я ў канаве ногі мыла, дык як усё адно яе хто там нагрэў.
— Пойдзем! — не сунімалася сястра Разалія. — Ніякіх жа пільных спраў цяпер няма. Пэўна ж, каму што з бялізны памыць трэба...
— Толькі ж не на гэтае возера, — махнула рукой сястра Кацярына перад сабой, а на тое, дзе няма людзей.
Сястра Марыя застыла на месцы і збялелымі вуснамі ціха прамовіла:
— А можа, на гэтае лепш? Зойдзем за крайнія хаты — ніхто нас там не ўбачыць.
— Аг-га, Лойгі баішся, — засмяялася каторая з сясцёр.
Сястра Марыя зачырванелася, нягучна прамовіла:
— Няма там ніякай Лойгі — выдумкі ўсё...
— А чаго ж тады баішся? — пацвельвала сястра Разалія. — Душа, нябось, ужо ў пятках?
— Хто вам сказаў, што баюся?
— Лацвей, калі ёсць выбар, — смяялася сястра Разалія, сцягваючы з вяроўкі, нацягнутай паміж бярозамі, доўгі белы ручнік.
Расіца мела два возеры. Адно ляжала ў лагчыне проста пасярэдзіне мястэчка, а, можа, лепш было б сказаць: мястэчка акружала возера. У ім праз усё лета плёхаліся гусі ды дзеці, а ў спякотныя дні, калі лужыны ды сажалкі высыхалі, да яго вадзілі на вадапой кароў ды коней. MaiKi наказвалі дзецям бавіцца толькі на адкрытым месцы, каб не дай Божа чаго якога... Улетку малыя качаліся на жоўтым прыбярэжным пяску, час ад часу абмываючы яго з сябе цёплымі іскрыстымі пырскамі вады. Дарослыя ж мыліся зазвычай у ценю вербалозных зараснікаў. Тут жа, на шырокіх мастках, жанчыны перылі важкімі пранікамі бялізну, а потым рассцілалі прасціны ды выбеленыя абрусы на прыбярэжных лугах. Возера служыла ўсім, і ў розныя поры года ад хатаў, што стаялі на ўзгорках, да яго збягала шмат сцяжынак. Возера прымала ўсіх, быццам яднала іх, наталяла сваім заўсёдным сінім спакоем.
А за вёскай у атачэнні густога вербалозу ціха ляжала яшчэ адно возера. Некалі мужчыны хадзілі на яго вудзіць рыбу, але было тое даўно. Расіцкія ж дзяўчаты, можа, і збегалі б калі туды пакупацца, каб не баяліся сіневалосай чараўніцы Лойгі, якая — кожны ў Расіцы з дзяцінства ведаў гэта — асабліва не любіць маладых ды прыгожых дзяўчат, бо кожную з іх мае за сваю суперніцу. Чараўніца жыла на дне возера з таго самага дня, як ейны каханы Збых угаварыў яе пераступіць парог касцёла. Як толькі пераступіла, так і зблажэла яна ўся і ўраз ператварылася з першай на ўсю ваколіцу красуні ў старую, зморшчаную карготу. Закрычала яна тады ў споласе, бо выявілася таямніца ейнага чараўніцтва, і пачала кідацца на сцены. I дзе дакраналася да сцяны, там успыхваў агонь, а як адскоквала — вогненны язык тут жа знікаў. Спужаўся Збых, што спаліць Лойга іхні касцёл (быў ён тады ў Расіцы драўляны) і не будзе яму месца ні на зямлі, ні на небе, лёг ён ніцма на дол крыжам, пачаў маліцца. Завыла тады, заенчыла былая прыгажуня Лойга, зрабілася сіняю з галавы да пятаў і з дзікім свістам вылецела з касцёла. Бачылі нібыта людзі, як ляцела нейкая сіняя вялізная ці то птушка, ці то рыбіна, ці то посцілка над расіцкімі хатамі, як зачапілася тое невядомае за клён, які потым у тое ж лета рассек напалам пярун, як затрымалася над хатай адзінокай маладзіцы-ўдавы, і з вышыні данёсся страшны, пералівісты рогат, бо ў тую ж хвіліну ўдаву разбіў паралюш, як паляцела далей — у бок возера. I пасялілася з таго дня на ягоным дне, каб лавіць сваіх суперніц ды цягнуць іх за валасы на дно.