Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
— Гэліна... — прашаптала Ганка. — Гэлі Красоўскай з Ліпавак.
Мужчына ажывіўся:
— Дык ты Міколава дачка? Міколы Красоўскага?
Здалося раптам: усё ўсярэдзіне абарвалася, а ў вушах пачалі звінець гулкія бомы. He адпусцяць цяпер, калі яны даведаліся, хто ейны бацька, нізавошта не адпусцяць.
— Міколава ты дачка? — дапытваўся мужчына.
Ганка, чуючы, як плыве з-пад ног зямля, кіўнула галавой.
— Во-о яно што-о... Я твайго бацьку знаў, некалі ён у мяне каня хацеў купіць, ды ў цане не сышліся, — і патлумачыў Ігнату: — Красоўскі... Яго тады таксама саслалі. He было ад яго ніякіх вестак?— запытаў у Ганкі, але адказу не чакаў — прабурчэў: — Якія там весткі — адтуль ужо не адзываюцца. Угробілі недзе адразу. А крэпкі быў мужык, учэпісты... Дык ты з маткай жывеш?
Ганка кіўнула.
— Таму ты і напужаная гэткая, што няма каму за цябе заступіцца?
Слёзы засцілалі вочы. Ганка трасянула галавой, спадзеючыся вызваліцца ад іх, але яны, непаслухмяныя, усё плылі і плылі.
— He румзай, дзеўка! — ляпнуў яе па плячы мужчына так, што яна ажно захісталася. — Яшчэ паглядзім, у які бок усё павернецца. Можа, горкімі слязьмі заплачуць некалі тыя, што цябе крыўдзілі. Паглядзім яшчэ... I не адна ты такая! У нас, у Латвіі, — матлянуў ён галавой некуды ўбок, — таксама пакрыўджаных «саветамі» хапае. Тут у вас хоць бядней жылі, а ў нас ведаеш, колькі дабра «саветам» дасталося? He, дзеўка, яны яшчэ паплачуць за сваю экспра-пры-яцыю і дэ-пар-тацыю! Крывёй плакаць будуць!
Гэтыя людзі нібыта нічым і не пагражалі ёй, нібыта нават спачувалі ды супакойвалі, але ад іхніх слоў рабілася яшчэ страшней і няўтульней. Hi яна, ні маці, ні хросная ніколі не хацелі, каб хтосьці плакаў крывёю. Маці, наадварот, заўжды казала: «Трэба аддаць Богу суд. Ён, адзін Ён, мае права судзіць». I ксёндз у касцёле заўсёды кажа, каб не трымалі ў сабе крыўды, каб не прагнулі помсты.
— Дзядзечкі! Можа, я пайду? — дрыжэла Ганка ад страху. — Пусціце мяне, дзядзечкі!
Яна перавяла позірк са старэйшага мужчыны на Ігната — на ягоным твары паволі варушыліся скулы. Ігнат глядзеў некуды ўбок — маўчаў. Старэйшы невядома чаго рагатнуў:
— Ладна, курапатка, бяжы ўжо пад матчына крыло.
Яшчэ не верачы пачутаму, Ганка паволі пайшла прэч. Яе дагнаў голас мужчыны:
— Дык а куды ты? Ліпаўкі ж не ў тым баку!
Яна здрыганулася, спынілася, павярнулася і моўчкі пабрыла, знясіленая, туды, куды паказваў ёй мужчына ў насунутай да самых вачэй шапцы. Ігнат стаяў усё гэткі ж маўклівы, змрочны і па-ранейшаму пахмурна глядзеў некуды ўбок.
IX
Па тым, як імкліва расчыніліся дзверы, як недарэчна грукнулі яны, па імпэтных кроках некалькіх пар ног айцец Антоні зразумеў, што не вернікі прыйшлі ў касцёл. Немалога намагання каштавала яму не азірнуцца, але вытрываў. I хоць малітва перапынілася гэтым неспадзяваным прыходам чужакоў, ён працягваў стаяць на каленях — не адводзіў вачэй ад табэрнакулюма.
Крокі замерлі за ягонай спінай. Быў амаль упэўнены: гэта — немцы, вельмі ж ужо нахабныя, упэўненыя крокі. Паволі перажагнаўся, сказаў у душы «будзь воля Твая», падняўся з каленяў і толькі тады павярнуўся да прыхадняў.
— Гутэн таг! — насмешлівая ўхмылка намалявалася на твары Гюнтэра Гэкера, ён ускінуў руку да твару, паварушыў растапыранымі пальцамі: — О-о! О-пять за-был, как это нуж-но с ва-мн здо-ро-вать-ся.. Забыл...
— Нямецкія хрысціяне зазвычай гавораць: «GriiB Gott!»14 — падказаў айцец Антоні.
— О-о, я всё за-бы-ваю, что пас-тор го-во-рнт по-немецкн. В этом, как его... Дрнссе... есть че-ло-век, который го-во-рнт по-немецкн. Ужас! — прытворна вытрашчыў ён вочы і засмяяўся: — Прек-рас-но! Значнт: «GriiB Gott!»
14 Слава Богу (ням.).
Айцец Антоні адказаў:
— GruB Gott!
Афіцэр прыслухаўся, хмыкнуў ухвальна кіўнуў галавой і далей ужо гаварыў толькі па-нямецку.
— Пастар Ляшчэвіч зробіць з мяне католіка.
Айцец Антоні адно развёў рукамі.
— Што? — насмешлівыя іскры скакалі ў вачах афіцэра.
— Дрэнны быў бы з мяне католік?
Айцец Антоні адказаў стрымана:
— Каталіцкі Касцёл — паўсюдны. Ён адкрыты для ўсіх, хто прызнае Хрыста і вучэнне Касцёла. I таму няма ніякага значэння, негр прыйшоў у Касцёл і захацеў стаць католікам, славянін, габрэй, амерыканец альбо... немец.
Па твары афіцэра прабег лёгкі цень, ён закусіў вусны і ўперыў свой позірк на айца Антонія. Той не адвёў вачэй. Ведаў: гэтаму пыхліваму арыйцу не спадабалася, што негр з габрэем пастаўлены ў адзін рад з немцамі. Ведаў і... чакаў.
Куточкі вуснаў Гэкера таргануліся, ён крыва ўсміхнуўся:
— О так, я чуў: у вас, як і ў камуністаў, усе роўныя. Як гэта ў вашым гімне спяваецца: «Кто-о был нн-чем — тот ста-нет всем»?
Айцец Антоні прапусціў міма вушэй «ваш гімн» і зноў адказаў вельмі стрымана:
— Хрысціянскімі пастулатамі маніпулююць, на жаль, многія, імі часта прыкрывалі непрыгожыя і нават злачынныя справы. Але гэта сведчыць таксама і пра вялікую вагу, папулярнасць хрысціянскага вучэння. А гімны... гімны ў нас іншыя.
Афіцэр моўчкі спадылба глядзеў нейкі час на айца Антонія, потым крыху павярнуў галаву ўлева і кінуў паверх пляча двум салдатам, якія ўвесь гэты час моўчкі стаялі за крокаў пяць ад іх:
— Wartet drauBen!15
15 Пачакайце на вуліцы (ням.).
Тыя з гатоўнасцю выцягнулі рукі па швах, шчоўкнулі абцасамі, крутнуліся і выйшлі з касцёла. Афіцэр зноў перавёў позірк на айца Антонія, у ягоных вачах з’явілася прыхаваная колкасць. Намагаючыся не звяртаць на яе ўвагі, айцец Антоні прапанаваў:
— Прысядзем?
Той кіўнуў, і айцец Антоні укленчыў перад табэрнакулюмам, падняўся — жэстам запрасіў госця прайсці да сцяны, уздоўж якой стаялі лаўкі, але Гэкер быццам вагаўся і айцу Антонію давялося ісці першым. Мінаючы канфесіянал, афіцэр прамовіў:
— Гэта тут... грахі прабачаюць?..
— Так, — кіўнуў айцец Антоні і паказаў на лаўку пры сцяне.
— Чаму ж тады вы, пастар, не прабачылі іх салдату Вермахта?
«Вось яно, тое, што прывяло цябе сёння сюды», — падумаў айцец Антоні і прысеў побач з Гэкерам. Ведаў, пра што гаворка. У нядзелю раніцай да яго на кватэру заявіліся два эсэсаўцы і сказалі, што ім трэба паспавядацца, але хочуць, каб ксёндз спавядаў іх у пустым касцёле. Ён згадзіўся, і яны ўтрох пайшлі ў касцёл. Як толькі айцец Антоні сеў у канфесіянал, адзін эсэсавец адразу ж падышоў спавядацца, а другі стаў пры ўваходных дзвярах. Штосьці непрыемнае варухнулася ўсярэдзіне ад гэтага самаўпэўненага гаспадарання, але ён змусіў сябе нічога не сказаць. Паспавядаўшыся, першы адышоў да дзвярэй, а ягонае месца заняў другі. Тады і здарылася тое, што прывяло сёння ў касцёл іхняга начальніка...
— Дык чаму вы не прабачылі грахоў салдату фюрэра? — зноў загаварыў Гэкер. — Бо ён расстрэльваў габрэяў? У яго аказаліся слабыя нервы, ён крычыць начамі, перашкаджае іншым спаць. Таму ён і пайшоў да вас. Ён прасіў у мяне дазволу, я дазволіў, але вы, пастар... Словам, я хачу ведаць, што вас не задаволіла ў споведзі майго салдата.
Гэта было ўжо задужа, і айцец Антоні як мага ветлівей, хоць яму ўсё цяжэй і цяжэй было гэта рабіць, патлумачыў:
— Гер Гэкер! Тайна споведзі настолькі сур’ёзная рэч, што мне пры ўсёй павазе да вас не хацелася б весці болып размовы на гэтую тэму.
Афіцэр вытрашчыў вочы:
— Але я ведаю, што мой чалавек зняважыў вас! Мне казалі, ён груба, па-хамску абазваў вас, я прыйшоў высветліць...
Айцец Антоні ўсміхнуўся:
— I ўсё ж, гер Гэкер, нават гэта не з’яўляецца прычынай для таго, каб святар выдаваў таямніцу споведзі.
Нейкі момант афіцэр непаразумела ўглядаўся на айца Ляшчэвіча, потым злёгку адкінуў галаву і, прымружыўшы вочы, запытаў:
— А што магло б стаць гэткай прычынай?
— Нічога, — коратка адказаў айцец Антоні.
Гэкер, працягваючы разглядваць айца Антонія, паволі, але на гэты раз зусім без кпіны вымавіў:
— Аказваецца: гэта зусім няпроста — быць святаром.
Айцец Ляшчэвіч усміхнуўся і перамоўчаў. Гэкер абвёў позіркам касцёл, паўтарыў:
— Гэта зусім няпроста.
— Вы неяк казалі, што, можа, прыедзе нямецкі ксёндз, — прамовіў з лёгкай іроніяй айцец Ляшчэвіч. — Ну-у, тады, магчыма, і знікнуць некаторыя вашы праблемы.
— Але ж вы так не лічыце?
— He, я так не лічу.
— А што, па-вашаму, можа зняць праблемы?
— Мінулы раз я, здаецца, казаў а, можа, толькі думаў... Праблемы... знікнуць толькі пасля таго, калі скончыцца гэтая непатрэбная свету вайна і тыя, хто забіваў, зразумеюць, як цяжка яны грашылі, ды шчыра пакаюцца. He перад зручным святаром з новых нямецкіх хрысціянаў, — сумна ўсміхнуўся айцец Антоні, але перад Богам, перад самім
Богам! He так гэта проста, гер Гэкер, — атрымаць прабачэнне за свае злачынствы ад справядлівага Бога. Паверце, не так проста.
— Я, здаецца, ужо казаў вам, што вы смелы чалавек, — расцягваючы словы, прамовіў афіцэр. — Як жа трэба нас ненавідзець, каб гаварыць гэткія рэчы вось так... спакойна...
— Ненавідзець? — хутка перапытаў айцец Ляшчэвіч і пацёр скроню. — Але я не маю права на нянавісць.
— Ну так, ну так, — пакпіў Гэкер, — вы ж павінны нас любіць і... вядома... любіце. Раскажыце мне, пастар, калі ласка, як вы любіце салдатаў Адольфа Гітлера, якія прыйшлі заваяваць вас. Раскажыце. Гэта вельмі цікава, пастар Ляшчэвіч.
Айцец Антоні паволі павярнуў галаву, іхнія позіркі скрыжаваліся: ягоны — стомлены, і Гэкераў — наструнены, колкі, здзеклівы. He адводзячы вачэй, айцец Антоні паволі вымавіў:
— Гэта сапраўды вельмі цяжка... для мяне, слабога і грэшнага чалавека... часам гэта перавышае мае сілы... Я сапраўды іншы раз не чую ў сабе такіх сілаў... Бо люблю сваю Бацькаўшчыну і таму не магу любіць тых, хто яе знішчае. Я магу гэтым людзям... толькі спачуваць.
Гэкер скінуў нагу з нагі, імкліва падняўся, услед за ім няспешна ўстаў і айцец Антоні. У той самы момант выратавальна расчыніліся дзверы, і ў іхнім сонечным прастакутніку з’явілася сястра Разалія. Яна не заўважыла айца Антонія з Гэкерам, але подбегам рушыла да алтара, гукнула:
— Ойчанька!
— Што такое? — як мага спакайней азваўся айцец Антоні.
Тая крутнулася на голас, памкнулася было бегчы, але ўбачыла Гэкера і сумелася — застыла. Ейныя плечы апалі, рукі павіслі ўздоўж цела — яна маўчала, гатовая да найгоршага.
— Сястра хацела да споведзі? — папытаў айцец Антоні, каб хоць што-небудзь гаварыць, і тут жа адказаў: — Перад ружанцовым набажэнствам буду спавядаць.