• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    — Bo, а ў гэтай напісана: полька. Які вас чорт лучыць усіх тут? — зароў ён і шпурнуў на стол пашпарты.
    — Дзетка, — голас сястры Ядвігі дрыжэў, — не чорт нас лучыць, але Бог. Ён паслаў нас сюды вучыць людзей Божаму слову. Мы ж нічому благому не вучым, толькі добраму.
    — Добраму? — закрычаў другі партызан, выкідваючы з іхніх торбаў на падлогу блюзкі, спадніцы, бялізну. — Настаўніцы мне знайшліся, маць вашу! Вы людзям мазгі зацямняеце сваімі малітвамі! Жылі тут, панімаеш, без вас спакойна, дык не — панапаўзала ўсялякай навалачы! Гітлера пачулі? Думаеце разам з ім тут сваё панства развесці?
    I тады падала голас сястра Разалія:
    — А мы не разам з Гітлерам. Што нам Гітлер? Ён людзей забівае, а Бог кажа, што трэба любіць адзін аднаго. Мы гэтаму вучым людзей, а не чаму іншаму.
    — Людзей забівае? — хмыкнуў мажны партызан, што вытрасаў посцілкі з куфра. — А вы бачылі, што ў іхніх салдатаў на спражках напісана? «3 намі Бог!»
    Сястра Разалія заплакала:
    — Дык пры чым жа мы да таго, што ў іх там напісана?
    — Пры тым, — грукнуў кулаком той партызан, што правяраў іхнія дакументы, — пры тым, што ўсе вы аднолькавыя: і вы, і гітлераўцы, і паліцаі. Знаем! He думайце — усё знаем пра вас!
    Сёстры маўчалі. I адна, і другая зразумелі, што лепш цяпер маўчаць, бо ўсё, што б яны ні сказалі цяпер, якімі б словамі ні пераконвалі гэтых раз’юшаных людзей, усё адно іхняя злосць ад гэтага не зменшыцца.
    — Золата ёсць? — нечакана бухнуў каторы з партызанаў.
    Сястра Ядвіга нервова ўсміхнулася:
    — Адкуль яно ў нас, тое золата, дзетка? Ці ж не відаць, якія мы багацейкі?
    Партызан нібы крыху астыў, буркнуў цішэй:
    — Па вас тут надта ўбачыш... Хітрыя, як змеі. Павыпаўзалі з усіх шчылінаў.
    — Можа, вам абразік катораму даць? — прапанавала неспадзявана сястра Ядвіга, і сястра Разалія ажно заплюшчыла ад страху вочы.
    Але, як ні дзіўна, гэтая прапанова толькі насмяшыла партызанаў. 3 рогатам ды лаянкай яны яшчэ пашнырылі туды-сюды, пераварочваючы ўсё на сваім шляху. Потым маладзейшы, што корпаўся на печы сярод клункаў з воўнай ды пер’ем, спытаў цераз каптур:
    — I доўга вы яшчэ тут збіраецеся чмурыць людзям галовы? Вы — тут, вашы ксяндзочкі — у Расіцы?
    На гэта неспадзеўна пасмялелая сястра Разалія адказала без ранейшых дрыжыкаў у голасе, але спакойна, з годнасцю:
    — Пакуль не навучым. Пакуль не зразумеюць людзі, што Бог ёсць над усім: і над зямлёй, і над раслінамі, і над жывёламі, і над людзьмі, — і дадала ашалеламу ад здзіўлення партызану: — А людзі, якіх мы вучым, таксама не чужыя нам. Бо хоць і запісана ў пашпартах, што я полька, а яна, — кіўнула на сястру Ядвігу, — літоўка, але мы ніякія не прыхадні. Тут мы нарадзіліся, тут жывем, тут і паміраць будзем.
    — Па-мі-раць?! — загарлаў вусаты. — Па-мі-раць? Дык мы табе прыспешым гэта! На во, смелая, патрымай! — ён выхапіў з кішэні гранату і сунуў яе проста ў твар сястры Разаліі. — Толькі я чаку спачатку вырву, каб ты смялейшая была!
    Рукі сястры Разаліі самі сабой схаваліся за спіну, яна адступіла колькі крокаў да вакна і на ўсе вочы глядзела на партызана.
    — Што, разумная? — крычаў вусаты. — Куды твая смеласць падзелася?
    I потым, калі няпрошаныя госці нарэшце выкуліліся з хаты, яны, трасучыся ад страху, ніяк не маглі паверыць, што ўсё мінулася і яны абедзве жывыя. Гаспадыня — мажная грудастая кабета, што нарадзіла дванаццаць дзяцей, палова з якіх памерла, а палова сядзела цяпер, як мышы, на палку, — падбірала раскіданыя рэчы і прычытвала гугнявым голасам:
    — А завошта ж мне гэткая ператруска? Што я каму благога зрабіла? He першы ж раз завіталі, колькі разочкаў прыходзілі — і ні разу не было гэткага пярэпалаху. Прыйдуць сабе, забяруць, што ім у вочы ўкінецца, і пойдуць у свой лес. А цяперака?.. Гэта ж нявідана, нечувана!
    Сёстры маўчалі: чулі ў гэтым бясслёзным галашэнні нявымаўлены папрок у іхні бок.
    — А маглі ж узарваць! — вяла сваё гаспадыня. — Гэта ж, каб ірванула тая балдавешка, якую ён табе соваў, што ж бы гэта засталося ад маёй хаткі? А што было б з маімі дзеткамі?!
    Дзеці на палку пачалі ўсхліпваць. Дзіўна, што ў часе ўсяго пярэпалаху ніхто з іх і гуку не падаў, а цяпер заводзіліся і яны — быццам хацелі падтрымаць матчыну роспач.
    На досвітку, калі, змогшыся ад доўгіх малітваў і бяссоннае начы, сёстры яшчэ спалі на зляжалым аерным сенніку, падклаўшы пад галовы замест падушак хатулькі са сваім адзеннем, гаспадыня пачала іх катурхаць:
    — Прачынайцеся! Прадзярыце вочы — бач, маладыя, дык і пасля гэткага ператрусу могуць спаць, як пшаніцу прадаўшы. He тое што я — нібы той пугач, усю ночку пракаравуліла.
    Яны селі і церлі сонныя вочы, не могучы ўцяміць, чаго ад іх хочуць.
    — Надумалася я, дзеўкі, — не месца вам тут, — паспешліва казала гаспадыня, адводзячы вочы. — Надта ж яны былі злосныя. Вернуцца, папомніце маё слова — вернуцца. Трэба вам, дзеўкі, ісці адгэтуль, бо і мне за вас рызыкаваць сваімі пісклятамі — не вялікая радасць. Во некалькі вам бульбін на дарогу — ідзіце!
    I яны пайшлі, не разумеючы, не пытаючы, чаму такая пільніца, чаму яны павінны выходзіць з хаты на досвітку, калі партызаны зазвычай гэткай парой не ходзяць, толькі позна ўвечары ці ўначы. Але яны нічога не сталі пытацца ў напужанай гаспадыні — падзякавалі за кут, у якім пражылі некалькі дзён, папрасілі патлумачыць дзецям і моладзі, што заняткі пакуль што адмяняюцца. Гаспадыня адвяла вочы:
    — Добра. Скажу. Вы ж... гэта... не трымайце крыўды. Я ж, самі бачылі, з усёй душою, а во як яно выйшла. Але заставацца вам няможна: чуе маё сэрца — вернуцца.
    3 Барсукоў да Дрысы не такі ўжо й вялікі кавалак дарогі. Вырашылі ісці ў Дрысу, бо там была надзея пабачыць айца Антонія, а ўжо той парадзіць, што рабіць. Ды худзенькая сівая жанчына, у якой кватараваў айцец Антоні, сказала, што яго няма, потым счакала, падумала і запытала, хто яны. He таіліся — адказалі праўду, і жанчына адразу абняла сястру Ядвігу, усхліпнула:
    — Mae вы дарагія, а да яго ж зноў гэты нямчура прыйшоў. I чаго ён толькі да ойчанькі прыляпіўся? Раней прыходзіў неяк, а сёння во — зноў...
    — Дзе яны? — шэптам перапытала сястра Разалія. — У той хаце?
    Жанчына заплакала:
    — А каб жа! У касцёле! Я, дзеткі мае дарагія, як узгадаю, што і да ксяндза Мечыслава яны гэтаксама — раз прыйшлі, другі, а потым і павялі з сабой, і застрэлілі ў Беразвеччы...
    Сястра Разалія больш нічога не пыталася — моўчкі сціснула за локаць сястру Ядвігу, кінула пад ногі свой клунак і пабегла ў касцёл. На лаўцы пры браме важылі насамі два немцы з аўтаматамі. Сястра Разалія ціха, ледзьве не на дыбачках прайшла воддаль іх, ухапілася за ручку дзвярэй, пацягнула іх на сябе і праслізнула ў прачыненую шчыліну. Бегла сюды і цалкам забылася на свае непамыслоты, не ведала, што зробіць, чым дапаможа, але сэрца загадвала ёй: яна павінна быць у гэтую хвіліну тут. Яе спыніў на
    дзіва спакойны голас айца Антонія. Ён чамусьці папытаў пра споведзь і сказаў, што будзе спавядаць перад ружанцовым набажэнствам. He адразу, але ўсё ж зразумела: сваім спакойным звычным пытаннем ён і яе заклікаў да спакою і развагі. Пайшла з касцёла і адчула, як шалёна тахкае ў грудзях сэрца. «Вось жа палахлівы заяц», — падумала сама пра сябе, а сястру Ядвігу і пані Ванду супакоіла:
    — Размаўляюць там. Спакойна нібыта — дасць Бог, усё будзе добра.
    I яны пачалі маліцца. Потым проста маўчалі і сэрцам прасілі Пана Бога злітавацца, заступіцца, абараніць.
    — А ён, той немец, са стрэльбай? — шэптам парушыла цішыню сястра Ядвіга.
    — He бачыла, — шапнула ў адказ сястра Разалія. — Мусіць, немцы стрэльбаў не носяць, у іх іншая зброя.
    — Дык ёсць яна там у яго? — нервавалася сястра Ядвіга.
    — Адкуль я ведаю? He бачыла.
    I зноў абедзве надоўга замоўклі. Даўно змярцвелі калені, спіны, а яны ўсё не жадалі падняцца. Нарэшце за вакном мільганула чорная постаць, сястра Разалія сарвалася з каленяў, кінулася да дзвярэй і на парозе як не сутыкнулася з айцом Антоніем.
    — Пахвалёны Езус Хрыстус! — выдыхнула і адступіла крок назад.
    — На векі вечныя, — адказаў айцец Антоні і ўсміхнуўся: — А ты, сястра, усё бегаеш? Трэба табе вунь як дзякаваць Богу, што гэткія лёгкія ногі даў.
    — Пайшоў той немец, ойчанька? Абышлося? — запытала сястра Ядвіга.
    — Ну, бачыце ж, цэлы і здаровы. Кажыце лепей хутчэй, што там у вас? Чаго раптам апынуліся тут?
    Наперабой распавялі яму пра ўчарашняе здарэнне ў Барсуках.
    — Што было нам рабіць, ойчанька? — пыталася сястра Ядвіга. — Можа й не тое мы зрабілі, але ж не было ў каго
    парады пытацца. Пайшлі вось з Барсукоў, не давучылі дзяцей, была там пара да шлюбу, тры кабеты надумаліся хрысціцца.
    Айцец Антоні доўга глядзеў на ярка-чырвоныя, быццам кроў, вяргіні за вакном, падняўся, прайшоўся па хаце, прачыніў дзверы і гукнуў:
    — Пані Ванда! Ці маеш чым пакарміць згаладалых законніц?
    — Мы, адыходзячы, бульбу елі, — махнула рукой сястра Разалія.
    — Пані Ванда! Бульбу яны ўжо елі, цяпер дай ім гуркоў, — пажартаваў айцец Антоні.
    Сястра Разалія пырснула ў кулак, а сястра Ядвіга паважна прамовіла:
    — Разалія як сабе хоча, а я то есці не буду — да споведзі пайду.
    — Ой, я, напэўна, таксама... — разгубілася сястра Разалія. — Ойчанька ж мне сёння сказаў...
    Айцец Антоні засмяяўся:
    — Ну, тое больш для Гэкера было сказана, а не для сястры. У цябе такі быў выгляд, што я збаяўся, каб не кінулася лупцаваць салдата Вермахта.
    — Але не, — трасянула галавой сястра Разалія, — пайду. Пасля таго, што мы перажылі ў Барсуках, трэба спавядацца — і ўздыхнула. — Яны ж да споведзі не пойдуць, значыць, трэба і за іх... Толькі, можа, — нерашуча зірнула на айца Антонія, — адпачыць нам крыху, а то ж мы цэлую ночку... А потым гэтая дарога...
    — Ідзіце. Папрасіце пані Ванду, каб завяла на сена, а потым паклікала на ружанцовае.
    Застаўшыся адзін, айцец Антоні адшпіліў некалькі верхніх гузікаў сутаны, прайшоўся туды-сюды па хаце, прыпыніўся каля вакна, доўга глядзеў у яго, потым прысланіўся лобам да халаднаватай шыбіны і ціха папрасіў:
    — Божа, пашлі мне дар мужнасці...
    XI
    Тэкля з ружанцам у сашчэпленых руках, са спакойным, лагодным выразам на твары ляжала на шырокай лаве. На ёй была доўгая рудая сукенка, белая, у дробныя жоўтыя кветачкі хустка, рагі якой, акуратна распраўленыя, ляжалі на грудзях. Маршчыны, што раней густа пераразалі ейны твар, цяпер злёгку разгладзіліся, зрабіліся не такімі рэзкімі. Некалі прыгожы Тэклін твар цяпер нібы зноў памаладзеў, быццам хацеў нагадаць людзям пра колішнюю Тэкліну красу.