• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    — А ксёндз ведае, што заўтра хаваць? — папытала Ядвіня.
    — Ведае, — адказаў хтосьці.
    18 Бывайце, дзеткі, бывай, доме мілы Я ўжо адыходжу ў цёмную магілу. Дзеткі, вас прашу я шмат не гараваці, Толькі пра душу маю вы не забывайце. Ужо я адыходжу, шмат не вымагаю, А Імшу ў касцёле замовіць упрашаю.
    — А хто магілу будзе капаць?
    — Во зараз і вырашым.
    Сцёпка ачуўся ад сваіх думак, прамовіў:
    — Сам пайду.
    — Анягож. Толькі гэтага яшчэ не было, — прыкрыкнула на яго цётка Гунэфа. — Без цябе выкапаецца. Мацвейчык вунь як памёр — я таксама капала з Вальцяй Артэмішкай на змену. Ды яшчэ баб шэсць было. Выкапаем і цяпер.
    Ядвіня забедавала:
    — А Божа ж мой, Божа, да чаго ўсё дайшло: бабы капаюць магілы!
    — Ну й што? — не сунімалася цётка Гунэфа. — Як трэба, дык і баба рыдлёўку ў рукі возьме. Праўду во Зося кажа: ці будзе яшчэ каму для нас магілу выкапаць? Во тады ўжо не па-людску было б. А так... Што ж ты хочаш? Вайна...
    — Ага ж, мае вы людцы, ага ж, — ківалася над сваім крывым кійком баба Зося.
    Назаўтра ў касцёле таксама было людна. Сцёпка схадзіў да споведзі, а потым доўга сядзеў на лаўцы паблізу матчынай дамавіны. Па баках яе гарэлі свечкі на высокіх чорных падсвечніках. Сцёпка глядзеў на іхняе мігатлівае полымя і думаў, што праз гэты касцёл праходзяць усе шляхі: ад нараджэння і да апошняга дня. I менавіта тут жыццё напаўняецца сэнсам. Мабыць, толькі цяпер, у гэтыя хвіліны пры матчынай труне, ён зразумеў ейную радасць, калі гэты касцёл у леташнюю восень зноў стаў касцёлам. I... не мог сабе ўявіць, што ён мог адпраўляць маці на той свет не праз яго.
    Айцец Юры нарэшце скончыў спавядаць, пайшоў да алтара, перажагнаўся і заспяваў:
    — Вечны спачын дай ёй, Пане, а святло вечнае няхай ёй свеціць, няхай спачывае ў спакоі вечным. Амэн.
    XII
    Невысокі каржакаваты мужчына сарамяжліва таптаўся ў парозе, перакладаў з рукі ў руку шапку з доўгімі матузамі і бубніў штосьці неразборлівае пра слабога каня, вялікі круг дарогі, які ён зрабіў, пра тое, што зручней і хутчэй было паехаць проста, але ён не змог — заехаўся. Айцец Юры марна намагаўся штосьці зразумець з гэтае блытанае гаворкі, нарэшце не вытрываў:
    — Калі вы хочаце памаліцца, дык касцёл адчынены — там цяпер сёстры моляцца.
    Мужчына пераступіў з нагі на нагу:
    — Што ж мне, ойчанька, тыя сёстры? Яны ж, мусіць, не спавядаюць.
    — Ну, не — гэта праўда, — з палёгкай засмяяўся айцец Юры, зразумеўшы нарэшце, што ад яго патрабуецца.
    Ен зняў з вешака ў сваім пакоі сутану, якую кагадзе павесіў, вярнуўшыся ад хворага, адзеў, спрактыкаванымі пальцамі зашпіліў гузікі і вярнуўся. Мужчына ўсё яшчэ стаяў у парозе.
    — Гэта... Ойчанька... — пачаў ён. — Сын у мяне калека — не ходзіць, толькі ляжыць.
    — Дзе ляжыць? — не зразумеў айцец Юры.
    — На возе.
    — Што ж вы адразу не сказалі? У хату яго трэба!
    Ён не стаў больш чакаць — абмінуў мужчыну, без паліто і шапкі выбег на двор. Сцюдзёны вецер віхурыў снег паміж
    хатай і плотам, да якога быў прывязаны гнеды конь. Два хлопчыкі гадоў дзесяці-дванаццаці кармілі каня доўгімі кузлакамі сена. Крыху воддаль жанчына ў белым кажушку і белых валёнках стукала нага аб нагу, а на санях сярод чыгункоў, нейкіх скрынак, кублаў, кучы адзення сядзела сівая бабулька і мерна, нібы маятнік, пагойдвалася на бакі. Айцец Юры падышоў бліжэй і толькі тады ўбачыў, што пад старымі ватнімі коўдрамі на санях ляжаў хлапец, бледна-жоўты твар якога не меў ні крывінкі.
    — Пахвалёны Езус Хрыстус, — бясколерным голасам прамовіла старая, паднялася і пацалавала айцу Юрыю руку.
    Хлопцы і маладзейшая кабета таксама нястройна прывіталіся.
    Ён адказаў і, уражаны, хвіліну не мог знайсці, што сказаць, нарэшце азірнуўся на мужчыну:
    — Панеслі ў хату.
    — Але ж, ойчанька, — загаварыла старая, — Адаська хоча ў касцёл. Hi разу не быў, а раз ужо так надарылася, дык хоча пабачыць.
    Мужчына выцяг дзве жардзіны, да якіх была прымацавана шэрая посцілка, паклаў жардзіны проста на снег пры санях і загадаў маладзейшай кабеце:
    — Манька, памагай, што стаіш, як укапаная?
    — Можа, я? — прапанаваў айцец Юры.
    — He, ойчанька, нам жа не першы раз, — адказаў мужчына. На двары ён пачуваўся больш упэўнена, ад ягонай ранейшай сарамяжлівасці не засталося і следу — тут ён быў гаспадаром, галавой.
    Яны з жонкай паднялі хлопца, перанеслі яго разам з сенніком і коўдрамі на посцілку. На твары юнака вымалявалася грымаса ці то болю, ці то нейкай незадаволенасці.
    — Цярпі, Адаська, — папрасіла яго маці і ўзялася спераду за жэрдкі, але айцец Юры мякка адхіліў яе — папрасіў:
    — Дайце мне.
    Яна саступіла, і айцец Юры разам з мужчынам панеслі Адася ў касцёл. Аслупянелыя сёстры, якія толькі што скончылі маліцца Ружанец, глядзелі на незвычайную працэсію. Першаю ачулася сястра Разалія, яна паклікала сястру Адэлю, прынесла разам з ёю дзве лаўкі, што стаялі пры сцяне, і разгублена папыталася ў айца Юрыя:
    — Куды?
    — Нясіце да галоўнага алтара — чалавек упершыню ў касцёле.
    Лаўкі паставілі перад самым прэзбітэрыем, і Адась, павярнуўшыся на бок, працяглым позіркам абвёў усё, што бачыў.
    — Перажагнайся, дзетка, — прашаптала маці і выцерла далонямі вочы.
    Адась паволі перажагнаўся і зноў глядзеў на алтар.
    — Ойчанька, мы ж да споведзі, — загаварыла старая і на ўсялякі выпадак запэўніла: — He думай, ойчанька, сёння і крошкі ў роце не мелі, да споведзі збіраліся.
    Спавядаліся доўга. Кожны паасобку і ўсе разам яны ўсведамлялі, што менавіта сёння ў іхнім жыцці накрэсліваецца рыска, якая аддзяляе адну палову ад другой. Сёння яны пакінулі сваю даволі прасторную хату ў роднай вёсцы з дзіўнаватаю назвай Немцы і ехалі цяпер у надзеі неяк ператрываць гэтую вайну ў вёсцы пад Бігосавым з таксама дзіўнаватаю савецкаю назвай Вопытная. Па волі лёсу яны ўключаліся ў гэты «вопыт» над іхнім жыццём. Першым прапанаваў яго правесці і паспрабаваць знайсці хоць бы які слабенькі спакой гаспадар — Адам Пракапёнак. I зусім не таму, што надакучыла яму свая хата, а таму, што апошнім часам ён пачаў адчуваць сябе там, як не ў сваёй. Бо партызаны, завітаўшы ў ягоную хату аднае начы і загадаўшы правесці лясным карацейшым шляхам на чыгунку, забралі адначасна і ягоны спакой ды ўпэўненасць, што свая хатка як родная матка. I раз, і другі, і трэці завёў ён іх на
    тую чыгунку, а потым зразумеў, што некалі за гэта можа быць суровая расплата ад фашыстаў. Ці меў жа ён права рызыкаваць жыццямі сваіх сямейнікаў, падстаўляць іх пад нямецкія кулі? Таму сёння ўранні ён забіў вокны і дзверы тоўстымі аполкамі, паплакалі ўсе разам на ганку і паехалі ў невядомы свет. У адным саступіў цешчы — што калі ехаць у тую Вопытную, то толькі праз касцёл, часу гэта, праўда, трохі зойме, але затое будзе надзея, што паехалі яны ў тое невядомае з Божым блаславеннем.
    Сястра Разалія падышла да Адася, ціха папытала:
    — Холадна табе? Можа, прынесці яшчэ што-небудзь накрыцца?
    — He, — матлянуў галавой і запытаў: — А што ў той скрынцы, каля якой чырвоны агеньчык гарыць?
    — Гэта табэрнакулюм, — патлумачыла сястра, — у ім захоўваюцца Цела і Кроў Хрыста. Так ёсць у кожным касцёле. Таму мы і кленчым заўсёды перад ім.
    — Бабця казала, — кіўнуў галавой Адась і зноў замоўк.
    Айцец Юры выйшаў нарэшце з канфесіяналу і накіраваўся да Адася, але бацька падняўся з лаўкі, прыглушана загундзеў:
    — Ойчанька, можа, не займайся ты з ім: якія там у яго, калекі, грахі — ляжыць сабе на ложку і дзень, і ноч.
    Але старая перапыніла зяця:
    — Ну, што ты лезеш? Ксёндз сам лепей ведае, — падціснула вусны: — Мала што калека, а і думкі ўсялякія благія, нябось, у галаву лезуць, і слова якое нядобрае вымкнецца ад крыўды на сваю бядоту.
    — Ага, — падаў раптам зычны голас з-за спіны старой малы Ромка. — Учора ён на мяне насварыўся, што я яго булёнам абліў.
    Усе засмяяліся. Айцец Юры лёгка пацягнуў хлапчука за калматую чупрыну:
    — He гарлапань у касцёле! I не аблівай булёнам брата.
    — Што я, хацеў? — шмаргануў носам Ромка і зноў схаваўся за бабуліну спіну.
    Айцец Юры падышоў да Адася, накрыў сваёю рукой ягоную — халодную, з доўгімі тонкімі пальцамі. Адась адарваў позірк ад алтара, паволі перавёў на айца Юрыя: іхнія позіркі сустрэліся.
    — Скажы, а гэта праўда, што цябе сам Бог прызначыў служыць тут? — Адась павёў позіркам па скляпенні касцёла.
    — Дзетка! — пляснула рукамі Адасёва маці. — Няможна ж гэтак нягжэчна гаварыць з ойчанькам.
    3 лёгкім адценнем прыкрасці, што ў іхнюю размову ўстрэлі, айцец Юры прамовіў:
    — He турбуйцеся. Мы самі дамовімся, а вы сядайце на лаўкі ды лепш памаліцеся.
    — Як там з ім гаварыць, — уздыхнула маці. — Ці ён каго бачыць, ці ён умее да толку што расказаць?
    — А табе што? — прабурчэла старая. — Ксёндз сказаў — дык ідзі во маліся і не лезь не ў сваё.
    Айцец Юры злёгку нахіліўся над Адасем, іхнія позіркі зноў сустрэліся, і айцец Юры падумаў раптам пра тое, якія прыгожыя, глыбокія вочы ў гэтага хлапчыны.
    — Ен табе сам загадаў служыць тут? — зноў запытаў Адась.
    — Загадаў?.. Разумееш, Ён такое не загадвае. Ён толькі кліча. А чалавек ужо сам вырашае, пайсці яму альбо не.
    — Хіба ёсць такія, што не ідуць? — падзівіўся Адась.
    — Ёсць.
    Адась заплюшчыў вочы, быццам размова стаміла яго, потым прыадкрыў павекі і мройліва прамовіў:
    — Калі б у мяне былі ногі і Ён паклікаў мяне, я абавязкова пайшоў бы...
    Айцец Юры сціснуў Адасеву руку:
    — Будзеш спавядацца?
    — Буду. Толькі я магу ўсё пераблытаць. Бабуля мяне вучыла-вучыла па дарозе, але я, напэўна, усё зблытаю. Летась, праўда, добра паспавядаўся, калі ксёндз прыязджаў свянціць нашу хату.
    — He хвалюйся. Ты ўсё ўзгадаеш. Зразумей толькі адно: галоўнае — быць абсалютна шчырым перад Панам Богам.
    Айцец Юры паклікаў Адасевага бацьку, і яны перанеслі хлопца да алтара Маці Божай. Сястра Адэля прынесла айцу Юрыю крэсла, ён сеў, перажагнаў Адася і нахіліўся слухаць.
    Адась гэтак доўга спавядаўся, што ягоныя меншыя браты Ромка з Уладакам выбягалі на вуліцу, каб там патупаць, паскакаць ды так-сяк адагрэць ногі. Сястра Разалія ціха грала на фісгармоніі адвэнтовыя мелодыі. Адасеў бацька, закрыўшы далонямі твар, нерухома сядзеў на самай апошняй лаўцы, ягоная жонка перабірала пацерынкі ружанца, a старая, намаліўшыся і наплакаўшыся ўволю, зноў пагойдвалася, быццам мерала час.
    Потым была святая Камунія і ціхая малітва пры алтары.