Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
— Значыць, гэта праўда! — вырвалася ў Генрыха. — А я так спадзяваўся, што раптам акажацца — вучэнні гэта нейкія ці яшчэ якое ліха...
— Ды не, сябра, гэта праўда, — сумна сказаў айцец Антоні. — Але праўда і тое, што нават сярод тых самых паліцыянтаў ёсць людзі, якія гатовыя нас папярэджваць аб небяспецы. He адны, выходзіць, нягоднікі там, — і дадаў цвёрда: — Але вы мяне не ўгаворвайце: у Расіцу я паеду. Які ж з мяне кіраўнік місіі, калі місіянеры там, а я застануся тут?
Мадэст пачаў нервова мераць пакой сваімі шырокімі крокамі, спыніўся і выгукнуў:
— Але ж, ойча, гаворка не пра місію!
— Чаму? — спакойна запытаў айцец Антоні і пераклаў з месца на месца стос кніг на стале. — Хто ведае, можа, якраз цяпер і надышоў самы галоўны час нашай місіі. He, дарагія мае, вучыць людзей Божым запаведзям, наказваць іх вы-
конваць, вучыць іх любіць бліжняга, а потым перакрэсліць усё гэта адным сваім учынкам?..
— Вы так кажаце, што можна падумаць, быццам паехаць вам цяпер у Расіцу — тое ж самае, што... схадзіць па ваду для нямоглага чалавека, — гарачыўся Мадэст. — Гэта выключная сітуацыя, ойча, і ніхто вас ніколі не асудзіць за тое, што вы не паехалі ў гэты дзень у Расіцу.
Айцец Антоні спадылба зірнуў на яго і з ледзь прыкметнай іроніяй папытаў:
— Упэўнены? А я? Як я сам ацаню гэты свой дзень потым?
— Даруйце, але гэта такі максімалізм!.. — Генрыху не хапала слоў.
Айцец Антоні ўзняў рукі:
— Сябры мае! Досыць. He час, хіба, для тэарэтычных размоў. Калі ласка, не крыўдуйце на мяне — лепш зразумейце і памаліцеся за нас. А я мушу ехаць да айца Юрыя: не надта яму там памысна аднаму. I сёстры ж нашы ў Расіцы цяпер: я ім забараніў ездзіць цяпер па вёсках, бо пачалі партызаны чапляцца, а тут во як выйшла... Паеду. На месцы буду глядзець, як там і што, — і ўсміхнуўся да Генрыха. — А ты не адгаворваў бы мяне больш, а лепей пайшоў бы ды запрог мне каня.
Мадэст ахвотна падхапіў жарт:
— Ён запражэ — ага ж!.. Пайду ўжо тады я...
Генрых маўчаў. Прыхіліўшыся лобам да размаляванай марозам шыбіны, ён плакаў.
трэцяя
I
Рамонкавы луг іскрыўся расою. Ганка бегла па ім і, як заўсёды, войкала ад холаду, радасці й захаплення. Агністае сонца абуджала зямлю, лашчыла ўсё, што было на ёй. He, той, хто ніколі не прачынаўся разам з сонцам, не бегаў па ранішняй зіхоткай pace, той ніколі не зразумее Ганчынай радасці...
Пярун ляснуў гэтак нечакана й гучна, што яна закрычала ад страху. Раскаты грому яшчэ грукаталі, а Ганка сполашна круціла галавой, з усяе сілы ўзіралася ў раптоўную вязкую цемру і не магла ніяк зразумець, куды падзеліся сонца, рамонкі на лузе і тое шчасце, якое яшчэ зусім нядаўна перапаўняла яе. Каля яе штосьці варушылася, грымела, хтосьці лаяўся. Толькі тады яна зразумела, што сонца, луг, кветкі і радасць — усё гэта было ў сне. А цяпер... што дзеелася вакол яе цяпер? Ганка сядзела на ложку, прыціскала да грудзей коўдру і нічога не разумела.
Рэзкі прамень святла ўдарыў ёй у твар:
— Эй ты, красуня! Марш на двор!
— Дачушка! — немы мамін крык з цемры.
— Ну, ты, старая, табе не сюды! — чыйсьці сіпаты голас.
— Ганечка! Дачушка!
Ганка саскочыла з ложка, паслізнулася на нечым, ірванула з вешака паліто — накінула проста на начную кашулю.
— Пайшла вон! — хтосьці вялікі й нябачны штурхнуў яе ў плячо нечым цвёрдым, халодным.
— Мама! — тузанулася Ганка ад гэтага вялікага й страшнага чалавека.
Але маці чамусьці не азвалася.
На дварэ чуліся нечыя галасы, крыкі, хтосьці кудысьці бег.
— Гані іх сюды! — загадаў з цемры асіплы голас.
— Пайшла! — новы ўдар у спіну.
Ганка выцягнула наперад рукі і пасунулася да дзвярэй.
— На ногі абула што?
На ногі? Навошта ёй.. на ногі? Куды... яна пойдзе паначы?
— Ма-а-ама! — адчайны крык з грудзей.
— Давай бягом! Лямантуеш тут!
— Ма-а...
Удар у спіну.
— Ды абуцца ж... Босая я...
— Абувайся і вон з хаты!
Ганка ўторкнула ногі ў валёнкі. Чарговы балючы штуршок у спіну ледзьве не збіў яе з ног, але яна ўхапілася за вушак — устояла. Пераступіла парог, прайшла па другой палове хаты да дзвярэй, што вялі ў сені. Дзверы былі расчыненыя наросхрыст, знадворку ў хату плыла няветлая лютаўская сцюжа. Выйшла, спахапілася, што не зачыніла хаты, павярнулася і зноў, цяпер ужо ў грудзі, атрымала ўдар чымсьці цвёрдым.
Насупраць Паўлюковай хаты — натоўп людзей, там таксама віравалі плач і крыкі.
— Марш да іх! — загадны голас ззаду.
Нават зарадавалася, што яе штурхнулі да людзей, бо вельмі баялася вялікага й злоснага чалавека, які чамусьці сярод гэтае страшнае начы загадвае Ганцы, што ёй трэба рабіць. Некалькі чалавек з аўтаматамі трымалі ўзнятыя над галовамі факелы. Паліцыя... На Ліпаўкі чамусьці сярод начы наляцела паліцыя... Што ж яна мае да іх?..
— Мама! — паклікала Ганка, але з натоўпу ніхто не азваўся. Можа, не пачула?
— He відаць тут тваёй маткі, — адказаў чыйсьці голас, і Ганка, прыгледзеўшыся, пазнала іхнюю суседку, цётку Вольгу.
— Старэйшых у хлеў зганяюць, — чыйсьці стогн побач.
— У хлеў? Навоштаў хлеў? А... нас... куды? — заплакаў Піліпаў Васька.
— Хто ж іх ведае... He плач.
— Можа, доўга пратрымаюць, а я цяплейшага нічога не ўзяла.
— Пагрэюць факеламі.
— I што ім у галовы ўзбрыло? Што яны ад нас хочуць, гэтыя крывасмокі?
— Хоць бы харчы якія з сабой...
— А навошта харчы... Адпусцяць... можа...
— Да мамы хачу! — дзіцячы плач недзе з глыбіні натоўпу. — Ма-а-ма-а!
— Эй, вы там, заткніцеся! — прахрыпеў каторы з канваіраў.
3 чыйгосьці двара даляцеў раптам жудасны крык:
— А-а-а, што робіце? А-а-а!..
Дзесьці ляснуў адзін, потым другі стрэл.
— Матачка Найсвентшая! Злітуйся над намі! — заламала рукі Макарава Стася. — Куды майго татку з мамкай павялі? Нашто?!
Ганка дрыжэла ад холаду, захінала паліто, уціскала галаву ў каўнер і чула, як гарачыя слёзы застываюць на марозе. Нічога не магла зразумець, толькі сэрца падказвала: нешта вельмі дрэннае прыйшло ў іхнія Ліпаўкі.
— Пусціце! Зараз жа пусціце мяне, людаеды ненажэрныя! — крык недзе з цемры і грубая лаянка.
Два чалавекі валаклі кагосьці па снезе, спыніліся, захаканыя, якраз насупраць Ганкі. Адзін запытаў другога:
— Можа, сюды яе?
— Ды ну! Старая ж! У хлеў!
Ганка страпянулася: голас гэтага чалавека, які казаў пра нейкі хлеў, быў ёй знаёмы. Яна чула недзе гэты хрыплаваты голас! Ганка ступіла крок наперад і, не ўсведамляючы, што робіць, гукнула:
— Дзядзечкі!
— Пайшла прэч! — агрызнуўся знаёмы ёй голас і — да канваіра з факелам: — Андрэс, глядзі сваіх!
Той, каго звалі Андрэсам, шматануў Ганку за плячо.
— Ігнат! Павалаклі старую!
I тады Ганка пазнала яго! Як жа яна адразу забылася... Гэта ж Ігнат... той самы пахмурны чалавек, якога яна спаткала некалі ў лесе, калі хацела паесці ажыны...
— Дзядзька Ігнат! Я пазнала цябе!
— Ну, ты, радня! — балюча штурхнуў яе ў грудзі Ігнат, і Ганка павалілася на нечыя ногі.
— Людцы, што вы робіце! — новы крык недзе з-пад старых клёнаў. — Люд-цы-ы!..
— Гляньце, Вэрціна хата гарыць!
— А-а-а... Куды ж я вярнуся-я-я?..
— Ой, Вэрця, мусіць, нам ужо не жыць у сваіх хатках!
— He чапай! Чуеш, не чапай мяне, свіння!
— Люська! He сварыся, дзетка! Люська-а...
— Пусці, чуеш? Бобік няшчасны! Думаеш, выслужышся ў немцаў? Халуй пракляты!
— Ой, што ж гэта нарабілася-я-я?.. А што ж гэта з намі будзе-е-е?
— Мамачка, дзе ты? Мама! Наша хатка гарыць!
— Ara. I Стэфціна загарэлася...
— I Петрачкова...
Іхні натоўп усё большаў і большаў, у яго ўштурхвалі ўсё новых людзей. Некаторыя былі ў кажушках, а некаторыя толькі ў сачыках ці свэтрах. Амаль ніхто не меў на галаве ні шапкі, ні хусткі. Людзі ціснуліся адзін да аднаго, дры-
жэлі ад страху й холаду і спуджана азіраліся на хаты, што палымнелі й трашчэлі ў агні.
— Чаму старых асобна збіраюць?
— А хто іх...
— Ой, чуе маё сэрца!..
— Маўчы.
— He пушчу! Нізавошта не пушчу! Мяне разам з ёй забірайце! — немы крык узвіўся над іхнімі галовамі.
— Ты, сука старая!
— Хоць забіце — не пушчу!
Грымнуў стрэл.
— Мама!
— Pod Twoja obron? uciekamy si? swi?ta Boza Rodzicielko, naszymi prosbami racz nie gardzic w potrzebach naszych... утрапёны шэпт недзе над Ганчыным вухам, і ў наступную хвіліну некалькі гэткіх жа хрыплых, перарывістых шэптаў падхапіла:
— ...ale od wszelakich zlych przygod racz nas zawsze wybawiac, Panno chwalebna i blogoslawiona!..1
Ганка далучылася да малітвы. Глытала салёныя слёзы, задыхалася імі і шаптала, шаптала... Заплюшчыла вочы, каб не глядзець на хаты, што палымнелі ў агні. Баялася на іх глядзець, і ўсё ж страшнае полымя стаяла ўваччу. Мама, мамка, дзе ты, мамка мая?! Яна, хіба, таксама ў тым хляве... Навошта іх зганяюць у той хлеў? Навошта? Няхай бы ўсіх разам! Навошта ж паасобку? Калі паміраць... то няхай бы ўжо разам...
— Мама! — закрычала Ганка ў адчаі, абхапіла рукамі галаву і зноў штомоцы: — Мама!
— Цішэй ты, Ганка! Што ты... Ах, мой Божа! Няма тут тваёй маткі!
1 Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым... I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная і благаслаўлёная (польск.).
— Ма-а-ма-а! — зноў ірванулася з Ганчыных грудзей, і яна асела на стаптаны снег. Яе паднялі, трэслі за плечы, а Ганка скрозь усхліпы клікала сваю маці. Навокал усё трашчэла ў агні — іхнія Ліпаўкі гарэлі, а людзі стаялі пасярод вёскі і ніхто не бег ратаваць свайго дабра. Канваіры пагрузілі на некалькі павозак вялізныя хатулі, вынесеныя з іхніх хатаў, і штуршкамі пачалі выстройваць людзей у калону.
— Па пяць-шэсць у рад станавіся! Ну? Каму сказана?
— Станавісь, кажу!
— Atrak!2
— Пайшлі!
Іхняя нястройная калона пад рэзкія воклічы канваіраў рушыла на дарогу.
— Куды яны гоняць нас?
— А хто іх...
— У Расіцу, мабыць...
— У Расіцу, куды ж яшчэ!
Ну і добра, што ў Расіцу, думала Ганка. Можа, пашчасціць там пабачыць айца Юрыя альбо айца Антонія, альбо сясцёр законніц? Можа, яны заступяцца за іх?.. Вось толькі мама засталася! Што ж яна будзе тут рабіць, калі вакол усё гарыць?
— Людцы-ы! Хлеў загарэўся-я-я!.. — дзікі крык за спінай.
— А-а-а... Ма-а-ма-а-а! А-а-а!..
— Людцы! Іх паляць! У хляве нашых паляць! Лю-ю-дцы-ы!..
Іх штурхалі, гналі некуды ў цемру, як жывёлу, а яны з жахам азіраліся, галасілі, крычалі і не чакалі ўжо нічога добрага для сябе пасля таго, што ўбачылі на свае вочы.