Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
2 Хутка (лат.).
II
Паўлюк Лапацкі ў такт бацькавай хадзе прыпадаў на правую нагу, бо левая ў старога была хворая — суцэльная сіне-чырвоная рана. Ці далёка зойдзе бацька на сваёй хворай назе, ён, які ўжо даўно не кідаўся ў дарогу далей як да студні ці хлява? Для яго і тыя дарогі ўжо былі зацяжкія. Але ісці трэба было, абавязкова трэба было ісці, інакш... Паўлюк не жадаў думаць пра тое, што можа быць з бацькам тады, калі ён зусім стоміцца.
Напачатку тыя, што ішлі ззаду, наступалі ім на ногі, але потым яны з бацькам неяк прылаўчыліся: Паўлюк моцна трымаў старога за руку і кульгаў разам з ім. Брылі, хакалі разам клубамі пары і кожны спадзяваўся на прыстанак, дзе яны аддыхаліся б, выцерлі ўзмакрэлыя твары ды, можа, праяснела б крыху ўваччу. Тыя, што ішлі спераду, ззаду, з бакоў, думалі, напэўна, тое ж самае. Людзі ўжо не плакалі. Задыханыя хадой, яны ўжо не мелі сілы на слёзы. Плач і крыкі засталіся недзе там, каля іхніх хатаў у Кавалеўшчыне, з якіх іх нядаўна выгналі вось гэтыя, у белых маскіровачных халатах — як здані! Куды яны, гэтыя здані, гналі іх цяпер ад роднае Кавалеўшчыны?
— Паўлюк, чуеш, Паўлюк... — хрыпеў бацька. — Як думаеш, уцякла Волька?
— He ведаю.
— I чаго яна пабегла? — каторы раз пытаўся бацька невядома ў каго і сам жа адказваў: — Страшна ёй, беднай, зрабілася.
— Пэўна... Але ты не гавары, a то цяжка ісці.
Волька не ўцякла — Паўлюк гэта ведаў. Апошняе, што ён бачыў, калі яго выганялі з хаты, была Вольчына распластаная на снезе постаць з раскінутымі на бакі рукамі: быццам абдымала ягоная сястра гурбу снегу. Ірвануўся тады да яе, крыкнуў — не азвалася. He памятаў, як апынуўся ў цесным натоўпе на вуліцы, які плакаў, крычаў, стагнаў. He адразу сярод гэтага енку й плачу распазнаў бацькаў голас, які раз-пораз клікаў: «Паўлюк! Волька! Дзеткі!» Калі ж пачуў яго, то праціснуўся да бацькі і падставіў яму плячо, каб пайсці поруч з ім у гэты цяжкі невядомы шлях.
— Гляньце! Пажар! — гукнуў хтосьці з натоўпу.
Людзі быццам спатыкнуліся аб гэты крык — прыпыніліся і, цяжка дыхаючы, глядзелі туды, дзе за лесам вогненна й злавесна чырванеў вялікі абшар неба.
— Ліпаўкі гараць!
— А можа... Калюты...
— Бо-о-жа ж ты мой мілы, што ж гэта робіцца?!
— Эй вы, что сталн? Atrak!3 По-шол! Впе-род! Ко-му ска-зал? — пачаў гарлаць высокі эсэсавец. Па гаворцы было зразумела, што ён не мясцовы, хутчэй за ўсё, з Латвіі, бо гаварыў на сумесі некалькіх моў. Яшчэ два канваіры падбеглі да яго і пачалі наперабой крычаць:
— Пашлі!
— Что посталн, скоты? Впер-рёд!
— Давай, шавялісь!
I яны зноў рушылі па выезджанай санямі дарозе. Яна была вузкая, гэтая дарога, і крайнія час ад часу правальваліся па цаліку, чэрпалі ў валёнкі калючы ледзяны снег.
Раптам хтосьці спераду паваліўся, і некалькі чалавек пападалі адзін на аднаго. Натоўп зноў збіўся ў кучу. Не-
3 Хутчэй (лат.).
высокі вёрткі паліцай падбег і пачаў штурхаць людзей прыкладам аўтамата. Так-сяк яны зноў падняліся — паволі рушылі наперад.
— Дзеда-а, мне ногі баляць, — плакаў побач з Паўлюком малы ўнук Франука Запольшчыка. Ён учора прыбег да дзеда з суседніх Цагельнікаў ды й заначаваў у яго на сваю бяду.
— Ну, яшчэ трошкі, — суцяшаў яго, хакаючы, Франук, — вось яшчэ трохі пройдзем і будуць твае Цагельнікі, а там да мамкі і пабяжыш.
— На ручкі вазьмі, дзе-да-а...
— А мой жа ты... А куды ж я... Як жа ж я... — плакаў стары Франук.
Нарэшце яны ўзбрылі на гару, дзе пад высознымі клёнамі шарэлі хаты ды хлявы Цагельнікаў.
— Стоять! — загадаў высокі паліцай каля крайняй хаты, і яны з палёгкай падпарадкаваліся. Некаторыя адразу аселі проста на снег.
— Чакай, дзетка... Прысяду я... — апусціўся каля Паўлюковых ног і бацька.
Стаялі, маўчалі і атупела слухалі, як цяпер у Цагельніках гэтаксама, як зусім нядаўна ў іхняй Кавалеўшчыне, ляпалі дзверы хатаў, то там, то тут чуліся крыкі, плач, злосныя загады карнікаў. Брэхам заходзіліся сабакі, мычэлі каровы, спалохана кудахталі куры. Усё гэта злівалася, расло і ляцела ў неба суцэльным адчайным лямантам. Натоўп маўчаў. Хутка ён пачаў павялічвацца, бо ў яго ўштурхвалі людзей з Цагельнікаў. Тыя кідаліся да іх, спрабавалі штосьці распытаць, падзяліцца сваёй бядой, а яны, якія ўжо адмерылі ладны кавалак зімовай дарогі, адно адзываліся словам-другім, бо на большае ўжо не ставала сілы. Дзесьці за лесам палалі Ліпаўкі, справа, з боку Сар’і, над лесам таксама пачынала ўзнімацца чырвонае зарыва, ці не над Забароўцамі... Іхняя ж Кавалеўшчына пакуль што стаяла, і яны з трывогай пазіралі ў той бок. Хтосьці выказаў здагадку, што, можа, і ацалее
іхняя вёска, бо з яе некалькі мужчын служаць у паліцыі, а Мікіцішын Пархвен, кажуць, нават у вялікіх начальніках там ходзіць. Дык, можа, пашанцуе іхняй Кавалеўшчыне?
— He пайду! Нікуды не пайду са сваёй хаткі — хоць забіце мяне! — дзікі крык з Грыбовічавай хаты і адчайная валтузня на панадворку.
— Ах ты, зараза, кусацца мне тут будзеш!
— Пракоп? Ці гэта ты, Пракопка?
— Заткніся!
I зноў — валтузня.
— Пазнала ж я цябе, Пракопка! — крычала старая Міхаліна. — Ці ты здурнеў, што людзей з хатаў пачаў выганяць?
— Сціхні, старая, кажу табе!
— Як жа ты грэху не баішся? Як жа ж ты... сваіх... А-а-а...
Крык абарваўся, і тады Паўлюк пачуў мерны шэпт:
— ...Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай...
Людзі, што стаялі ці сядзелі вакол яго на снезе, маліліся: не спадзяваліся болып на чалавечую літасць — звярталіся да Неба.
Непрыкметна, млява бралася на дзень. Ніхто з іх не мог прадбачыць, што ён прынясе ім пасля гэтае страшнае начы. I яны, баючыся гэтага дня і адначасна спадзеючыся на яго, шапталі і шапталі малітву.
Іх пачалі дзяліць на дзве групы: старых — у адну, маладзейшых — у другую. Зноў усчаўся крык, плач.
— Бабулечка-а-а...
— Дзетка, трымайся за матку!
— Татка мой!
— Божа з Неба, помсты-ы!..
— Звяр’ё вы — не людзі! Звяр’ё!
Паўлюковага бацьку паліцай штурхнуў прыкладам, трасянуў за плечы:
— Давай, подымайся — расселся тут!
Стары спачатку няўклюдна стаў на калені, Паўлюк падхапіў яго, дапамог падняцца на ногі. Карнік загадаў:
— Pietiek atpusties! Uz prieksu!4 Тебе туда, к старлкам...
— Развітаемся, сынок, — прахрыпеў стары. — Благое яны задумалі, сынок.
— Можа як абыдзецца, бацька, — сказаў і сам не паверыў у свае словы Паўлюк.
— У Расіцы пабілі маладых хлопцаў — усе з дваццаць шостага году... Хоць бы вы там ацалелі... Вас жа таксама туды, у Расіцу, гоняць... — стары абняў Паўлюка і здрыгануўся ўсім целам: — Нас яны тут, мусіць, пакінуць — на ліха мы ім, старыя, а вас...
— Можа як абыдзецца, бацька, — паўтарыў сваё Паўлюк і заплакаў.
— Шчаслівая матка — не дажыла... А я во... паразгубляў вас, дзеткі... Спачатку Вольку, а цяперака й цябе... Маліся, сын, прасі ў Бога прабачэння за ўсе грахі. Можа й на смерць яны вас гоняць...
Франукоў унук абхапіў свайго дзеда за шыю і ніяк не хацеў адпусціць яго. Спачатку, калі ў Цагельніках да іх штурхнулі ягоную маці, ён зарадаваўся, але цяпер яго разлучалі з дзедам!..
— Дзеду, я з табой хачу! 3 табой і з мамай!
Карнік схапіў яго за каўнер, прыўзняў і з усяе сілы шпурнуў у натоўп да старых.
— He! — закрычаў раптам Франук. — He! Манюся, забяры яго! Чуеш, забяры-ы...
Малы крычаў, чапляўся за дзеда, а ён, як ачмурэлы, гнаў яго ад сябе:
— Манюся, забяры з сабой малога!
Старых пачалі заганяць у хату. Франука з унукам штурхнулі ў яе таксама. Старыя спалохана азіраліся на
4 Хопіць адпачываць! Пайшоў! (лат.).
сваіх дзяцей ды ўнукаў, што заставаліся мерзнуць на двары, кідалі ім словы развітання:
— Сынок, трымайся!
— Ядзя, беражы дзяцей!
— Дачушка, не памінай ліхам...
Паўлюк абняў бацьку, трасянуў яго:
— Усё! Бывай! Даруй за ўсё нягоднае...
— Бог прабачыць, — адказаў бацька так, як адказваў заўсёды, калі хтосьці ішоў да споведзі і перш чым прасіць прабачэння ў Бога, прасіў прабачыць яму тых людзей, з якімі жыў. — I ты... сынок... прабач свайму бацьку ўсе крыўды.
— Бог прабачыць, — адказаў таксама Паўлюк, але бацька, мабыць, не пачуў ягоных слоў, бо яго схапіў за рукаво карнік ды штурхнуў услед за ўсімі ў расчыненыя насцеж дзверы.
Бацька быў апошні, хто ўвайшоў у хату. Дзверы зачынілі, і некалькі паліцаяў пачалі валтузіцца каля іх на ганку. «Што яны там робяць?» — мільганула трывожнае ў Паўлюковай галаве, але часу не было думаць, бо іх зноў пачалі гнаць у дарогу. Што прынясе ім гэтая дарога? I што будзе пасля таго, калі яна скончыцца?..
...Калі спусціліся ў лагчыну, па якой улетку бяжыць ручай, Паўлюка быццам хтосьці нябачны пацягнуў азірнуцца. Разам з ім, нібы падпарадкоўваючыся нейкаму маўкліваму, але ўладнаму загаду, азірнуліся і яшчэ некалькі чалавек. Немы крык вырваўся з іхніх грудзей, узляцеў у неба ды недзе там, у вышыні, зліўся з крыкам іхніх бацькоў і дзядоў. Хата, у якую карнікі загналі старых, гарэла жудасным крывава-чырвоным полымем.
Манюся ўскінула рукі ўгору, сцягнула з сябе хустку, шпурнула сабе пад ногі як непатрэбную рэч і пабегла, проставалосая, назад, у Цагельнікі, дзе разам з бацькам гарэў у агні ейны пяцігадовы сын. Паўлюк закрыў рукамі твар. Паліцай, шырока расставіўшы ногі, застракацеў аўтаматам. Манюся спатыкнулася, спыніла свой імклівы бег і рухнула на кагадзе здратаваны іхнімі нагамі снег.
Ill
Адэля, стомленая, шчаслівая, ляжала на ложку і ціха ўсміхалася. Побач, толькі што адарваўшыся ад ейных грудзей, мірна пасопваў у пялюшках маленькі чалавечак — Адэлін сын. У слабым святле газнічкі, што стаяла на стале, яна не магла добра разгледзець ягонага тварыку, да таго ж, баялася паварушыцца, каб не разбудзіць. Цікава, да каго ён падобны? Свякроў кажа, трэба, каб хлопец быў падобны да маці — тады будзе шчаслівы. Ну, калі дзеля шчасця, то і няхай бы сабе... А так, дык лепш бы няхай — да Рамана: бацьку гонар быў бы. He ведае Раман, што ўжо мае сына — во было б яму радасці!.. Дзіва што — столькі чакалі... I вось сёння, шаснаццатага лютага тысяча дзевяцьсот сорак трэцяга года, нарадзіўся нарэшце на свет іхні сын. Адэля ціхенька дакранулася вуснамі да галоўкі, закручанай у пялюшкі, — сын, у яе ўжо ёсць сын! Дзякуй Петрунэлі, што падказала ім узяць шлюб у касцёле, паспавядацца ды прасіць у Бога, каб Ён паслаў ім дзіця. Бо ні старая Пракопіха з Крэўнікаў, ні свякроўчыны замовы пры месячным святле, ні цудадзейная вада аднекуль з Латвіі, якую прывозіў Раман, не дапамаглі Адэлі зацяжарыць. А Петрунэля, дай ёй Бог здароўя, навучыла. Як пайшла Адэля ў касцёл ды выплакалася там перад Панам Богам, так і павярнулася на лепшае. I во пасля пяці гадоў замужжа Адэля нарэшце туліць да сябе сыночка, Багдана. Даўноз Раманам вырашылі: будзе дачка — назавуць Марыяй, як Матачку Божую, а калі народзіцца сын — то Багданам, бо даў ім яго не хто іншы, але Бог.