Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
— Ойчанька! Мы ж не апрануліся! — хапаючы паветра, казала сястра Адэля. — He паспелі мы...
— На во хоць маю хустку! — сястра Кацярына садрала з галавы пянькоўку і сунула яе ў рукі сястры Адэлі: — У мяне паркалёвая яшчэ ёсць.
— Эй ты, што вычвараеш? — балюча штурхнуў паліцай сястру Адэлю, якая спрабавала накінуць на сябе пянькоўку. — Скарэй! Скарэй!
Сястра Альбіна раптам спатыкнулася і павалілася проста пад ногі, шырока раскінуўшы рукі.
— Uz prieksu!26 — зароў над ёй высокі жардзіністы карнік.
Уся ў снезе, яна паднялася, паліцай трасянуў яе за камізэльку:
— Uz prieksu!
— Альбінка! — азірнулася сястра Разалія і выцягнула руку. — Як-небудзь, Альбінка!
Айцец Антоні рэзка прыпыніўся, зрабіў некалькі крокаў назад і падаў руку сястры Альбіне. Тая ўхапілася за яе, пайшла шпарчэй. Яны ішлі на пагорак, на якім трывожна чырванеў агромністы мур іхняга касцёла. Упершыню не яны, законніцы ды святар, запрашалі людзей у касцёл, але іх саміх гналі ў яго пад прыкладамі аўтаматаў. I ніхто з іх не мог прадбачыць, што чакае іх на гэты раз у касцёле.
26 Пайшла (лат.).
IX
Валёнкі... Зноў гэтыя валёнкі! Колькі Гэнька нацярпеўся праз іх, колькі наплакаўся праз тое, што яны былі адны на дваіх: на яго і на сястру Настачку. А сёння! Што ж гэта нарабілася сёння? I як яно магло тое нарабіцца? Гэтыя дзядзькі ўварваліся ў хату так нечакана і з такім страшным крыкам, што Гэнька знямеў з адкрытым ротам. А Насця... Насця быццам хацела перакрычаць гэтых страшных дзядзькаў — моцна заплюшчыла вочы, каб іх не бачыць, і крычала.
— Выходн! Выходн! — гарлаў адзін з іх, штосілы дубасячы прыкладам аўтамата ў перабойку.
Ніхто з іх — ні Гэнька, ні мама з бабуляй, ні Насця, ні тым больш малы і яшчэ зусім неразумны Віцька — не ведалі, што гэта азначае.
— Вон з хаты! — зароў другі паліцай — тоўсты й чырвоны. — Вымятайцеся па аднаму!
Насця сядзела на ложку і крычала, заплюшчыўшы вочы, заціснуўшы рукамі вушы. Маці кінула Гэньку ягоны кажушок, а Насці — ейны стракаты палітончык з абрэзкаў старых апранах. Гэнька сунуў руку ў адзін рукаў кажушка, і яму ў галаву прыйшла выратавальная, як яму здалося, думка. Ён сцягнуў з пячуркі валёнкі, саўгануў у іх ногі і падбег да тоўстага, з бурачковым тварам паліцая, які поркаўся і штосьці шукаў у іхняй шафе.
— Дзядзечка! Я пайду! А Насцю не чапайце, — торкнуў Гэнька пальцам у бок сястры, якая гучна хліпала і злазіла з ложка. — He чапайце Насцю! Ёй нельга на двор, у яе няма...
Паліцай у шаленстве схапіў Гэньку за каўнер кажушка, прыпадняў яго і шпурнуў, як непатрэбную рэч, у парог. Гэнька моцна выцяўся галавой аб штосьці цвёрдае, і ў тое ж імгненне кудысьці ўдалеч паплылі хата, мама з малым Віцькам на руках, зарумзаная Насця, а разам з імі зніклі і паліцаі, не стала іхняга незразумела і страшнага: «Вон з хаты!» Ачуўся Гэнька ад чагосьці сцюдзёнага й калючага — гэта мама церла снегам ягоную галаву і прыгаворвала: «Гэнечка, родненькі! Дзетка маё дарагое, адкрый вочкі». Ён адплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой заплаканы мамін твар, вакол якога трымцелі кудзеркі залацістых валасоў. Учапіўшыся за маміна плячо, побач стаяла і бязгучна ўздрыгвала ўсім целам Насця, а на снезе побач з Гэнькам ляжаў і надрываўся плачам Віцька.
— Мамка! Віцьку вазьмі, — прашаптаў Гэнька.
Маці ўзрадавана матлянула галавой:
— Гэнечка, дзетка, ачуўся!.. Падымайся, сынок!
Ён падняўся і нейкі час непаразумела глядзеў на бакі. Побач, успёршыся на кій, стаяла баба Гануля, за ёй цётка Маня трымала за рукі сваіх трохгадовых двайнятаў — Юрку і Ромку. Хлопчыкі плакалі і закрывалі твары кулачкамі.
— Пайшлі! Марш! — чыйсьці страшны голас зусім побач.
— Мамка, холадна, — заплакала Насця.
— Пачакай, дачушка, зараз сагрэешся, у маім свэтры будзе цёпленька, — маці сцягнула з сябе свэтар і ахінула ім Насцю, якая як спала ў кашульцы, так у ёй і апынулася на марозе.
— Ну, паварочвайцеся! Пайшлі!
— У касцёл пайшлі!
У касцёл? Але чаму гэткай парой і... так нялюдска? Але цудоўна, што ў касцёл — там ойчанька Юры, ён заступіцца, ён загадае гэтым страшным дзядзькам пакінуць іх усіх у спакоі, ён растлумачыць ім, што няможна людзей выганяць з іхніх хатаў.
Яны рушылі па дарозе.
— Мамка, холадна!
— Настачка, дзетка...
Гэнька раптам як спатыкнуўся ўсё роўна: яна ж... босая! Толькі цяпер Гэнька зразумеў, што Насця ішла басанож па снезе: як злезла з ложку, так і пайшла...
— Мама, яна босая!
— Настачка! Дачушка, а як жа я забылася! Пачакай, галубка, зараз... — Маці разгублена азіралася і не магла нічога прыдумаць.
— Мамка, давай прыпынімся, я аддам ёй свае валёнкі.
— Як жа ты прыпынішся — крычаць будуць... Ды й што ж ты, босы пойдзеш? He, лепей во так зробім, — часта хакала мама. — Я прыгнуся, а ты, Настачка, хапайся за маю шыю і трымайся штосілы, бо я ж цябе не падтрымаю, у мяне ж... Віцька... Га, Настачка, чуеш? Зразумела?
— Я паднясу яе, — чыйсці голас ззаду.
Гэнька азірнуўся і ўбачыў цётку Галіну. Ейны малы Олюсь бег, учапіўшыся за матчын падол, і цётка Галіна падхапіла на хаду Насцю на рукі.
— Ма-а-ма! — неяк дзіка й страшна закрычала Насця.
— Тут я, дзетка! — азвалася маці. — He бойся — гэта ж цёця Галіна. Чуеш, Настачка, чуеш?
Насця нарэшце зразумела, што не той страшны дзядзька схапіў яе, але і напраўду — цётка Галіна. Яна супакоілася, абхапіла добрую цёцю за шыю, а тая толькі цяжка дыхала ад хуткай хады і цяжкае ношы.
— Хутчэй! Хутчэй! — падганялі ззаду.
Куды яны так спяшаюцца, гэтыя страшныя дзядзькі з аўтаматамі? Што ў іх за пільніца такая?
— Хутка ўжо, дзеткі, хутка, — хапаючы паветра, абяцала маці. — Вось павернем на дарожку, спусцімся... з горкі, падымемся... на пагорачак — і наш касцёл... будзе...
— Адчыніце мне касцёл, — сказаў айцец Юры цыбатаму паліцаю з падслепавата прымружанымі вачыма, які стаяў, прысланіўшыся да плоту, і лузгаў гарбузовыя семкі. Айцец Юры знарок прапусціў такое звыклае «калі ласка» — ён не мог прымусіць сябе прасіць у гэтага жардзіністага гітлераўца ягонае ласкі. Паліцай ляніва павярнуў галаву, плюнуў гарбузовую лушпінку на снег і з выразна намаляванай пагардай на худым твары працадзіў скрозь зубы:
— Tu kaut ko teici?27 Пов-то-рн. He понял!
— Адчыніце мне касцёл, — паволі, націскаючы на кожнае слова, паўтарыў айцец Юры і дадаў, — ваш начальнік дазволіў нам там быць.
Вузкія шчэлкі вачэй паліцая расшырыліся наколькі маглі, белыя, быццам выцвілыя на сонцы бровы папаўзлі ўверх, і гэта надало ягонаму і без таго малапрывабнаму твару прыдуркаваты выгляд. Ён тыцнуў пальцам у грудзі айца Юрыя:
— Ты... хочаш цяпер ісці... у касцёл?! Ця-пер? — загаварыў раптам па-беларуску. — Ты... шалёны... Ці, можа, думаеш, што там, — ён пакруціў растапыранымі пальцамі ў паветры, — моляцца Божаньку? Ты ведаеш, што цяпер там і там, і там? — паліцай тыцкаў рукой у розныя бакі, і айцец Юры зразумеў, што ён паказвае на вёскі, праз якія
27 Ты штосьці сказаў? (лат.).
яны прайшлі гэтай ноччу. — Ве-да-еш? Tas pats bus an seit28. Toe ж самае! Saprati?29 Дайшло? Так што, Божы служка, калі не хочаш...
— Ты латыш? — неспадзявана запытаў айцец Юры.
— Ко?30 — нібы спатыкнуўся на падножку цыбаты. — Ну-у-у... А... табе нашто гэта?
— Ды так, цікава... Гаворыш ты і па-нашаму няблага. Блізка мяжы жывеш?
Цыбаты надкусіў семку, але не разлузгаў яе — плюнуў пад ногі, адвёў вочы, нібы недзе там, за возерам, убачыў штосьці цікавае.
— Блізка, — адказаў. — Пяць кіламетраў ад мяжы... У нас там многія па-вашаму ўмеюць. Вашых... поўна там у нас. Жонка мая... таксама з вашай стараны, недалёка адсюль, — махнуў ён кудысьці рукой.
Айцец Юры ажно папярхнуўся:
— 3 нашай? Ты сказаў...
Цыбаты неяк зверавата зірнуў на яго і раптам закрычаў, пырскаючы слінаю:
— Сказаў-сказаў! А мне з табой гаварыць няможна — вось што! Развёў мне тут... прапаганду! Думаеш, не знаю, што хочаш сказаць? Што ў цябе там, — махнуў ён рукой у бок касцёла, — фатэр-мутэр, дзядзька-цётка, братсястра — ну, хто там у цябе? За каго хочаш енчыць? Гаваркі мне знайшоўся!
«У цябе прасіць? — пранеслася ў галаве айца Юрыя. — Але што ты можаш, чалавечак? Забіваць — гэта праўда, а вось вызваляць... Ты ж прыйшоў на жончыну радзіму забіваць...»
— Я хачу ўвайсці ў касцёл, — паволі, але цвёрда прамовіў айцец Юры.
28 Тое ж самае будзе і тут (лат.).
29 Зразумеў? (лат.).
30 Што? (лат.).
Нейкі момант цыбаты ўзіраўся на яго, адкрыўшы рот, у кутах якога бялелі слінькі, потым працадзіў:
— Пры-ду-рак.
Айцец Юры не адказаў. За хатай пачуліся голасныя крыкі. Цыбаты зірнуў у той бок, сыпануў жменю семак назад у кішэню, паправіў аўтамат:
— Esmu dienesta31. Ты, Божы служка, пачакай!
Ухапіўшыся рукой за штыкеціну, айцец Юры наструнена чакаў і адначасна баяўся глядзець у той бок, адкуль несліся крыкі. Каго там яшчэ гналі?
— Пайшла! Чапляешся тут за платы! — сіпаты крык.
— Змілуйцеся, — слабы жаночы голас у адказ.
— Я табе змілуюся! Абхітрыць хацела, разумніца? Бач, затаілася!
3-за вугла плябаніі, прыгнуўшыся пад цяжарам свайго вялікага жывата, ішла цяжарная Стася з распэтланымі па плячах чорнымі, як смоль, валасамі. Пасмы мокрых валасоў прыліплі да спатнелага твару, Стася задыхалася.
— Схавацца хацела! — прашыпеў карнік, які яе гнаў, цыбатаму. — Добра, што я яшчэ раз прайшоўся па хатах. Знайшлася мне — хітрэйшая за ўсіх!
Цыбаты нічога не адказаў — моўчкі пайшоў адмыкаць касцёл. Яшчэ некалькі паліцаяў, што стаялі воддаль, трымаючы напагатове аўтаматы, таксама падышлі да касцельных прыступак. Зняможаная, раўнадушная да ўсяго навакольнага, Стася пакорліва брыла за цыбатым. Айцец Юры таксама пайшоў следам. Цыбаты доўга бразгаў ключом, незадаволена штосьці бурчэў па-латышску сабе пад нос, нарэшце адчыніў дзверы. Паліцаі ўскінулі аўтаматы, мабыць, на той выпадак, калі б з дзвярэй пачалі выбягаць людзі. Але адтуль ніхто не паказаўся. Стася паволі ўзышла на прыступкі, азірнулася і сустрэлася вачыма з айцом Юрыем.
31 У мяне служба (лат.).
— Ойчанька! — падалася яна да яго на крок.
— Назад! — узарваўся сіпаты.
- Пойдзем разам, Стася, сказаў, давячы ў сабе горкі камяк, айцец Юры. — Разам пойдзем — не бойся.
— Дык ты ўсё ж, Божы служка... — пачаў цыбаты, вырачыўшы на яго вочы.
Айцец Юры нават не зірнуў на яго — моўчкі пераступіў парог касцёла.