• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    значна большае. Кожная з іх напісала тады сваё сведчанне пра тое, што яна па ўласнай волі застаецца ў Расіцы. Маці-настаяцельніца павезла тыя лісткі з сабой у Друю, а яны засталіся і цешыліся, як дзеці, з таго, што выйшла па-іхняму. Ніхто з іх і падазраваць тады не мог, колькі айцец Антоні прастаяў пасля гэтага на каленях перад табэрнакулюмам, аддаючы іхні лёс у апеку Пана Бога і просячы ў Яго заступніцтва. А ўчора гэты наіўны клерык Генрых яшчэ ніяк не мог даўмецца, чаму айцец Антоні вяртаецца ў Расіцу!
    Гнеды раптам перастаў есці, узняў галаву над яслямі, прыслухаўся — гучна фыркнуў раз і другі.
    — Ну, што ты, Гнеды, што? — пагладзіў яго гаспадар па грыве.
    Конь прыслухаўся, скасіў сваё вялікае вока, матлянуў галавой і раптам раскаціста заіржаў. Айцец Антоні азірнуўся на дзверы — можа, сабакі дзе якія бегаюць? Але нічога не было чутна. Гнеды пераступіў нагамі, капануў гной і зноў голасна заіржаў.
    — Можа, ваўкоў чуеш, Гнеды? — зноў пагладзіў каня па грыве айцец Антоні і ўздыхнуў: — He бойся, яны не такія страшныя, як людзі са зброяй у руках.
    Выйшаў з хлява і здзівіўся: сястра Ядвіга нерухома стаяла на ранейшым месцы, усунуўшы рукі ў рукавы.
    — Да споведзі хачу, ойча, — сказала, — можна будзе заўтра перад Імшой паспавядацца?
    — А чаму заўтра? — папытаў айцец Антоні. — Можна й сёння.
    — Ойчанька жартуе? — засмяялася сястра Ядвіга. — Ноч на дварэ, смеху варта — спавядацца гэткай парой, не гарыць жа.
    — Але споведзь нельга адкладваць на заўтра, — не падтрымаў ейнай весялосці айцец Антоні і паўтарыў: — Запамятай сястра: ніколі не адкладвай споведзь на заўтра.
    Сказаў ён гэта так сур’ёзна й паважна, што сястра Ядвіга сумелася, нерашуча, трохі здзіўлена прамовіла:
    — Дык што, ісці па ключы ад касцёла?
    Ідзі.
    Пазней, пасля споведзі, падаючы на стол гарбату, сястра Ядвіга ціха падзякавала:
    — Дзякуй за сённяшняе навучанне, ойчанька.
    Айцец Антоні адарваўся ад сваіх думак, узняў галаву, паглядзеў на айца Юрыя, які сядзеў насупраць, прыкрыўшы даланёй твар, перавёў запытальны позірк на сястру Ядвігу.
    — За тое навучанне дзякуй, — патлумачыла, — што споведзь нельга адкладваць на заўтра.
    Айцец Юры паволі адняў далонь ад лоба, уважліва, з затоеным болем глядзеў на айца Антонія. Той, звёўшы бровы да пераносся, старанна памешваў гарбату, потым выняў лыжачку, лёгенька стукнуў ёй аб край кубка і паклаў на стол.
    — Запамятала? — усміхнуўся ёй, а бровы так і не разгладзіліся. — На ўсё жыццё запамятай.
    Яна кіўнула, паабяцала:
    — Запамятаю.
    Адчуўшы, што святары хочуць паразмаўляць паміж сабой, сястра Ядвіга заспяшалася дахаты. Айцец Антоні наўздагон ёй папытаў:
    — Як там нашыя суседзі з дамка прыгожай старасці?
    3 лёгкай рукі бабы Стэпці яны так называлі цяпер паміж сабой дамок, у якім жылі адзінокія старыя бабулі.
    — Дзякуй за памяць, — ужо з парога кінула сястра Ядвіга. — Жывуць. Нешта Міхаліна пачала падупадаць, а так нішто сабе. Іх на гэтым тыдні сястра Альбіна з сястрой Паўлінай даглядаюць, а на наступным я з сястрой Марыяй.
    Яна пайшла, і ў хаце на нейкі час запанавала такая ціша, што чутно было, як за грубкай скрэбліся мышы. Пра што гаварыць? I адзін, і другі добра разумелі: вось-вось можа
    распачацца штосьці жахлівае, тое, чаго яны абодва і баяліся, і адначасна чакалі, і з чым ужо не маглі размінуцца.
    — Дзякуй, што прыехаў, — нарэшце глуха прамовіў айцец Юры.
    Рука айца Антонія застыла з узнятым кубкам гарбаты: — Але што, ты таксама думаў, што я магу не прыехаць? Айцец Юры сашчапіў рукі ў замок, падпёр імі лоб.
    — He думаў. Чакаў, што прыедзеш. Але ж усялякае магло здарыцца — маглі й не прапусціць альбо яшчэ што...
    — Маглі... Ды толькі яны звярамі кідаюцца на тых, хто выходзіць альбо выязджае з Расіцы, а сюды... пускаюць ахвотна, — памаўчаў і сумна ўсміхнуўся. — Праўда, каля Марозаў адзін паліцай спрабаваў асцерагчы, каб не ехаў...
    Айцец Юры доўга сядзеў нерухома над кубкам гарбаты, што астывала на стале. Айцец Антоні глядзеў на ягоную схіленую галаву, пабялелыя пальцы рук, і востры жаль падступаўся да сэрца.
    — Скажы, — папрасіў ціха, — сёння ты... таксама не шкадуеш, што прыехаў сюды?
    Айцец Кашыра не ўзняў галавы, быццам і не пачуў таго, пра што ў яго пыталіся, але айцец Антоні чакаў адказу, і ён нарэшце стомлена прамовіў:
    — Ты ў мяне пра гэта ўжо пытаўся, — памаўчаў і зусім ужо сумна ўсміхнуўся: — Зрэшты, Езус тры разы пытаўся ў Пятра, ці любіць ён Яго... Зразумей: мы ўсе разам адказныя за гэтую місію, не адзін ты, кіраўнік, але ўсе мы і кожны паасобку.
    — Ну, дзякуй, — варухнуў плячыма айцец Антоні. — Лягчэй мне будзе пасля гэтых тваіх слоў сустракаць заўтрашні дзень.
    — He дакарай сябе, — паўтарыў айцец Юры, — і не пытай больш, ці шкадую я, што апынуўся тут, а не ў іншым месцы. Аднолькава тады і я мог бы пытацца ў цябе, ці шкадуеш ты, што пайшоў да марыянаў, бо калі б не пайшоў у марыяне, то, можа б, і цяпер быў у сваім Харбіне, удалечыні ад вайны.
    — Сапраўды? — засмяяўся айцец Антоні. — Я пра гэта неяк і не падумаў.
    Ен падняўся і павольнымі крокамі пайшоў да вакна, адхінуў бераг посцілкі — доўга ўзіраўся ў начную цемру. На вуліцы было ціха, спакойна; нічога не паказвала на бяду, што паўзла з розных бакоў на Расіцу. Ды толькі нейкая няўлоўная трывога вісела ў паветры, недзе паміж зорным небам і залітай месячным святлом зямлёю — нібы чыясьці нябачная рука нацягнула паміж небам і зямлёю мноства тонкіх нябачных струнаў, што напята звінелі прадчуваннем бяды.
    Яны маліліся Ютрань. Ноч прамінулася — трывожная, бяссонная і, як цяпер здаецца, кароткая. Звечара доўга размаўлялі, потым моўчкі ляжалі на ложках — кожны думаў пра сваё і адначасна пра адно і тое ж: пра дзень, які няўмольна надыходзіў і які павінен ім быў прынесці... Што ён прынясе ім?
    Трымцяць агеньчыкі свечак на алтары ад іхняга дыхання, і разам з растопленым воскам адплываюць хвіліны прычаканай раніцы.
    Спеў Захарыі... Урачысты гімн праслаўлення Найвышэйшага Створцы і святая надзея на Яго.
    ...Ut sine timore, de manu inimicorum nostrorum liberati, serviamus illi, in sanctitate et iustitia coram ipso, omnibus diebus nostris5.
    Залівісты брэх сабак ляцеў па Расіцы, прабіваўся праз сцены і, напэўна ж, будзіў салодкі ранішні сон дзяцей, якія яшчэ спалі на сваіх нагрэтых ложках. Святары пераглянуліся, прыслухаліся — маліліся далей:
    ...Et tu, puer, propheta Altissimi vocaberis: praeibis enim ante faciem Domini parare vias eius:
    5 Каб, выбаўленыя з рук ворагаў, мы без страху служылі Яму ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні нашыя (лац., Лк 1, 74-75).
    Ad dandam scientiam salutis plebi eius: in remissionem peccatorum eorum6.
    Да сабачага брэху далучыліся абрывістыя чалавечыя галасы, крыкі. Сумненняў больш не было — вось яна, тая нязнаная бяда, якую яны праз усю гэтую ноч чакалі, да якой рыхтавалі свае душы і якая ўсё адно была невядомаю для іх. Невядомаю і страшнаю. Хвіліну стаялі моўчкі, услухоўваліся ў гукі, поўныя трывогі й бяды, потым айцец Антоні ціха прамовіў:
    — Молімся далей, брат...
    ... Per viscera misericordiae Dei nostri:
    in quibus visitavit nos Oriens ex alto:
    illuminare his, qui in tenebris et in umbra mortis sedent: ad dirigendos pedes nostros in viam pacis7.
    Перадыхнулі — схілілі галовы ў нізкім паклоне: ...Gloria Patri et Filio et Spiritui Sancto...
    ...i пад пагрозлівы, роспачны лямант, які быў ужо недзе зусім побач, настойліва скончылі:
    ...sicut erat in principio et nunc et semper
    et in saecula saeculorum. Amen8.
    Гэтага свайго «амэн», апошняга слова кожнае малітвы, яны ўжо не пачулі — у адну хвіліну касцёл напоўніўся шматгалосым лямантам. Яны перажагналіся, павярнуліся і з жахам, не могучы вымавіць ні слова, глядзелі, як у шэрым пачатку дня ў касцёл з крыкам і плачам урываліся нейкія
    6 А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму; каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне праз адпушчэнне яго грахоў (лац., Лк 1, 76-77).
    7 Дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, у якой наведаў нас Усход з вышыні;
    каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным;
    каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою (лац., Лк 1, 78-79).
    8 Хвала Айцу і Сыну, і Святому Духу...
    Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн (лац.).
    людзі. У святле дзвюх свечак яны ўбачылі святароў пры алтары і подбегам ішлі да іх. Айцец Антоні зрабіў некалькі крокаў насустрач і адчуў, як раптам пацяжэлі, наліліся свінцом ногі: людзі былі хто ў чым — хто ў свэтры, хто ў паддзёўцы альбо ватоўцы, многія не мелі на галаве ні шапкі, ні хусткі. Паперадзе іх ішла проставалосая жанчына ў сачыку паверх доўгай белай кашулі, яна трымала на руках дзіця, якое ахінала посцілкай, а з-пад тае посцілкі вытыркаліся... босыя дзіцячыя ногі. Дзіця рэдка й хрыпла ўздрыгвала ўсім цельцам, мабыць, не маючы ўжо сілы на плач.
    — Што ж ты... — вырвалася ў айца Антонія, але ён не скончыў ды й не ведаў сам, што хацеў сказаць.
    — Ойчанька! — кінулася раптам перад ім на калені нейкая кабета ў расхрыстанай паддзёўцы. — Ойчанька! Ратуй нас!
    А да айца Юрыя, які так і не змог адарваць ног ад падлогі, падбегла дзяўчына з распэтланымі па плячах валасамі, яна схапіла яго за рукаво, прытулілася тварам да пляча:
    — Ойчанька!
    — Шт-то ты... Ад-куль вы?..
    — Ойчанька! — дзяўчына ўскінула заплаканы, абсівераны на марозе твар, і айцец Юры жахнуўся:
    — Ганка! Адкуль, чаму ты тут, Ганка?!
    Гэта была Ганка з Ліпавак, іхняя парафіянка, іхняя вясёлая, гаманкая Ганка, якую і сёстры, і святары моцна любілі за ейную заўсёдную жыццярадаснасць, што так і бруілася з гэтае дзяўчынкі, якая вось-вось павінна была ператварыцца ў мясцовую прыгажуню.
    — Чаму ты тут, Ганка?
    I тады яна адпусціла ягоны рукаў абхапіла аберуч сваю галаву, заплюшчыла вочы і закрычала на ўвесь голас:
    — Ойчанька! Яны маму спалілі!
    — А-а-а... — узляцела шматгалосае пад скляпеннямі святыні гэта Ганчыну роспач падхапілі дзясяткі галасоў.
    Заплакалі, закрычэлі дзеці. Айцец Антоні ўзняў рукі:
    — Хрысціяне! — гукнуў ён голасна, перакрываючы іхнюю роспач: — Хрысціяне!
    Людзі трохі прыціхлі.
    — Памолімся за памерлых, хрысціяне!
    Святары павярнуліся да алтара, і айцец Антоні заспяваў: