Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
— Сам Божанька нам цябе паслаў, — шчасна прашаптала Адэля і раптам заплакала без дайпрычыны. Зрэшты, чаму без прычыны? Шчаслівая — вось і плача. I Раман, пэўна ж, не стрымае слёз ад радасці. Дачакаўся! Як жа — дачакаўся бацька сына! Вось толькі б у бацькі было ўсё добра — баіцца Адэля ягонай партызаншчыны, ох, як баіцца! Але раз ужо так выйшла, раз па-іншаму не атрымалася — ну што ж ты зробіш? Ды і як яно магло быць іначай? Вунь Яніна, ейная сяброўка, штодня абліваецца слязьмі па сваім Уладку: як пайшоў пазалеташнім чэрвенем з хаты, так і не ведае, ці па белым свеце ён ходзіць, ці ўжо зямельку парыць. А Раман... Як бы ні было, а ўсё ж раз на месяц забяжыць дахаты, праведае. A то хтосьці з ягонага атраду вестку ад яго перадасць — і ўжо весялей.
— Нічога, Данчык мой любы, будзем чакаць татку. Маліцца будзем, чакаць, і вернецца наш татка, і зажывем мы ўсе шчасліва, цябе гадуючы, і выгадуем вялікага, дужага, смелага... Будзеш ты ў нас, Данчык, прыгажуном ды асілкам! — ціха засмяялася Адэля.
— Чаго ты? — азвалася з-за полагу свякроў.
— Нічога, — засаромелася Адэля, але не стрывала і шчасна прызналася: — 3 сынам размаўляем, з Данікам.
Піліпіха павярнулася на другі бок, прабурчэла:
— Спі ты ўжо, сілаў набірайся, a то гавораць яны, бач, там, гаварочкі гэткія.
У ейным знарок бурклівым голасе не было і кроплі суровасці: сама вунь як цешылася, што ўсё добра скончылася. Колькі яна ружанцаў змовіла за гэтае дзіця, колькі на каленях перад абразамі прастояла! Пасцілася... Як толькі даведалася, што нявестка зацяжарыла, так і пачала Піліпіха сціслы пост. Як цяпер памятае: пайшла на Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў касцёл, прыступіла да споведзі і сказала ксяндзу, што хоча ахвяраваць пост за дзіцятка, якое нявестка ўжо носіць у сваім чэраве. Сказала і расплакалася адразу. «Дык чаго плачаш? Бядуеш па тлустай
страве?» — пажартаваў ксёндз і параіў ёй штодня маліцца да Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Але ж яна... сёння не памалілася! Во як бывае: з раніцы ў Адэлі як пачалося, дык і забылася Піліпіха пра ўсё на свеце. Дзень пратэпала разам з Петрунэляй, а памаліцца часу так і не сабрала і цяпер во ўляглася сабе.
Пакрэкваючы, злезла з ложка, уторкнула ногі ў валёнкі, пачала шукаць, чым акрыцца.
— Што, мама? — падала голас Адэля.
— Памаліцца за ўвесь дзень часу не сабрала — во якое нялюдскае... Зашлындалася, а пра малітву й не ўспомніла.
— Гэта я вінаватая.
— Пэўна ж... Спі ўжо, вінаватая, сілачкі набірайся, — старая акрылася пянькоўкай, пайшла да кута з абразамі, укленчыла...
Слаўная яна, Адэліна свякроўка. Сяброўкі яшчэ вунь як зайздросцяць Адэлі: і мужык добры, і свякроў, а цяпер во і Данік ёсць. I ўсё добра ў Адэлі. А некалі пабойвалася ісці замуж у Суніцы, любіла сваю Расіцу дык і плакала па ёй, ідучы замуж. Во дурная была!..
Недзе ў вёсцы забрахаў сабака, да яго далучыўся суседскі Пушок, а потым і іхні Бобік зайшоўся брэхам. «Вось жа не спіцца ім там — яшчэ малога разбудзяць», — падумала Адэля. Яна нізавошта не хацела верыць свякроўцы, што ейны Данік, пакуль што яшчэ і не бачыць нічога, і не чуе.
Піліпіха паднялася з каленяў, пастаяла, прыслухалася, нерашуча прамовіла:
— Можа, газніцу загасіць?
— Гасіце. Я ж і раней казала.
Свякроў дзьмухнула — і слабы агеньчык газніцы знік.
— Вокны ж завешаныя, здаецца, шчыльна, але хто яго... — казала Піліпіха і вобмацкам сунулася да вакна. Зачапіла крэсла: — Ах, каб цябе!..
Сабакі не сунімаліся. Піліпіха адхінула посцілку, прыпала тварам да шыбіны.
— Нехта з ліхтаром бяжыць... — ціха прамовіла.
— Можа, Раман...
— 3 ліхтаром? Ды й позна для яго, ён звечара зазвычай... Да Андрэя ў двор мітнуўся... Ой, і сюды нехта... Да нас, Адэлька, нехта бяжыць...
Яна не паспела адхінуцца ад вакна — моцным ударам звонку хтосьці высадзіў адразу дзве рамы, і шкло шыбаў сыпанула ў хату. Дыхнула сцюжай і чымсьці вельмі страшным.
— Езу! Марыя! — гукнула Піліпіха і схапілася за акрываўлены твар.
— Усе марш на двор! — загарлаў нечы асіплы голас знадворку.
Адэля туліла да сябе Даніка і ад жаху не магла вымавіць ні слова. Па хаце замітусіўся прамень святла, спыніўся на Адэліным твары.
— Што ляжыш, як мёртвая? Марш на двор, табе сказана! — той самы злосны голас.
— Парадзіха яна, — закрычала Піліпіха. — Няможна ёй яшчэ ўставаць. — Зусім нядаўна нарадзіла!
У сянёх загрукалі, і ў хату ўкулілася некалькі чорных постацяў.
— Колькі ў хаце чалавек? — чыйсьці загадны голас.
— Трое, — адказала Піліпіха. — Трое нас — я, во яна і хлопчык, сёння нарадзіўся. Трое нас...
— Правер! — патрабавальны загад.
Адзін з прыхадняў прыгнуўся і пусціў чаргу з аўтамата пад ложак, на якім ляжалі Адэля з Данікам. Адэля падхапілася, прыціснула Даніка да грудзей, умольна прасіла яго:
— He плач, сыночак! He плач, дзетка!
Прасіла, хоць і не чула ягонага плачу.
— Усе вон з хаты!
— Парадзіха яна! Куды ж ёй... — залямантавала Піліпіха. — Злітуйцеся, людцы!
— Ты, карга старая! — выцяў яе адзін з тых, што стаялі ў парозе.
Раптоўна ўспыхнула яркае святло — Адэля ажно засланіла рукой вочы, не разумеючы, адкуль яно магло ўзяцца.
— Га-рым! — штосілы закрычала Піліпіха. — Людцы, памажыце!
Чырвоныя языкі полымя выбіваліся з-пад Адэлінага ложка, лізалі сцяну. Адэля кінулася ў адзін, у другі бок, паслізнулася на шкле, рассыпаным па хаце, і, як стаяла ў кашулі, так і кінулася з Данікам вон з хаты. Сцюдзёны сівер ударыў ёй у твар, апёк босыя ногі. Яна крутнулася назад і балюча ўдарылася тварам аб штосьці цвёрдае.
— Назад, сука, — зароў той, хто ўдарыў яе.
He бачыла яго, бо вочы заслала штосьці ліпкае, вязкае.
— Злітуйцеся! — закрычала яна ў твар таму чалавеку. — Коўдру Даніку вазьму — мароз жа! Злітуйцеся!
— Пайшла прэч! — схапіў той Адэлю за распэтланыя доўгія валасы і крутнуў вакол сябе.
Яна павалілася ў снег і як не захлынулася ім, бо ён, шорсткі й ледзяны, забіў шырока раскрыты рот. Яна задыхалася гэтым снегам, не могучы расшчапіць рук, якімі прыціскала Даніка да грудзей. А дужы, вялізны й страшны чалавек моцна трасянуў яе за валасы, і ком снегу, змяшаны з крывёй, нарэшце выскачыў з роту. Адэля хапанула паветра — раз, другі...
— Пайшла! — новы ўдар у спіну.
Яна ж стаяла на каленях і не мела сілы падняцца на ногі. На яе сыпаліся ўдары, а яна, згорбленая, засланяла сваім целам Даніка. He чула ягонага голасу, не бачыла бясконца дарагога тварыку, толькі ведала: яна павінна абараніць свайго сына ад гэтых звяроў, якія немаведама адкуль наляцелі на іх. Хтосьці дужы падхапіў яе пад пахі, паставіў на ногі. Яна пахіснулася, але ўстояла — павярнула голаў да сваіх мучыцеляў і... не ўбачыла людзей. Дзве агромністыя чырвоныя пачвары, ашчэрыўшы клыкі, навісалі над ёй, цяжка
саплі, гатовыя вось-вось зжэрці, раструшчыць і яе, і Даніка сваімі вялізнымі клыкамі.
— Даніку холадна, — сказала яна гэтым пачварам, усё яшчэ не трацячы надзеі, што яны зразумеюць, чаго яна, Адэля, просіць. — Пусціце... мяне... у хату. Толькі коўдру вазьму Даніку.
Адна пачвара варухнулася, працягнула да яе свае агромністыя лапы, схапіла імі, вырвала з Адэліных моцна сашчэпленых рук Даніка і зарагатала:
— А вот січас твайму бахуру станет цепло!
Яна, гэтая пачвара, узняла Даніка высока над галавой і... шпурнула яго ў агонь іхняе хаты.
— Там цёпла! — гаркнула другая пачвара. — Сагрэецца!
Ах, які гарачы снег пад босымі Адэлінымі нагамі! Якім спякотным выдаўся месяц люты і асабліва пякуча-гарачы дзень нараджэння ейнага сына, ейнага Даніка! Паволі, хадою каралевы, быццам не ў хцівы агонь, але ў прахалодную жаданую ваду ліпеньскага сонечнага полудня, Адэля пайшла ў сваю хату — услед за Данікам. Недзе ззаду, з двара, ляснуў запознены, быццам разгублены стрэл.
IV
Увечары айцец Антоні прывёз з Дрысы страшную вестку пра тое, што немцы рыхтуюць карную акцыю на Расіцу. Якой яна будзе, што задумалі фашысты — ніхто не мог прадбачыць, але й чакаць дабра цяпер не выпадала. Калі б магчыма было як-небудзь вывезці людзей з Расіцы!.. Але куды і якімі шляхамі? Сёння знаёмы чалавек з Барсукоў казаў яму, што мінулае начы ў розных месцах згарэла некалькі хутароў разам з людзьмі. Што гэта — запалохванне ці... пачатак? А за Марозамі пры самай дарозе фашысты расстралялі некалькі чалавек, што ішлі, абвешаныя клункамі, з Расіцы на Дрысу. Айцец Антоні, калі вяртаўся ў Расіцу, хацеў падысці да нябожчыкаў, паглядзець, ці ёсць хто знаёмы, памаліцца над імі, але як толькі прыпыніў каня, з крайняй хаты выскачыў паліцай, стрэльнуў уверх і замахаў рукамі, што магло азначаць: едзь, падарожнік, прэч адсюль. Параўняўшыся з ім, айцец Антоні нацягнуў лейцы, як мага спакайней прамовіў:
— Пахаваць трэба людзей па-хрысціянску.
— Самі пахаваем, — агрызнуўся паліцай і запытаў: — У Расіцу, ксёндз, едзеш?
— У Расіцу, — адказаў айцец Антоні.
— I чаго цябе прэ ў гэтую Расіцу? — буркнуў паліцай, а потым ваўкавата зыркнуў на бакі і сцішана, па-змоўніцку, паведаміў: — Няма там чаго рабіць, айцец. Калі не скажаш
нікому, што бачыў мяне тут і размаўляў са мною, то паварочвай аглоблі і гані адсюль як найдалей.
Айцец Антоні маўчаў.
~■ Чуў? — нецярпліва перапытаў паліцай і зноў азірнуўся вакол. — Уцякай, калі хочаш жыць, ксёндз, — сказаў ужо, мабыць, зусім недазволенае.
«Лепш бы вы адсюль уцяклі», — горка падумаў тады айцец Антоні, а ўслых прамовіў коратка:
— Дзякуй. Але мне трэба ў Расіцу.
— Што? — вырачыў вочы паліцай і зашыпеў: — Ты ні халеры не дапетрыў? Там можа быць... тое ж самае, — кіўнуў ён у бок чорных нерухомых постацяў на ўзбочыне дарогі, якія пачынала заносіць снегам.
— Ведаю, — кіўнуў айцец Антоні і ціха, але цвёрда паўтарыў: — Толькі мне трэба ў Расіцу.
Ён крануў лейцамі — Гнеды рушыў з месца.
— Шалёны! — прагучала кароткае за ягонай спінай.
У Расіцу прыехаў прыцемкам. 3 плябаніі выбегла сястра Ядвіга, адчыніла хлеў, падкінула ў конскія яслі ахапак сена.
— Нашы ўсе на месцы? — папытаў айцец Антоні.
— На месцы. Дзе ж ім быць? Толькі айцец Юры пайшоў да хворага, ды хутка і ён павінен ужо вярнуцца.
Айцец Ляшчэвіч перамоўчаў — павёў каня ў хлеў Дзе ім быць? Да гэтага часу ён не быў упэўнены ў тым, што правільна зрабіў, не настояўшы, каб сёстры ўсё ж выехалі з Расіцы напярэдадні Божага Нараджэння, калі па іх прыязджала іхняя маці-настаяцельніца. Яны тады не захацелі і слухаць, што можна выехаць адсюль, кожная са слязьмі на вачах умольвала маці Юзэфу дазволіць застацца. Але калі б ён, айцец Антоні, тады настояў — яны, вядома, паслухаліся б. Ён жа не стаў гэтага рабіць, адно прапанаваў кожнай вырашаць самастойна. I яны вырашылі: усе аднолькава — застаюцца! Балюча прызнацца, але тады ён быў рады, бо гэта азначала, што для іх, сясцёр эўхарыстак, місія ў Расіцы — не цікавая прыгода маладосці, але нешта