Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
De profundis clamavi ad te, Domine:
Domine, exaudi vocem meam9.
Айцец Юры здушана падхапіў, не пазнаючы ўласнага голасу:
Fiant aures tuae intendentes
in vocem deprecationis meae10.
Айцец Антоні выцер узмакрэлы твар:
Si iniquitates observaveris, Domine:
Domine, quis sustinebit?11
— Was geht es hier los? — уварвалася ў іхнюю малітву чужое, злоснае. — Wer hat das erlaubt?12
Айцец Юры азірнуўся, але айцец Антоні ўзяў яго за руку, моцна сціснуў яе, шапнуў: «Маліся далей». I айцец Юры, набраўшы паветра ў грудзі, працягваў, глытаючы канчаткі слоў:
Quia apud te propitiatio est: et propter legem tuam sustinui te, Domine. Sustinuit anima mea in verbo eius13.
9 3 глыбіні я клічу Цябе, Пане.
Пане, пачуй мой голас (лац., Пс 130 (129), 1).
10 Няхай Твае вушы пачуюць
голас маіх малітваў (лац., Пс 130 (129), 2).
11 Калі Ты, Пане, будзеш зважаць на беззаконні, хто ж вытрывае, Пане (лац., Пс 130 (129), 3).
12 Што тут адбываецца? Хто дазволіў? (ням.).
13 Але ў Цябе прабачэнне, каб баяліся Цябе...
Спадзяюся на Пана,
спадзяецца душа мая наЯгослова (лац., Пс 130 (129), 4, 5).
На поўны голас, гучней звычайнага, айцец Антоні спяваў:
Speravit anima mea in Domino...14
Ім больш не перашкаджалі. За іхнімі спінамі ўсталявалася такая ціша, што здавалася — нікога там няма. Ім не перашкаджалі, і яны ў поўнай цішы скончылі псальм, які спявалі альбо прамаўлялі заўсёды, калі хтосьці адыходзіў у вечнасць. Пакуль маліліся, было не так страшна, прынамсі, яны выконвалі свой абавязак. Але прагучала апошняе «амэн», і пасля кароткае паўзы касцёл зноў узарваўся роспачным крыкам ды галашэннем, а над усім гэтым некалькі галасоў пры дзвярах гарлалі штосьці па-нямецку — уладна й пагрозліва.
— Вось і прыйшло яно... — прашаптаў айцец Ляшчэвіч, падымаючыся з каленяў.
— Але чаму сюды? — разгублена й непаразумела пытаўся невядома ў каго айцец Кашыра. — Навошта... у касцёл?.. Што... яны задумалі?..
14 Душа мая чакае Пана... (лац., Пс 130 (129), 6).
VI
— Nicht fassen!15 He тро-гать! — загадаў нямецкі афіцэр двум паліцаям і кіўнуў галавой, на якой узвышалася высокая задзірыстая фуражка, у бок святароў, потым падумаў і дадаў, узняўшы доўгі худы палец угору: — По-ка не тро-гать!
Паліцаі шчоўкнулі абцасамі, немец махнуў рукой, і тыя адскочылі да самага парогу.
Афіцэр сядзеў у пакоі айца Антонія за ягоным сталом, адгробшы кнігі на край стала так, што малітоўнік і рытуал зваліліся долу. Айцец Юры нахіліўся за імі, немец гаркнуў:
— Sich nicht bewegen!16
Але айцец Юры паспеў падняць абедзве кнігі і цяпер трымаў іх перад сабой. Немец кіўнуў паліцаям, тыя падскочылі, выхапілі кнігі, патрэслі за вокладкі — некалькі абразкоў вылецела з іх і плаўна, нібы дзіцячыя папяровыя жураўлікі, апусціліся на падлогу.
— Lassen Sie das aufheben, — папрасіў айцец Антоні па-нямецку. — Das sind heilige Sachen17.
Немец хмыкнуў і кіўнуў айцец Антоні сабраў абразкі, адзін з якіх ляжаў каля самага бота афіцэра, выпрастаўся і сказаў:
15 He чапаць! (ням,).
16 He варушыцца! (ням.).
17 Дазвольце падняць. Гэта святыя рэчы (ням.).
— Danke18.
— Kannst du deutsch?!19
Айцец Антоні стрымана кіўнуў.
— Du auch?20 — павярнуўся немец да айца Юрыя, але той адмоўна хітнуў галавой.
Айцец Антоні пачаў тлумачыць афіцэру, што гэта такое — іхняя місія ў Расіцы. Немец няўважліва слухаў на ягоным скуластым, шырокім твары не адбівалася аніякіх пачуццяў. А можа, ён і не чуў таго, што яму казалі, бо неўзабаве перапыніў айца Антонія на паўслове рэзкім і калючым:
Waffe?21
— Nein22, — пачуў у адказ.
I ён зноў сядзеў з адсутным тварам, пстрыкаў пазногцямі доўгіх, як у музыкі, пальцаў. Яму было дарэшты ўсё роўна, хто чым займаўся тут, у Расіцы, да таго, як сюды заявіўся ён, салдат фюрэра. Ён добра ведаў, што прынеслі сюды яны, усё ж астатняе для яго не мела аніякага значэння.
— Sind sie abgetastet worden?23 — кінуў ён паліцаям, якія па-ранейшаму стаялі ў парозе.
Таўстматы рабаціністы паліцай, каверкаючы нямецкія словы, адказаў, што яны абшукалі святароў і, апрача непатрэбных дробязяў, нічога не знайшлі, але ў хаце яшчэ робіцца вобшук.
— Гер афіцэр, — прамовіў айцец Антоні. — Мне не вярнулі мой ружанец, ён мне патрэбны для малітвы.
Вырачыўшы вочы, немец нейкі час глядзеў на айца Антонія, потым кінуў паліцаям:
— Hier geben! — але падумаў і загадаў: — Zeigt es mir!24
18 Дзякуй (ням.).
19 Ты гаворыш па-нямецку?! (ням.).
20 Ты таксама? (ням.).
21 Зброя ёсць?
22 He (ням.).
23 Іх ужо абшукалі? (ням.).
24 Аддаць. Пакажыце мне (ням.).
Таўстматы пакорпаўся ў кішэнях, выцягнуў ружанец,— памятку айца Антонія аб ягонай паездцы ў Рым, — узняў яго ў адтапыраных пальцах, панёс афіцэру, але той, скоса зірнуўшы, адразу страціў цікавасць. Айцец Антоні забраў ружанец, пацалаваў крыжык і беражліва паклаў у кішэню сутаны. Афіцэр спадылба сачыў за ягонымі павольнымі рухамі, думаў пра штосьці, потым апусціў далонь з растапыранымі пальцамі на стол:
— Мы-ы... будем... здесь жнть! По-нял?
Айцец Антоні паціснуў плячыма і перамоўчаў.
Афіцэр патлумачыў:
— Ihr konnt auch hier bleiben. Ich erlaube es. Dort, — махнуў ён рукой, — in der Kirche, konnt ihr nicht sein25.
— Але мы — святары, — запярэчыў айцец Антоні, — мы абавязаны адпраўляць святую Імшу. Да таго ж, у касцёле абавязкова знойдуцца людзі, якім патрэбна споведзь. Таму я прашу дазволіць нам выконваць свой святарскі абавязак.
Немец трохі падумаў і коратка буркнуў сваё «гут», потым патлумачыў паліцаям:
— Раз-ре-ішіть нм быть... там... н здесь.
Тады айцец Антоні папрасіў:
— Дазвольце мне яшчэ схадзіць да сясцёр-законніц, якія з намі праводзяць місію. Яны тут блізка. Мушу ім растлумачыць тое, што адбываецца.
Нейкі час немец спадылба разглядваў айца Антонія, быццам вывучаў яго, затым махнуў рукой, даючы дазвол. Потым ён узняў вочы на паліцаяў, таксама нейкі час углядаўся на іх, быццам упершыню бачыў, нарэшце паўтарыў коратка і трохі стомлена:
— Nicht fassen. He тро-гать нх.
Тыя шчоўкнулі абцасамі.
25 Вы таксама можаце тут застацца. Я дазваляю. Там... у касцёле вам быць не абавязкова (ням.).
VII
Набатна-трывожны звон ужо некалькі хвілінаў плыў над Расіцай. Ён біўся ў ваконныя шыбы — клікаў, папярэджваў, стагнаў. Людзі прыпадалі да вокнаў, хукалі на іх і, не ўбачыўшы нічога незвычайнага, выбягалі на двор. Пажар? Дзе пажар?
— Ліпаўкі гараць! — галасілі кабеты. — Гляньце, якое чырвонае неба над Ліпаўкамі!
— Цагельнікі! Людцы, Цагельнікі ў агні!
— А вунь там, далей... Забароўцы, хіба... Ой, што ж гэта ро-о-біцца?!
— Мама! Я баюся!
— Марш у хату! Чаго выскачыў голы?
— Мама, а што там за людзі? Глянь!
3 узгорку, на якім узвышаліся скалечаныя сцены былой царквы, брыў нейкі натоўп.
— Куды яны? Цагельнікі трэба бегчы ратаваць, а яны... адтуль...
— Мама! Я баюся!
— А-а-а... Што робіце? А-а-а... Дачу-у-шка-а!.. — узляцеў раптам у пагрозліва сіняе, нізка навіслае над зямлёй неба крык з таго боку, адкуль ішлі людзі.
— Бяжы ў хату! Хавайся — благое тут нешта робіцца.
— Баюся я...
— He чапайце мяне! Чуеце? He чапайце!
— Нелюдзі! Каб вам свету не бачыць!
Гвалт, крыкі, плач нарасталі. I ляцелі яны ўжо з расіцкіх хатаў. Звінелі шыбы вокнаў, імпэтна, з грукатам расчыняліся
наросхрыст дзверы, нейкі час іхні праём зеўрыў чорным прастакутнікам, але праз некалькі хвілінаў у ім з’яўляліся перапалоханыя гаспадары разам з дзецьмі. Карнікі выганялі іх на вуліцу і далучалі да тых, хто ўжо стаяў там у атачэнні белых злавесных постацяў. Людзі трэсліся ад страху й холаду. Амаль ніхто не паспеў як след апрануцца, і цяпер адны былі ў ватоўках і валёнках на босыя ногі, іншыя ж і гэтага не здолелі накінуць на сябе. Расіцкі натоўп усё большаў і большаў, а той, які гналі з Цагельнікаў ды Кавалеўшчыны, паныла аддаляўся ад іх туды, дзе ўсё бухаў, уразаўся ў настылае паветра гулкі касцельны звон. Але нядоўга яны глядзелі ўслед тым, хто пабрыў на звон. Неўзабаве іх таксама пачалі штурхаць ды падганяць:
— Пайшлі! Марш за імі!
— Куды нас?
— Пошла! Там всё узнаешь!
— Бнстро! Бнстро! Шнель! Кому говорю!
— Мам-ка! Я баюся!
Недзе зусім побач — доўгая аўтаматная чарга.
— Ма-а-ма-а!
Штурхаючы прыкладамі аўтаматаў, падганяючы крыкамі, стрэламі, лаянкай, людзей гналі па іхняй Расіцы насустрач трывожнаму звону. Яны міналі хаты, і адтуль да іх далучаўся новы крык, плач, енк ды бясконцыя пытанні:
— Куды нас гоняць?
— Чаго яны хочуць ад нас?
— Хто ведае, людцы, што тут нарабілася?
Гэтыя роспачныя, спуджаныя ўскрыкі канваіры глушылі ўдарамі прыкладаў ды мацюкамі. За некалькі хвілінаў ціхая, яшчэ нядаўна сонная вуліца Расіцы ператварылася ў суцэльны вір чалавечых слёз і бяды. Час ад часу з гэтага бурлівага віру вырываўся тонкі дзіцячы голас:
— Мама! Я баюся.
Вырываўся і патанаў у мностве іншых надрыўных галасоў.
VIII
Звон! Нехта б’е ў касцельны звон!
Сястра Паўліна застыла пасярод хаты з венікам у руках, потым схамянулася, кінулася ў суседні пакой. — Ці чуеце? Касцельны звон б’е!
— Пажар, пэўна... — ціха прамовіла сястра Ядвіга з надзеяй, што гэта і сапраўды ўсяго толькі пажар.
Сёстры — у чым стаялі — кінуліся да дзвярэй, стоўпіліся ў парозе, а сястра Разалія выглянула ў вакно і разгублена прамовіла:
— Айцец Антоні ідзе... Хутка-хутка... бяжыць амаль што...
Яны паспешліва адхлынулі ад дзвярэй, адна з іх націснула на клямку і адпусціла яе — дзверы расчыніліся, і ў наступны момант разам з клубамі шызага сцюдзёнага паветра на парозе з’явіўся задыханы ад хуткай хады айцец Антоні.
— Немцы! У мястэчку немцы з паліцыяй! Карная экспедыцыя! Людзей зганяюць у касцёл! Нешта рыхтуецца!
— Езу! Марыя! — гукнулі ўадначас некалькі галасоў, а сястра Разалія заціснула даланёй рот.
— Што ж гэта будзе, ойчанька?
— He ведаю. Займайцеся кожная сваёй справай, не паказвайце страху ды апраніцеся, каб калі што...
Ён не паспеў скончыць: за вакном мільганула некалькі прыгнутых постацяў, і ў хату з крыкамі ўкуліліся трое мужчын. Сёстры акружылі айца Антонія: ці то спадзяваліся
на ягонае заступніцтва, ці то самі хацелі яго абараніць. Высокі паліцай загарлаў:
— Вон з хаты! Лічу да трох!
Сёстры кінуліся з хаты, айцец Антоні шпарка выйшаў разам з імі. Іх пагналі адразу да касцёла, не сталі чакаць, калі іншыя паліцыянты выганяць на двор суседзяў.