Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
— Што ж ты хочаш? — дакрануўся айцец Юры да хусткі, якая, пакінуўшы толькі перапэцканы тварык, хавала ўсяго чалавечка з галавы да ног.
— Тут стаяць хацу, бо тут агеньцык, — не могучы выняць з пянькоўкі рукі, чалавечак махнуў галавой на свечку, што гарэла на алтары.
Айцец Юры пераглянуўся з айцом Антоніем, які за час гэтай кароткай размовы не прамовіў ні слова, і бязрадна ўздыхнуў:
— Ну, пастаі пры агеньчыку... Толькі ж ён так слаба грэе...
— А там і такога няма.
Айцец Антоні перажагнаўся і падняўся з каленяў — чалавечак паспешліва адступіў колькі крокаў. Айцец Юры таксама падняўся.
— Пайсці пагаварыць з гэтымі... — прамовіў айцец Антоні. Ён не сказаў, з кім хоча пагаварыць, але па тым, як грэбліва ён гэта вымавіў, айцец Юры здагадаўся, што гаворка ідзе пра карнікаў.
— Можа, дазволяць дроў прынесці...
— Дроў? — перапытаў айцец Юры.
— Памерзнуць жа, зусім памерзнуць дзеці...
Задзёршы галаву, наколькі яму дазваляла тоўстая пянькоўка, мурзаты чалавечак узіраўся на трапяткі агеньчык свечкі, і на пасінелых дзіцячых вуснах з’явілася слабое падабенства ўсмешкі.
Новы ўсплеск плачу й жаласлівага крыку ўзвіўся пры дзвярах, і ніхто ўжо не дзівіўся гэтаму, бо людзі ведалі:
кагосьці зноў упіхнулі ў касцёл. Яны адно што глядзелі ў той бок і баяліся ўбачыць некага са сваіх. Мабыць, адна толькі Стася кожны раз з надзеяй пазірала на дзверы, спадзеючыся ўбачыць сваю маці з братам Хведзькам, але іх усё не было й не было. Гэта магло азначаць... He хацела, не мела сілы думаць пра тое, што гэта магло значыць. Толькі недзе ў скронях раптоўнай іскрай успыхвала страшная здагадка, але Стася гасіла яе слабым, амаль бездапаможным: «А можа, як-небудзь абыдзецца!»
Жудасны крык узвіўся пад скляпенні касцёла і прымусіў людзей прыціхнуць. Стася адразу пазнала страшны голас іхняй нямой суседкі Валюсі і баялася азірнуцца на яго. Старая Селівоніха цягнула Валюсю за руку, прыгаворвала: «Супакойся, дурненькая мая! Супакойся!», але дачка страшна закаціла вочы так, што замест зрэнак цяпер віднеліся адны белыя плямы, і клекатала кароткімі ўсхліпамі. Сястра Разалія падбегла да нямой з кубкам свянцонай вады, спырснула ёй твар. Тая пакрысе абвяла, прысела на лаўку — толькі дрыжэла па-ранейшаму ўсім целам.
— Гэта ж во так пералякнулася, як Матруну на парозе хаты застрэлілі. Стаська ўцякла, Хведзька невядома дзе дзеўся, а гаротніцу Матруну...
— Хведзьку таксама... Бег па дарозе, як ашалелы, — азваўся нечы старэчы голас. — Усяго крывёй заліло...
Стася паднялася, выпрасталася і, як сляпая, выставіўшы наперад рукі, пайшла па касцёле, каб нічога больш не чуць, не бачыць. Яе дагнаў Селівонішын голас:
— He памагло й што Эдзька іхны ў паліцыі...
— Штотой Эдзька... Ён далёка, азяцьзатоепартызаніць — усе гэта ведаюць.
...Як добра гэтым жанчынам: яны могуць ляжаць ніцма на сцюдзёнай падлозе і нічога не чуць, не бачыць. Стася таксама лягла б крыжам перад Матачкай Божай, каб ужо ніколі не падняцца і нічога-нічога больш не чуць. Але ёй
няможна. Няможна ёй легчы на жывот, бо ў ім варушыцца іхняе з Васілём дзіця...
Ад дзвярэй айцец Ляшчэвіч вяртаўся з пашарэлым тварам, і айцец Кашыра зразумеў, што перамовы наконт дроў нічога не далі. Айцец Антоні моўчкі пайшоў у сакрыстыю і праз некалькі хвілін вярнуўся адтуль з плеценымі лазовымі яслямі, тымі самымі, у якіх увесь калядны перыяд ляжаў маленькі Езус і каля якіх кожны дзень кленчылі расіцкія вернікі, асабліва дзеці. Ён вынес яслі і паставіў іх на праходзе паміж лаўкамі. Айцец Юры здагадаўся, што гэта для вогнішча, і прынёс з сакрыстыі яшчэ некалькі дошак, з якіх яны планавалі зрабіць паліцу для касцельных рэчаў. Зразумеў задуму і Гэнька. Зразумеў і заплакаў, бо памятаў, як хваліў яго айцец Юры за гэтыя яселькі — надта ж файныя атрымаліся, настолькі файныя, што сястра Разалія вырашыла зберагчы іх да наступнага Божага Нараджэння.
— Гэнька! — паклікаў айцец Юры з сакрыстыі. — Памажы мне.
Размазваючы рукавом слёзы па твары, Гэнька падышоў і нерашуча спыніўся побач.
— Разумееш, Гэнька, надышоў час, калі трэба быць мужчынам, — сказаў айцец Юры і апусціў сваю далонь на Гэнькава плячо. — Разумееш?
Гэнька кіўнуў, але галавы не падняў.
— У наступным Адвэнце мы з табой зробім яшчэ лепшыя яслі, згодны?
Гэнька зноў кіўнуў. Ну, вядома ж, ён згодны, тым болей, што Насцю дрэнна грэў мамін свэтар, і Гэнька раз-пораз усоўваў ейныя чырвоныя ногі ў валёнкі, а сам сядаў тады на лаўку і падціскаў пад сябе ногі. Ойчанька добра прыдумаў наконт вогнішча, толькі вось яселек шкада і з гэтым ужо нічога не зробіш.
Вогнішча хутка сабрала вакол сябе дзяцей: адны стаялі пры ім і прытопвалі, другія прыселі на кукішкі і грэліся, паварочваючыся то перадам, то задам, трэціх трымалі на руках маткі. Раптам сярод гэтай такой нетрывалай суцішанасці ўгору ўзвіўся роспачны крык:
— Ой, людцы мае любенькія, папаляць яны ўсіх нас, вось пабачыце, з дымам пусцяць у неба, як спалілі людцаў у Ліпаўках ды Цагельніках, у Ракшнях ды Суніцах! О-ой, хутчэ-э-эй бы ўжо-о-о!
Крычала кабета гадоў пяцідзесяці з распэтланымі валасамі. Дзеці зноў заплакалі, заенчылі жанчыны. Айцец Антоні порстка падышоў да кабеты, уладна ўзяў яе за руку і павёў да вогнішча.
— Няможна так, — казаў ёй па дарозе, — ты ж дзяцей пужаеш.
— А ці ж гэта я іх пужаю? — выла жанчына. — Гэта тыя, у белых халатах, пужаюць нас усіх. Спаляць яны нас, вось пабачыш — спаляць!
— Памерці таксама трэба ўмець. He выць, не крычаць цяпер трэба, але маліцца Богу. Паглядзі: вунь людзі не трацяць часу на пусты вэрхал, але моляцца, — кіўнуў ён на купку людзей, што кленчылі з ружанцамі ў руках пры алтары.
Жанчына раптам застыла з раскрытым ротам і шырока расплюшчанымі вачыма. Яна павярнула да айца Антонія свой перакошаны твар і выдыхнула з яшчэ большай роспаччу:
— Каб жа я ўмела! Думаеш, я таксама не хацела б цяпер разам з імі памаліцца?.. А не ўмею я!
— Навучу, — адказаў з націскам і цішэйшым голасам дадаў: — Але ты не крычы так болей, не пужай дзяцей — не паможа нам цяпер крык.
Пальцы Ганчыных рук так моцна сплецены, што на костачках праступілі белыя плямы. Ружанец, які ёй дала сястра
Ядвіга, заціснуты паміж імі. Ганка ўжо даўно забылася перабіраць ягоныя пацерынкі — яна проста паўтарала і паўтарала: «Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою...» Як добра, што сястра Ядвіга параіла ёй маліцца за маму Ружанец. I як гэта Ганка сама не дадумалася? Маліцца трэба, моцна і шчыра маліцца да Маці Божай, каб яна апекавалася Ганчынай мамай у небе. Сястра Ядвіга кажа, што калі памерла ейная маці, яна цэлы год не выпусціла з рук ружанца. Ганка таксама не выпусціць яго! Яна таксама будзе ўвесь час маліцца і за маму, і за хросную з яе дачушкамі Марыськай і Аляй. А можа, хроснай удалося ўцячы? Можа, і Марыська з Аляй выратаваліся? Хоць казала цётка Вэрця, што бачыла, як мільгануў Марысьчын палітончык сярод тых, каго пагналі паліць у хату. Але ж падобных палітончыкаў!..
— Святая Марыя, за што яны іх? За што? — утрапёна шаптала Ганка і слёзы, якія яна, здавалася, ужо ўсе выплакала, зноў невядома адкуль браліся ды цяклі па твары.
Як моцна Маці Божая на абразе прыціскае да сваіх грудзей свайго Сына! Гэтак жа, як некалі Ганчына маці туліла Ганку да сябе, калі ад іх забралі тату і павезлі невядома куды на той брыдкай павозцы. Болей мама ўжо ніколі не прыгорне да сябе Ганкі, не заспявае разам з ёй, не засмяецца — няма мамы! Няма болей мамы на гэтым свеце! У вачах — агромністае чырвонае полымя і з яго... крыкі людзей. Дзесьці сярод іх быў і мамін крык. Што яна крычала? Клікала Ганку? I Ганцы раптам здалося, яна пачула маміна: «Ган-ка-а-а!» I ляціць, ляціць гэты голас да Ганкі з таго жудаснага, крывавага полымя!..
— Ганка! Ганка! Што ты, Ганка?
Хтосьці трасе яе, трэ скроні, рукі. Мама? Ганка адплюшчыла вочы і проста над сабою ўбачыла схілены твар айца Юрыя:
— Што ты, Ганка?
— Ойчанька...
— Ну-ну, ачулася, дзякуй Богу...
— Ойчанька! Яны маму спалілі!
— Ганначка! Трымайся, Ганначка!
— Пахвалёны Езус Хрыстус!
Людзі нібы абамлелі на момант, потым адказалі нястройным, шматгалосым і насцярожаным:
— На векі вечныя. Амэн.
Айцец Антоні адчуў, як сціснулася ягонае сэрца ад таго відовішча, якое ўбачыў ён з амбона: велізарны расіцкі касцёл быў запоўнены напаўраздзетымі, заплаканымі, перапалоханымі людзьмі. У сотнях, тысячах вачэй, звернутых да яго, застыла маўклівае пытанне. Яму трэба было зараз адказаць на яго за сябе і за айца Юрыя, адказаць так, каб у тысячах вачэй заміж прорвы безнадзейнасці з’явілася штосьці іншае, тое, што можна было б назваць жыццём.
— Браты і сёстры! Дарагія мае! — ягоны голас сарваўся. Так балюча й рэзка абрываецца празмерна нацягнутая струна. Перавёў дыханне, з непакоем усведамляючы, што на вочы ўсё ж узбеглі тыя самыя слёзы, якім ён забараніў з’яўляцца на людзях.
— Браты і сёстры! Дарагія мае! He памогуць нам цяпер плач, крыкі, роспач, і не павінны мы губляць на іх час, які нам яшчэ адведзены. Усе мы стаім цяпер перад Божым Провідам. Позірк Усемагутнага Бога, Вечнага й Справядлівага, скіраваны цяпер на нас. Вельмі важна, як чалавек жыве, але не менш важна і тое, як ён памірае.
Некалькі жаночых галасоў пры дзвярах адначасна зайшліся плачам. Айцец Антоні счакаў момант і зноў узняў руку, загаварыў зноў паволі, узважваючы кожнае слова.
— Ніхто з нас не ведае, што чакае нас заўтра, а можа й сёння. Гэта ведае толькі Бог. Нам жа цяпер важна падрыхтавацца да сустрэчы з Ім. Ён яшчэ дае нам пакуль што час, і мы не маем права загубіць яго на бессэнсоўную роспач.
Мы павінны цяпер думаць пра вечнасць, яна чакае кожнага з нас — раней ці пазней.
У касцёле запанавала такая ціша, што калі айцец Антоні пераводзіў дыханне, каб гаварыць далей, чутно было, як патрэскваў агонь, вакол якога грэліся дзеці.
— 3 гэтага амбону мы не раз казалі вам тое ж самае, прасілі вас быць гатовымі да вечнасці, якая можа наступіць для нас у кожную хвіліну. I ўсё ж калі смерць яшчэ не глядзела нам проста ў твар, магчыма, хтосьці і легкаважна ставіўся да нашых папярэджанняў. А сёння тут шмат ёсць людзей, якія і не былі на нашых набажэнствах. Можа, хтосьці з вас упершыню апынуўся ў касцёле, перад Божым алтаром. Але гэта здарылася, і нельга, каб сустрэча з Панам Богам не адбылася. Дарагія мае! Трэба нам усім паяднацца з Богам, каб потым, ужо ў вечнасці, не шкадаваць аб змарнаваным часе. Зразумейце: вось цяпер, тут, у гэтыя хвіліны, на вялізных вагах вечнасці ўзважваецца наш лёс. Зразумейце гэта сэрцам і розумам, браты і сёстры!