Будзь воля Твая...
Ірына Жарнасек
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 436с.
Мінск 2023
Сястра Разалія, прыадкрыўшы рот, кіўнула галавой, адступіла крок назад, потым яшчэ некалькі крокаў, потым нарэшце павярнулася, укленчыла перад алтаром і пайшла з касцёла, некалькі разоў кінуўшы разгублены позірк на айца Антонія і Гэкера.
— Непакояцца за вас, — прамовіў Гэкер.
Айцец Антоні не стаў пярэчыць, сам з трывогаю думаў пра тое, чаго раптам сярод белага дня сястра Разалія з’явілася ў Дрысе — яна ж павінна быць у Барсуках... Хутчэй бы пайшоў Гэкер, якога ад самоты часам цягне на размовы. Госць жа нібы адчуў нецярплівасць айца Антонія — адзеў фуражку, потым зірнуў на айца Антонія, хмыкнуў і зняў:
— Выбачайце, забыўся, што галаўны ўбор у касцёле абражае вас.
— He мяне, гер Гэкер, не мяне, — спакойна адказаў айцец Антоні.
— Ну? I вы яшчэ кажаце, што вы слабы і грэшны чалавек? He ведаю, як наконт грахоўнасці, а вось наконт слабасці... — ён не скончыў і нечакана засмяяўся: — Дык не ўгаварыў я вас, пастар, наконт таго, каб вы спавядалі нашых людзей, калі яны таго пажадаюць? Да таго, як прыедзе нямецкі ксёндз?
Айцец Антоні паціснуў плячыма:
— He трэба мяне і ўгаворваць. Я заўсёды гатовы спавядаць кожнага, хто прыходзіць да канфесіяналу.
Гэкер жартаўліва паківаў пальцам:
— Iграхі адпусціце?
— Вядома. Калі будуць выкананы ўсе варункі добрай споведзі.
— Як думаеце, пастар Ляшчэвіч, — вочы Гэкера ўсё яшчэ хітравата мружыліся, — дажывяце вы да канца вайны?
— О, гэта не ў мяне трэба пытацца.
— А ў каго?
Айцец Аноні моўчкі ўзняў палец угору.
— I вы пыталіся?
— He, — памаўчаў і дадаў сур’ёзна: — Я цалкам аддаў гэта Яго волі — што ж мне цяпер умешвацца ў Божыя справы? Як у нас кажуць: «Бог бачыць з неба, што каму трэба».
Гэкер махнуў рукой:
— О так! Усё бачыць, усё чуе і, галоўнае, — дзеліць, каму колькі чаго трэба, — у голасе Гэкера чуўся здзек.
Айцец Ляшчэвіч не пажадаў на яго зрэагаваць:
— Дзеліць, — прамовіў ён сцвярджальна, — вядома, і дзеліць таксама.
— Ведаеце, пастар, я нават трохі зайздрошчу вам, — сказаў раптам Гэкер і падаў руку на развітанне. — У вас ёсць вера. Напэўна, яна дапамагае вам жыць у хаосе гэтага свету, якім кіруе... сатана. Што, пастар, існуе, па-вашаму, сатана насамрэч?
Айцец Антоні налёг на цяжкія касцельныя дзверы, адчыніў іх і адказаў:
— Вядома. Толькі ён не проста існуе — ён дзейнічае. I гэтая вайна — лепшы доказ ягонай дзейнасці.
Па твары Гэкера прабегла нервовая грымаса, ён падаў руку і, гледзячы ў вочы айцу Антонію, прамовіў:
— Няма часу болей з вамі размаўляць, а гэта, прызнаюся, вельмі цікава. Жадаю вам, пастар, перажыць вайну — не вельмі проста будзе вам гэта зрабіць.
— Ну, тут ні ў мяне, ні ў вас няма аніякіх гарантый.
3-пад фуражкі на айца Антонія стрэльнуў колкі позірк халодных вачэй. Гэкер ускінуў руку ў развітальным жэсце, яшчэ момант яны глядзелі адзін на аднаго, затым Гэкер суха прамовіў:
— Вы адважны чалавек, пастар Ляшчэвіч. Такіх паважаюць і сябры, і ворагі. Але такія, як вы, доўга не жывуць.
Павярнуўся і, спружынячы крок, пайшоў да сваіх эсэсаўцаў, якія цярпліва чакалі яго, каб потым пайсці следам за ім на адлегласці некалькіх крокаў. Айцец Антоні вярнуўся ў касцёл, пастаяў каля пярэдняй лаўкі, на якой застаўся ляжаць ягоны разгорнуты брэвіярый. Вочы выхапілі радкі псальму:
Qui habitat in adiutorio Altissimi, in protectione Dei caeli commorabitur16.
Заплюшчыў вочы, прапускаючы праз сябе гэтыя словы, зноў адплюшчыў іх, шэптам прачытаў наступныя два радкі:
Dicet Domino: Susceptor meus es tu et refugium meum: Deus meus, sperabo in eum.
Перавёў позірк на алтар, ціха паўтарыў тое ж самае па-беларуску:
Кажа ён Пану: Ты мой прыстанак і абаронца:
Бог мой, на якога спадзяюся (пар. Пс 91).
Ды раптам з памяці выплыў устрывожаны, перапалоханы твар сястры Разаліі. Чаго яна з’явілася сярод белага дня ў Дрысе? Што магло там здарыцца? Толькі нешта надзвычайнае...
Шпаркім крокам айцец Антоні выйшаў з касцёла.
16 Шчаслівы той, хто жыве з дапамогай Найвышэйшага, пад апекай Бога нябёсаў бяспечна прабывае (лац., пар. Пс 91).
Сёстры стаялі на здранцвелых каленях і маўчалі. Іхняе маўчанне было малітвай, нягледзячы на тое, што вусны не варушыліся і словы не вымаўляліся. Ужо не злічыць, колькі частак Ружанца прамовілі, колькі — літаніяў. Гэтая працяглая малітва пачалася мінулай ноччу ў Барсуках, калі з хаты, у якой яны кватаравалі, нарэшце выкуліліся партызаны. Напужалі іх да паўсмерці і ўсё ж пакінулі ў спакоі. Тады сястра Разалія з сястрой Ядвігай адразу ж і схапіліся за ружанцы. Сядзелі на ложку, туліліся адна да адной і бясконца паўтаралі: «Вітай, Марыя, поўная ласкі...» Была гэта малітва падзякі за тое, што ўсё неяк і на гэты раз абышлося. Але адначасна гэта была яшчэ і просьба — каб не паўтарылася больш штосьці падобнае. Часам сястра Разалія пасля чарговай ружанцовай таямніцы перапыняла малітву і спуджана шаптала:
— А якія вочы былі ў таго, што соваў мне трымаць гранату!.. Ядвіська, я ніколі не бачыла такіх вачэй! Hi ў якога звера не бачыла! Вось, кажа, вырву колца і на, трымай гэтую штуку — паглядзім тады, як цябе твой Бог выратуе!
— Звер! Чысты звер!
— Ядвіська, а што было б, калі б ён і праўда даў мне тую гранату?
— Адкуль жа я ведаю? Можа, ляжалі б мы цяпер у калюжынах крыві...
— Мой Божанька! — закрывала сястра Разалія рот ад жаху.
— Добра. Маліся далей. Таямніца чацвёртая балеснай часткі...
— Крыжовы шлях Езуса... — шаптала сястра Разалія. — Ойча наш, каторы ёсць у небе...
3 партызанамі ім даводзілася сутыкацца некалькі разоў. Некалі было ў Сінькаўшчыне... Якраз у часе катэхізацыі ўвайшоў у хату хлапец у кажушку ды шапцы-аблавушцы. Сястра Ядвіга на паўслове замерла, маўчала і моладзь, адно ўсе ўглядаліся на неспадзяванага прыхадня. А той патаптаўся ў парозе і раптам засмяяўся, ссунуў шапку на патыліцу так, што ейныя «вушы» з доўгімі матузамі тырчэлі цяпер на бакі, нібы рогі нейкага звера.
— He пазнаяце, сястра Ядвіга? — бліснуў ён цёмнымі вачыма з-пад кучаравай чупрыны. — Я ж некалі вучыўся ў вас. У Балінах, калі вы толькі прыйшлі да нас, во тады і мяне вучылі да першай споведзі.
— А-а як жа ця-я-бе за-а-вуць? — ад перапуду расцягваючы словы, папытала сястра Ядвіга.
— Пятрок. А маю маці — Марфай. Ці прыгадалі? Мы з праваслаўных, але ж бацюшкі даўно ўжо ў нас не было, дык маці і павяла да вас.
— А як жа, дзетка... — пачала сястра Ядвіга і замоўкла, не насмельваючыся папытаць, як гэты хлопец апынуўся ў партызанах.
Але Пятрок здагадаўся — махнуў рукой:
— Доўгая байка. Калі-небудзь раскажу.
Ён скінуў шапку, расшпіліў кажушок, адазваў сястру Ядвігу ўбок і патлумачыў:
— Я пасяджу тут у вас трохі, каб мае думалі, што я старанна правяраў усе куткі, а вы не зважайце на мяне — вучыце.
Ды толькі якая там ужо магла быць вучоба! Гаспадыня прынесла акраец хлеба, міску квашанай капусты,
паставіла перад госцем: «Еш». Той ахвотна ўзяўся за хлеб, а сястра Ядвіга дакорліва паківала галавой:
— Нават не перажагнаешся...
Зачырванеўся, адклаў лыжку, памаўчаў трохі, потым, гледзячы ў стол, перажагнаўся, узняў вочы на сястру Ядвігу — ціха, даверліва прамовіў:
— He думайце — я не забыўся: і малюся часам, асабліва да таго, як ісці на заданне, і жагнаюся... праўда, калі ніхто не бачыць.
— А што, каб убачылі? — падала голас сястра Разалія, якая ўвесь гэты час стаяла моўчкі пры шчытку.
Пятрок, старанна абіраючы бульбіну ад шалупіння, уздыхнуў:
— Што было б? Можа, і нічога, толькі пасмяяліся б, а можа... Рознае бывае. Начальнікі ж там парцейныя...
— Ты еш, дзетка, a то не паспееш, я табе во бульбачку абяру, каб хутчэй было, — узялася сястра Ядвіга за бульбу.
Хлопец нізка звесіў над міскай галаву — апетытна хрумсцеў ядранай капустай.
— А крыжык ці медалік ты, дзетка, хоць маеш з сабой? — папытала яго.
Пятрок шырока заўсміхаўся:
— Есць. Во тут, — ён расшпіліў верхнія гузікі ваўнянага свэтра, потым — яшчэ некалькі гузікаў брудна-шэрай кашулі і, адцягнуўшы каўнер, паказаў: — Во тут зашытыя, пашчупай, сястра.
Сястра Ядвіга дакранулася да цёплага каўняра, намацала штосьці цвёрдае, ушытае ўсярэдзіну, і раптам, сама не ведаючы чаго, заплакала.
— Я думала, не маеш — дык хацела даць табе.
— А ёсць? — ажывіўся Пятрок. — Добра было б, каб яшчэ адзін далі: сам то я маю, а мой дружбак, ён во зараз сюды прыйдзе, дык у яго няма. Ён з католікаў, з Кавалеўшчыны.
Яму матка была даўшы абразок Маці Божай, дык ён, бесталковы, зашыў яго ў шапку, а шапку і згубіў у кустах, як з чыгункі беглі.
Сястра Разалія адштурхнулася ад шчытка, пайшла за полаг, якім быў адвешаны іхні ложак, пакорпалася там і неўзабаве вынесла на выцягнутай далоні медалік.
— На! Аддасі свайму сябруку.
— Дзякуй, — заўсміхаўся Пятрок.
— А можа, яшчэ каму трэба? Дык вазьмі, — сказала сястра Ядвіга, падпёршы кулаком шчаку.
У сянёх пачуўся тупат, завалтузілі клямкай, і неўзабаве ў хату ўкуліўся высокі худы хлопец.
— Добры вечар! — павітаўся ён і адразу да Петрака: — Што разамлеў тут у цёплым? Давай хутчэй, там нашы ўжо збіраюцца.
Пятрок падхапіўся, похапкам зашпіліў кажушок. Сястра Разалія падбегла, сунула яму ў руку некалькі крыжыкаў ды медалікаў. Ён паспешліва паклаў іх у кішэню кашулі, прышпіліў шпількай:
— Дзякуй!
Націснуў шапку на галаву, памарудзіў крыху, зняў, а потым, нібы набраўшыся адвагі, падышоў і пацалаваў сястры Ядвізе руку.
Так шчасліва скончыўся той візіт, пра які яны потым з сястрой Разаліяй доўга ўспаміналі і маліліся за Петрака і ягоных сябрукоў, у чыёй прапахлай потам апратцы недзе былі зашытыя іхнія крыжыкі ды медалікі. Тая сустрэча была шчаслівая, іншыя — менш прыемныя, але такой, як учора, яшчэ ні разу не было. Учарашні патрабавальны грукат у вакно, калі сёстры ўжо спалі, нецярплівая лаянка ў сянёх, калі толькі яшчэ адчыняліся дзверы, і патрабавальнае: «Дакументы!» адразу нагнала на іх столькі страху, што яны абедзве дрыжэлі, нібы іх выгналі на мароз. Сястра Ядвіга падала аднаму з партызанаў пашпарт, той, паднёсшы яго да лямпы, доўга разглядваў, потым выгукнуў:
— Hi халеры не разбяру, нешта не па-нашаму накрэмзана. Дзе тут напісана, руская ты ці беларуска?
— А там гэтага і не напісана, бо я літоўка. Там па-літоўску...
Партызан вылаяўся і павярнуўся да сястры Разаліі, вырваў з дрыготкай рукі пашпарт.