• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    — Што ж я табе скажу, Дануська, — уздыхнула яна. — Ніхто табе лепей не параіць за Божаньку. Яго і слухайся. He шукай выгады для сябе, а калі ўсё ж шукаеш, то не спадзявайся знайсці яе ў кляштары — вось і ўся табе мая парада.
    3-за густога вішняку пры дарозе даляцела нейкая валтузня, дзіцячыя галасы. Сястра Альбіна пайшла туды
    і ўбачыла дзвюх дзяўчынак, якія абедзве трымаліся за белы клунак і тузалі яго кожная да сябе.
    — Маня, Тофця, што вы тут вырабляеце?
    Дзяўчынкі сумеліся, задралі свае белыя, як кужаль, галовы і меншая Тофця зморшчылася:
    — А чаго яна не дасць мне хлеба? Мамка спякла, сказала вам паўбохана занесці, дык во яна чэпіцца, каб ёй вам яго аддаваць, а не мне. А я ўсю дарогу несла!
    Сястра Альбіна ўзяла клунак, выняла з яго паўбохана свежага, яшчэ цёплага хлеба — пацалавала:
    — Во дзякуй вашай маме, а то ў нас тут ужо і небагата хлеба ў хаце. Скажыце ёй, што сёння ўвечары мы будзем маліцца за яе добрае сэрца... і за вас, мае дарагія, таксама памолімся.
    Дануся паднялася з лаўкі, узняла на сястру Альбіну вялікія цёмныя вочы ў аздобе доўгіх чорных веяў. У гэтых задумлівых, глыбокіх вачах прытаілася такая маўклівая туга, што сястра Альбіна пачула, як сціснулася ў грудзях сэрца. Абняла дзяўчыну, ціха шапнула:
    — За цябе я таксама буду маліцца, каб дапамог табе Пан Бог распазнаць дарожаньку.
    Дануся выцерла даланёй вочы, шапнула ледзьве чутнае «дзякуй» і пайшла прэч, схіліўшы набок галаву. Сястра Альбіна глядзела ёй услед і раптам падумала, што насіць гэткую доўгую тоўстую касу — таксама цяжар. I немалы.
    VIII
    Колкая бісерная paca апякла ногі. Ганка падскочыла, не могучы стрываць гэтага ледзянога дотыку, і пабегла па сіняватаму роснаму канюшынішчу, высока ўскідваючы ногі, пакідаючы за сабой цёмна-зялёны след. Падол шырокай ружовай сукенкі спачатку ўспырхваў над травой вялізным матылём, потым, намокшы, абвяў і пачаў прыліпаць да ног, перашкаджаючы бегчы. Ганка задзерла сукенку вышэй каленяў і ажно заенчыла ад новага сцюдзёнага дотыку да разморанага сном цела. Зрэшты, ад салодкага сну не засталося ўжо ні кроплі, яго праглынула іскрыстая вераснёўская раса, што павінна вылечыць Ганчыны ногі.
    Гэтак казала маці. А яна ведала тое ад бабулі: найлепшыя лекі ад хваробы ног — ранішняя paca. I як Ганка звечара ні прасіла маці зрабіць перапынак у гэтым лекаванні, як ні тулілася нараніцы да падушкі, нацягваючы на сябе цёплую коўдру, маці нізавошта не саступала.
    — Ты павінна вылечыць ногі, — настойліва казала яна кожную раніцу і сцягвала з Ганкі коўдру. — Што гэта будзе за дзеўка з хворымі нагамі?
    — Але ж яны мне ўжо зусім не баляць, — сонна спрабавала пярэчыць Ганка, нацягваючы на голыя ногі кашулю і ўціскваючыся ў пярыну.
    — Мала што не баляць! А тады балелі, і ў цябе ўсё жыццё наперадзе, на нагах яго трэба будзе выбегаць, дачка. Уставай, a to paca хутка знікне.
    Paca зазвычай знікала зусім няхутка. Пазней, ужо добра набегаўшыся, задыханая, змораная, Ганка хадзіла па ёй і не чула больш роснага холаду, не звяртала аніякай увагі на змакрэлую сукенку, што прыліпала да цела, на разбэрсаныя па плячах ды грудзях вільготныя валасы. Холад саступаў месца гарачыні. Гарачаю рабілася трава пад нагамі, гарачай парай напаўнялася паветра, а чырвоныя, нібы ў бацяна ногі, ступалі цяпер не па сцюдзёнай, але па гарачай pace. I дзіўна было адчуваць, што нагрэла сцюдзёную расу не сонца з вышыні, але... Ганка сваім бегам. А як цудоўна было чуць у гэтыя хвіліны здаровыя, пругкія ногі пад сабой, якім не страшныя былі ўжо ні ледзяная раса, ні колкая трава, ні мулкія каменьчыкі на зямлі! Як цудоўна было адчуваць здаровую ядранасць, што напаўняла ўсё цела! I якім смешным рабіўся ўспамін пра зусім нядаўні, такі жаданы і такі салодкі ранішні сон на цёплым ложку! Якім лагодным, далікатным было цяпер ранішняе сонца, што няспешна, ласкава сушыла Ганчына мокрае адзенне!
    У такія хвіліны не хацелася ні есці, ні піць, ні спаць, адно было жаданне — ціха брысці, куды вочы глядзяць, чуць у сваім целе лёгкую стому і ведаць, што гэтая стома нясе табе моц.
    Ганчыны ногі балелі тады, калі яны з маці жылі ў цесным пакойчыку двухпавярховага, калісьці жоўтага, мяркуючы па застарэлых плямах, дома ў віцебскім прыгарадзе. У тым доме было шмат гэткіх жа пакояў, які мелі Ганка з маці. Hi ў адным з такіх пакойчыкаў не было дарослага мужчыны, у іх жылі толькі маці з дзецьмі. А мужчыны... Пра іх у доме ўголас не гаварылі. Зрэшты, здаецца, ніхто нічога і не ведаў. Гэтак жа, як і Ганка, якая адно ведала, што ейнага бацьку цяпер называюць кулаком і таму яго некуды вывезлі. Кожны раз, калі Ганка спрабавала дапытацца штосьці пра яго ў маці, тая заўсёды пужліва азіралася на бакі і паспешліва шаптала: «Цішэй, дачушка, што ты язык распускаеш». Аднойчы Ганка не вытрывала: «Але чаму „цішэй”? Я ж не пра суседа
    хачу ведаць, а пра свайго тату! Ты мне скажы, кулак — гэта хто, бандыт, злодзей ці яшчэ хто?» Маці ў сполаху спачатку чамусьці заціснула даланёй свой рот, а потым — Ганчын. Дзяўчынка крутнула галавой: «Я не маленькая ўжо, я хачу ведаць!». I тады маці заплакала. Ганка ўпершыню бачыла гэткі няўцешны матчын плач, што раз-пораз узрываўся кароткім, хрыплым рыданнем, якое маці адчайна глушыла мокрай і салёнай ад слёз падушкай. Ганка чула на сваіх вуснах салёны смак гэтай падушкі, калі пазней маці туліла яе галаву да грудзей і шаптала: «Нікога не слухай, дачушка, калі будуць кепска пра твайго тату казаць. Ведай: ніколі ён нікому вока не запарушыў, чужога не ўзяў, на чужой бядзе не нажываўся. Усё — сваімі рукамі. Чуеш?» — «Чую, — шаптала Ганка і дапытвалася: — Дык а за што яго тады выгналі з нашага дому? I чаму нам няможна жыць у сваім доме? Чаму мы цяпер тут, а не ў Ліпаўках?» Маці зноў заціскала ёй рот: «Цішэй! Ну што ж ты ў мяне гэткая крыклівая! — і горача шаптала ёй на вуха: — Ты, Ганка, ні з кім пра тату не гавары. Што б табе ні казалі, добрае альбо благое, — маўчы. Так лепей будзе. Якіх бы сабак на яго ні вешалі — маўчы, дачушка. Чуеш?»
    Ганка чула тое ўжо праз стомленую дрымоту, а маці ўсё гладзіла яе па валасах, уздыхала і прасіла: «Маўчы, Ганка! Што б ні казалі на твайго татку — маўчы!»
    Тады і пачалі балець па начах Ганчыны ногі. Яны нібы супернічалі з сэрцам, якое заўсёды сціскалася, калі Ганка ўспамінала бацьку, той шчаслівы час, калі ўсе яны — тата, мама і Ганка — жылі ў Ліпаўках. Але іх адтуль выселілі: бацьку — кудысьці далёка, маці з Ганкай — сюды, у Віцебск. I родныя Ліпаўкі ператварыліся ў прымежную зону, у якой ім усім чамусьці нельга жыць. Доўгімі начамі Ганка ўглядалася ў вязкую цемру над сваім ложкам, прыслухоўвалася, як дзве нябачныя вужакі абкручвалі і балюча сціскалі ейныя калені, худыя галёнкі, ступакі. I калі яна, не могучы больш трываць, ціхенька стагнала, маці дакраналася сухімі
    гарачымі вуснамі да яе лоба і шаптала: «Цярпі, дачушка. Вось вернемся ў Ліпаўкі, пачнеш бегаць па pace, і паздаравеюць твае ножкі, і ачуняе твай сэрцайка. Цярпі, дачушка».
    Калі Ганка нарэшце засынала, ёй снілася ліпаўская лугавіна з бела-ружовымі воблакамі сардэчніку. Ганка бегала па лузе і лавіла белых, жоўтых, плямістых матылькоў. А калі раптам спатыкалася і падала ў траву, то адразу невядома адкуль падпаўзалі дзве тоўстыя вужакі і апляталі ейныя ногі. Баронячыся, Ганка крычала, плакала і была вельмі шчасліваю, калі маці будзіла яе, бо тады ад тых страшных, агідных вужакаў заставаўся толькі боль у нагах.
    Сон часта паўтараўся. Паўтараліся таксама і крыкі, і плач сярод начы, адно што пасля гэтага цёплыя маміны рукі сціскалі Ганку за плечы, гладзілі па галаве, і ціхі мамін шэпт вяртаў яе да рэальнасці, у якой ужо не было змеяў, але, на вялікі жаль, у ёй не было таксама і вясёлкавай ліпаўскай лугавіны. I цемра цёмнага пакойчыка зноў насоўвалася на Ганку...
    У першыя дні вайны маці з Ганкай вярнуліся ў Ліпаўкі, у сваю хату. Некалькі дзён Ганка не давала веры гэтаму шчасцю і лёгенька дакраналася рукамі да печы, сценаў, стала, лаваў, брала ў рукі нейкую рэч — пазнавала і не пазнавала яе. Маці таксама цешылася. Ішла вайна. Вакол плакалі, галасілі, скардзіліся на горкую долю, а яны ўдзвюх радаваліся свайму нечаканаму выплаканаму вяртанню. Ды радасць гэтая замешвалася на болю, бо варта было толькі натыкнуцца воку на варштат у паветцы, на плуг альбо саху, і адразу ж узбягала на памяць, што няма з імі ў хаце таго, чыімі рукамі пастаўлена гэтая хата. Тады, калі яна яшчэ пахла свежым мохам, думалася, што на радасць паўстала яна пад высокім клёнам, а выйшла — на бяду, бо з-за гэтае новае хаты і залічылі Міколу Красоўскага, Ганчынага бацьку, у кулакі. Хату адабралі, іх выгналі з торбамі як ворагаў, якія нібыта некаму нечым маглі тут, у Ліпаўках, нашкодзіць. Хату забраў сабе калгас. Праўда,
    не дайшлі ў яго рукі перавезці яе ды выкарыстаць пад школу ці клуб. Так што ім пашчасціла — вярнуўшыся ў Ліпаўкі, яны ўбачылі сваю хату некранутай.
    — Ганка-а-а! — мамін голас з-пад старых вербалозаў што нізка навісаюць над сажалкай. — Ган-ка-а-а!
    Ну во, зноў будзе сварыцца, што Ганка забылася на сваё лекаванне, а забрыла немаведама куды. Падол сукенкі ўжо высах, ногі з прыліплымі да іх камякамі зямлі ўжо не былі чырвоныя. Ганка пабегла наўпрост па ўзмежку да сажалкі, дзе маці паласкала бялізну. Але сёння яна не сварылася, адно, выпрастаўшыся, запытала:
    — Ну, увесь свет аблётала?
    — Я зноў задумалася, — прызналася Ганка.
    Маці з удаваным жалем уздыхнула:
    — Во некаму жонка трапіцца: паставіць у печ капусту варыць, а сама задумаецца ды пойдзе шпацыраваць сабе па лугах ды палях. Табе трэба было ў якіх паноў нарадзіцца, каб толькі кніжкі пачытвала ды на мандаліне, як даўней панна Лапацінская, наігрывала.
    Ганка падхапіла матчын жартаўлівы тон і таксама ўздыхнула:
    — Добра было б... Ды вось жа не ў панскім палацы, а ў кулацкім маёнтку, — махнула яна на хату, — нарадзілася. А тут табе ні мандаліны, ні...
    Матчын твар перакасіла непрыгожая грымаса, і яна як трымала мокры жгут толькі што выкручанай прасціны, так і пляснула ім па Ганчыным твары:
    — Ды колькі ж табе казаць, каб не балбатала абы-чаго!
    Ганка заплакала. Маці зноў сагнулася, доўга боўтала ў вадзе чарговую прасціну, потым выцерла твар ад пырскаў вады, а можа, ад поту ці слёз, глуха і стомлена сказала: