• Газеты, часопісы і г.д.
  • Будзь воля Твая...  Ірына Жарнасек

    Будзь воля Твая...

    Ірына Жарнасек

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 436с.
    Мінск 2023
    107.63 МБ
    Сцёпка сам рабіў для маці дамавіну. Нікога не пайшоў прасіць, вырашыў — сам зробіць. Дошкі габляваў старанна, раз-пораз пагладжваў іх рукой, нібы лашчыў.
    Маці памерла ўначы. Ціха памерла, непрыкметна, як і жыла. He развіталася з ім, Сцёпкам, і ён, габлюючы цяпер дошкі, думаў, чаму гэта яны ніколі не размаўлялі з ёй пра тое, што будзе ён рабіць, калі маці памрэ. He думалі, што гэта здарыцца ажно гэтак раптоўна? Яна не пакінула для Сцёпкі ніякіх наказаў — рабі во цяпер што хочаш, гаспадарнічай у апусцелай хаце як хочаш. I ўсё ж галоўнае ейнае жаданне Сцёпка ведаў як добра ведаў і тое, што не здолее яго выканаць. Бо яна сніла немагчымае: каб Сцёпка нарэшце ажаніўся. Маці чамусьці была ўпэўненая, што ягонае калецтва — зусім не перашкода для жаніцьбы. Аднаго разу вымкнулася нават, што калі на добрае, то мог бы Сцёпка і Алену Закрэўшчынку ўзяць
    сабе за жонку. Тады ён упершыню ў жыцці закрычаў на маці. Яна змоўкла, прымружыла вочы і доўга глядзела ўдалеч, потым ачулася і сказала: «А мне чамусьці душа падказвае — ажэнішся ты з ёю, з Аленай». Раззлаваўся і выйшаў. I ад свайго бяссілля гатовы быў плакаць. «Што ж яна рэжа па жывому?» — з крыўдаю думаў пра маці. Падгледзела неяк, скумекала, што лягла яму на сэрца Алена, дык во і вядзе сваё, такое недарэчнае! Бо хто, апрача маці, мог уявіць сабе красуню Алену Закрэўскую побач з няўклюдным Сцёпкам?
    Але ж... сёння во... было... Сцёпкавы рукі ад неспадзеўнага прыгаду знерухомелі на гэблі. Ён разагнуўся, нязручна налёг на хворую нагу, і яго павяло ўбок. Схапіўся за варштат — утрымаўся, прысеў на калоду, ссунуў набакір шапку. Сядзеў так некалькі хвілінаў, чуючы, як горкі камяк у горле ўсё расце ды расце, здушвае нутро. Сапраўды, сёння яны стаялі каля маці разам з Аленай, ды толькі матчыны вочы былі ўжо замкнёныя.
    Алена прыйшла ўчора разам з жанкамі. Згорблены Сцёпка сядзеў пасярод хаты на стоўчыку — ніяк не мог прымусіць сябе падняцца і пачаць штосьці рабіць. Маці яшчэ ляжала на ложку пад сваёй стракатай коўдрай, спашытай з яркіх палосак, квадрацікаў, трохкутнікаў. Як памерла, так і ляжала, і Сцёпка не насмельваўся цяпер падысці да яе, бо яна была цяпер ўжо не тая. За гэтую ноч яна зрабілася далёкаю, халоднаю і нават чужою. Таму і сядзеў Сцёпка ў другой палове хаты і чакаў цётку Гунэфу, якая абяцала прыйсці з жанкамі памыць ды адзець нябожчыцу. Пазней прыйдуць і пеўчыя, будуць маліцца, спяваць...
    Жанчыны прыйшлі. Разам з імі была і Алена. Жанкі распалілі пліту, нагрэлі вады і пайшлі мыць маці, а Алена ўзялася прыбіраць у хаце.
    — Маці да Усіх Святых усё вымывала, — сказаў тады Сцёпка. — А колькі тут прайшло — тры дні.
    Алена, закасваючы рукавы, адказала:
    — Мыла, вядома ж. Але такі парадак: пакуль нябожчыка пакладуць на лаву, трэба хату перамыць.
    Яна працавала, а Сцёпка палез на гарышча скідваць дошкі, якія некалі для нечага паскладваў там бацька. Можа, дзеля гэткага дня запасіў, бо ён быў прадбачлівы, гаспадарлівы, пра ўсё рупіўся. Сцёпка прысеў на пакрытыя пылам дошкі, выцер шапкаю лоб: упершыню ён падумаў пра бацьку як пра таго, хто быў. Заўсёды ўпарта думаў, што ён ёсць недзе на белым свеце, сёння ж во прыйшло гэткае ў галаву... А гэта азначала, што тады Сцёпка застаўся зусім адзін. Праўда, недзе ў Полацку жывуць сёстры Броня з Тэрэскай, але ж за які свет! Ды і ці жывыя яны?
    Яго паклікалі, і ён нязграбна палез па лесвіцы, — цётка Гунэфа ажно войкнула. Рэдка лазіў на гарышча, заўсёды гэта рабілі бацька альбо маці.
    — Пайшлі, Сцёпка, у хату, матка ўжо прыбраная, — сказала цётка.
    Цяжка адштурхнуўся ад лесвіцы і пасунуўся ў хату, дзе на засланай прасцінай лаве ляжала маці — спакойная і... крыху чужаватая. Глядзеў на яе і трымаўся за вушак, нібы баяўся зрабіць яшчэ некалькі крокаў.
    — Ідзі, Сцёпка, прывітайся, — падказала цётка Гунэфа.
    Ён паволі наблізіўся да маці, нахіліўся і пацалаваў халодныя жылістыя рукі, якія трымалі ружанец і абразок Маці Божай, той самы, што пакінуў у іхняй хаце ксёндз Юры, які пару тыдняў таму прыйшоў да іх і доўга сядзеў, размаўляў, распытваў пра колішняе жыццё-быццё ў Расіцы. Маці магла яму шмат распавесці пра касцёл, бо некалі, пры ксяндзу Эдварду, спявала ў хоры, а яшчэ раней таксама была харысткаю і ейная маці. Яны доўга гаварылі, тады ксёндз даў ёй на памяць гэты абразок і паабяцаў зайсці яшчэ калі-небудзь. Маці потым доўга яго ўспамінала і ўсё цешылася, што ён пабыў у іхняй хаце.
    — Памолімся, — сказала цётка Гунэфа, і ўсе ўкленчылі.
    Спачатку маліліся пацеры, потым цётка Гунэфа выцягнула з кішэні загорнутыя ў цыратку некалькі паперак:
    — Збегала я да ксяндза, даў во літанію за памерлых, сказаў, каб абавязкова яе маліліся.
    — Ойча з неба, Божа, — пачала яна.
    — Змілуйся над намі, — падхапілі кабеты.
    Па Сцёпкавым твары цяклі слёзы. «Добра, што Алены няма цяпер у хаце — дадому, мабыць, пайшла», — мільганула ў галаве і растаяла, адляцела.
    — Святая Марыя,
    — ... маліся за яе...
    — Нябесная брама,
    — маліся за яе...
    Хтосьці, чутно было, увайшоў у хату, і новы голас далучыўся да іхніх. «Дзякуй Богу за гэтых людзей, — думаў Сцёпка. — Што ж бы гэта было, каб не яны? Як бы яно ўсё было?»
    — Будзь да яе літасцівы...
    — ... выбаў яе, Пане...
    — Ад усялякага зла...
    — ...выбаў яе, Пане.
    — Ад чысцовых пакутаў...
    — ...выбаў яе, Пане...
    Пасля малітвы жанкі змовіліся, у колькі прыйдуць спяваць Гадзінкі17 ды маліцца Ружанец, і адна за адной выйшлі. Ён застаўся ў сваёй хаце адзін, дакладней, разам з маці. Сеў на лаўку пры нябожчыцы і застыў. Успамінаў учарашні, пазаўчарашні дні і ніяк не мог згадзіцца, што яны, у якіх была маці, назаўсёды адляцелі, а разам з імі і матчыны апошнія словы, рухі, жэсты. Раптам выразна, нібы на яве, убачыў, як прытулілася яна ўчора лобам да белага бярозавага ствала на могілках. Учора былі Задушкі.
    17 Набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі.
    У часе працэсіі на могілках, калі айцец Юры ў чарговы раз прыпыніўся і пачаў маліцца за тых, хто загінуў у невядомых краях і чыіх магілаў мы не ведаем, маці прысланілася да бярэзіны. А потым яна брыла, прыгорбленая, разам з усімі ў той працэсіі і разам з усімі спявала: «Дзень той гневу, дзень нябылы, у ім свет цэлы стане пылам...»
    А сёння вось неўзабаве запяюць па ёй...
    У хату ўвайшла Алена. Яна ўкленчыла адразу пры парозе, ціха малілася «Анёл Панскі», потым перажагналася, паднялася і сказала, нібы яны сёння не бачыліся:
    — Пахвалёны Езус Хрыстус.
    Адказаў. Дзеля чагосьці падняўся з лавы, стаў пры маці. Алена падышла і спынілася побач, усхліпнула:
    — Ну, вось і заснула навечна цётка Тэкля.
    — Заснула, — рэхам азваўся Сцёпка.
    Нейкі час яны моўчкі стаялі каля нябожчыцы, абое суцішаныя, сумныя, з апушчанымі галовамі. Тады і падумалася Сцёпку недарэчнае пра тое, як бы зарадавалася маці, калі б адкрыла цяпер вочы і ўбачыла іх разам. Марыла пра тое, і сёння вось ейная мара нібыта збылася, але дзеля гэтага ёй самой трэба было памерці.
    ...Сцёпка згроб у прыгаршчы белыя хрумсткія габлюшкі, узняў іх над галавой і растапырыў пальцы — асыпаў сябе лёгкімі завіткамі. He хачу! He хачу болып рабіць дамавіну для сваёй маткі — хацелася закрычаць яму на ўвесь голас так, каб яго пачуў цэлы свет. У маці ёсць хата! Ёсць прыгожая вялікая хата, і ў ёй шмат месца!.. Сцёпка застагнаў нізка звесіў галаву, упёрся рукамі ў варштат. Нібы ў адказ на гэты ягоны маўклівы пратэст на падворку хтосьці закашляўся, і былы расіцкі пастух Зыдар прабурчэў стоячы ў праёме дзвярэй:
    — He табе гэта рабіць, чалавек. Во як я памру — калі ласка, прыходзь і майструй мне хатку. А для Тэклі мы неяк тут без цябе саб’ем. Табе астатні дзень пры матцы трэба пабыць, а не з дошкамі валтузіцца.
    Сцёпка падзякаваў, пайшоў і, адчыняючы дзверы, пачуў хаўтурны спеў, што нёсся насустрач яму з ягонае хаты. Дым ад свечак тонкімі стужкамі ўзнімаўся ўгору і раставаў недзе на ўзроўні твараў пеўчых, а яны спявалі:
    Калісь мае ногі па свеце хадзілі, I радасны быў таму час, Калісь мае рукі так цяжка рабілі, А зараз на грудзях ляжаць.
    Ой, Божа, мой Божа, з высокага неба, Ці чуеш малітву маю?
    Вазьмі ж маю грэшную душу да себе, А цела — ў сырую зямлю.
    Песня замерла, пеўчыя пілі ваду.
    — А я вам кажу — шчаслівая Тэкля, што во гэткую смертачку заслужыла, — ціха казала старая Зося, успёршыся рукамі на свой крывы кій. — Бо вайной памерці сваёй смертачкай, гэтак во спакойненька ды ціхенька, мае вы людцы, — гэта ў Бога ласку трэба мець.
    — Але ж як гэта во бывае? Учора хадзіла разам з намі на Задушкі, пазаўчора на Усе Святыя ў касцёле была, а сягоння во ляжыць сабе і нічога ёй не рупіць, — не магла ніяк надзівіцца цётка Гунэфа.
    — Зямное ёй больш не рупіць, — стрымана адгукнулася з групы пеўчых тэрціярка Гэленка. — Зямное ёй і праўда ўжо нічога не спатрэбіцца, толькі нябеснае.
    Баба Зося заківала галавой над кійком:
    — I я кажу. Схадзіла ў касцёл, памалілася, на магільніку пабыла, — як усё адно месца сабе выбірала. I сама пайшла туды. Няможна зайздросціць, грэх, але я, мае вы людцы, зайздрошчу. Бо хто ведае, як давядзецца ўсім нам памерці і ці будзе каму вырыць для нас магілку, памаліцца па нас во гэтак слаўна, як па ёй, паспяваць... He, мае вы людцы, гэткую смертачку трэба заслужыць.
    — Дык а што яна злосць каму зрабіла? — азвалася цётка Гунэфа. — Ці каго праклінала, ці каму чаравала? Да яе,
    бывала, чаго б ні прыбег пазычыць — ад слова дасць. I яна, і ейны Андрэй быў гэткі... I Сцёпка па бацьках пайшоў.
    Пеўчыя ціха перашэптваліся, раіліся, што спяваць, гарталі свае тоўстыя пажоўклыя кантычкі, якія нейкім цудам збераглі. Сапраўды цудам, бо за адну гэткую кніжачку пры «саветах» можна было трапіць да белых мядзведзяў.
    — Але ж такая прыгожая ляжыць — ну, як заснула і ўсё тут! — гучна прашаптала Франукова Ядвіня.
    — Ніякага клопату ўжо не мае, дык і памаладзела, — азвалася цётка Гунэфа.
    Пеўчыя зацягнулі па-польску:
    Zegnam was dziatki, porzucam dom mily, A sama juz pojde do ciemnej mogily, Prosz? was dziatki, aby nie plakali, Tylko na mq dusz§ zawsze pami?tali.
    Ja od was odchodz?, nie wymagam wiele, Tylko Msz? Swieta zamowic w kosciele18.
    У хату ўвайшлі дзяўчаты з вялікім вянком шпарагусу і паклалі яго вакол нябожчыцы. Сцёпка ціха сказаў «дзякуй», і з ягоных вачэй упершыню на людзях пацяклі слёзы. Як ён быў удзячны ўсім ім: і гэтым мудрым бабулям, што так шмат добрага казалі пра маці, і пеўчым, і дзяўчатам, і тым старым дзядам, што майстравалі цяпер дамавіну, і ўсім-усім, хто прыходзіў сёння ў ягоны дом з малітваю за ягоную маці. Як жа сабрала яна, такая заўжды маўклівая, непрыкметная, усіх іх у сваю хату!