Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
Пераклад зь нямецкай і пасьлямова Альгерда Бахарэвіча
Другі фронт мастацтваў
Халоднае
СЭРЦА
Казка
ВІЛЬГЕЛЬМ ГАЎФ
Пераклад зь нямецкай і пасьлямова Альгерда Бахарэвіча
Менск Галіяфы 2009
УДК 821.112.2-3
ББК 84(4Гем)-44
Г24
Сэрыя заснаваная ў 2000 годзе
Рэдакцыйная калегія сэрыі: Зьміцер Вішнёў (галоўны рэдактар), Міхась Башура, Валянцін Акудовіч, Ільля Сін
Пасьлямова і пераклад Альгерд Бахарэвіч Пераклад зроблены паводле выданьня: Wilhelm Hauff, «Das kalte Herz», Anaconda Verlag GmbH, Koln, 1997
Гаўф B.
Г24 Халоднае сэрца : казка I Вільгельм Гаўф Мінск : Галіяфы, 2009. 230 с. (Другі фронт мастацтваў).
ISBN 978-985-6906-30-8.
Знакаміты казачны твор клясыка нямецкай літаратуры Вілыельма Гаўфа (1802-1827) і прыгоды нікому не вядомага перакладчыка, які падчас працы над казкай сам становіцца пэрсанажам дзіўнай, містычнай гісторыі...
УДК 821.112.2-3
ББК 84(4Гем)-44
ISBN 978-985-6906-30-8 © Бахарэвіч А., 2009
© Пераклад. Бахарэвіч А., 2009
© Афармленьнс. ПВУП “Галіяфы”, 2009
ХАЛОДНАЕ СЭРЦА
Гой, хто вандруе па Швабіі, абавязкова павінен хаця б на нейкі час наведаць Шварцвальд. Ня толькі дзеля тамтэйшых высачэзных дрэваў, хаця зусім не паўсюль знойдзеш такое незьлічонае мноства велічных ялінаў, — але найперш дзеля людзей, якія там жывуць. О, гэта даволі дзіўныя людзі. Нават памерам кожны зь іх большы за звычайнага чалавека. Сапраўдны шварцвальдзец высокі, шыракаплечы, мае моцныя рукі і ногі, і наогул: можна падумаць, быццам бы той водар, што ідзе ўраньні ад ялінаў, дае ім з маленства вальнейшы ад нашага подых, ясьнейшыя ад нашых вочы і тую суворую мужнасьць, якой бракуе жыхарам далінаў. Ды ня толькі паставаю і ростам яны так выразна адрозьніваюцца ад тых, хто жыве па-за лесам — але і сваімі звычаямі і выглядам. Прыгажэй за ўсіх апранаюцца жыхары горнага, бадэнскага Шварцвальду. Мужчыны адпускаюць бароды, іхныя чорныя курткі, іхныя велізарныя, зборчатыя нагавіцы, іхныя чырвоныя панчохі і востраканечныя капелюшы надаюць абліччу гэтых шварцвальдцаў нешта вельмі нязвычнае, але разам з тым саліднае і поўнае годнасьці. Людзі там збольшага гутнікі, але апрача таго яны робяць цудоўныя гадзіньнікі, якімі карыстаецца паўсьвету.
На другім баку лесу жыве частка таго самага народу, але там людзі занятыя ўжо іншым, чым гутнікі, таму і звычаі ў іх не такія. Іхная праца зьвязана зь лесам, яны валяць дрэвы, абчэсваюць іх і сплаўляюць іх па Нэкары да Рэйна і далей, ажно да Галяндыі — там, на моры, добра ведаюць шварцвальдцаў і іх доўгія плыты. Яны спыняюцца ў кожным горадзе, які ляжыць уніз па рацэ, і горда чакаюць, пакуль знойдуцца пакупнікі на іх бярвеньне і дошкі. Але свой найлепшы тавар яны прадаюць галяндцам, якія потым будуюць са шварцвальдскага лесу свае знакамітыя караблі. Такім чынам, гэтая частка шварцвальдцаў — людзі, звыклыя да вандроўнага, поўнага нягодаў жыцьця. Яны шчасьлівыя толькі тады, калі выходзяць на сваіх плытах на рачную плынь; калі ж надыходзіць час вярнуцца на сушу, яны сумуюць. Таму іхная вопратка не такая, як у гутнікаў. Яны носяць камзолы зь цёмнага палатна, скураныя штаны на шырокіх зялёных шлейках, і з кішэняў гэтых штаноў заўжды тырчаць, бы ганаровыя знакі іх рамяства, медныя лінейкі. Аднак сапраўднай іх гордасьцю ёсьць боты, большыя за любы абутак на сьвеце — яны на некалькі сантымэтраў вышэй калена, і гэта дазваляе плытнікам спакойна хадзіць па вадзе і ніколі не намочваць ног.
Яшчэ зусім нядаўна жыхары Шварцвальду верылі ў існаваньне лясных зданяў, і толькі найноўшыя часы пазбавілі іх гэтых сьмешных прымхаў. Але ж вось што цікава: лясныя здані падзяляліся ў сьвядомасьці насельнікаў лесу гэтаксама, як і ўласна шварцвальдцы. Вядома, што так званы Шкляны Чалавечак, добры дух ростам з малое дзіця, носіць востраканечны капя-
люш, зборчатыя нагавіцы, чырвоныя панчохі і куртку. А вось Галяндзец Міхель, які жыве на тым баку лесу, — гэта высокі шыракаплечы чалавек у адзеньні плытагона, і тыя, хто яго бачыў, казалі, што цялячай скуры, якая пайшла на боты для Галяндца Міхеля, хапіла б, каб абуць дзесяцярых. «Ён такі аграмадны, што звычайны чалавек ледзь дастане яму да шыі», казалі людзі і прысягаліся, што не пераболыпваюць.
3 гэтымі ляснымі зданямі і сутыкнуўся адзін малады шварцвальдзец, гісторыю якога я зьбіраюся распавесьці. У Шварцвальдзе жыла ўдава, спадарыня Барбара Мунк, яе муж быў вугляр — пасьля ягонай сьмерці жанчына засталася з шаснаццацігадовым сынам, якому было наканавана займацца тым самым, што і бацька.
Звалі юнака Пэтэр Мунк. Разумны хлопец, ён быў вымушаны мірыцца са сваёй працай — як і ягонаму бацьку, яму даводзілася цяпер сядзець увесь тыдзень ля вугальнай ямы або езьдзіць у горад прадаваць свой тавар людзям, якія ня вельмі любяць чорных, брудных, задымленых вугляроў. Але затое вугляры маюць досыць часу для роздуму — пра сябе і іншых, і калі Пэтэр Мунк сядзеў каля свайго агню ў лясной цішы і адзіным, што ён чуў, быў пошум цёмных дрэваў, душу ягоную працінала незразумелая туга, а на вочы наварочваліся сьлёзы. Нешта гняло яго, нешта раздражняла, ён сам ня ведаў, што менавіта. Урэшце ён зразумеў, што яго дратуе — ягонае становішча. «Брудны, самотны вугляр,— сказаў ён сабе, — убогае жыцьцё. Як файна выглядаюць у нядзелю ўвечары
гутнікі, і майстры, якія робяць гадзіньнікі, і нават музыканты! А калі прыходзіць Пэтэр Мунк, чыста вымыты і прычасаны, у парадным бацькавым камзоле са срэбранымі гузікамі, у новых, як з голкі зьнятых чырвоных панчохах, усе пытаюцца за ягонай сьпінай: хто гэты ладны прыгожы маладзён? А, ды ніхто, гэта ж усяго толькі вугляр Мунк!»
Плытнікам з таго боку лесу ён таксама зайздросьціў. Калі прыходзілі гэтыя асілкі, у багатых куртках, на якіх было добрых паўцэнтнэры срэбра, калі яны, расставіўшы ногі і напусьціўшы важнасьці на твары, назіралі за танцамі, калі яны, бы сапраўдныя галяндцы, раскурвалі свае выкшталцоныя кёльнскія піпкі — у такія моманты Пэтэру Мунку здавалася, што перад ім жывы прыклад пасьпяховага жыцьця. I калі гэтыя шчасьліўцы, гуляючы ў косьці, вымалі са сваіх кішэняў цэлыя жмені талераў і кідалі іх на стол, Пэтэр адчуваў, што губляе розум, і ўцякаў у сваю халупу. Бывалі нядзельныя вечары, калі гэтыя плытнікі прайгравалі больш, чым бедны Пэтэр мог зарабіць за цэлы год. Сярод іх асабліва вылучаліся трое, і Пэтэр ня ведаў, кім з гэтых трох ён захапляецца больш. Адзін быў тоўсты, буйны чалавек з чырвоным тварам, яго лічылі за сталом самым багатым. Звалі яго Тоўсты Эцэхіль. Двойчы на год ён вазіў драўніну ў Амстэрдам, і яму заўжды шэнціла прадаць там свой тавар нашмат даражэй за іншых плытнікаў, так што калі ўсе вярталіся з гэтага падарожжа на сваіх дваіх, то Эцзхіль прыяжджаў дамоў хутка і з камфортам. Другі быў самы доўгі і худы чалавек ва ўсім Шварцвальдзе, і ўсе называлі яго
Бамбіза Шлюркер. Пэтэр зайздросьціў найперш яго сьмеласьці — калі Бамбіза Шлюркер садзіўся за стол, ён рассоўваў астатніх і займаў месца за чацьвярых, раскладваючы свае тонкія ногі і рукі па лаўцы і стале так, каб яму было зручна, і ніхто не наважваўся яму запярэчыць: бо грошай у Шлюркера было як у чорта. Трэці быў прыгожы малады чалавек, які танчыў лепш за ўсіх у Шварцвальдзе, і таму яго называлі Кароль Танцораў. Калісьці ён ня меў нічога і прыслужваў аднаму гандляру лесам, і раптам, ні стуль ні сьсюль, шалёна разбагацеў. Адны казалі, ён знайшоў скарб пад елкай, іншыя чулі, што маладзён вылавіў у Рэйне мех золата, калі рыбачыў з плытнікамі, а золата гэтае належала калісьці самім Нібэлунгам. Карацей, аднойчы хлопец стаў страшэнна багаты, і цяпер і стары і малады глядзелі на яго, як на прынца.
Пра гэтых трох і думаў почасту вугляр Пэтэр, калі сядзеў каля свайго вогнішча ў лесе. Штопраўда, іх шмат хто ненавідзеў: за нечалавечую сквапнасьць, за бязьлітаснасьць да даўжнікоў і бедных, бо шварцвальдцы ўсё ж добрадушны народ. Але ж вядома, як яно бывае з такімі рэчамі: з аднаго боку, іх ненавідзелі, a з другога — толькі на іх і глядзелі, з павагай і зайздрасьцю, бо як яшчэ глядзець на людзей, зь якіх талеры сыплюцца, нібы іголкі зь яліны.
«Далей так працягвацца ня можа», — сказаў аднойчы Пэтэр самому сабе са смуткам. Было сьвята, і ўсе пайшлі ў карчму. «Калі мне зараз жа не пашанцуе, я накладу на сябе рукі; каб жа я быў такі багаты і паважаны, як Тоўсты Эцэхіль, ці такі сьмелы
і ўладны, як Бамбіза Шлюркер, ці такі знакаміты, як Кароль Танцораў, які можа кідаць музыкантам талеры замест кройцэраў! I адкуль толькі ў гэтага хлопца такія грошы?» Ён стаў перабіраць у галаве спосабы разбагацець, але ніводзін яму ня быў даспадобы. Нарэшце яму прыгадаліся старыя казкі пра людзей, якія разбагацелі дзякуючы лясным духам, Шкляному Чалавечку і Галяндцу Міхелю. Калі бацька яшчэ быў жывы, да іх у хату часта заходзілі іншыя небаракі, і пачыналіся бясконцыя размовы пра багатых людзей, як хто зь іх разбагацеў. Часта размаўлялі пра Шклянога Чалавечка. Калі добра падумаць, можна было нават успомніць адмысловы вершык: таму, хто хацеў пагаварыць з чалавечкам, трэба было прыйсьці ў самую непралазную частку лесу і прамовіць:
«Вялікіх скарбаў уладар, Табе належыць ўвесь гушчар, Жывеш mym тысячу гадоў...»
Але як ні напружваў Пэтэр сваю памяць, ён ніяк ня мог прыгадаць працяг вершыка. Часта ён падумваў пра тое, ці не запытацца пра гэта ў якога старога, які, мусіць, ведае, што там далей — аднак шторазу яго стрымлівалі сорам і страх сябе выкрыць; да таго ж, відаць, няшмат людзей ведала гэты вершык цалкам, бо інакш чаму багатых у Шварцвальдзе было так мала і чаму ягоны бацька і такія, як ён, ніколі не спрабавалі шчасьця са Шкляным Чалавечкам? У рэшце рэшт ён усё ж спытаў у сваёй маці, ці ня ведае яна працягу, але яна таксама памятала адно першыя
радкі. Апрача таго, маці распавяла Пэтэру, што нават калі ведаць усе словы вершыка, Шкляны Чалавечак наўрад ці зьявіцца — ён вядзе гаворку толькі з тымі, хто нарадзіўся ў нядзелю ад адзінаццатай да другой гадзіны дня. Пэтэр Мунк спытаўся, калі нарадзіўся ён. «Акурат а дванаццатай, — уздыхнула маці. — I, памятаю, гэта сапраўды была нядзеля». Ведаць бы яшчэ, што там далей у вершыку.
Вядома ж, калі Пэтэр Мунк пачуў усё гэта, ён страшэнна ўзрадаваўся і зь нецярпеньнем стаў чакаць, калі ж ён зможа ажыцьцявіць задуманае. Яму здавалася, што гэтага цалкам дастаткова, каб пабачыць Шклянога Чалавечка: быць народжаным у нядзелю і ведаць хаця б некалькі радкоў зь вершыка. I вось аднойчы, прадаўшы свой вугаль, ён ня стаў запальваць новае вогнішча, а нацягнуў бацькаў парадны камзол і новыя чырвоныя панчохі, насунуў на галаву найлепшы капялюш, узяў кій і сказаў маці: «Мне трэба ў горад, матухна, там якраз будуць кідаць жэрабя, каму ісьці ў рэкруты, і я хачу нагадаць начальнікам, што ты ўдава, а я твой адзіны сын». Маці ўхваліла ягонае рашэньне. Аднак Пэтэр Мунк рушыў не да гораду — ён выправіўся ў лес, у самы гушчар, на самую высокую з шварцвальдзкіх гор. Мясьціны, празь якія неўзабаве ішоў Пэтэр, у тыя часы выглядалі зусім інакш: чым далей у гару, тым радзей сустракалася жытло, тут можна было ісьці некалькі гадзінаў і не сустрэць ніводнага чалавека. Прымхлівыя шварцвальдцы называлі гэтае месца «ненадзейным», і небеспадстаўна. Дрывасекі, якія прыходзілі сюды, прывабленыя высачэзнымі,