Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
Але ўсё пайшло не зусім так, як яна марыла. Яна добра спраўлялася са сваімі хатнімі абавязкамі, аднак не магла дагадзіць спадару Пэтэру: Лізбэт спачувала бедным людзям, і паколькі яе муж быў багаты, то маладая жанчына не лічыла за грэх даць жабрачцы пфэніг або наліць чарачку старому. Аднак калі спадар Пэтэр аднойчы заўважыў гэта, то зірнуў на яе сувора і груба сказаў:
«Чаму гэта ты марнуеш маю маёмасьць на жабракоў і абарванцаў? Хіба ты прынесла нешта ў гэты дом, каб раздаваць падарункі направа і на-
лева? 3 тваім бацькам ты ня мела нават гарачага супу, а тут раскідваесься грашыма, як княжна? Яшчэ раз зробіш гэта — паспытаеш майго кулака!» Пасьля такіх словаў прыгажуні Лізбэт нічога не засталося, як толькі плакаць у сваім пакоі над жорсткасьцю мужа; ёй усё часьцей хацелася вярнуцца ў бедны дом свайго бацькі, гэта было лепш, чым жыць з багатым, але сквапным і бессардэчным Пэтэрам. Ах, ведала б яна, што ягонае сэрца з мармуру і што ён быў няздольны пакахаць ні яе, ні кагосьці іншага зь людзей — тады б яна не дзівілася ягонай жорсткасьці. I калі яна сядзела цяпер перад дзьвярыма, а ў гэты час да яе падыходзіў жабрак і, зьняўшы капялюш, прасіў аб міласьціне, то яна толысі заплюшчвала вочы, каб ня бачыць чалавечае нядолі, і сьціскала рукі, каб не дастаць міжволі з кішэні кройцэр і не аддаць яму. У выніку сталася так, што па лесе пайшла пагалоска: жонка Мунка яшчэ больш сквапная за свайго мужа.
Аднойчы фраў Мунк сядзела ля брамы і ціхенька сьпявала нейкую песеньку; было пагодна, і яе муж якраз паехаў у поле. На вуліцы зьявіўся стары чалавек зусім малога росту, які цягнуў вялікі мех, і Лізбэт здалёк пачула, як ён стомлена крэкча. Яна са спачуваньнем паглядзела на старога і падумала, што нельга так нагружаць чалавека такога веку.
Тым часам стары падыўшоў бліжэй, і калі ён апынуўся насупраць фраў Мунк, то ледзь не паваліўся пад цяжарам меха. «Будзьце літасьцівыя, добрая фраў, — сказаў ён, — дайце старому чалавеку глыток вады, я паміраю і не магу ісьці далей».
«Але вам ня варта ў вашым веку цягаць такія цяжэзныя рэчы», — сказала Лізбэт.
«Я працую насільшчыкам, каб не памерці з голаду, — адказаў стары. — Але адкуль такой багатай жанчыне, як вы, ведаць, якой балючай можа быць беднасьць і як цудоўна асьвяжае глыток звычайнай вады ў такую сьпёку».
Калі Лізбэт пачула гэта, яна пасьпешліва кінулася ў дом, узяла з паліцы збан і напоўніла яго вадой. Але калі яна вярнулася і ўжо зьбіралася даць старому напіцца, то ўбачыла, як ён, зьняможаны, сядзіць на сваім меху — і тады сэрца яе перапоўнілася шкадаваньнем: яна падумала, што муж нічога не даведаецца, паставіла збан, узяла кубак, напоўніла яго віном, паклала зьверху лусту хлеба і працягнула ўсё гэта насільшчыку. «Вось, я думаю, віно будзе вам больш да смаку, — сказала яна. — Але піце ня так хутка, і ежце хлеб».
Стары глядзеў на яе зь вялікім зьдзіўленьнем, ажно пакуль у вачох ягоных не зьявіліся сьлёзы, ён выпіў віно і прамовіў:
«Я зусім стары, але бачыў за сваё жыцьцё мала людзей, якія былі б такімі добрымі да бедных і ахвяравалі б свае дарункі так сардэчна і высакародна, як вы, фраў Лізбэт. Пэўне ж, вам аддзячыцца на гэтай зямлі, такое сэрца не павінна застацца без узнагароды».
«Узнагароду яна атрымае зараз жа», — пачуўся жахлівы голас, і калі яны азірнуліся, то пабачылі спадара Пэтэра, твар якога быў пунсовы ад злосьці.
«Ты наліваеш маё добрае віно жабракам і даеш усялякім абарванцам піць з кубка, зь якога п’ю я’
На, атрымай сваю ўзнагароду!» Фраў Лізбэт упала да яго ног і прасіла дараваць ёй, але каменнае сэрца было няздольнае дараваць, Пэтэр разьвярнуў пугу, якую трымаў у руцэ, і выцяў жонку драўлянай ручкай па прыгожым ілбе, ды так, што яна непрытомная ўпала на рукі старога. Калі Пэтэр пабачыў гэта, ён як быццам схамянуўся з таго, што зрабіў; ён нахіліўся паглядзець, ці жывая яшчэ Лізбэт, але стары прамовіў падазрона знаёмым голасам: «Не турбуйся, вугляр Пэтэр, яна была самай прыгожай і любімай кветкай ва ўсім Шварцвальдзе, але ты зьнішчыў яе, і яна ўжо ніколі не расьцьвіце!»
Шчокі Пэтэра зьбялелі і ён сказаў: «Дык гэта вы, спадар Скарбнік? Ну, што здарылася, тое здарылася, нічога не папішаш. Я спадзяюся, вы не заявіце на мяне ў суд як на забойцу».
«Няшчасны! — адказаў Шкляны Чалавечак. — Думаеш, я буду задаволены, калі адпраўлю тваю сьмяротную абалонку на шыбеніцу? He зямнога суду ты мусіш баяцца, але іншага, значна больш строгага. Бо ты прадаў сваю душу дяблу».
«I сэрца прадаў таксама? — закрычаў Пэтэр. — Дык ніхто не вінаваты ў гэтым, апрача цябе і тваіх фальшывых багацьцяў! Ты, ашуканец, увёў мяне ў зман, ты вымусіў мяне шукаць шчасьця ў іншых, і на табе ляжыць уся адказнасьць!» Ледзь ён пасьпеў вымавіць гэта, Шкляны Чалавечак пачаў расьці і надзімацца, і хутка стаў высокім і шыракаплечым, вочы яго сталі памерам з талеркі, а рот — як печ, і ў ім бліснула полымя. Пэтэр кінуўся на калені, і нават каменнае сэрца не магло перашкодзіць таму, што цела
яго задрыжэла, бы асіна. Лясны дух усадзіў свае вострыя, як у каршука, кіпці ў карак Пэтэра, закружыў яго, быццам віхор сухую лістоту, і кінуў на зямлю, так што ў Пэтэра затрашчалі рэбры. «Чарвяк! — усклікнуў лясны дух грамавым голасам. — Я мог бы расплюшчыць цябе, калі б захацеў, бо ты наважыўся блюзьнерыць перад самім гаспадаром лесу. Але дзякуй гэтай мёртвай жанчыне, чарвяк, дзякуй ёй — я даю табе восем дзён часу: калі ты ня выправісься, я вярнуся і раскрышу твае косткі — і ты пойдзеш проста ў пекла з усімі тваімі грахамі!»
Быў ужо вечар, калі некалькі мужчын, што праходзілі міма, заўважылі Пэтэра Мунка, які ляжаў на зямлі. Яны агледзелі яго, праверылі, ці дыхае, але доўга не маглі зразумець, жывы Пэтэр ці не. Урэшце яны занесьлі яго ў дом і апырскалі халоднай вадой. Толькі тады Пэтэр зноў задыхаў, застагнаў і расплюшчыў вочы, агледзеўся вакол і спытаў, дзе яго жонка Лізбэт, але ніхто яе ня бачыў. Ён падзякаваў мужчынам за дапамогу і стаў шукаць па ўсім доме, але Лізбэт не было ні ў склепе, ні на гарышчы, і значыць, тое, што здавалася Пэтэру жудасным сном, было насамрэч горкай праўдай. Як толькі ён застаўся адзін, яго сталі наведваць дзіўныя думкі; ён нічога не баяўся, бо сэрца ў яго было халоднае, але калі думаў пра сьмерць жонкі — то ўяўляў сабе ўласную сьмерць, як ён адыйдзе ў пекла, маючы пры сабе такі цяжар: сьлёзы бедных людзей, тысячы іх маленьняў, якія не маглі зьмякчыць яго халоднае сэрца, крыкі жабракоў, на якіх ён спускаў сабакаў, ціхая роспач яго маці, кроў
добрай Лізбэт; ён ня мог даць адказ бацьку, калі ён прыйдзе і спытае: «Дзе мая дачка, твая жонка?» Як хацелася яму, каб на гэтае пытаньне адказаў нехта іншы — той, каму належаць усе лясы, азёры, горы і чалавечыя жыцьці!
Гэта дратавала яго і ўначы. Прачнуўшыся, ён пачуў салодкі голас, які казаў яму: «Пэтэр, тваё сэрца мусіць пацяплець!» Пэтэр адразу ж зноў заплюшчыў вочы, бо гэты голас належаў Лізбэт, яго жонцы, якая такім чынам папярэджвала яго.
На наступны дзень ён прыйшоў у карчму, каб адагнаць ад сябе сумныя думкі, і сустрэў там тоўстага Эцэхіля. Ён падсеў да яго, яны пагаварылі пра тое і пра сёе, пра добрае надвор’е, пра вайну, пра падаткі і нарэшце завялі гаворку пра сьмерць, пра тое, як хутка паміраюць людзі. Тады Пэтэр спытаў Эцэхіля, што такое, на яго думку, сьмерць і што бывае пасьля яе ? Эцэхіль адказаў, што цела, вядома ж, хаваюць у зямлю, а душа, як заведзена, трапляе на неба ці ў пекла.
«Дык сэрца хаваюць таксама?» — спытаў Пэтэр усхвалявана.
«Ну натуральна, і яго таксама».
«А калі ў кагосьці яго няма?» — працягваў пытацца Пэтэр.
Пачуўшы гэта, Эцэхіль спалохана зірнуў на яго: «Што ты хочаш гэтым сказаць? Ты мяне што, дурыш? Думаеш, я ня маю сэрца?»
«Ды не, маеш, — адказаў Пэтэр. — Цьвёрдае, як камень».
Эцэхіль паглядзеў на яго зьдзіўлена, азірнуўся, ці няма каго паблізу, і спытаў, панізіўшы голас: «Адкуль ты ведаеш? Ці, можа, тваё таксама болып ня б’ецца?»
«Больш ня б’ецца. Прынамсі тут, у маіх грудзях, — адказаў Пэтэр. — Але скажы мне, ты ж разумееш, пра штоя: як думаеш, што будзе з нашымі сэрцамі?»
«Пра што ты хвалюешся, хлопча! — засьмяяўся Эцэхіль. — Жывеш сабе паўнакроўным жыцьцём — і хопіць! У тым і ёсьць зручнасьць каменнага сэрца, што яно пазбаўляе нас страху перад такімі дурнымі думкамі».
«Твая праўда. Але ж неяк думаеш пра гэта, нават калі і не баісься; бо я, напрыклад, памятаю, як яшчэ будучы нявінным дзіцём баяўся пекла».
«Ну, добра нам там ня будзе, — сказаў Эцэхіль. — Я спытаў пра гэта аднаго настаўніка, і ён патлумачыў, што пасьля сьмерці нашыя сэрцы будуць важыць адпаведна нашым грахам. Лёгкія падымуцца ўверх, цяжкія праваляцца празь зямлю, і я мяркую, нашыя будуць мець немалую вагу».
«Так і ёсьць, — адказаў Пэтэр, — і мне часта робіцца няўтульна ад таго, што маё сэрца такое нячулае і абыякавае, калі я думаю пра гэткія рэчы».
На тым і скочылася размова. Але наступнай ноччу Пэтэр пяць ці шэсьць разоў чуў, як знаёмы голас шаптаў у ягонае вуха: «Пэтэр, вярні сабе цёплае сэрца!» Ен не адчуваў раскаяньня за тое, што забіў Лізбэт, але калі ён казаў слугам, што гаспадыня паеха-
ла ў падарожжа, то кожны раз думаў: куды б яна хацела паехаць, калі б магла? Ён пражыў так шэсьць дзён, і штоночы чуў голас, і штодзень думаў пра ляснога духа і ягоную пагрозу. А на сёмы дзень ускочыў з ложка і ўсклікнуў: «Ну ўсё, хачу паглядзець, ці здолею я вярнуць сабе цёплае сэрца! Каменнае робіць маё жыцьцё пустэльным і сумным!» Ён надзеў сваю нядзельную вопратку, сеў на каня і паехаў да яловага гушчару.
У гушчары, дзе дрэвы стаялі так шчыльна, ён зьлез з каня, прывязаў яго і пайшоў хуткім крокам да вяршыні ўзгорка, і калі знайшоў тоўстую яліну, прамовіў:
«Вялікіх скарбаў уладар, Табе належыць ўвесь гушчар, Жывеш mym тысячу гадоў, Цябе пабачыць я прыйшоў.»
Зьявіўся Шкляны Чалавечак, але твар яго быў зусім ня добразычлівы і шчыры, як раней, а змрочны і маркотны; на ім была чорная куртка з чорнага шкла, а на капелюшы жалобная траўрная стужка, і Пэтэр ведаў, па кім ён смуткуе.
«Што ты хочаш ад мяне, Пэтэр Мунк?» — спытаў чалавечак глухім голасам.
«Я маю яшчэ адно жаданьне, спадар скарбнік», — адказаў Пэтэр, апусьціўшы вочы.