• Газеты, часопісы і г.д.
  • Халоднае сэрца  Вільгельм Гаўф

    Халоднае сэрца

    Вільгельм Гаўф

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 230с.
    Мінск 2009
    46.64 МБ
    ра, якімі камічнымі звычкамі надзяліў яго, тупаватага адстаўнога паліцэйскага, які бавіць дні ў паляваньні на сабачыя кучы, каб па іх вызначыць нарэшце нядбайнага гаспадара і прыгразіць яму штрафам за апаганьваньне культурнага помніка...
    Існаваньне цудоўнага дома я адкрыў, калі пачаў наведваць гаманійскія пляжы: мапа падказала мне, што калі завярнуць на гэтую вулачку, зь яе можна хутка патрапіць на шырокую алею, коцячыся па якой любы раварыст непазьбежна вылятаў наўпрост да Эльбы. Неўзабаве я аблюбаваў сабе адзін невялічкі пляжык, ну, ня тое што пляжык, а хутчэй проста лапік пяску паміж каржакаватага шэрага каменьня. Сюды часьцей за ўсё прыходзілі парамі, і я, захутаўшы галаву ў футболку, неўпрыкмет назіраў праз шчылінкі, як смуглявыя хлопцы націраюць крэмам сваіх капрызных бляндынак. Налятаў ветрык — і тут жа чэзнуў, толькі чайкі крычалі, нібы людзі на амэрыканскіх горках. Я адкідваў убок майку і садзіўся на пясок, склаўшы па-турэцку ногі... Ружовыя рускія танчылі ў мяне перад вачыма. Сьпёка адольвала нарэшце і чарнявых маладзёнаў, і ільсьністых бляндынак, і яны падалі ніцма, зьнясіленыя, і тады здавалася, што пляж засынае. Часам зусім блізка роў якісьці нагружаны рознакаляровымі кубікамі карабель, і тады хвалі пачыналі часьцей лізаць бераг, бы дзіця, якое ў сьпешцы стараецца як найхутчэй пакончыць з марозівам. Шныралі туды-сюды прагулачныя катэры, і мне заўсёды здавалася, што стракатыя чалавечкі на іх усе як адзін утаропіліся у мой бок. Я адварочваўся і, падставіўшы ветру лоб, глядзеў уверх, на стромы
    бераг, на ўзгорак, увесь пакрыты белымі віламі ды сядзібамі, дзе жылі багатыя гаманійцы. Сярод вілаў мільгалі пакручастыя вузкія вулкі, і ўсё гэта патанала ў зеляніне — тут, на ўскрайку горада, Гамонія мела, як ні дзіўна, цалкам міжземнаморскі выгляд. Паблізу, у кавярні, млелі за ледзяным півам турысты, і часам вецер даносіў да пляжу іхныя лянотныя выкрыкі. Я ляжаў і адчуваў сябе шпіёнам-іншаплянэтнікам, які прыняў аблічча чалавека і вырашыў больш не вяртацца на сваю фіялетавую радзіму.
    Над некаторымі сядзібамі луналі рознай велічыні і афарбоўкі сьцягі. Неяк я не безь зьдзіўленьня заўважыў над адной зь сядзібаў невялікае белчырвона-белае палотнішча. Хутчэй за ўсё, гэта быў сьцяг якога-небудзь футбольнага клюбу обэрлігі, за які заўзелі гаспадары. Усё ж, болып з жаданьня зьмяніць свае звыклыя штодзённыя маршруты, чым зь цікаўнасьці, я мімаволі накінуў кашулю і шорты, лянотна зьняў з прывязі ровар і палез зь ім па схіле ўгару. Неўзабаве, прамінуўшы некалькі стромых вулак (камуністычных сьцежак у джунглях прыватнай уласнасьці), я апынуўся перад высокай агароджай, над якой і матляўся той самы сьцяг. Дарога тут была больш-менш роўная, і непадалёку ўжо пачыналася шаша, што вяла назад у горад. Я пайшоў уздоўж агароджы і хутка натрапіў на чыгунную браму. Hi назвы вілы, ні імя ўладальніка тут не было; праз тоўстыя пруты я змог разгледзець белы двухпавярховы будынак, да якога праз зусім маленькі сад вяла дагледжаная вузкая сьцежка. Я пастаяў трохі перад брамаю, на санцапёку — дзякуючы яму ў мяне зьявілася
    адчуваньне, што я перад кімсьці як на далоні, перад кімсьці, хто разглядвае мяне цяпер, уважліва і бесстаронна; у садзе за агароджай было цяніста і прахалодна, можна было бачыць плеценыя крэслы і мініятурны фантан, і зноў, як гэта часта здаралася раней, мяне скаланула вельмі выразнае пачуцьцё прысутнасьці ў маім жыцьці чужой, варожай да мяне волі: нібыта нехта багаты і магутны набыў для мяне мой санцапёк, а сабе такую ціхую і цяністую ўтульнасць, і ніяк немагчыма было аспрэчыць гэты крыўдны выбар.
    Брама дзіўна прыцягвала мяне; нейкае незразумелае ачмурэньне не давала сысьці адсюль. Урэшце я ўсё ж сеў на ровар і марудна паехаў у бок шашы, разпораз азіраючыся на вілу. Гэта мяне, так бы мовіць, і пагубіла: я добра памятаю, як пярэдняе кола ровара, у той час як я чарговы раз азірнуўся, рэзка пайшло ўбок, і раптам я адчуў, што пад ім няма больш ніякай апоры; я адчайна паспрабаваў заваліць ровар назад, амаль што дастаўшы сьпінай багажнік, аднак было ўжо позна, сіла прыцягненьня, якой начхаць было на прыватную ўласнасьць, сарвала мяне зь сядзеньня, адзінае, што яна ня здолела — адарваць мае пальцы ад стырна: мы з роварам так і грымнуліся ў кустоўе на схіле, не расьціснуўшы да канца сваіх абдымкаў, і потым пакаціліся ўніз, ламаючы застрахаваныя кімсьці кветкі.
    Ніколі дагэтуль я не задумваўся пра дэжа вю. Колькі працягвалася нашае падзеньне: некалькі сэкундаў, ня болей — але за гэты час мяне, які нават не пасытеў як сьлед спалохацца, наведала менавіта
    такое адчуваньне: нібыта я гэта ўжо бачыў — гэтую пустку пад нагамі, схіл, які імкліва ўцякае зь месца здарэньня, зеляніну ўнізе, што няспынна набліжаецца да вачэй, карычняватасьць ракі недзе на ўнутраным баку павекаў і фігуркі людзей, якія стаяць далёка пад намі, задраўшы галовы. Ровар няўклюдна ўпаў на мяне, ручка стырна тыцнулася мне ў рэбры, і толькі тады я нарэшце заплюшчыў вочы. Мне здавалася, скура на мне гарыць, я нават адчуў смак дыму.
    «3 вамі ўсё ў парадку?» — пачуў я, падняўся, хістаючыся, прайшоў некалькі крокаў і толькі потым вырваўся зь іхных рук. Расплюшчы вочы. Вось так. Было вельмі дзіўна бачыць, што навакольны сьвет пасьля майго абрынаньня ні на каліва не зьмяніўся. Эльба ня выйшла зь берагоў, і фарбы былі такімі ж яркімі, ніводная сьцяна не зруйнавалася і ніхто не загінуў. Гэта было проста неверагодна. He азіраючыся, з пагардлівым выразам твару, як быццам гэта яны, бесклапотныя людзі, якія толькі што знаходзіліся далёка ўнізе, а цяпер настойліва хапалі мяне за локці, былі вінаватыя ў аварыі, я пайшоў па вуліцы ў накірунку пляжу. Хвілін празь пяць агаломшаныя наведнікі прыбярэжнай кавярні моўчкі назіралі, як я прамываю шнапсам свае драпіны — на шчасьце, справа абмежавалася адно драпінамі, няхай і даволі глыбокімі, ды яшчэ непазьбежнымі сінякамі. У прыбіральні я зірнуў на сябе ў люстэрка: усё выглядала вельмі маляўніча, і я цалкам мог разьлічваць на жаночае спачуваньне. Я паспрабаваў усьміхнуцца, праверыўшы заадно наяўнасьць зубоў. Усё было на месцы, нават гэтае загадкавае дэжа вю заста-
    лося ў памяці. Расплаціўшыся, я пасьпяшаўся дадому залізваць раны. Ровар застаўся валяцца на месцы здарэньня — магчыма, нехта яго адрамантаваў і цяпер, пасьвістваючы, катаецца па ўскраіне Гамоніі: няхай, на здароўе.
    Так, гэта было дэжа вю — я не пісьменьнік, я толькі перакладчык, які спрабуе выказаць мовай літаратуры тое, што перажыў — мовай літаратуры, як я яе разумею — і мне цяжка такое апісаць, але... Натуральнае дэжа вю, чорт яго бяры, думаў я, седзячы ў сябе на Штэльцэнштрасэ і наліваючы віскі ў гліняны кілішак. Дзіўнае маё жыцьцё, зь якім трэба было нешта рабіць — неяк рэагаваць на яго, змагацца зь ягоным укладам ці прымаць як ёсьць, папярэдне сфармуляваўшы хаця б нейкую канцэпцыю (вось жа як, ня можам мы без канцэпцыі) — дзіўнае, поўнае пустых, хаця і таямнічых падзеяў, гэтае жыцьцё дасягнула ў гэты дзень пэўнае кропкі. Вось толькі што мне прадвяшчала гэтая кропка — я пакуль ня ведаў. 3 роспаччу я зірнуў на кампутар, на Кнігу — зь імі таксама трэба было нешта рабіць. Пакуль я не кульнуў першы кілішак, мне нават карцела паведаміць спадару ван Дрэйку, што я кідаю ўсё кьебенімацеры і вяртаюся дамоў. Я нават уключыў кампутар, каб зараз жа напісаць яму рашучы мэйл. Потым, аднак, гэтае парываньне прайшло. Ружовыя рускія расьселіся вакол і сагрэлі пакой сваім дыханьнем. На двары раптам бабахнула, ды так, што спрацавала сыгналізацыя ў адным зь легкавікоў, прыпаркаваных каля дому састарэлых. Зь нейкай нябеснай сьвідравіны нарэшце паліў дождж. Гаманійская сьпёка сканчалася, гэта
    прадвяшчала перамены. Я патэлефанаваў сваёй жонцы Леры.
    — Ты п’яны? — спытала яна радасна.
    — Гадзіну таму я ледзь не зламаў сабе шыю, — адказаў я з гордасьцю. — He хадзі к яму на ўстрэчу, не хадзі, у яго халодны камушак ўгрудзі...
    — Я за цябе баюся, — сказала яна зь нейкім недарэчным сарказмам.
    — In Ordnung, — адказаў я і наліў сабе яшчэ. — Гэтыя ружовенькія стварэньні ня могуць мяне пакрыўдзіць.
    Карацей, размовы ў нас не атрымалася. Дождж на двары зьмяніўся ўраганным градам. Паклаўшы слухаўку, я выпіў яшчэ, і балючыя штрыхі на маім партрэце чароўным чынам пабляклі. Зарагатаўшы, я выдастаў з шафы балалайку і, дзіка крыўляючыся перад люстэркам, засьпяваў сваім непераймальным страўнікавым барытонам:
    Uno, uno, uno un momenta, Uno, uno, uno santimento...
    Я ўсё паўтараў гэта, i струны на балалайцы лопаліся, лопаліся, лопаліся, джалячы мае пальцы, — тысячы злосных, разбуджаных пахам крыві струнаў.
    * * *
    Так, шмат што ў гэтым горадзе падавалася мне дзіўным. Напрыклад, амаль поўная адсутнасьць лятучых інсэктаў. Наогул, у Гамоніі можна было сустрэць самую розную жыўнасьць: ад пінгвінаў у заа-
    парку да пацукоў, якія раз-пораз увечары перабягалі дарогу мінакам, бясьсьледна зьнікаючы нават у самым рэдкім, пазбаўленым усялякага стратэгічнага значэньня кустоўі. Але мухі, восы, матылькі, жукі... — здаецца, я толькі аднойчы бачыў тут муху. Гэта насьцярожвала.
    Памятаю, неяк у маёй кватэры зьявіўся жук. Гэта быў даволі буйны жук, грузавы жук, сапраўдная махіна з бліскучымі крыламі і бухматым брушкам. Я ляжаў на канапе, у дзіўным здранцьвеньні, зь цяжкай галавой і ватнымі рукамі, і бясьсільным позіркам сачыў за тым, як жук зьдзяйсьняе аэрафотаздымку мясцовасьці, зь нізкім гудзеньнем робячы вакол мяне колы. Я паспрабаваў уявіць сабе ягоны сьвет, зірнуць на навакольле ягонымі вачыма. Магчыма, таму, што алькаголь разагрэў маю фантазію, а можа, і проста з-за падабенства нашага становішча, неўзабаве я дасягнуў у сваім занятку значнага посьпеху. Прынамсі, я адчуў сапраўдны боль, калі жук наляцеў на аконную шыбу, а потым мяне ахапіла прыемная палёгка, калі ён, узьняўшыся да форткі, нібыта выстралены выляцеў вонкі.
    Непрыкметна прайшоў яшчэ месяц. Квіткоў ад прачытаных кніг і спустошаных бутэлек у кватэры станавілася ўсё больш. Мой кампутар сапсаваўся. Але галоўнай праблемай было зусім ня гэта. У мяне зьявілася перакананасьць, што за мной сочаць, што недзе ў кватэры ўсталяваныя схаваныя камэры, якія не выключаюцца ні на імгненьне. Чамусьці я думаў, што калі Яны (так я называў іх, праклятых нябачных віжоў) даведаюцца, што я Іх выкрыў, то гэта дапаможа мне прабавіць тут рэшту часу, не губляю-