Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
чы пачуцьця ўласнае годнасьці. Што ў такім выпадку ўсё будзе выглядаць ня так прыніжальна для маёй асобы. Ня ведаю, што канкрэтна падштурхнула мяне да гэтай ідэі, але я стаў усё часьцей размаўляць сам з сабой уголас, устаўляючы ў свае размовы непрыхаваныя намёкі на тое, што я — я ўсё ведаю, і не пратэстую толькі таму, што хачу пазьдзекавацца з прыстаўленых да мяне шпегаў. Часам я па-сяброўску ўсьміхаўся якому-небудзь падсьвечніку, казаў яму «Добрай раніцы», падыходзіў, не здымаючы з твару ўсьмешкі, усутыч да ягоных натапыраных рожкаў і потым, пастаяўшы так хвіліну-другую, здымаў зь яго павука. Як павінны былі шалець тыя, хто назіраў за мной праз умантаваны ў падсьвечнік аб’ектыў. Бяда была толькі ў тым, што я ня мог ведаць, ці сочыць гэты пазелянелы падсьвечнік за мной на самой справе. «Гнюсная праца, — казаў я падсьвечніку, — час мяняць, а? Нядобра гэта — сачыць за прыватным жыцьцём». Падсьвечнік зьбянтэжана маўчаў. Думаю, я дакладна зьехаў бы з глузду, калі б не адзін дажджлівы жнівеньскі вечар.
Нехта пазваніў мне ў кватэру зьнізу. Апрача таго дзіўнага кампутарніка ды хіба паштара, за ўвесь час майго знаходжаньня ў Гамоніі гэтага яшчэ не рабіла ніводная жывая душа. Аднак для паштара было занадта позна. Заінтрыгаваны, я націснуў на кнопку. Дзьверы ўнізе ўрачыста і шматабяцальна бразнулі, на лесьвіцы пачулася сьціплае сапеньне. Я зьняў ланцужок і выйшаў на пляцоўку.
Па шчырасьці, у мяне было няшмат вэрсіяў адносна таго, хто мог да мяне завітаць у гэты дажджлівы
вечар. Ужо некалькі месяцаў запар я знаходзіў у сваёй паштовай скрыні недвухсэнсоўныя пагрозы, дасланыя мне таямнічай арганізацыяй пад назваю GES. Хаця — не такія ўжо і таямнічыя, гэта я перабольшваю. Арганізацыі не было ніякае справы да таго, якую пачэсную ролю я выконваю тут, у Гамоніенбургу. GES дамагаўся ад мяне аднаго: даніны за тое, што ў маёй кватэры стаіць невялікі, пакрыты пылам тэлевізар. Ім, супрацоўнікам GES, было насраць, што тэлевізарам я не карыстаюся, ім было насраць, што прыбраць яго з кватэры я не магу — паставіў яго сюды спадар ван Дрэйк, для таго каб ягоныя перакладчыкі не адчувалі ў гэтым часовым жытле інфармацыйна-забаўляльнага голаду. Як міла гэта было з боку спадара ван Дрэйка!.. Ён, відаць, быў перакананы, што любы перакладчык падохне ад тугі без пятнаццаціхвілінных рэклямных ролікаў, безаблічных крымінальных сэрыялаў і інтэрвію з палітыкамі, ні твары, ні імёны якіх мне не казалі абсалютна нічога. Францускі пранонс канала «Arte» не ратаваў становішча, невялікае суцяшэньне давалі хіба што неўміручы містэр Бін ды мо яшчэ мардаты мясцовы комік Паштэфка...
Сутнасьць аповедаў пра GES зводзілася да наступнага. Калі на лесьвіцы вам сустрэнецца незнаёмы чалавек і з усьмешкай запытаецца, ці глядзелі вы ўчорашні футбольны матч, ні ў якім выпадку нельга адказваць станоўча — ён адразу ж дастане пасьведчаньне супрацоўніка GES і зласьліва ўсклікне: «Ага! Папаліся! Значыць, вы маеце тэ-ле-ві-зар! A ці плаціце вы за яго?». Калі вы толькі што пераехалі і яшчэ ня ведаеце сваіх суседзяў, і вам у дзьверы
пазваніла сымпатычная маладая жанчына з кавалкам яблычнага штрудэля на талерачцы, не сьпяшайцеся адчыняць і пускаць яе ўнутр вашага жытла: яна спрактыкаваным вокам акіне вашую кватэру, знойдзе тэ-ле-ві-зар і патэлефануе потым куды трэба, і вы яшчэ падавіцеся вашым штрудэлем, начынка якога будзе зусім ня зь яблыкаў — але з траянскае каніны. Агенты GES паўсюль, папярэджвалі мянс яшчэ ў той час, калі я толькі зьбіраўся ў Гамонію. Яны зазіраюць у вокны, яны ходзяць па маленькіх вулачках і вялікіх праспэктах, маскуючыся пад немаўлятаў і пэнсіянэраў, і глядзяць на дошкі званкоў: ці няма там сьвежанаклееных прозьвішчаў. Ты ні пра што не падазраеш — а яны ўжо паставілі цябе на ўлік. Бо ты ня плаціш за тэлевізар. Ня плаціш, ня плаціш, скаціна. Натуральна, ня плаціш, бо хіба будзе здаровы дарослы чалавек плаціць за каляровае хвастатае паскудзтва, якое само прыпаўзло да цябе ў дом. Экскурсіі па парнасайтах цікавілі мяне ў той час значна больш за тупы вечаровы запінг, за які, бач ты, трэба плаціць грошы, нібыта гэта сувымерныя віды задавальнньня. Я дык, у маім становішчы, плаціць і не зьбіраўся, справядліва разважыўшы, што, паколькі ня я ўсталяваў ў сябе гэтую скрыню, ня мне яе і ўтрымліваць. Карацей, існавала агромністая спакуса назваць гэтую арганізацыю GEStapo, але я ня буду гэтага рабіць, хаця б з тых меркаваньняў, што большасьць тутэйшых жыхароў, наколькі я зразумеў, і так цалкам падзялялі мае думкі. У рэшце рэшт, за мой сабатаж ахвярапрынашэньняў перад тэлебагамі і іхным усевідушчым TV-Eye будзе, калі што, адказваць спа-
дар ван Дрэйк; хто я тут такі — усяго толькі пастаялец, пылінка на алтары.
Такім чынам, у чаканьні гэткіх візітораў у цывільным я стаяў на пляцоўцы і сачыў, каб скразьняк раптам не адрэзаў мне шлях да адступленьня. Калі б гэта сапраўды аказаўся чалавек з GES, я пасьпеў бы заскочыць у кватэру і замкнуць дзьверы. Калі ж госьці былі ад ван Дрэйка... Я маркотна ўявіў сабе сваю ператвораную ў музэй кепскіх пахаў кватэру і падумаў, што мяне, напэўна, лінчуюць на месцы. Лёгкія крокі былі ўсё бліжэйшыя, лесьвіца зухавата парыпвала. 3 прыцемкаў да мяне падымаўся маленькі шакалядны чалавек, мокрая кучаравая шавялюра якога была ўдвая большая за ягоную цалкам міралюбную галаву. Карацей, хер з маянэзам, як называла такіх мая бабуля. У руках ён трымаў загорнутую ў ручнікі вялікую місу.
— Добры вечар, калега, — сказаў ён па-нямецку зь нейкім цудоўным крумканьнем. — Мяне завуць Ісіне Сімі, я ваш калега, і я палічыў бы за гонар, калі б вы пагадзіліся...
— Што? Я нічога не разумею. У мяне адно вуха не функцыянуе.
— Калі б вы былі так ласкавыя і палічылі б за гонар...
Тут ён зусім заблытаўся ў граматыцы і апусьціў вочы. Ён быў сьмешны і вельмі сарамлівы, гэты чалавечак, і я заахвоціў яго як мог:
— He хвалюйцеся, я б і сам наўрад ці здолеў гэта вымавіць без памылкі — ну, хіба што пасьля трохмесячных рэпэтыцыяў.
Ён павесялеў:
— Я перакладаю масу Гаўфа на сваю нацыянальную мову. Мая нацыянальная мова называецца заходні мбісакі.
— А што, ёсьць і ўсходні ’
— На ўсходні мбісакі маса Гаўф ужо перакладзены.
— Вось яно што. Але працягвайце, прашу вас.
Я, відаць, зьбіў Ісіне з думак, бо ён зноў сарамліва і моўчкі залыпаў вачыма.
— Вы таксама ўдзельнік праграмы для перакладчыкаў у спадара... прабачце, у масы ван Дрэйка?
— Так, — узрадаваўся Ісіне. — Я прыехаў пазаўчора і жыву праз адзін дом ад вас. I таму я палічыў за абавязак...
Я запрасіў Ісіне ў кватэру, і ён, трымаючы перад сабой місу, прашмыгнуў туды пад маёй выцягнутай рукой. Мы прайшлі на кухню, і Ісіне паставіў місу на стол.
— Гэта наша нацыянальная страва.
— Як называецца?
— Гэта пхівоста. Але, магчыма, вам яна будзе не да смаку...
— Чаму ж? — сказаў я, шукаючы чыстыя кілішкі. — Можа, пяройдзем на ты? He зьвяртай увагі на беспарадак... Вельмі міла з твайго боку, што ты завітаў. Зараз паспрабуем тваю пхівосту.
— Дзякуй, — пасьміхнуўся Ісіне. — Беспарадак — гэта нармальна. У вас жа такая адказная праца. Перакладаць масу Гаўфа на мову свайго народу — гэта
вялікі гонар. Але я толькі хацеў вас папярэдзіць, што нашая нацыянальная кухня...
— Я вольны ад забабонаў, — сказаў я, шырока ўсьміхнуўся і зьняў накрыўку. — Давай усё ж на ты. О, мяса.
Апошні месяц я харчаваўся аднымі бутэрбродамі. Ды што тут казаць, калі хлеб свой надзённы я даўно называў няйнакш як «футтэрам», то бок кормам для жывёлаў.
— Проста я хацеў спачатку патлумачыць... — не адставаў Ісіне, але я хутка паклаў яму на талерку ягоную порцыю і ўзьняў кілішак.
— За нас, — сказаў я. — За заходні мбісакі. I за ўсходні таксама.
— За беларускую мову, — пракрумкаў Ісіне.
— Правільна казаць Беларусіш, а не Вайсрусіш, — патлумачыў я яму з набітым ротам. — Смачна...
— Беларусіш, — сказаў Ісіне з павагай і выдастаў з кішэні нейкую дзіцячую лапатку, працёр яе і таксама ўзяўся за ежу. — Я рады, што табе спадабалася.
Я наліў яшчэ шнапсу, дадаў у кілішак Ісіне і паглядзеў на яго самога з замілаваньнем.
— Хочаш я ўгадаю, як называецца гэтая твая лапатка? — сказаўя, закусваючы. — Дуду-мадуду. Бо ты такі ж перакладчык, як я Гюнтэр Грас. Прызнавайся, цябе спадар ван Дрэйк падаслаў праверыць, як я тут жыву ? За дурня мяне трымаеце ? Няма такой мовы — мбісакі. Я ўсё ж чалавек з унівэрсытэцкай адукацыяй. Ну, давай, прызнавайся.
3 боку свайго госьця я чакаў чаго заўгодна, але не такой рэакцыі: праз імгненьне пасьля таго, як я
прамовіў усё гэта, у маю шыю ўпіраўся крывы кінжал, які любы аматар прыгодніцкіх кніжак назваў бы яванскім.
— Няма такой мовы?.. — гнеўна казаў Ісіне, — няма такой мовы?.. Такога сабе не дазвалялі нават калянізатары, уладу якіх наш народ скінуў толькі дваццаць гадоў таму ў выніку Вялікай Кварапандангскай рэвалюцыі, слава яе мабундзе. Калянізатары былі расістамі. А ты... Ты ясі са мной пхівосту з аднае місы... I кажаш пры гэтым...
Пасьля гэтых словаў нож быў прыціснуты да маёй беднай шыі яшчэ мацней.
— Ды ў цябе гэты, як яго... Амок. У краіне райскай птушкі, — прамармытаў я, і мой госьць неўразумела зірнуў на мяне зьнізу. — Ну, прабач, — дадаў я прымірэнчым голасам. — Прабач. Я памыліўся. Праца, усё такое... Паглядзі на гэтыя шнары. Мой народ, дарэчы, таксама ня так даўно выгнаў калянізатараў. Прапаную зьесьці яшчэ пхівосты і выпіць на знак міру вось гэтага добрага напою. Колькі, ты кажаш, склонаў у заходнім мбісакі ?
Ісіне схаваў свой кінжал тым самым імклівым рухам і пакачаў галавой:
— Нічога. Трыццаць восем. Гэта ты даруй, калега. Але, ведаеш, я таксама чалавек з унівэрсытэцкай адукацыяй і пра існаваньне тваёй мовы даведаўся толькі зь ліста масы ван Дрэйка.
Мы выпілі яшчэ, і Ісіне папрасіў паказаць яму «мой нацыянальны інструмэнт» — вось жа вочы, ён пасьпеў заўважыць балалайку ў кабінэце, пакуль ішоў да кухні. Мы пасьпявалі трохі, кожны сваё, і Ісіне
выбіваў на клубах балалайкі рытм. Па шчырасьці, я быў страшэнна рады ягонаму зьяўленьню. Мне раптам стала сорамна за свой выгляд, за гармідар навокал, за смурод і ўласнае лайдацтва. Да таго ж ружовыя рускія кудысьці раптам падзеліся, і я адчуваў палёгку.
— Мая краіна — гэта востраў, — казаў Сімі, мружачыся, як кот. — I, ведаеш, мне неяк не хапае гэтага адчуваньня...