• Газеты, часопісы і г.д.
  • Халоднае сэрца  Вільгельм Гаўф

    Халоднае сэрца

    Вільгельм Гаўф

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 230с.
    Мінск 2009
    46.64 МБ
    Потым яна зноў надоўга замоўкла; я цярпліва чакаў, стоячы каля вазка, калі яна дакурыць цыгарэту. Паліла яна не сьпяшаючыся, з асалодай, і з такой жа
    прыемнасьцю падстаўляла свой твар дробнаму дажджу. Курд з кіёска вынес нам гарбаты. Ён запрашаў нас унутр, але фраў Габіхт адмовілася, заявіўшы, што і так наседзелася ў сваім дурдоме і жадае падыхаць сьвежым паветрам. Колькі ёй было гадоў? Мне здавалася, ня менш за сто. Я адчуваў сябе задаволеным, але і трохі разгубленым: зараз я завязу яе назад, і што далей? Піўная бутэлька жыцьця раптам стала для мяне цеснай. Нарэшце фраў Габіхт кінула абгарэлы фільтр сабе пад ногі і ўважліва паглядзела на мяне.
    — Вы дапамаглі мне, — прамовіла яна. — Цяпер мая чарга. Так і быць, я дам вам тое, што вам патрэбна. Думаю, гадзіны паўтары ў нас ёсьць. Мы едзем на...
    I яна назвала мне станцыю мэтро, далёка адсюль, на іншым канцы горада. Яна мела тое, што мне патрэбна. Гэта дзіўна, але я ня мог у той момант успрыняць яе словы інакш, чым напоўненыя прыхаваным сэнсам. Я ўзяўся за ручкі вазка, і мы рушылі да мэтро. Мы спускаліся і падымаліся па эскалятарах, мы перасаджваліся з вагона ў вагон, мы ўразаліся ў натоўпы, паўсюль нам было зялёнае сьвятло. На твары старой было захапленьне. Па дарозе яна пасьпела пасварыцца з адным ахоўнікам, абмеркаваць з добразычлівай пэнсіянэркай яе сабаку і зрабіць заўвагу нейкім сарамлівым панкам, якія каталіся з горкі на дзіцячай пляцоўцы. «Даволі нас мучылі панкі», — прыгадаліся мне ні з тога ні зь сёга і абсалютна ні да чога словы Кастуся Каліноўскага, якія нейкім цудам заселі ў мяне ў памяці яшчэ з студэнцкіх часоў. Старая заразіла мяне сваім настро-
    ем, мы імчаліся наперад, і я адчуваў сябе сапраўдным гоншчыкам, сьціскаючы ў руках стырно інваліднага вазка. Гэтая паралімпійская Формула-1, між тым, сканчалася; фраў Габіхт заклапочана азіралася па баках, запальваючы цыгарэту кожны раз, калі мы апыналіся на сьвежым паветры. У рэшце рэшт мы выйшлі з аўтобуса недзе на ўскраіне Гамоніі, гэта быў зусім незнаёмы мне раён, поўны зеляніны і маленькіх двухпавярховых катэджаў. Вузкая вуліца, нейкая Глясбайнштрасэ, пакруціўшыся між высокага кустоўя, вывела нас да двухпавярховага дома, які стаяў на водшыбе. «Тут», — махнула стомлена рукой фраў Габіхт. Я спыніўся, выцер пот з ілба і зірнуў на неба.
    — Сьмялей, — сказала старая, і мы пад’ехалі па жоўтай дарожцы да самых дзьвярэй. Я нерашуча пацягнуўся да званка. «Яны вернуцца толькі ў восем, — упэўнена ўсьміхнулася фраў Габіхт. — Ключа ў мяне няма, але з таго боку ёсьць акно, паддзеньце яго чым-небудзь, яно лёгка адчыняецца». Як пад гіпнозам я абыйшоў дом; акно і праўда адчынілася без асаблівых намаганьняў, я залез унутр і, стараючыся ня думаць пра наступствы і не азірацца вакол, адчыніў дзьверы і пасьпешліва ўцягнуў вазок у дом, ледзь не наступіўшы на тоўстую шэрую котку.
    * * *
    Старая колькі хвілінаў моўчкі сядзела ў вазку, летуценна абводзячы пакой вачыма. Агледзеўся вакол і я: прасторны, цьмяны першы паверх, на якім мы знаходзіліся, быў поўны разнастайных цікавостак,
    пад самай столяй цікаў вялікі гадзіньнік з ківачом, зробленым у выглядзе пысы нейкай пачвары, якая заходзілася ў нямым рогаце; сьцяну перад намі цалкам закрывалі стэляжы, шчыльна застаўленыя старымі кнігамі, сьпінкі якіх адлівалі цьмянай пазалотай, і на кожнай сьпінцы сядзела фігурка чалавечка з заплюшчанымі вачыма — адны з фігурак трымалі рукі складзенымі на грудзёх, іншыя ўздымалі рукі, нібы школьнікі, якія просяць, каб іх выклікалі, трэція паказвалі кудысьці ўбок; на доўгім стале ўздоўж вялікага завешанага фіранкамі акна стаялі дзіўныя слоікі і бутэлькі з каляровага шкла — я ўзяў адну, паднес бліжэй да вачэй, каб як сьлед разгледзець: унутры, на прыдоньні, ляжаў бліскучы жук, відавочна, зроблены з мэталу, але дзіва: як толькі я перакуліў бутэльку, каб палюбавацца на пераліў мутнаватага шкла, жук ажыў і ўзьняўся да рыльца, бутэлька лёгка завібравала ў маіх пальцах, і я паставіў яе на месца, ледзь ня выпусьціўшы з рук. Жук умомант сьціх.
    — Гэта вельмі каштоўная рэч, — пачуў я голас фраў Габіхт. — Вельмі, вельмі дарагая рэч. Зь ёй трэба быць асьцярожным.
    — Прабачце, — сказаў я панура. — Я павінен быў спытаць дазволу.
    Чамусьці атмасфэра гэтага дома вымагала ад мяне ветлівасьці і пачцівасьці.
    — Агаўцы, мая мілая, — сказала старая пяшчотна, і тоўстая котка, якая падавалася пры гэтым асьвятленьні серабрыстай, скочыла ёй на калені. Я падыйшоў да кніжных стэляжоў і прабегся пальцамі па сьпінках. Відаць, пачатак, сярэдзіна дзевятнацца-
    тага стагодзьдзя, высакародныя махры на пераплётах, і гэтыя нібы загіпнатызаваныя чалавечкі, замерлыя ў сваіх поўных нейкага таемнага сэнсу позах. У пакоі была цішыня, я чуў, як вуркоча котка на каленях старой. Нібы на толькі што праяўленых фотаздымках, у паветры гэтага памяшканьня ўзьніклі мае старыя знаёмыя, ружовыя рускія, і я міжволі закрыў твар рукой.
    — He хвалюйцеся, я прыбяру іх, — прамовіла ледзь чутна фраў Габіхт, і сапраўды, яны зьніклі, разам з усімі сваімі пруткамі і ніткамі.
    — Чаму вы паклікалі мяне сюды? — азірнуўшыся, спытаў я. — Чаму менавіта я? Вы ж нават ня ведаеце, хто я і што раблю ў Гамоніі.
    Старая іранічна ўсьміхнулася і зноў запаліла цыгарэту.
    — I хто ж вы? I што робіце ў Гамоніі?
    — Я маю тут перакладчыцкую стыпэндыю. Перакладаю Вільгельма Гаўфа.
    — Вы чыталі Гаўфа?
    Старая засьмяялася:
    — Ці чытала я гера Гаўфа? Юнага гарэзу Гаўфа? Добрае пытаньне... А вось ці ведаеце вы, што яшчэ ніхто, яшчэ ніводзін з стыпэндыятаў ван Дрэйка ня здолеў справіцца са сваёй задачай? А іх было так шмат... Бедныя перакладчыкі... Яны дагэтуль ня могуць нічога ўцяміць...
    Я падыйшоў да яе бліжэй:
    — Ці магу я папрасіць вас распавесьці пра гэта больш падрабязна?
    Але старая ня слухала:
    — Я дам вам тое, што вы хочаце. Вы ж нарадзіліся ў нядзелю, ці ня так?
    — Ня маю ўяўленьня, — прызнаўся я. — Гэта было...
    Дату свайго нараджэньня я прыгадаў не бязь цяжкасьці.
    — Сорамна ня ведаць, у які дзень тыдня ты нарадзіўся, — з дакорам сказала фраў Габіхт. — Калі б людзі ведалі, наколькі істотна гэта ўплывае на іх жыцьцё, яны не былі б такімі легкадумнымі. Народжанаму ў аўторак не паразумецца з народжаным у суботу. Аднак, у кожным разе дзень нескладана вызначыць. Я ўпэўненая, што вы нарадзіліся менавіта ў нядзелю. Памылкі быць не магло.
    Яна акуратна зьняла з каленяў котку і пад ехала да стэляжу з кнігамі. Трымаючы ўжо амаль дагарэлую цыгарэту ў вуснах, выцягнула адзін з тамоў — я не заўважыў, куды падзеўся той чалавечак, які сядзеў на ім: упаў на падлогу, або ў шырокі рукаў старой, або — або проста перасеў на сьпінку іншае кнігі... «Дакладна, — сказала задаволена фраў Габіхт і загарнула кнігу. — Гэта была нядзеля, дванаццаць гадзін дзьве хвіліны».
    — Дзень недаедзеных мідыяў... — прамармытаў я, — Lasst dich nur Sonntagskinder sehen...
    — У вас кепскае вымаўленьне, — строга сказала старая. — Вам трэба падцягнуць ня толькі граматыку, але і фанэтыку. Але ж і праблема для перакладчыкаў гэтыя вершыкі!.. Асабліва для непрафэсійных, разгубленых, няздарных перакладчыкаў... Для авантурыстаў, якія прыяжджа-
    юць сюды і пачынаюць ныць, як у іх дома ўсё дрэнна. Вось вы: чаму, з чаго вы ўзялі, што можаце перакладаць Гаўфа? Хто вам даў такое права? Вы былі створаныя для зусім іншага. У вас не закладалася так шмат, як вы сабе напрыдумлялі. Вы, дарагі мой, спакусіліся на ўяўны лёгкі хлеб. Хаця павінны былі здабываць сапраўдны, потам і мазалямі. Вы — ахвяра ўласных амбіцыяў, нікчэмная, нікому не цікавая ахвяра. Зрэшты, я ведаю, каму вы цікавыя ў гэтым горадзе. Але яшчэ адно пытаньне: як вы думаеце, вы — тыповы WeiBrusse?
    Трохі агаломшаны, я на хвіліну задумаўся. Нядаўна я натрапіў у сеціве на нейкую апытанку, прысьвечаную мэнталітэту. Нехта Альбэрт Захарэвіч, жудасны гаўнюк, выказаўся там у тым сэньсе, што, маўляў, ён наогул у мэнталітэт ня верыць... Я дык наадварот, быў цьвёрда перакананы, што ёсьць рысы, якія цэмэнтуюць усіх усходніх славянаў у адзін надэтнас. Ну, па-першае, жарсьць да неўтаймоўнай рэфлексіі, да корпаньня ў саміх сабе (адсюль — прага мастацтва, прычым кожны спатольвае яе ў меру сваіх магчымасьцяў, нават той, хто ніякіх магчымасьцяў ня мае). Па-другое, безнадзейная непадатлівасьць да адукацыі. Спалучэньне гэтых асаблівасьцяў, дакладней, супярэчнасьць, якая ўзьнікае ў выніку, вядзе да п’янства — такога ж неўтаймоўнага і безнадзейнага. А яшчэ падвоеная, патроеная, расплывістая мараль, a лепш сказаць, яе адсутнасьць — схільнасьць красьці ўсё, што кепска ляжыць, і потым суцяшацца, што гэта нацыянальная асаблівасьць. Гэтая прыроджаная клептаманія ідзе не ад спрадвечнай беднасьці, у якой
    жыве абсалютная большасьць усходніх славянаў — не, яна ідзе ад нашага паганства: мы ня маем веры, мы ва ўсім сумняваемся, сьвет вакол нас поўны татэмаў спакусы, для нас матэрыяльнае адыгрывае мізэрную ролю ў параўнаньні з духоўным: што з таго, што я нешта сьпёр у суседа, я пакрыю ягоныя страты невылечнымі пакутамі сваёй душы, я буду катаваць сябе, ненавідзець сябе, паўтараць сабе і дзень і ноч, якая я гадзіна, які я падонак, якая цяжкая на мне віна, буду ліць гарачыя, п’яныя сьлёзы і тапіць у сьпіртаўтрымліваючых напоях сваю віну, каб заўтра скрасьці яшчэ што-небудзь. Усходні славянін — злодзей ад нараджэньня і ведае гэта.
    А яшчэ пакорлівасьць, мілая фраў Габіхт, бязьмежная пакорлівасьць, пакорлівасьць як лад жыцьця, пакорлівасьць як фІАязофія, як эстэтыка, як ідэалёгія, як рэлігія. Мы сумна, з конскім прымружваньнем, жуем і глытаем сваю пакорлівасьць, нашыя страўнікі, якія так пасьпяхова замяняюць нам душы, напаўняюцца гэтай атрутай — і потым, у самы неспрыяльны момант, нас ванітуе нашай пакорлівасьцю: і прыходзіць бунт, так-так, той самы, бессэнсоўны і жорсткі, адзіны на ўсіх трох суседзяў, нічыйны і страшны, як пажар на драўлянай вуліцы.
    Фраў Габіхт з задавальненьнем сачыла, як зьмяняўся мой твар падчас гэтых роздумаў. Котка зноў скочыла ёй на калені. Я пачуваўся вельмі няўтульна, мне хацелася як найхутчэй атрымаць тое, што яна мне абяцала, і вярнуцца ў сваю кватэру на Штэльцэнштрасэ. Пагатоў час ішоў, і я ня ведаў, як адрэагавалі б гаспадары дома, калі б яны засьпелі мя-