Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
Такім чынам, у панядзелак. У нас няма сумневаў. Hi ў тым, што прысьпеў час пачаць нарэшце новае
жыцьцё, ні ў тым, што да панядзелка яно цалкам можа пацярпець.
«Яшчэ адзін пачак, — думае заўзяты курэц. — I ўсё, з панядзелка — ані». «Яшчэ разок, — думае клептаман, застаўшыся адзін у гаспадарскай гасьцёўні. — А з панядзелка — ды хай у мяне рукі адсохнуць». «Апошні раз, — думае хабарнік. — А з панядзелка дулю ім усім». «Пачынаючы з панядзелка ўсё, усё будзе інакш», — думае журналіст. «У панядзелак я нарэшце пабачу сьвятло», — кажа сам сабе скнара і мізантроп. «Яшчэ адзін разочак — і ўсё», — праносіцца ў галаве ў сэрыйнага забойцы, што шыбуе слотным зімовым вечарам у бок гарадзкога парку. «Яшчэ кілішачак, — думае алькаголік. — I з панядзелка завязваю». Новае жыцьцё і праўда ўяўляецца многім з нас як завязваньне вузла — рэха далёкіх паганскіх часоў, калі мы верылі ў звышмагутнасць рэчаў. Але як прырода не стварае вузлоў — так і мы ня можам пачаць новага жыцьця, не пражыўшы перад гэтым старога. Панядзелак прыходзіць, а новае жыцьцё — не, як ні прасі.
* * *
Да майго адезду заставаўся тыдзень, але ніхто не рабіў нават спробаў са мной зьвязацца. Я ўжо складаў ліст спадару ван Дрэйку з тлумачэньнемі наконт уласнае няўдачы і зламанага кампутара, і ўсё зьдзіўляўся, што ў мяне ніяк не атрымліваецца напісаць нешта больш-менш зьвязнае і асэнсаванае. Раней, дома, праблемаў з гэтым нібыта не было. Відаць, прычынаю быў мой агалцелы алькагалізм. Якім жа быў мой
жах, калі раніцай я атрымаў нарэшце мэйл ад Ніколь. У ім ні слова не было пра маю працу і мой побыт, яна пісала, строга вытрымліваючы дзелавы тон, што са мной хоча сёньня ж сустрэцца адзін чалавек, і было б добра, калі б я прыйшоў без спазьненьня.
Ён чакаў мяне ў вялікай рэстарацыі каля ратушы: высокі, сівы, у чорным касьцюме і яркім гальштуку, які рэзаў мне вочы, бы лямпа на стале сьледчага. Яго звалі Маркус, ён працягнуў мне руку: рука была на дзіва зручная, мне нават захацелася паціснуць яе яшчэ раз, як бы дзіўна гэта ні прагучала.
— Вы ад спадара ван Дрэйка? — спытаўся я і выцер з вуснаў піўную пену. Ён паглядзеў на мяне як на містэра Біна, калі б той раптам пачаў сваволіць у гэтай шматлюднай рэстарацыі, а потым зарагатаў.
— Хутчэй так, чым не, — сказаў гер Маркус. — Як вы маецеся тут, у Гамоніі ?
— Ды добра ўсё, — уздыхнуў я, а потым адным глытком дапіў сваё піва і расказаў яму ўсё, што тычылася маёй стыпэндыі: пра сваю няўдачу зь перакладам, пра кампутар, пра гарадзкую бібліятэку, і пра колькасьць выпітага таксама не забыў. Пра фраў Габіхт я, натуральна, казаць нічога ня стаў, гэта быў відавочны кампрамат на мяне, які мог закрыць мне ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу на многія гады. Ён слухаў мяне з ласкавым выглядам чалавека, якому скардзіцца на свае праблемы сямігадовае дзіця. Было відаць, што яго ня надта цікавіць мая споведзь.
— He засмучайцеся, — сказаў ён адразу ж, калі я змоўк, і раскаціста засьмяўся. — Прабачце. Дарэчы, вам прывітаньне ад Ніколь.
Апошнія словы ён вымавіў так, быццам мы зь Ніколь былі не разьлі вада і калі ня спалі, дык прынамсі сустракаліся не радзей чым раз на тыдзень. Гер Маркус выцер твар насоўкай і намаганьнем волі надаў свайму твару сур’ёзнасьць.
— Ніякае праблемы я тут ня бачу, — сказаў ён дабрадушным басам. — Пра кампутар вам трэба было б сказаць нам раней. Нічога страшнага не адбылося. Перакладаць «Халоднае сэрца» — справа, вядома ж, вельмі адказная і складаная. Я ўпэўнены, што спадар ван Дрэйк паставіцца з разуменьнем да вашай просьбы і...
Рухам далоні ён спыніў усе мае пратэсты і, аддуўшы на імгненьне ніжнюю губу, працягнуў далей:
— ...і фінансаваньне вашай працы ня будзе спыненае пасьля вашага вяртаньня на радзіму. Ёсьць перакладчыкі, якім лепш працуецца дома, якім шкодзіць нязвыклая атмасфэра. Я добра гэта ведаю. Я сам перакладчык.
— Зь якой мовы?
— Угадайце.
— 3 усходняга мбісакі ?
— Хутчэй не, чым так, — ён зноў засьмяяўся. — 3 вашай роднай расейскай.
— Мая мова — беларуская, — ціха сказаў я.
Ён зноў зарагатаў:
— Я, ведаеце, дальтонік. Але наўрад ці вашыя мама і тата гаварылі па-беларуску. I наогул... Па-мойму, расейцы і вашыя суайчыньнікі розьняцца між сабой як саксонцы і, напрыклад, швабы. Пэўныя адрозьненьні
ёсьць, зноў жа такі — дыялектныя асаблівасьці, — але, даруйце, і тыя, і другія — немцы. А немец зь немцам заўжды паразумеюцца. Вы мяне разумееце?
— А вы добра абазнаныя ў нашых рэаліях, — сказаў я змрочна. — Тым ня менш... Вы, дарэчы, бачылі калі-небудзь ружовых рускіх?
— На гей-парадзе ў Ленінградзе, — прамовіў ён, плачучы ад сьмеху. — Добра, мы адхіляемся ад тэмы. Вашае прашэньне аб фінансаваньні ўжо падпісанае спадаром ван Дрэйкам. Што да алькаголю, то... Гэта ваш вольны час, ваш выбар. Кожны адпачывае так, як лічыць патрэбным. Галоўнае — не рабіць шкоды іншым.
Я маўчаў, трохі агаломшаны.
— А цяпер пра тое, дзеля чаго я паклікаў вас сюды, — ён адкінуўся на сьпінку крэсла і ўважліва паглядзеў мне ў вочы. — Дарагі мой... (ён назваў мяне па імені)! Мы ўсе, уключна са спадаром ван Дрэйкам, цудоўна ведаем, якая сытуацыя ў вас на радзіме. Ці не хацелі б вы... застацца ў Гамоніі? Папрасіць тут прытулку? Вы маглі б працягнуць тут навучаньне, у нас ёсьць добрыя школы. Вы маглі б прынесьці тут шмат карысьці сваёй краіне. Можаце падумаць, час у нас ёсьць.
Але я не зьбіраўся думаць, я сам цяпер засьмяяўся і замахаў рукамі:
— Школы? Разьведшколы, вы іх маеце на ўвазе? He, не хацеў бы. У гасьцях, ведаеце, добра, а дома... Дома лепш. Дома ўсё ў парадку. У нас што, вайна ідзе? На вуліцах страляюць? У нас, гер Маркус, значна бясьпечней, чым тут. У нас самая незалежная, са-
мая нармальная краіна на кантынэнце, калі хочаце ведаць маю думку. I калі ласка, ня трэба гэтай прапаганды. Там мая сям’я, там мая праца, там мой дом... Паверце, у вас скажонае ўяўленьне пра маю краіну. Прыяжджайце і пераканайцеся самі.
Прыкра: сам-насам з сабой я заўжды быў такі красамоўны, калі разважаў на гэтыя тэмы. Я быў упэўнены, што мне толькі дай суразмоўцу — я пераканаю яго сваім аратарскім мастацтвам. А тут усё выйшла сумбурна, нэрвова і непераканаўча. Аднак гер Маркус не выказваў нязгоды. Ён слухаў мяне з задаволеным і, як мне здалося, нават крыху вінаватым выглядам.
— Пастойце, пачакайце... — мне раптам нешта прыйшло да галавы. — Вы што ж, таго... Вы што ж, купіць мяне надумалі ?
— Купіць ? — ён быў відавочна зьдзіўлены. — Хутчэй не, чым так. He... Купляць вас мы ня хочам. Можа, сфармулюем інакш: выкупіць?
Выкупіць? Мяне? Нават ня ведаючы, як правільна называецца мая мова? Я падняўся зь месца, ён таксама. Ён працягнуў мне руку, і я паціснуў яе пасьля сэкунднага ваганьня. Камфортная, сухая, нібы адмыслова створаная для руканьняў далонь. Мы выйшлі, ён прапанаваў мне падкінуць мяне да дому, але я адмовіўся, шчасьлівы, што меў нагоду прадэманстраваць сваю нацыянальную гордасьць — чамусьці яна заўжды пачынае віраваць ува мне пасьля другога куфля выдатнага гаманійскага піва.
* * *
Чым больш рэальным паўставаў перада мной дзень майго ад’езду, тым часьцей я прыгадваў сваю жонку Леру. Мне чамусьці стала яе шкада: як мая жонка яна таксама мела поўнае права на кавалачак Гамоніі ў сваім жыцьці, аднак я атрымаў за дваіх, a яна была вымушаная і надалей задавольвацца домам. Я ўяўляў сабе, як Лера хадзіла б тут па крамах і аблізвалася, і мяне гэта нечакана расчуліла. Паразважаўшы, я вырашыў, што Леры наогул бракуе ў жыцьці сюрпрызаў. Нечаканасьці неабходныя для ўстойлівасьці шлюбу, а свой шлюб, пры ўсёй абмежаванасьці маёй супругі, я губляць не зьбіраўся. Я быў упэўнены, што маю не найгоршую спадарожніцу жыцьця. Хто ведае, што чакала б мяне, калі б я апынуўся адзін. Што б там ні было, яна чакае мяне, і, відаць, радасьць яе будзе непадробнай. Улічыўшы ўсё гэта, я патэлефанаваў Леры і паведаміў, што прыяжджаю праз тыдзень, хаця мусіў прыехаць ужо пасьлязаўтра. Ад прадчуваньня таго, як у яе вылезуць на лоб вочы, калі я, няголены і з пахам цягніка пад пахамі ўвалюся ў нашую кватэру, а яна ненафарбаваная, у халаце, будзе прадзіраць вочы, я нават усьміхнуўся, што адбывалася са мной усё радзей.
Мой апошні вечар у Гамоніі выдаўся вясёлы: турэцкая, а цяпер і трошкі мая зборная па футболе якраз выйграла нейкі дужа ўжо адказны матч. Ліхаманка адчувалася ў горадзе з самае раніцы; у краме, куды я выправіўся, каб прыкупіць дамоў мясцовых марцыпанавых ласункаў, касірка, заўжды такая фанабэрыстая, пацікавілася нават маім прагнозам ад-
носна выніку, і я прамармытаў нешта няўцямнае. Увечары я ўключыў тэлевізар і пад бубненьне камэнтатара, які не даваў далёкаму, чужому стадыёну нават слова ўставіць, стаў бязладна пакаваць рэчы. Неўзабаве перада мной паўстаў выбар: узяць з сабой набытыя на флёмаркце кніжкі або прывезенае з дому і так ні разу не надзетае тут паліто. Урэшце я вырашыў падарыць паліто Сімі, і маланка на валізе нецярпліва самкнула свае дробныя зубы. Камэнтатар загаварыў гучней, і я зразумеў, што матч скончыўся. Адначасова зь фінальным сьвістком уверсе затупалі, унізе закрычалі, і гэтыя крыкі і тупат зьліліся з далёкім гулам перамогі, якім пакрысе напаўняўся горад. Па Штэльцэнштрасэ праносіліся, сыгналячы, аўто; машыны, здавалася, перадавалі адна адной на сваёй мове шчасьлівую вестку, а ў людзей не было моцы карыстацца мовай, яны проста лямантавалі ад радасьці; «А-а-а!» — чулася з вуліцы, прыгожыя чарнявыя людзі ўсё паўтаралі і паўтаралі назву сваёй краіны, нібы намагаючыся нагадаць яе тым з тубыльцаў, хто мог раптам забыцца, адкуль прыехалі ў Гамонію ўсе гэтыя прадаўцы, цырульнікі, кіяскёры і будаўнікі; адзінаццаць хлопцаў-міліянэраў умомант зрабілі гэтых людзей шчасьлівымі, не патраціўшы на гэта ні цэнта; цяжка сабе ўявіць, што зрабілі б цяпер заўсёды такія стрыманыя на выгляд гаманійцы з акцэнтам, калі б мелі бароды ды палкі калашнікава ў руках.
Я заўжды ставіўся да футболу як да мастацтва, a не як да спорту. Але тут неабходныя тлумачэньні. На мой погляд, аўтарамі гэтае мастацкай дзеі, якая
адбываецца на футбольных палёх, ёсьць зусім не футбалісты, і нават ня трэнэры. Заўзятары? Анягож. Гульцы, трэнэры, судзьдзі, заўзятары і гэтак далей — усяго толькі інструмэнты ў руках галоўнага мастака, пэндзьлікі, а прасьцей кажучы, палкі, якія знаходзяцца ў ягоным распараджэньні. Хто ён, галоўны мастак? А вось гэта нам невядома. Ен сядзіць недзе высока і назірае за намі са сваёй трыбуны, самотны і мудры, Галоўны Інспэктар Нябеснай фэдэрацыі, яму недаступная радасьць заўзятарства, ён прамахнуўся б па мячы, калі б мы раптам аддалі яму пас; але гэта ён усё прыдумаў, ён зьмяшаў фарбы, мокра-зялёную зь белай, цэглу стадыёна і кармін мітусьлівых футболак, гэта зь ягонага пальца ўпалі ў місу калізэя жоўтыя кроплі арбітраў. Так ён забаўляецца. Ці ёсьць побач зь ім вольнае месца?