Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
Натуральна, нічога такога не адбылося. Яны нават не заўважылі, што я на іх гляджу. Толькі адзін раз погляд Лікі, устрывожаны і пусты, прабегся па маёй скручанай постаці, але тут жа папоўз далей, як сьвятло турэмнага пражэктара, не знайшоўшы ўва мне нічога цікавага. Яны даелі амлет, дапілі віно і цяпер сядзелі, як дзьве напружаныя птушкі, чужыя ў гэтым выраі. Па іхных рухах я зразумеў, што яны зьбіраюцца расплаціцца і сысьці. Грэцкія студэнткі замовілі сабе яшчэ нешта, і афіцыянт прабег міма цёткі Шуры і Лікі, так і не заўважыўшы іхных ускінутых, бы яны нема крычалі «Зіг Хайль», рук. Трэба было нешта рабіць: віжаваць за імі, ці пазнаёміцца, выдаўшы сябе за спакушанага прыгажосьцю Лікі тубыльца, ці зьвярнуцца ў паліцыю... Мне было крыўдна, мне здалося, што неба па-над вакзалам пацямнела ад маёй нянавісьці, што галубы, якія няўклюдна танчаць пад музыку чалавека-аркестру недалёка ад нас, пачулі мой нячутны загад і ўздымуцца зараз над столікамі гэтай вулічнай кавярні, каб камянямі абрынуцца адтуль на
гэтых дзьвюх змрочных жанчынаў, выдзёўбваючы ім вочы, разрываючы ім скуру, шукаючы пячонкі, напоўненыя страхам маленькія, гістэрычныя сэрцы, барвовыя рухавыя языкі...
Каля самай праезнай часткі сядзіць у адзіноце за сваім столікам Лёс, апусьціўшы вочы, разглядваючы пену на сваёй астылай каве. Чалавек-аркестар грае, ён упэўнены, што заслужыў сваю жменьку эўра. Студэнткі-грачанкі знаёмяцца зь нейкім хлопцам, які падсеў да іх і адразу ж пачаў заляцацца: «Тысіфона», прадстаўляецца адна, «Мэгера», кажа другая, «А я Алекта», усьміхаецца трэцяя.
* * *
Той, хто вандруе па Швабіі, абавязкова павінен хаця б на нейкі час наведаць Шварцвальд. Ня толькі з-за дрэваў, хаця зусім не паўсюль знойдзеш такое незьлічонае мноства высачэзных гордых ялінаў, але перадусім з-за тамтэйшых людзей, якія дзіўным чынам адрозьніваюцца ад усіх, хто жыве ў гэтай мясцовасьці. Вы бывалі калі-небудзь у Шварцвальдзе? Я таксама пакуль не. Затое я быў у вольным горадзе Гамоніі, дзе бачыў сьвятога Міхеля і «Кайзэркелер», а цяпер я еду на сваю Бледную Русь, якая, нехаця праступаючы зь цемнаты сьвітанку, пакрысе набывае фіялетавае адценьне. У маёй радасьці няма межаў — як у ранішняй радыёпраграме для рэпатрыянтаў. I ўсё ж я баюся. Я баязьлівец — калі вы яшчэ не заўважылі.
Сярод усіх маіх разнамасных страхаў жыў адзін ня вельмі прыкметны, ды ўчэпісты гад, які мучыў ся-
не рэдка, але калі ўжо вылазіў, то дратаваў так, што мне хацелася зрабіць сабе лабатамію. У тым горадзе, куды я вяртаўся, па маіх сьлядох хадзіў паганы Энтузіяст — той, хто, цалкам магчыма, быў першым чалавекам, які паспрабаваў перастварыць маю казку па-беларуску. Я ня ведаў яго, ён быў чалавек бяз твару і імя — але рана ці позна ён даведаецца, што яго абскакалі і абавязкова не заўважыць літару «с». I тады пачнуцца ўсе гэтыя рыцарскія турніры, якія я так не люблю. He, ня трэба пра гэта думаць. У спальных вагонах трэба спаць — але ж менавіта ў іх сьпіцца горш за ўсё.
Маё падарожжа было спакойным, як плаваньне на матрасе ўздоўж берага. Са мной у вагоне ехаў адзін гаманіт зь сям’ёй; я паспрабаваў разгаварыцца зь ім — але гаманіт паставіўся да мяне насьцярожана і зачыніўся ў сваім купэ. Яшчэ было двое дзяцей: зусім малы поўзаў па вагоне з канца ў канец, і правадніца, разносячы гарбату, шторазу аб яго спатыкалася, a трохі большы гуляў у нашым купэ ў дзіўную гульню пад назвай «паліцэйскія супраць міліцэйскіх», расстаўляючы на маёй паліцы плястмасавыя фігуркі. Надыйшла ноч, вагон пакашліваў і варочаўся, чакаючы мяжы.
I мяжа прыйшла. Нешта няўлоўна зьмянілася за акном, быццам бы нехта коратка кіўнуў нам з-пад брыля фуражкі, а мы заўважылі гэта бакавым зрокам. Яшчэ чатыры гадзіны да сталіцы — і я дома.
Радзіма — таксама своеасаблівы тупік. Бо радзіма — гэта месца, ад якога нікуды не падзец-
ца, зь якога нікуды не ўцячы. Вяртаючыся на радзіму, ты трапляеш у тупік, і цяпер толькі ад добрай волі тваіх перасьледнікаў залежыць, ці будзе ў цябе магчымасьць вырвацца з гэтага тупіка: цалкам магчыма, перасьледнікі расступяцца, папярэдне прымусіўшы цябе зацаніць іхныя набыткі: пустыя гільзы і парнаграфічныя гульнёвыя карты, а можа, і не расступяцца, і тады глухая сьцяна радзімы застанецца апошнім, на што ты яшчэ можаш глядзець. Што, згодны, таксама няблага.
У гэтага тупіка ёсьць начальнік. Ён схіляецца над табой і кажа нягучна:
— Чэмадан аткройце, пажалуста.
— Пажалуста.
У сетцы над маёй паліцай ляжыць пустая бутэлька з жуком, а разам зь ёй — пусты плястмасавы кубачак. Таму ніхто не зьвяртае на бутэльку ўвагі. Начальнік Тупіка гідліва пазірае на мае старыя, ільсьністыя ад тысяч дотыкаў кнігі і выходзіць. Праходзіць зусім няшмат часу, і нам аддаюць пашпарты. Цягнік усё яшчэ стаіць, зрэдку стогнучы, бы хворы ўначы.
— Далей? А далей пешкі, — чую я бас начальніка, які шпарка праходзіць праз вагон. — Ну а што я Mary зрабіць? Наперадзе грузавы сышоў з рэек. Аварыя, кажу, наперадзе, а вы тут...
Маці таго хлопчыка, які гуляў у паліцэйскіхміліцэйскіх, пачынае перабіваць начальніка, і той рэзка разварочваецца:
— Скардзьцеся-скардзьцсся. Але я тут пры чым? Вось да горада дойдзеце, і там калі ласка, Кілямэтраў
пяць усяго. Ранішняя прабежка па роднай зямлі. Сам бы не адмовіўся, але не магу — праца.
Іншыя начальнікі зарагаталі. Першым з вагона, вельмі арганізавана і без нараканьняў, выйшаў гаманіт са сваім сямействам, яны ціха перагаворваліся, нерашуча азіраючыся навокал. Над полем была смуга, горада не відаць. Начальнікі паказалі нам накірунак і пасьпешліва пакрочылі да нейкай са сваіх змрочных будак.
— Там маршрутку можна злавіць, — крыкнуў нам нейкі хлопец, які жыў у гэтым памежным горадзе і таму быў амаль дома, і ўпэўнена рушыў у смугу. За ім, стараючыся не адставаць, пацягнуліся астатнія. Тут, звонку, было значна цямней, чым здавалася нам у цёплым вагоне. У вусьцішнай чыгуначнай цішыні парыпвалі колцы валізаў. Праз колькі сотняў мэтраў везьці іх за сабой стала немагчыма, і мы ўзвалілі іх на сябе, бы параненых. Ня ведаю, колькі часу прайшло, пакуль на даляглядзе слаба засьвяціліся агні горада, нашыя эфэмэрныя ордэны за гэты сумнеўны подзьвіг. Калі я кажу «нашыя», то маю на ўвазе толькі сябе ды яшчэ нейкіх дзьвюх паўп’яных дзявуляў, што, няспынна лаючыся, валаклі за сабой цела непаваротлівай спартовай сумкі. Астатнія пасажыры расьсеяліся і згубіліся ў гэтай непранікальнай смузе і яе нябачных карняплодах, што блыталіся ў нас пад нагамі. Кожны вырашыў дабірацца самастойна. У нейкі момант мне падалося, што недзе зусім блізка — варта толькі руку выцягнуць — прагучала фраза панямецку, але гэтыя ранішнія прыцемкі былі здольныя на любую мімікрыю, толькі б завабіць да сябе
небаракаў-вандроўнікаў, і таму я ня стаў дражніць лёс і пайшоў за суайчыньніцамі.
Дзеўкі нарэшце заткнуліся. Як атрад закінутых у краіну дывэрсантаў, мы моўчкі прабраліся празь лясочак, пралезьлі пад нейкім раптам узьніклым у цемры аблупленым шлягбаўмам, які, цалкам магчыма, і быў сапраўднай мяжой, — і, зьнясіленыя, выйшлі праз гадзіну да ўскраіны горада, што спрэс складалася з непрыязных хатак і злоснага сабачага брэху. Як мне ні хацелася як найхутчэй пакінуць гэтыя мясьціны і трапіць да людзей, я ўсё ж спыніўся і, седзячы на мокрай валізе, выкурыў цыгарэту.
Вось тады мне ўпершыню прыйшла думка, што, магчыма, дарэмна я ўвязаўся ў гэтую справу зь перакладам «Халоднага сэрца». Варта мне было калісьці пагадзіцца на прапанову спадара ван Дрэйка, як я трапіў у нейкі загадкавы, дзіўны і не сказаць каб літасьцівы да мяне сьвет. Я прыгадаў Гамонію, яе нібы загадзя сплянаваныя дажджы, сваю незразумелую адзіноту сярод іх, свае слабасьці, якім я вымушаны быў падпарадкоўвацца, фраў Габіхт, у існаваньне якой я ніколі б не паверыў, калі б мае пальцы ня памяталі стырна яе вазка, калі б гэта ня здарылася менавіта са мной, а ня з кімсьці іншым... I тыя незразумелыя, амаль літаратурныя, занадта літаратурныя супадзеньні: Сімі, што паўстаў нібыта толькі з аднаго майго жаданьня ня быць у самоце; цёцю Шуру і Ліку, якія ўзьніклі бы паводле сцэнару; бутэльку з залатым жуком, якая ляжала цяпер у валізе пада мной. У вогкай ранішняй няўтульнасьці, на ўскраіне гарадка, які я ведаў горш
за Гамонію, дарма што гарадок належаў да маёй радзімы, я ўпершыню пашкадаваў, што ўзяўся перакладаць менавіта Гаўфа, а не, напрыклад, Райнэра Кнэдліка і Марціна Шпэцля, трыццацігадовых паэтаў з Бэрліну, дзякуючы якім я езьдзіў бы цяпер па перакладчыцкіх сэмінарах, жыў бы ў гатэлях і вяртаўся б дахаты, не пасьпеўшы стаць ахвярай нечай змовы. У тым, што гэта змова, я ўжо амаль не сумняваўся.
Між тым, я застаўся адзін. Mae спадарожніцы з радасным віскатам уціснуліся ў кабіну нейкага трактара, які, міргаючы соннымі фарамі, прывідам выпаўз з-за павароту, і, машучы мне рукамі, пакацілі туды, дзе ўзыходзіла сонца. Сабакі пакрысе сьціхлі, вуліца перавярнулася на другі бок і зноў засапла. Несамавіты і пустэльны раён, дзе я знаходзіўся, пах хутчэй таксанаміяй, чым таксаматорамі. У зачыненых вокнах хатак адчувалася пагроза, і таму я схапіў сваю валізу і пайшоў куды вочы глядзяць.
Дзіўна, але праз колькі паваротаў па засыпаных лісьцем вулках я й праўда наткнуўся на маршрутку. «Будзь чалавекам — ня бразгай дзьверкай», было напісана на яе вільготным баку. На вакзал кіроўца, што праўда, ня ехаў, але абяцаў давезьці мяне да нейкага «Бальшова» моста, перайшоўшы празь які я «стопудова» траплю якраз на галоўны чыгуначны. Нібы ўцякаючы ад кагосьці, мы імчалі па пустых вуліцах, кіроўца ўключыў радыё, і я, міжволі ўслухоўваючыся ва ўздыхі адной з тых сьпявачак зь незапамінальнымі прозьвішчамі, якіх у такой колькасьці нараджае руская зямля, зь нечаканай це-
плынёй падумаў пра Леру: як яна там. Кесарава звалі тую сьпявачку, ці што.
Мост і праўда быў вялікі — чорная сталёвая махіна навісала над гаражамі, забруджаным каналам, чыгуначнымі пуцямі, прыватнай забудовай. Яго канец губляўся недзе далёка ў смузе. Як я ні стараўся ісьці шпарчэй, ён усё ніяк не канчаўся. Раз-пораз мне трапляліся няголеныя, заклапочаныя і замерзлыя мінакі: прыкмета таго, што вакзал насамрэч быў недалёка; да таго ж я чуў няясны гул, крыніцай якога маглі быць якраз цягнікі, якія выганяюць са стойла. Mae вочы зьліпаліся, мне хацелася стаць зусім маленькім і непрыкметным, рухацца як мага хутчэй — але мая валіза, як мне здавалася, грукатала па няроўным асфальце моста на ўвесь горад. На сярэдзіне моста я ня вытрымаў, спыніўся, дастаў прызначаную каму-небудзь у падарунак пляшку сьлівовіцы і зрабіў колькі прагных глыткоў: мост адразу ж скончыўся, і я з палёгкай спусьціўся проста ў залю чаканьня мясцовага вакзала.