Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
Але хутка рускаму надакучылі роспыты, і ён павёў празяблых журналістаў у дом, паказаць сваю калекцыю шабляў, і вельмі пакрыўдзіўся, калі фатографы, ігнаруючы сапраўдную дамаскую сталь, абступілі непрыбраны зь вечара стол, на якім між брудных талерак узвышалася недапітая бутэлька гарэлкі, літровая, чымсьці падобная на ліхтар.
Гэтая гісторыя ледзь не зрабіла мяне перакананым вэгетарыянцам. Вось і цяпер, чакаючы на цягнік у прывакзальнай вулічнай кавярні і пачуўшы, як за сьпінай чарговы раз пачалі абмяркоўваць канчаткова абрыдлае мне языкаедзтва, я раздражнёна павярнуўся, каб зірнуць на тых, хто з такім смакам наноў абсмоктваў гэты выпадак. Як я і думаў, за маёй сьпінай сядзела, паставіўшы локці на столік, звычайная парачка з пароды тых, якія нават на могілках цішком слухаюць радыё. «Маглі хаця б у кавярнях памаўчаць пра гэта», — падумаў я, востра адчуваючы сваё бясьсільле, і ўжо зьбіраўся расплаціцца і сысьці, калі раптам за іншым столікам дзьвякнула талерка і вельмі знаёмы голас прыцішана вылаяўся на маёй роднай мове. Я імгненна зірнуў туды і адразу ж апусьціў вочы, мне нясьцерпна захацелася прыкрыць чым-небудзь твар — ну, хаця б гэтым амаль што некранутым салатным лістом, які самотна і зграбна выцягнуўся на пустой талерцы.
Уся шчыльна ўпакаваная ў пацёртую джынсавую тканіну, за тым столікам сядзела, незадаволена чакаючы на сваю замову, асоба, зьяўленьне якой перада мной магло быць патлумачанае хіба што памыл-
кай друку ў Кнізе лёсаў. Гэта і праўда была яна, цётка Шура, прыкметна пастарэлая, пацяганая, палінялая, але яна, яна, яна — безь ніякага сумневу. Глядзець на яе было рызыкоўна, яна ж магла пазнаць мяне, гэтая старая пізда, і я, схамянуўшыся, утаропіўся на суседні столік — яго якраз занялі нейкія тры студэнткі, мяркуючы па ўсім, з Грэцыі, і пачалі весела і голасна абмяркоўваць на сваёй мове нейкую «мэтафару» — напэўна, плякавалі зьмяніць кватэру.
Ніхто не забыты, нішто не забыта. «Мам, цёць Шур званіла, сказала, заўтра заедзе!» — я ведаў, што гэтая навіна маці ўзрадуе, і заўсёды абвяшчаў яе, як толькі маці пераступала парог нашай цеснай кватэры, вяртаючыся з працы, і толькі потым дапамагаў ёй зьняць паліто і цягнуў у кухню пакет з пакупкамі. Цёць Шур быў найлепшай мамінай сяброўкай, цёць Шур быў жаданым госьцем у доме, нават калі ў мамы быў «іграй, мігрэнь»; доўгая адсутнасьць цёці Шуры дзіўна на нас адбівалася: варта было ёй не зьяўляцца ў нас хаця б тыдзень, як усе мы пачыналі адчуваць сябе кімсьці кшталту намаляваных фігурак, увогуле, не зусім рэальнымі стварэньнямі. Цёць Шур прывозіў мне прыгодніцкія раманы, а сястры, калі тая ўрэшце нарадзілася, — стракатыя бразготкі і імпартныя панчошкі; цёць Шур любіў каньяк, цёць Шур часта сьпяваў камсамольскія песенькі, а мама падхоплівала, са шчырай узьнёсласьцю, пад іранічныя цёцьшурыны позіркі, бо цёць Шур адразу ж замаўкаў, і голас мамы жаласьліва гучаў у зьдзіўленай цішыні. Цёцю
Шуру ведалі ўсё нашыя сваякі, і менавіта дзякуючы яе пратэкцыі майго пляменьніка Антона калісьці ўзялі ў вучылішча. Такая яна была, цётка Шура, незаменная, сябра сям’і, наш правадыр і правайдэр, маміна паплечніца, якая ведала пра нашу маму больш, чым ведаў пра яе наш бацька — таму што і ў маміным жыцьці яна зьявілася значна раней за тату, зьявілася тады, калі маімі какашкамі яшчэ і ня пахла. Цёць Шур, мон амур, цёць Шур — абажур. Гэтыя дробныя зубы, гэты маленькі, на дзіва самастойны і разумны язык, які рэгулярна высоўваўся з-за іх, нібыта гэта ён быў сапраўдным цёць Шурам і правяраў, у якім стане знаходзіцца цела-носьбіт, на якім ён паразытуе, і ці не раскрылі мы ягоную таямніцу. Падобны да застарэлага кашлю сьмех... Вусатыя вочы. Заўжды кароткія стрыжкі, падбеленыя ці то першай сівізной, ці то цырульнікам. Ганаруся сабой: я нічога не забыў.
Зрэшты, я трохі хлушу. Першай у гэтай бэрлінскай кавярні я заўважыў зусім ня цётку Шуру, спачатку я ўбачыў яе дачку Ліку, такую ж бронеджынсавую. Ліка сядзела крыху бліжэй да мяне і закрывала маці сваім целам, як бодыгард, аднак цётка Шура раз-пораз выглядвала з-за тоўстага пляча дачкі, кідаючы кіслыя, безуважныя позіркі на прыгожых, насатых, гаваркіх грачанак. Я ад пачатку ні сэкунды не сумняваўся, што разам зь Лікай тут сядзіць і яе маці; гэта было немагчыма, уявіць іх паасобку, гэта было сотні разоў праверана маім дзяцінствам, маім юнацтвам: цёць Шур і Ліка, Ліка і цёць Шур. Бязь Лікі цёць Шур ніколі да
нас не прыяжджаў, бязь Лікі цёць Шур быў проста брыдкі цёць. Цёць Шур і Ліка, што гэта значыць, на якой мове...
А вось што гэта значыла, напрыклад, на мове майго дзяцінства.
* * *
Цётку Шуру я ненавідзеў з таго самага моманту, калі першы раз пабачыў, дый яе дачку, Васілісу Каровішну, таксама. «Што ты зь ім так носісься? — казала цётка Шура маёй маці. — Ён жа ў цябе ў невядома што вырасьце, у блакітнага, у чучала нейкае». «Пакажы кулакі! — уладна цягнулася яна да мяне. — A ну, пакажы!», і хапала мяне за плячо. Я вырываўся, азіраючыся на маці ў пошуках дапамогі, але маці адно вінавата сьмяялася. «Ды цябе ні адна баба не палюбіць...».
«Так, ты пасядзіш з малой, а дарослыя пойдуць на прыроду, расслабяцца трошкі, — распараджалася яна. — Дарослым таксама адпачываць трэба, не для таго цябе гадавалі. Ну што, зноў за маміну спадніцу хапацца будзеш?» «Ой, ой...» — карцінна закрывала вочы цётка Шура, бачачы ў маіх вачох сьлёзы. «Трынаццаць год мужыку! Першы раз такое бачу...» «Што ты ўсё дома тырчыш?» — трэсла яна мяне за галаву, калі бачыла на канапе з кніжкай — ёй жа, зрэшты, і прывезенай. «Ідзі на турнік, ці па бабах... Цуд ты ў пер’і, не магу». Усё адбывалася на вачох Лікі, якая звычайна сядзела за сталом з дарослымі, піла ваду (худнела!) і маўчала, пагардліва гледзячы на мае прышчы і доўгія рукі, якія я ня ведаў, ку-
ды падзець. «Праўда, сынок, пайдзі пагуляй зь Лікай на двор», — таропка шаптала маці, мая хітрая маці, якая такімі прапановамі выганяла з дому заадно і Ліку, ураўноўваючы гэтым сябе, дый сына ў правах з бесцырымоннымі дарагімі гасьцямі.
Часам я ўпарціўся, матляў галавой, зь нянавісьцю пазіраючы на невысокую, але плячыстую цётку, і дэманстратыўна плакаў, сьцяўшы зубы, ад чаго горла набрыньвала горкім, пякучым камяком. Але часьцей падпарадкоўваўся маці, ішоў на вуліцу, маючы Ліку ў бясплатны дадатак: Ліка, тады ўжо добра разьвітая, неабястлушчаная малочная дзяўчына, ішла за мной, закаціўшы вочы, і не адказвала на баязьлівыя, няўмелыя спробы пра што-небудзь пагаварыць. Калі ж Ліка ўсё ж адкрывала рот, то рабіла гэта толькі для таго, каб працадзіць скрозь зубы «так» ці «не» або гучна, выразна сказаць голасам сваёй маці: «Чучала... Цуд у пер’ях... Вэтэрынар...» — слова «вэтэрынар» у цёці Шуры і Лікі чамусьці лічылася абразай, a ўсё пачалося з таго, што маці некалі распавяла ім, як я ў маленстве хацеў стаць, калі вырасту, вэтэрынарам. «Ну, калі ўжо ты нам нешта купіш са сваёй вэтэрынарскай зарплаты?» — любіла казаць цётка Шура, заходзячы да нас і торгаючы ляльку-Ліку за руку, каб тая павіталася нарэшце з маёй мамай. «Што, мала вэтэрынарам плацяць? А вось нам бог паслаў сёньня трохі...» — і цётка Шура выкладвала на стол сэрвелат, і ікру, і армянскі каньяк, і шакалядныя цукеркі, пад якія мне так прыемна чыталася каля таршэра — і гэта была яшчэ адна нагода, каб ненавідзець цёця Шура. «Ну што, Канстанціныч, храпнем?» —
Канстанцінычам звалі майго бацьку, і ён радасна рыкаў у адказ.
— Слухай, вэтэрынар, а чаму ў цябе такое прозьвішча? — спытала аднойчы ні стуль ні сьсюль Ліка, калі нас зь ёй чарговы раз выперлі на двор. Яна млява пагойдвалася на арэлях, а я з усяе моцы ўдаваў, што незнаёмы з гэтай фанабэрыстай, падобнай да какетлівай сьвіньні дзевяціклясьніцай. — Чаму? Ты што, жыд?
— Сама ты жыд, — не знайшоў я лепшага адказу. — Прозьвішча як прозьвішча.
— Гэта жыдоўскае прозьвішча, — ляніва, але пераканана прамовіла Ліка і пазяхнула. — Жыд. Жыдзяра.
— Гэта нямецкае прозьвішча, — сказаў я. — Ты... Ты хаця б ведаеш, што ідыш — гэта германская мова?
— Жыд... — пазяхнула яшчэ раз Ліка. — Жыдвэтэрынар. Вось дык сумесь. Я ў захапленьні.
Яна зірнула на гадзіньнік, і арэлі пад ёй пранізьліва рыпнулі.
...Тры студэнткі-грачанкі за суседнім столікам замаўчалі, засяроджана высмоктваючы з напоўненых лёдам кубкаў сваю Eiskaffee. Цётка Шура і Ліка, падняўшы вусікі броваў, уважліва сачылі, як падымаецца па саломінках брунатная вадкасьць. Афіцыянт, не сьпяшаючыся, усё ж падыйшоў і да іх, прынёс нешта з апэтытным німбам, няйнакш амлет з авечым сырам, які тут звычайна прапаноўвалі на абед, а я ўсё сядзеў, употай назіраючы за гэтым столікам, на якім раптам замкнуўся сьвет, і ўспамінаў. Цётка Шу-
ра і Ліка сутыкнуліся лакцямі, раздражнёна зірнулі адна на адну, чокнуліся белым віном і ўзяліся за ежу. Паміж столікаў зьявіўся вулічны музыка і адразу ж кінуўся да іх, выводзячы палкія трэмала на сваёй гітары і адначасова грукаючы ўпрыгожанай званочкамі нагой і выдзімаючы нешта з прыладжанага да падбародзьдзя губнога гармоніка — сапраўдны чалавек-аркестар, трохі зьдзіўлены зараз абыякавасьцю джынсавых дамаў. А я з пакутлівым задавальненьнем, паўзаплюшчыўшы вочы, вышукваў у памяці ўсё новыя падрабязнасьці, а яна, мая памяць, нібы толькі гэтага і чакала доўгія гады, нібы і не было ніякіх доўгіх гадоў, і не было ніякіх даўгоў...
Мне было шаснаццаць, калі я пачуў самае страшнае. Адбылося гэта на нашым лецішчы, куды ў выходныя прыперлася, натуральна, і цётка Шура са сваёй тлустай Лікай. Мне здавалася, у доме ўсе сьпяць, змораныя духмянай вясковай сьпёкай, і я выйшаў на двор. Цётка Шура і мая маці, чырвоныя, з абгарэлымі насамі, абедзьве ў белых станіках і мужчынскіх безразьмерных mopTax, сядзелі пад навесам і пацягвалі піва. «Так, шкада... — казала задуменна цётка Шура і з асалодай сёрбала з алюмініевага кубка. — Я добра памятаю, як мы з табой марылі... Вырастуць дзеці, ажэнім іх, пароднімся. Ты ж як родная мне, Ніна...»
— Эх, Шур, былі мы з табой калісьці маладыя, — сказала маці з такім глыбокім уздыхам, быццам ніколі дагэтуль не прызнаваліся яны зь цёткай Шурай адна адной у любові.
— Жыцьцё праклятая штука, — сказала цётка Шура. — Думалі-марылі, а цяпер... Ну куды, згадзіся сама, твайго целяпня за маю Ліку. Табе трэба зь ім рабіць нешта. He мужык, адным словам. Разумны занадта. Шаснаццаць гадоў ужо, а драчун драчуном — ад слова «драчыць». I гэты белорусскій языкі.. He туды твой цягнецца, не туды. Баюся я за яго... Дый мая тое яшчэ дурное сальца, хто такую возьме... Але мы будзем шукаць... I ты ня думай, я табе дапамагу.