Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
— Адчуваньня таго, што ты з усіх бакоў акружаны вадой? Ну, калі дождж будзе і далей ліць так, як ён ліў вясной, неўзабаве Гамонія таксама стане выспай у Паўночным моры... А вось я...
Я задумаўся, сочачы, як Сімі наразае сваім кінжалам хлеб. Ён адкусіў ад сваёй лусты і зазірнуў мне ў вочы:
— Ты нешта хацеў сказаць.
— He, нічога. Проста я яшчэ ніколі ня жыў на востраве.
Перад тым, як ён сабраўся сыходзіць, мы абняліся.
— Заходзь, — казаў я, — ты заходзь у госьці. I калі дапамога спатрэбіцца... I дзякуй за мяса. ІПто гэта, дарэчы, было?
— Кашэчыя хвасты, — сказаў Сімі. — Натуральна, таксама нашыя нацыянальныя прыправы: мбо, баква-баква, ндыдонэ, рвача...
I Сімі пачаў загінаць цёмна-карычневыя пальцы. «Ну, я ж хацеў вас папярэдзіць», — скрушна прыгаворваў ён, прытрымліваючы мае плечы, якія сутаргава скаланаліся над унітазам. «Мы дамовіліся на ты», — спрабаваў я пасьміхнуцца, тым
часам як зь мяне ўсё выходзіла і выходзіла сьвяточная пхівоста, — яна ніяк не сканчалася, нібы я быў даверху напоўнены тушанымі ў рвачы і бакве-бакве кашэчымі хвастамі.
♦ * *
Карацей, мы зь Сімі пасябравалі. Пасябравалі, нягледзячы на абяцаньне, якое я даў калісьці маці: ніколі не заводзіць сабе сяброў. Яна баялася за мяне, бедная: апекшыся аднойчы на ўласным досьведзе, яна думала, што зможа зьдзейсьніць самы галоўны, невыканальны насамрэч бацькоўскі подзьвіг — пражыць за дзяцей іхнае жыцьцё. Але Сімі падаўся мне бяскрыўдным, як я ні намагаўся, я ня мог убачыць у ім ні канкурэнта, якога варта асьцерагацца, ні цыніка, якога трэба было пазьбягаць; да таго ж мяне цягнула да яго, а яго да мяне.
Нашае знаёмства мела на мяне цудадзейны ўплыў — я зноў засеў за пераклад і неўзабаве прасунуўся наперад на цэлых дзесяць старонак. Пісаць даводзілася рукой; я з жахам зразумеў, што зусім забыўся, як гэта робіцца: калі я пазіраў на пакінутыя мной на паперы крамзолі, мне здавалася, што спадару ван Дрэйку ўжо цяпер трэба наймаць найлепшых эўрапейскіх дэшыфроўшчыкаў. Ня ведаю, праз гэта ці зь іншай прычыны, але звычка да гультайства нарэшце ўзяла верх — я, праўда, пачаў ужываць выключна піва, дзякуючы чаму ў галаве маёй паступова праясьнілася; аднак пераклад зноў закінуў, аддаючы перавагу кнігам з гарадзкое бібліятэкі.
О, гэтая біблятэка, трохпавярховы палац з рудое цэглы, аблазіўшы кожны куток якога, я канчаткова пераканаўся, што адвечнае змаганьне кнігі і чалавека скончылася поўнай паразай апошняга. Кніг на сьвеце больш чым людзей, яны ўзялі нас колькасьцю, гэтыя папяровыя птахі... А калі чалавечы зрок стаміўся зьвяртаць на іх увагу, у бой уступілі аўдыёкнігі. Мясцовая бібліятэка, даволі сьціплая па тутэйшых мерках, значна пераўзыходзіла ўсё, што я бачыў на радзіме. Менавіта тут я з жахам усьвядоміў, якой пашаны за сваю сьмеласць заслугоўваюць тыя, хто наважваецца пісаць кніжкі, кідаючы донкіхотаўскі выклік усяму ўжо напісанаму. Бо бібліятэка пераконвала раз і назаўсёды: усё ўжо напісана, усё і пра ўсё і ўсімі магчымымі спосабамі, — хопіць! Тым ня менш кніг у бібліятэцы штодня станавілася ўсё больш. Калі казаць пра мастацкую літаратуру, то пераважна бібліятэка прырастала за кошт сучаснае прозы, гэтых супэрдынамічных, нібы палёт зь першага паверху, апавяданьняў і раманчыкаў, поўных скамечаных клішэ, напісаных «простай, шчырай і даступнай мовай» (такой жа ўбогай, якой Талстой напісаў свайго геніяльнага «Філіпка»), прыпраўленых добрай порцыяй генэтычна мадыфікаванай крыві, гігіенічнага маладзёвага сэксу, псэўдаэлітарнай стомы, сапраўдных наркотыкаў і дэбільнага слэнгу, прысыпанае зьверху парачкай алюзіяў на выпадкова пагартаную разумную кніжку.
Кнігі, аднак, катавалі мяне ня толысі ў сьценах бібліятэкі. Я зусім ня ведаў, што мне рабіць з маёй казкай — тэрмін майго знаходжаньня ў Гамоніі
сканчаўся, і я зь ціхім жахам думаў пра той дзень, калі я буду вымушаны прадставіць маім апекунам плён сваёй працы. Пракляты час, быццам помсьцячы мне за нешта, памчаўся цяпер з падвоенай хуткасьцю, і дзень ад’езду, што падаваўся яшчэ нядаўна такім далёкім, ужо віднеўся на маім прыватным даляглядзе.
Заклікаю мокрае, нізкае гаманійскае неба ў сьведкі: я з усяе моцы імкнуўся не заразіць Сімі сваім марнатраўствам і лайдацтвам, намагаўся не дакучаць яму — але мы бачыліся ледзь не штодня. Зрэшты, ён ня меў нічога супраць, гэты асунуты, сумны, нязьменна ветлівы чалавечак. Сымпатычна крумкаючы, ён распавядаў мне пра праблемы (на ягоную думку, невырашальныя), зь якімі ён сутыкнуўся, як толькі пачаў працаваць. Рэч у тым, што ў мове Сімі зусім не заўсёды знаходзіліся патрэбныя адпаведнікі тым на выгляд простым словам, што сустракаліся часам у тэксьце Гаўфа. Розьніца ў клімаце і часавых паясох нагадвала пра сябе на кожнай старонцы. Да прыкладу, на радзіме Сімі ня ведалі, што такое елка — на шчасьце, там глядзелі галівудзкія фільмы, і Сімі неяк выкруціўся, пераклаўшы гэтае слова як «цёмназялёныя вожык-дрэвы, міма якіх бяжыць агент Старлінг у «Маўчаньні ягнятаў». Я, праўда, сказаў Сімі пра тое, што наўрад ці гэта ўдалы варыянт і што, на мой погляд, ня варта ўмешваць агента Старлінг у і без таго заблытаную гісторыю Пэтэра Мунка. На гэта Сімі ветліва запярэчыў, што затое кожны чытач зразумее, якая расьліна мелася на ўвазе. 3 гэтым цяжка было спрачацца.
— Але кніга засаджаная вожык-дрэвамі, як хвойны запаведнік, — усё ж сказаў я. — Табе давядзецца правесьці агента праз усю кніжку, і яна ўрэшце прыстрэліць Галяндца Міхеля, далібог прыстрэліць. I гэта будзе ўжо іншая гісторыя.
— Ты так нізка ацэньваеш мае перакладчыцкія здольнасьці? — хітра пасьміхнуўся ў адказ Сімі. — Клярыс Старлінг — не адзіны агент у гэтым сьвеце.
— Бачу, ты прыхільнік літаральнага перакладу, — сказаў я маркотна. — Ёсьць ідэя: давай гэта будуць проста «вожык-дрэвы». Паслухай, так насамрэч значна лепш. Як, ты кажаш, гэта будзе на заходнім мбісакі?
Сімі з сумневам пахітаў галавой, што на ягонай мове азначала нешта кшталту сяброўскага «А пайшоў ты...». На самой справе, «вожык-дрэвы» і агент Старлінг былі лёгкавырашальнай праблемай у параўнаньні зь іншымі, сапраўднымі пасткамі. Паводле кнігі, шклянога чалавечка маглі пабачыць толькі тыя, хто нарадзіўся ў нядзелю. Але на востраве, адкуль прыляцеў Сімі, дзён тыдня ў нашым разуменьні не існавала, там наогул быў свой каляндар, заснаваны на мясцовых анімалістычных культах. Па словах Сімі, пра нашыя панядзелкі-аўторкі там ведаў адно прэзыдэнт і некаторыя апазыцыйныя дэпутаты парляманту. Народ жа, дзеля якога шчыраваў Сімі, карыстаўся сваім традыцыйным часападзелам. Колькі мой сябра ні спрабаваў патлумачыць мне ягоную супэрскладаную сыстэму, я ніяк ня мог уцяміць, як носьбіты заходняга мбісакі арыентуюцца ў непадатлівым хронасе. Сімі схіляўся да Ta-
го, што Пэтэр Мунк мусіць у перакладзе нарадзіцца ў ноч недаедзеных мідыяў. Ці нешта кшталту таго, я ўжо ня памятаю дакладна.
Урэшце Сімі быў вымушаны прыняць маю прапанову аб дапамозе. Некалькі вечароў мы правялі ў ягоным кабінэце, і я, гартаючы танюсенькі заходнембісакі-нямецкі слоўнік (заходні мбісакі нядаўна перайшоў на лацінку, тым часам як усходні па-ранейшаму паслугоўваўся крыптаграфічным пісьмом), прыдумаў на вачох уражанага Сімі некалькі цалкам прыдатных наватвораў. У гонар гэтага мы нават выпілі зь ім гліняны збан даўкага віна, які Сімі прывёз з сабой і зьбіраўся падарыць спадару ван Дрэйку.
— Ведаеш, што мяне больш за ўсё ўражвае ў гэтай кнізе? — спытаў Сімі са сьлязьмі ў вачох. — Плыты... Гэтыя плыты, стоячы на якіх яны сплаўлялі драўніну па рацэ. Плыты — гэта мне так знаёма. Гэта нібыта рэха прыбою, якое нехта перанес сюды з маёй любай радзімы. У вас у краіне ёсьць плыты?
— На маленькім плату, — ціха завёў я, — сквозь буры, дошч і грозы, узяў толька сны і грозы, і дзецкую мічту...
— Прыгожа, — з зайздрасьцю адгукнуўся Сімі. — Гэта вашая нацыянальная песьня пра плытнікаў?
— Кшталту таго, — адказаў я. — Зможаш?
Сімі падхапіў з падлогі свой бліскучы пацёрты тамтам, сунуў яго паміж ног. Вочы ягоныя сталі летуценна-алеістымі:
— На малекі пляту, Скоо бурідорігорі, Зя токасін і госі, I дека кукі ту-у-у-у...
— Геніяльна, — шчыра сказаў я. — Адзін раз пачуць — і так удала паўтарыць... У цябе талент.
— Ты, я заўважыў, так лёгка называеш усіх вакол геніямі, — усьміхнуўся Сімі. — Мне гэта падабаецца. У нас такога зусім няма. Геніі — гэта маса Гаўф, маса Моцарт, маса Спілбэрг. Яшчэ маса Джэкі Чан. 3 геніем немагчыма выпіць віна і пабалбатаць. Геніі не жывуць на маленькіх астравах. Ведаеш, я вельмі сумую па радзіме.
Ён падняўся, падыйшоў да шафы, дастаў адтуль нейкі тоўсты прут і, урачыста трымаючы яго перад сабой на выцягнутых руках, нібы зьбіраўся пасьвяціць мяне ў рыцары, наблізіўся да мяне ўсутыч.
— Гэты прут, — сказаў ён пяшчотна. — Ён таксама нагадвае мне пра маю радзіму. Пра маю сям’ю, пра маіх апекаванцаў. Я, ведаеш, працую на радзіме настаўнікам.
—Што ты выкладаеш’
—Усё, — пасьміхнуўся Сімі. — Мовы, матэматыку, гісторыю, астраномію, музыку, геаграфію, вайсковую падрыхтоўку... У нас не такая багатая краіна, каб кожны настаўнік мог дазволіць сабе выкладаць штонебудзь адно.
Ён любоўна правёў кончыкамі пальцаў па пруце.
— Гэта твая ўказка? — спытаў я расчулена і пабачыў на ягоным твары неразуменьне. — Ну, ты Ka-
рыстаесься гэтым кіем, калі табе трэба паказаць нешта на мапе ці на дошцы ?
— Не-е, — засьмяяўся Сімі. — Гэты пруцік, ён дзеля выхаваўчых мэтаў. Для нядбайных вучняў.
Ён паклаў на стол пальцы левай рукі і тут жа рэзкім, маланкавым рухам выцяў пруцікам стол — я і заўважыць не пасьпеў, калі ён прыбраў пальцы.
— Няўжо ў вас настаўнікі ня маюць такога? — спытаў ён, абмахваючыся пруцікам, быццам веерам. Я падумаў крыху, прыгадаў дзяцінства і пакачаў галавой:
— He, не, натуральна, маюць... Усё як у вас.
— А ты — ты таксама сумуеш па сваёй працы?
— Працы? Якой працы?
— Ну, у цябе ж ёсьць праца, там, на радзіме ?
Я задумаўся. Сапраўды, што, як не авантурызм і не жаданьне прывезьці дамоў трохі адкладзеных зь перакладчыцкай стыпэндыі грошай, прымусіла мяне выправіцца ў Гамонію? 3 такім жа, а можа, і з большым посьпехам я мог бы перакладаць Кнігу і дома, часу б хапіла.
Калі па шчырасьці, на радзіме я быў, бадай, шчасьлівым чалавекам. Я меў вышэйшую адукацыю, скончыў ін’яз (інстытут абасраных языкоў, паводле маёй бабулі). Я меў сяброў, якія за памяркоўную цану дапамагалі мне ў цяжкія хвіліны. Я ня меў аніякіх фізычных недахопаў і небясьпечных хваробаў. Я меў ня толькі працу (ня горшую і ня лепшую, чым у астатніх — праўда, дзеля паездкі сюды мне давялося звольніцца, але мяне ўзялі б на працу зноў, варта было толькі папрасіць). Я меў таксама двухпакаёвую