• Газеты, часопісы і г.д.
  • Халоднае сэрца  Вільгельм Гаўф

    Халоднае сэрца

    Вільгельм Гаўф

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 230с.
    Мінск 2009
    46.64 МБ
    было дасягнуць таго, каб «Халоднае сэрца» загучала на ўсіх без выключэньня мовах плянэты; здаецца, на іхным сайце было нешта напісана пра будучы таўшчэзны том, пакуль што — цяжкаўяўную хімэру, дзе ўсе гэтыя пераклады выйдуць. Раз на год спадар ван Дрэйк запрашаў некалькіх перакладчыкаў з розных краін і плаціў ім невялікую стыпэндыю, пакуль яны далучалі слабыя галасы сваіх родных моваў да гэтай усеабдымнай, бясконцай Мункіяны. Грандыёзная па сваёй бессэнсоўнасьці задача. Трэба было добра начытацца ў дзяцінстве казак, каб прысьвяціць жыцьцё такой лухце. Я так і ўяўляў сабе загадкавага спадара ван Дрэйка — звар’яцелым на Гаўфу ў выніку дзіцячае траўмы пажылым джэнтльмэнам масонскага выгляду, якому няма куды дзяваць заробленыя продкамі грошы. Ня ведаю, чаму ягоны выбар спыніўся на мне; цалкам магчыма, «Халоднае сэрца» ўжо даўно было перакладзенае на беларускую якімнебудзь невядомым мне аблыселым энтузіястам — але спадар ван Дрэйк не падазраваў пра існаваньне беднага энтузіяста... А вось я, нікому не вядомы аматар, меў тым ня менш знаёмых у Інстытуце Гётэ і ўжо пераклаў да гэтага часу на замову пару-тройку занудных апавяданьняў — усе пра Бэрлінскі Мур, яны і самі былі напісаныя ў нейкім жалезабэтонным стылі; ды яшчэ вершыкі, цэлую купу ультрасучасных вершыкаў, ніводзін зь якіх не застаўся ў мяне ў памяці. Быў яшчэ, праўда, даўно памерлы паэт Рынгельнац, але ж пераклады зь яго ў мяне так і не атрымалася надрукаваць, бо ніводзін рэдактар на маёй радзіме ня ведаў, хто гэта такі. Сайт, спасылку на
    які даслаў спадар ван Дрэйк, абяцаў удзельнікам перакладчыцкай праграмы цудоўныя ўмовы для працы: у сэрцы Шварцвальду, бла-бла-бла, у лясной сядзібе, між ялінаў і гор, і я быў дужа зьдзіўлены, калі атрымаў у пачатку сакавіка квіток зусім у іншы бок — у Гамонію, пра якую ў «Халодным сэрцы», калі хто яшчэ не чытаў гэтае казкі, няма ані слова.
    Такім чынам, у аўторак, сёмага красавіка, у горадзе Гамоніі, я пачаў сваю працу. Добра памятаю той дзень, дождж ішоў і ішоў, назаляючы сваёй бесьперапыннасьцю, гэтак, бывае, пачынае мокра кашляць у перапоўненым аўтобусе нехта за сьпінай, і ня можа ніяк спыніцца, і ты выходзіш, зь цяжкасьцю дачакаўшыся свайго прыпынку, так і не даведаўшыся, як выглядаў гэты нехта, каму дзякаваць. У адкрытай лёджыі дома састарэлых дрыжэлі пад ветрам вялізныя ружы. Па Штэльцэнштрасэ праносіліся з мэлядычным ровам пажарныя машыны, усе ў адзін бок — мусіць, непадалёку нешта здарылася, і гэты роў даваў мне ўтульнае, падманілівае пачуцьцё бясьпекі. Моклі цярплівыя ровары ў двары, і нехта ўнізе слухаў джаз. «Mochten Sie die Anderungen speichern?» — зьдзіўлена пытаўся кампутар, і я адказваў яму ўголас, навобмацак наліваючы сабе кавы, раздражнёны неабходнасьцю наведваць раз-пораз прыбіральню, захоплены, зь дзіўнай цеснатой у сэрцы... Ружовыя рускія стаялі ў мяне за сьпінай і перашэптваліся. Увечары патэлефанавала тая дзяўчына, якая сустракала мяне на вакзале. Высьветлілася, што насамрэч яе звалі Ніколь. «А вы, Ніколь, вы... чыталі Гаўфа?» «Хутчэй не, чым так. У вас усё о’кэй?» — спытала
    яна. «Так, — сказаў я. — Усё цудоўна, але...» — ды яна ўжо паклала слухаўку, пакінуўшы ў ёй задаволенае «tschuuuiisss», вымаўленае так пяшчотна, як гэта ўмеюць адно немкі. Больш яна мне не званіла.
    Халоднае сэрца. Я ўвайшоў у гэтую казку з адчуваньнем чагосьці вельмі знаёмага, гэта была мая стыхія, і за першы тыдзень працы мяне неаднаразова наведвала пачуцьцё, што я — чалавек на сваім месцы, што мяне ўсё ж запрасілі сюды невыпадкова. Можа, я сьвядома пераконваў сябе ў гэтым, каб пазбавіцца згрызотаў сумленьня — слабыя, няздольныя нават перашкодзіць мне спаць, яны тым ня менш існавалі напачатку, выкліканыя магчымым існаваньнем праклятага ўяўнага энтузіяста. Зашмальцаваны рукапіс нікому не патрэбнага перакладу ў падзёртым пінжаку, вочы пакутніка-аматара, прарослае насеньне ўчорашняга бутэрброда ў сівой барадзе — так я сабе яго ўяўляў... Можа стацца, ён быў першы і незаслужана зьбіраў цяпер бутэлькі па сталічных рэдакцыях, замест таго каб раскашаваць у гэтай заморскай залатой вязьніцы. Так, энтузіяст зь ягонай пакрыўджанай лысінай цалкам мог і не існаваць, але ж мажлівае заўжды дратуе нас больш за рэальнае... He, я любіў сваю працу. Наўрад ці быў у гэтым сьвеце хаця б адзін чалавек, які гэтак жа, як я, ненавідзеў праўду і любіў бы вымысел, чалавек, які заслугоўваў «Халоднага сэрца» больш за мяне. О, гэты першы месяц маёй працы: я нават падумваў кінуць курыць, настолькі яна мяне захапіла. Мая жонка Лера гадзінамі не магла датэлефанавацца мне ў Гамонію — я папросту не падымаў слухаўку. Мне пачалі сьніцца сны — упер-
    шыню за апошнія дзесяць гадоў. У траўні на Гамонію абрынулася нечуваная сьпёка. Чарнавік перакладу быў напалову гатовы, мне здавалася, што я маю прорву часу, калі раптам ува мне нешта зламалася.
    * * *
    Усё пачалося з таго, што аднойчы ўвечары, высунуўшыся ў акно, я нечакана злавіў сябе на тым, што спрабую зазірнуць у выразы на блюзках тых раварыстак, што праносіліся, як звонкія чужаземныя вятры, па Штэльцэнштрасэ. Мне раптам дужа закарцела, каб Надзін... не, Ніколь прыйшла да мяне ў госьці. А лепш каб яны завіталі да мяне ўсе трое: Надзін, Наталі і Ніколь. Чым больш я ўяўляў сабе гэты візыт, тым далей адступала ад мяне мая праца. Нельга сказаць, каб яна стала для мяне менш жаданай, яна папросту стала выглядаць не такой абавязковай. Як гэта часта здараецца, спачатку я зрабіў сабе адзін выходны. «Ты заслужыў адпачынак», — сказаў я сабе неяк увечары, купіў тры бутэлькі піва і выпіў іх, седзячы абсалютна голы ў дрогкім цені фіранак. Сонца ніяк не хацела заходзіць, і я дазволіў яму застацца на небасхіле. Выходны ператварыўся ў вакацыі, што расьцягнуліся на месяц. Неяк я наважыўся патэлефанаваць Ніколь — яна пакінула мне сваю візытоўку падчас нашай першай і апошняй сустрэчы. «Ніколь Трост, калі ласка», — сказаў я хрыпла ў слухаўку, калі там сьціх конскі тупат нейкай лацінаамэрыканскай музычкі. «На жаль, яе няма», — адказаў мне вельмі добразычлівы жаночы голас. Халера, я ж думаў, што гэта яе мабільны. «А з кім я размаўляю?» — спытаў
    я даволі нахабным тонам. «Гэта Ханна Шпэрлінг, яе сяброўка, Ніколь цяпер на Маёрцы, у адпачынку. Яна дала мне свой тэлефон, і калі вы хочаце ёй нешта...» Я незадаволена падзякаваў і паклаў слухаўку, а потым абазваў сябе казлом. Дон Хуян, як казала пра такіх мая нябожчыца-бабуля. Трэба было пазнаёміцца з гэтай Наталі, ці з Надзін, ці з Розай, ці з Гюльчатай, з Фэн Шуй, з Разаліндай, з кім-небудзь трэба было пазнаёміцца, запрасіць у госьці... Генэралу ван Дрэйку, відавочна, не зашкодзіла б забясьпечваць сваіх перакладчыкаў бромам. Уначы, замест таго, каб аддавацца сваёй працы, я ехаў у цэнтар гораду і блукаў там да раніцы, як маньяк у пошуках ахвяры, нікому не патрэбны ў гэтым горадзе, апрача хіба што Кнігі, зь якой вытыркалася матавым, мэталічным, мэтадычным дакорам дарагая сувэнірная закладка. Некалькі разоў я спрабаваў арганізаваць тэлефоннае каханьне са сваёй жонкай Лерай, нават узяў зь яе абяцаньне прыдбаць сабе вэб-камэру, але ёй усё нешта замінала, то нехта сядзеў у яе ў гасьцёх, то ў самы адказны момант званіў у дзьверы. Урэшце я зладзіў у ваньне парачку патаемных кампрамісаў з самім сабой і, канечне, трохі супакоіўся. Але да Кнігі больш не дакранаўся. Сьмецьце на маёй кухні расло, нібы хатняя расьліна, на ўгнаеньні майго лайдацтва, дый пустыя бутэлькі ў кабінэце размнажаліся, як трусы. Пазбаўлены ўсялякага кантролю, ня маючы страху ні перад жонкай, ні перад богам, я быў няздольны супрацьстаяць магутнай плыні ўласнай ляноты, я аддаўся яе стыхіі з гэткім жа імпэтам, зь якім пачынаў перакладаць «Халоднае сэрца»: я запісаўся ў бібліятэку і бавіў ночы ў
    п’янстве і чытаньні Гогаля і Яна Баршчэўскага, а дні праводзіў у дрымоце, дазваляючы свайму выпадкова набытаму ровару несьці мяне туды, куды жадала ягоная лёгкая бразгатлівая душа. Часьцей, праўда, я заставаўся на ўвесь дзень дома. Я забываў завешваць вокны, і насельнікі дома састарэлых, калі ім дазваляў іхны зрок, маглі сузіраць голага трыццацігадовага мужчыну, які, пачухваючыся, швэндаецца па кватэры, дзьвесьце разоў на дзень правярае сваю электронную пошту і глядзіць савецкія дзіцячыя фільмы. Ружовыя рускія, ружовыя рускія, ружовыя рускія. «Вось, аказваецца, чаго мне не хапала, — думаў я ў п’янай скрусе, — такога вось тупога жыцьця». Лянівая гэта жывёла — усходні славянін, няўдзячная гэта істота — чалавек. Да каго няўдзячная? Ня ведаю. Вырвалася.
    Гамонія пачыналася адразу ж за дзьвярыма маёй кватэры. Сама кватэра да Гамоніі не належала: бывала, я забываў, дзе знаходжуся, пазіраючы ў акно, і вельмі зьдзіўляўся, калі хто-небудзь на вуліцы нешта гучна казаў па-нямецку. Падлога была засыпаная кірыліцай, і кампутар, які нагадваў мне галаву прафэсара Доўэля, гаварыў цяпер выключна на ўсходнеславянскіх мовах. Нямецкасьць гэтай кватэры, аднак, можна было выкрыць, для гэтага толькі і патрабавалася, што трохі аддзерці прысталую да яго плеўку майго ўбогага, часовага побыту: варта было прачыніць тыя таямнічыя дзьверкі над шафай у вітальні, каб пабачыць лацінскія літары і ўмляўты над радамі кнопак і рычажкоў — загадкавы пульт кіраваньня гэтым жытлом; і дарэмна я шукаў там сваё імя над якой-небудзь кнопкай, адзін дотык да якой
    мог бы вярнуць мяне ў працоўны стан... Або этыкеткі на бутэльках і ўпакоўках ад сасісак і тартэліні: калі б я ўчытаўся ў іх уважлівей, яны б умомант давялі мне, дзе я насамрэч знаходжуся і хто тутака гаспадар.
    Бачу сябе ліпеньскім ранкам: гнаны смагай, шукаю ваду і знаходжу нарэшце на падваконьні кабінэта — цёплы кветачны смак на самым прыдоньні плястыкавай бутэлькі. Шчасьце — гэта калі можна, бавячыся ўсю ноч добрай кніжкай і танным віскі, легчы потым спаць а восьмай раніцы і заплюшчыць павекі з усьведамленьнем таго, што ніхто ня будзе цябе да ночы выцягваць з гэтага сну. Мімаходзь кінуты ў акно позірк: за домам састарэлых, на тым баку вуліцы, маладзён-курд падымае белую заслону на дзьвярох свайго кіёска, нібы зараз павінен пачацца спэктакль. Ён і пачынаецца, новы дзень, пятнаццацігадзінны чужы вадэвіль... Але на кіёск выходзяць вокны іншага дома, іншыя пабачаць паказ, а я буду храпець у сваёй Bar-ложы. Між іншым, калі прайсьці трохі далей за кіёск і прамінуць падобную да сярэднявечнага замка рудую спаруду станцыі мэтро, можна завярнуць за рог вуліцы і, пратупаўшы некалькі дзясяткаў мэтраў па бруку ў цені бальконных пальмаў, пабачыць нешта надзвычай файнае: там ёсьць невялікі дом, цалкам заселены замаскаванымі пад тубыльцаў расейскімі літаратарамі — дошка званкоў ля дзьвярэй стракаціць іхнымі імёнамі: Harms, Bunnen, Nemirovic, Hogel, Czukowski, Kupfring, Dr. med. Oliver Lescher... i толькі нехта Шранцгэнгер псуе ідылію, — відаць, яго наўмысна падсялілі сюды для нагляду за знакамітымі жыльцамі. О, як добра я ўяўляў гэтага Шранцгэнге-