Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
Яшчэ шмат дзён пасьля гэтага здарэньня апечаная рука нагадвала Пэтэру пра ягоную няўдзячнасьць і ягоную бязглуздасьць; потым, аднак, яму ўдалося заглушыць голас сумленьня і ён запытаўся самога сябе: «Калі я прадам гуту і ўсё астатняе, мне застаецца яшчэ тоўсты Эцэхіль: пакуль у яго ў нядзелю ёсьць грошы, я таксама іх маю!»
Так, Пэтэр! Але калі ў Эцэхіля яны б раптам зьніклі ? Так і адбылося аднойчы, і гэта быў цудоўны пралік Пэтэра. Была нядзеля, Пэтэр выправіўся ў карчму. Людзі, якія сядзелі там, павысоўвалі галовы ў акно. «Пэтэр-гулец прыехаў», — сказаў адзін, «Так, Імпэратар Танцораў, багаты гутнік», — сказаўдругі, a трэці пакачаў галавой і прамовіў: «3 такім багацьцем можна шмат сабе дазволіць, ды толькі ходзяць чуткі пра ягоныя даўгі, а ў горадзе я чуў, што чыноўнікі больш не зьбіраюцца марудзіць з ацэнкай ягонай гуты». Тым часам Пэтэр важна павітаўся з наведнікамі, вылез з павозкі і крыкнуў: «Гэй, гаспадар, добры вечар, а тоўсты Эцэхіль ужо тут?» Нізкі голас адказаў яму: «Давай заходзь, Пэтэр, мы ўжо тут, пры картах, і занялі табе месца.» Пэтэр увайшоў, сунуў руку ў
кішэню: відаць, Эцэхіль сёньня быў багаты, бо кішэні ў Пэтэра аказаліся даверху напоўненыя манэтамі.
Ён сеў за стол да астатніх, пачаў гульню, то прайграваў, то выйграваў, і так яны гулялі, пакуль грамада ў карчме не пачала пакрысе зьбірацца дамоў — тады запалілі сьвятло, і гульня працягвалася. Нарэшце двое іншых гульцоў сказалі, што на сёньня ўжо хопіць і ім час ісьці да жонак і дзяцей. Пэтэр-гулец угаворваў Эцэхіля застацца, той доўга не пагаджаўся, але ў рэшце рэшт прамовіў: «Ну так і быць! Я зараз палічу свае грошы, і тады мы кінем косьці, стаўка пяць гульдэнаў, ніжэй ня ставім, бо гэта несур’ёзна». Ён дастаў кашалёк і знайшоў там сто гульдэнаў, так што і Пэтэр ведаў цяпер, якая сума ў ягоным распараджэньні. Але ўдача адвярнулася ад Эцэхіля, ён прайграваў стаўку за стаўкай, і колькі б ён ні выкідваў, у Пэтэра шторазу выходзіла на два ачкі болей. Нарэшце Эцэхіль паклаў на стол апошнія пяць гульдэнаў і сказаў: «Яшчэ адзін раз, а калі я і зараз прайграю, то ты, Пэтэр, пазычыш мне з твайго выйгрышу — сумленныя хлопцы павінны выручаць іншых, ці ня праўда?»
«Ды колькі хочаш, — сказаў Пэтэр, задаволены тым, што фартуна была сёньня на ягоным баку. — Хоць сотню гульдэнаў!» Тоўсты Эцэхіль патрос косьці і выкінуў пятнаццаць. «Ну, зараз пабачым!» — крыкнуў ён. Пэтэр, аднак, выкінуў васямнаццаць! «Вось і канец», — прагрымеў за ягонай сьпінай нейкі дзіўна знаёмы голас.
Пэтэр азірнуўся. Агромністы і страшны, ззаду стаяў ніхто іншы, як Галяндзец Міхель. Зь перапуду
Пэтэр выпусьціў з рук выйграныя грошы, і яны ўпалі на падлогу. Але Тоўсты Эцэхіль ня бачыў Галяндца і гучна запатрабаваў, каб Пэтэр пазычыў яму дзесяць гульдэнаў, каб працягваць гульню. Як у сьне, Пэтэр палез у кішэню, але нічога там не знайшоў, палез у другую, але і тая была пустая. Ён праверыў у куртцы, ды і там не было ні граша. Толькі цяпер ён прыгадаў сапраўдны сэнс свайго ўласнага жаданьня: заўжды мець столькі грошай, колькі мае пры сабе Эцэхіль. Усё зьнікла, як дым.
Гаспадар і Тоўсты Эцэхіль зьдзіўлена назіралі, як Пэтэр усё шукае і шукае грошы і нічога не знаходзіць, яны, вядома ж, не паверылі, што Пэтэр ня мае пры сабе ані гелера, і толькі калі самі абшукалі яго, пераканаліся, што гэта насамрэч так. Тады, разьюшыўшыся, яны сталі абвінавачваць Пэтэра ў тым, што ён папросту вядзьмак і выйграныя ім грошы даўно ляжаць у Пэтэра дома. Пэтэр абараняўся як мог, аднак марна: Эцэхіль паабяцаў распавесьці ўсім у Шварцвальдзе, што за асоба Пэтэр Мунк. A карчмар сказаў, што заўтра ж ураньні пойдзе ў горад і падасьць заяву пра выпадак чараўніцтва — і тады, дадаў ён, Пэтэра спаляць на вогнішчы. Потым абодва накінуліся на Пэтэра, сарвалі зь яго куртку і вьікінулі з карчмы.
Ніводнае зоркі не было ў небе, калі прыгнечаны Пэтэр вяртаўся дамоў, але ён здолеў усё ж пазнаць тую постаць, якая раптам зьявілася поруч і прамовіла: «Вось і ўсё, Пэтэр Мунк. Твайму багацьцю і тваёй самавітасьці прыйшоў канец. А я
ж папярэджваў цябе яшчэ тады, калі ты нічога не захацеў слухаць і ўцёк ад мяне да гэтага шклянога курдупеля. Цяпер ты бачыш, што значыць напляваць на руку, якая хоча табе дапамагчы. Але ў цябе ёсьць шанец паспрабаваць наноў, бо я спачуваю тваёй цяжкай долі. Яшчэ ніхто не пашкадаваў, што зьвярнуўся да мяне, і калі ты не забыў шлях, то заўтра ты зможаш пагаварыць са мной у тым самым гушчары. Ta66 застаецца толькі прыйсьці туды і паклікаць мяне!» Пэтэр зразумеў, хто зь ім гаворыць, але ж гэтым разам ён не адчуў жаху; моўчкі ён пакрочыў дамоў.
* * *
Калі раніцай у панядзелак Пэтэр прыйшоў у сваю гуту, там былі ня толькі ягоныя работнікі, але іншыя людзі, зь якімі ні ў кога няма асаблівай ахвоты сутыкацца: чыноўнік і тры судовыя выканаўцы. Чыноўнік пажадаў Пэтэру добрага ранку, ветліва спытаў, як добра ён спаў, а потым выцягнуў доўгі рэгістар, у якім былі пазначаныя ўсе Пэтэравы крэдыторы. «Вы можаце зь імі разьлічыцца ці не? — спытаў чыноўнік і строга зірнуў на Пэтэра. — I думайце хутчэй, бо ў мяне мала часу, а ў турме вы будзеце мець добрыя тры гадзіны». Пэтэр прызнаўся, што ня мае больш нічога, і дазволіў чыноўніку ацаніць ягоныя дом і двор, гуту і хлеў, павозку і коней; і калі чыноўнік і выканаўцы хадзілі вакол, правяралі ўсё і ацэньвалі, ён падумаў: «Да яловага гушчару недалёка, не дапамог мне маленькі, дык чаму б не паспрабаваць шчасьця зь вялікім». Ён пабег да дубровы, ды так шпарка, быццам судовыя выканаўцы гналіся за ім на ко-
нях. Калі ён прабягаў міма месца, дзе ўпершыню размаўляў з Шкляным Чалавечкам, то адчуў, нібыта яму на плячо легла нябачная рука, але ён вырваўся і пабег далей, на мяжу, месцазнаходжаньне якой ён добра запомніў, і як толькі пракрычаў, амаль задыхнуўшыся: «Галяндзец Міхель, Галяндзец Міхель!», перад ім ужо стаяў асілак-плытнік св сваёй бэлькаю на плячы.
«Прыйшоў? — прамовіў Міхель са сьмехам. — Яны што, зьдзерлі зь цябе скуру і хочуць прадаць яе тваім крэдыторам? Ну, супакойся, усё тваё гора, як я ўжо казаў, — ад гэтае шкляное дурылкі, ад гэтага крывадушніка. Калі дорыш нешта, то трэба сапраўды дарыць, а ня дурыць людзям галовы, як гэты жмінда. Хадзем, — сказаў Міхель і павёў яго празь лес. — Хадзем да мяне, там паглядзім, ці зможам мы аб нечым дамовіцца».
«Дамовіцца? — падумаў Пэтэр. — Што яму ад мяне трэба, і што я здолею зь яго вытаргаваць? Ён хоча, каб я паслужыў яму, ці што?» Яны прайшлі спачатку па стромай лясной сьцяжыне і адразу ж апынуліся ў цёмнай, глыбокай, абрывістай цясьніне, Галяндзец Міхель скакаў па скалах, нібы яны былі проста прыступкамі мармуровае лесьвіцы, а Пэтэр страціў бы прытомнасьць, калі б пры спуску Міхель ня стаў раптам вялізным, бы вежа, і не працягнуў бы яму руку — доўгую, як мачта, з далоняй велічынёй са стол у карчме, ды ня крыкнуў голасам, страшным нібы званы сьмерці: «Сядай сюды і трымайся за пальцы, тады не ўпадзеш!» Пэтэр, дрыжучы, сеў, як яму было загадана, і ўхапіўся за вялікі палец асілка.
Яны ішлі ўсё далей, усё глыбей, але, насуперак чаканьням Пэтэра, цямней не станавілася, наадварот, дзённае сьвятло ярчэла, і хутка Пэтэр ужо ня мог яго трываць. А Галяндзец Міхель, чым далей ён нёс Пэтэра, зноў пачаў меншаць і вось ужо ён стаяў, таго самага памеру, як і раней, перад домам, такім жа простым і ладным, як у багатых сялянаў у Шварцвальдзе. Пакой, у які Галяндзец увёў Пэтэра, нічым не адрозьніваўся ад пакояў іншых людзей, хіба што адзінотай, якая ў ім панавала.
Драўляны гадзіньнік на сьцяне, вялізная кафляная печ, шырокія лаўкі, посуд былі тут такія самыя, як і паўсюль. Міхель паказаў Пэтэру на месца за сталом, потым выйшаў і вярнуўся са збанам віна і шклянкамі. Ён наліў — і вось яны ўжо размаўлялі пра тое і пра сёе, і Галяндзец распавядаў Пэтэру пра радасьці сьвету, пра чужыя далёкія краіны, пра прыгожыя гарады і рэкі, і Пэтэр, які пад канец зноўку замаркоціўся, таксама падзяліўся з Галяндцам сваімі думкамі.
«Калі ты маеш ва ўсім сваім целе сьмеласьць і моц нешта прадпрыняць, то нейкія два ўдары сэрца могуць прымусіць цябе задрыжэць і адступіць; а тады бывай гонар, — сказаў на гэта Галяндзец Міхель. — Прыкра, што разумны хлопец мусіць турбавацца пра такую нікчэмную рэч, як грукат сэрца. Хіба ты адчуваеш галавой, калі нехта назаве цябе хлусам або нягоднікам? Або, можа, гэта страўнік баліць, калі, скажам, чыноўнік выкідае цябе з твайго ўласнага дому? А што ж? Скажы, Пэтэр, дзе ты адчуваеш боль у такіх выпадках?»
«У сэрцы», — адказаў Пэтэр і прыціснуў руку да грудзей, пад якімі калацілася, нібы спалохаўшыся чагосьці, ягонае сэрца.
«Не крыўдуй, але ты выкінуў шмат сотняў гульдэнаў на розных жабракоў і іншы зброд. Навошта, якая карысьць табе з гэтага? Яны жадалі шчасьця тваёй душы і здароўя твайму целу. Дык хіба ж ты стаў ад гэтага здаравейшы? Лепш бы ты ў такім выпадку аддаў бы палову тых грошай лекару. А шчасьце? Добрае гэта шчасьце, калі цябе выганяюць і забіраюць тваю маёмасьць! I што ж гэта прымушала цябе лезьці ў кішэні па манэту кожны раз, калі жабрак працягваў табе свой падраны капялюш? Тваё сэрца, сэрца, зноў гэтае сэрца! Ня вочы, не язык, ня рукі і ня ногі — сэрца! Ты, як кажуць, шмат прымаеш блізка да сэрца».
«Але ж як можна прымусіць яго не балець? Я шторазу стараюся зрабіць так, каб яно маўчала, а яно ўсё адно грукае і робіць мне балюча».
«Дурнічка! — усклікнуў Міхель і засьмяяўся. — Вядома, ты, небарака, нічога ня можаш зрабіць з ім; але аддай мне гэтую грукатлівую штуку, і пабачыш тады, як добра безь яе жывецца».
«Маё сэрца — аддаць вам? — ускрыкнуў Пэтэр з жахам. — Ды я памру тады на месцы! Ніколі гэтаму не бываць!»
«Так: калі ты даверыш такую апэрацыю спадару хірургу, то сапраўды памрэш. Аднак у мяне ўсё інакш. Хадзі вось сюды і пераканайся сам». Сказаўшы гэта, Міхель падняўся, адчыніў дзьверы ў іншы пакой і запрасіў Пэтэра ўвайсьці. Сэрца Пэ-
тэра сутаргава сьціснулася, калі ён пераступіў парог, але ён не зьвярнуў на гэта ўвагі, бо дзіўны выгляд пакоя моцна яго ўразіў. Драўляныя паліцы былі застаўленыя шклянкамі, напоўненымі празрыстай вадкасьцю, і ў кожнай з гэтых шклянак ляжала сэрца. На некаторых былі прыклеены цэтлікі, а на цэтліках напісаныя імёны — Пэтэр зь цікавасьцю стаў чытаць і жахнуўся: ён пабачыў імя таго чыноўніка, які прыходзіў ацэньваць яго маёмасьць, імёны Тоўстага Эцэхіля і Караля Танцораў, імя вярхоўнага судзьдзі... Тут былі сэрцы шасьці ліхвяроў, васьмі афіцэраў, тры сэрцы біржавых маклераў... Карацей, цэлая калекцыя сэрцаў найпаважанейшых людзей з усяго навакольля.