Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
«Я аддаў чатыры гады жыцьця на гэтую справу», — прамовіў нарэшце Энтузіяст і жаласьліва бліснуў вачыма. Я гатовы быў ісьці ў заклад, што
ў ягоных кішэнях ляжалі падабраныя ім на маёй лесьвічнай пляцоўцы недапалкі. Наверсе жыў адзін дзядзька, які чамусьці заўжды закурваў перад тым як увайсьці ў пад’езд і не пасьпяваў выкурыць цыгарэту цалкам, пакуль падымаўся да сябе. У Энтузіяста сёньня была багатая здабыча, таму яму было чым сябе суцешыць пасьля таго, як я яго выпру са свайго жытла. Мне не было шкада яго, ні каліўца. Я ўключыў тэлевізар, там якраз пачаліся гэтыя немагчымыя навіны. Культуру мы ўжо прапусьцілі, пачаўся спорт.
— Я адшліфаваў свой пераклад да апошняе... — заныў ён, але я замахаў рукамі:
— Цішэй, пачакайце! Чулі, флібусьцьеры прыедуць праз пару тыдняў. 3 нашымі гуляць. Кубак Інтэртота.
— Якія флібусьцьеры?
— Гэта футбольны клюб з Гамоніі. Эх вы, знаўца!
Ён замаўчаў, а потым стаў калупацца ў носе. «Чатыры гады», — прашаптаў Энтузіяст і заплюшчыў вочы.
— Чатыры гады... — паўтарыў ён і нечакана заплакаў. — Гэта самы дакладны пераклад «Халоднага сэрца», які можа быць. Ен ня горшы за расейскі! Я шмат чым ахвяраваў дзеля яго. Я... Мяне паўсюль гоняць, мяне ганьбяць, але я ня страціў веры ў чалавецтва! Як я перакладаў! У якіх умовах! У мяне трагічнае жыцьцё, па якім можна пісаць раман. Хочаце, раскажу? Гадоў так сем таму ў мяне была сувязь з адной жанчынай...
— He, — сказаў я. — Нецікава.
— Ды адкуль ты такі ўзяўся! — закрычаў раптам Энтузіяст, схапіўшыся за ручку маёй лядоўні. — Ча-
му ты вырашыў, што можаш ламаць вежу? Каб ламаць вежу, трэба досьвед і моц! Досьвед і моц! Чым ты ахвяраваў, каб брацца за гэтую справу? Прафанатар! Навошта ты стаў на маёй дарозе? Чаму, чаму? Толькі таму, што ты маеш кампутар? А я на пішучай машынцы бязь літары «ы», галодны, пры месячным сьвятле, бо электрычнасьць у мяне яшчэ пазалетась адключылі, а часьцей, часьцей: ад рукі, ад рукі!..
— У мяне таксама жонка сышла, — сказаў я. — Я таксама цяпер збольшага ад рукі, ад рукі. Але калі мы разам з вамі зараз пачнем ад рукі — гэта ўжо будзе... Суаўтарства. На руках ад гэтага валасы растуць, чулі ?
— Ты скраў у мяне ўсё, усё! — працягваў тым часам Энтузіяст крычаць пра сваю кантузію. — Ты скраў у мяне ня толькі славу, ты сьпёр у мяне душу! Мне сорак пяць, і...
Я паставіў імбрык на пліту і нацягнуў джынсы.
— He паверыце, але разумею вашую рэўнасьць, — сказаў я. — Я таксама не люблю, калі чужыя перакладаюць нешта, што даспадобы мне. Я нават часам ненавіджу тых, хто проста чытае мае любімыя кнігі. Бо раўную! Так, так! Калі ж узяць на веру існаваньне нашага любоўнага трохкутніка: я, вы і казка Гаўфа, то, прабачце, з майго гледзішча я тут неаспрэчна — законны муж, а вы — немалады і палітычна няграматны спакушальнік чужых жанок. Такія справы.
Ён сеў, забіты, і стаў панура слухаць, як я сёрбаю гарбату.
— Усё, — сказаў ён раптам. — Я пайду! Ня трэба! Нічога ня трэба! Сьвет несправядлівы, а вы, маладыя, такія жорсткія! Мой лёс, напэўна, у тым, каб...
Ён і праўда падскочыў і пайшоў да дзьвярэй. Як я і думаў, ён адразу ж вяркуўся і палез сваімі бруднымі пальцамі сабе ў сэрца.
— Вось! — усклікнуў ён. — Гэта яно! Дас кальтэ Гэрц! Бярыце, карыстайцеся! Глядзіце: я абыйдуся і бяз славы! Нашчадкі ацэняць.
Мне хацелася нешта яму сказаць, але я стрымаўся. Ён паклаў зашмальцаваныя старонкі на стол, вочы яго гарэлі. Почырк у Энтузіяста быў каліграфічны, почырк стараннага школьніка, які праваліўся на ўступных іспытах ва ўнівэрсытэт.
— Можаце выкінуць гэта на сьметнік! Або спаліць! — сказаў Энтузіяст велічна і пайшоў да дзьвярэй, бакавым зрокам пазіраючы ці то на мяне, ці то на нашчадкаў. Ягоныя крокі цяжка зарыпелі ў калідоры. Я ўсьміхаўся, я быў упэўнены, што ён зноў вернецца. Але ён не вярнуўся.
* * *
Гэты даўбаёб скраў у мяне жука. Пракляты энтузіяст, горда пакідаючы маю кватэру, скраў майго чароўнага залатога жука ў адмысловай бутэльцы. Таго самага жука ў бутэльцы, якога я, у сваю чаргу, сьпіянэрыў у фраў Габіхт. Я заўважыў яго зьнікненьне толькі ўвечары Taro дня, калі Энтузіяст наведаў мяне ў маім бярлогу. А я ўжо амаль пачаў паважаць гэтага лысага зануду! Відаць, па дарозе да дзьвярэй пакутніку захацелася трохі аблегчыць свой крыж. Што ж, мне заставалася толькі спадзявацца на тое, што жук не прынясе Энтузіясту шчасьця.
Пераклад Энтузіяста я паклаў на лядоўню, вырашыўшы ўсё ж паглядзець яго, калі будзе час. Бо
і прыкрасьць ад гэтага нахабнага крадзяжу, і злосьць на тое, што мая ўласная ўпартая праца ніяк не дае плёну (да канца яшчэ было так далёка, а цьмяных месцаў так шмат! I гэты вершык, халера на яго!) — усё адсунулася для мяне на другі плян. Бо ў адзін цудоўны момант у кватэры зазваніў тэлефон і голасам майго дарагога сябра Сімі загергетаў пра тое, што ён тэрмінова чакае мяне ў сябе на выспах! Таму я быў заняты па горла. Мне трэба было ехаць у Маскву па візу — інтарэсы Рэспублікі Мбісакі там прадстаўлялі Фіджы, мне трэба было за колькі дзён зрабіць усе прышчэпкі, знайсьці для сябе пробкавы шлем (мара калянізатарскага дзяцінства) і касьцюм для падводнага плаваньня, а таксама адшукаць такія плаўкі, у якіх я адчуваў бы сябе ўпэўнена. Як высьветлілася, самым складаным быў апошні пункт: усе плаўкі прыдатнай формы былі нейкіх пеўнікавых колераў, а ўсе няпеўнікавыя плаўкі больш нагадвалі сямейныя майткі — я ведаю, мне цяжка дагадзіць. Але ўрэшце я вырашыў, што ў плаўках я буду плаваць у межах Атлянтычнага басэйну. У акіяне, пасярод якога жыў хвастаед Сімі, купацца трэба было толькі голым, як малады бог, як сонцападобны Міклуха, як благадатны і выкшталцоны Маклай. I яшчэ мне хацелася загарэць да чарнаты, да абвугленасьці, да чакаляднага зьзяньня — толькі потым, па сваім вяртаньні ў родны горад, я зразумеў, што гэтае жаданьне было прадыктаванае той самай прагай абнаўленьня, якая пачала мучыць мяне яшчэ ў Гамоніі. Прагай новага, шчасьлівага жыцьця. Прагай ачышчальнага панядзелка.
Празь некалькі дзён, дажджлівым змрочным вечарам я выехаў на цягніку ў Маскву. Там, у бруднай, падобнай на занядбанае бамбасховішча імпэрскай сталіцы я не без праблемаў дабраўся да аэрапорту, дзе мяне адразу ж арыштавалі за тое, што мая барада, якую я адпусьціў некалькі тыдняў таму, перавысіла нейкія там іхныя стандарты. Давялося сядзець у пастарунку і некалькі гадзін даводзіць чысьціню свайго расавага паходжаньня. Чэрап мне мераў нейкі коп зь нездаровым румянцам на пульхных шчоках, ад злоўжываньня гераінам у яго дваілася ўваччу: шторазу, калі ён прыкладваў лінейку да маёй галавы, у яго атрымліваліся розныя вынікі. Ён мацюгаўся і прыкладваў лінейку зноў і зноў, але нешта ня складвалася. Давялося заплаціць яму, каб ён адчапіўся — інакш я проста не пасьпеў бы на самалёт.
Я ўжо згадваў, што пазьбягаю авіяпералётаў, але тут у мяне не было іншага выйсьця. Цягнікі ня ходзяць да Рэспублікі Мбісакі. I аўтобусы ня ходзяць. Падарожжа ператварылася ў кашмар. Амаль цэлы дзень мне давялося пражыць у самалётах і аэрапортах. I што з таго, што я замаўляў квіткі далей ад акна: ён усё адно навальваўся на мяне, гэты чортаў ілюмінатар, агромністы бы разьдзьмутае, ненасытнае дзьвярное вочка, якое лезе да цябе цалавацца, п’яная пыса ачмурэлага, прыніжанага чалавечым нахабствам сьвету. Я сядзеў, адной рукой закрываючы рот, а другой вочы, і ўсё адно адчуваў сваім здранцьвелым брухам тую пустэчу, якая зьвінела над намі. Каб падбадзёрыць самога сябе, я раз-пораз сьпяваў пад нос:
Слаўны горад Ротэрдам! Да халеры грошай там! Да халеры грошай...
Белыя Шварцвальды пад намі, штопраўда, зачароўвалі. Аднак на мяне гэта дзейнічала толькі першыя пару гадзінаў палёту. Я спрабаваў думаць пра пераклад, але ў самалёце мая галава адмаўлялася верыць у існаваньне на сьвеце нямецкіх казак. Рэальным быў толькі гэты салён самалёта, па якім бясшумна праносіліся сьцюардэсы. Я суцяшаў сябе тым, што мы цудоўна папрацуем зь Сіні, калі я дабяруся да яго, а не знайду свой бясслаўны канец на дне вунь той пустэльні. Аэрапорты давалі часовую перадышку, але пасьля іхнае прахалоды і іхнае ўпэўненае глебы пад нагамі яшчэ больш брыдка было лезьці па жалезных трапах у чэрава наступнага белага монстра. Зрэшты, мяне званітавала ўсяго толькі тройчы — я чакаў горшага. Урэшце я, канчаткова страціўшы веру ў рэальнасьць сьвету, апынуўся на нейкім вузкім кавалачку зямлі недзе сярод рыклівага акіяну. Заставаўся апошні кідок — да астравоў Мбісакі было дзьве гадзіны лёту. Я сядзеў каля адзінага на гэтай убогай сушы вэнтылятара і адганяў ад яго дзяцей. Праз шкляную сьценку, па якой поўзалі дзіўныя жоўтыя жывёлінкі з шасьцю лапамі, я назіраў, як нехта голы па пояс спусташае адну за адной шклянкі рому зь лёдам. Калі б я выпіў хаця б адну ў гэтай задусе, мне прыйшоў бы канец. А ён піў і адчуваў сябе окэй, хаця і хістаўся. Астатнія пасажыры пайшлі на акіянскі бераг пазага-
раць. Мне хацелася памерці. Чаму, калі ў цябе здараюцца сябры, яны жывуць на другім канцы сьвету? А родны горад поўны здраднікаў, ворагаў і рознага быдла? Запытацца трэба было ў бога, але ён, я ўпэўнены, нават не падазраваў пра існаваньне гэтага астраўка.
Я задрамаў, а калі прачнуўся, то па маіх каленях паўзло нешта падобнае да гіганцкае мухі. 3 прыбіральні сьмярдзела рыбай. Паўголы алькаголік сьмяяўся і махаў рукой у мой бок. Я падняўся і пайшоў за ім. Пасажыры ўжо сядзелі ўнутры нейкага зусім маленькага іржавага самалёта і з усьмешкамі паказвалі на мяне пальцамі. 3 уздыхам я залез унутр і зноў праваліўся ў падобную да комы дрымоту. Побач нехта зноў шчасьліва засьмяяўся. Я расплюшчыў вочы: паўголы аматар кіпячонага віскі прайшоў у кабіну: праз непрычыненыя дзьверы было відаць, як ён садзіцца ў крэсла пілёта.
— Маман, пазвані гэтаму Рону, што мы праз гадзіну будзем на месцы, — пачуў я знаёмы голас. «Няма сыгналу, — сказала па-расейску раздражнёна жанчына, голас якой я ня мог бы зблытаць ні зь якім іншым. — Будзем спадзявацца, што ён не забудзе. Чарнажопыя ніколі не вызначаліся пунктуальнасьцю».
Я павярнуўся ў той бок, адкуль чуліся галасы. Так, гэта зноў былі яны: цётка Шура і Ліка. Абедзьве ў нейкіх індыйскіх сары, з падцёкамі касмэтыкі на заклапочаных тварах, яны сядзелі ў канцы салёна і, як заўжды раздражнёна, перамаўляліся паміж сабой пра нейкія грашовыя справы.