Халоднае сэрца
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Галіяфы
Памер: 230с.
Мінск 2009
думаў, што б такое ім прызначыць — але так нічога не прыдумаў і загадаў замкнуць іх пакуль што ў сутарэньнях. Правадыры рэвалюцыі на астравох Мбісакі былі адпраўленыя ў басэйн з кракадзіламі першай ступені. Але кагосьці не хапала. I я ведаў, каго.
— А цяпер — спадар ван Дрэйк! — сказаў я грамавым голасам, нібы Глеб Жаглоў.
— Я сказаў: ван Дрэйк! — паўтарыў я, і тут заля стала сплюшчвацца, сцэна пакацілася ў тартар, тынк пасыпаўся мне на галаву. Карацей, гэта быў сон, сон, сон — і ня самы ўдалы. Яго стваральнікам не хапала таленту — так, як перакладчыкам не хапае таленту на тое, каб перастварыць шэдэўр. Ды не, нават гэтага сну — і таго не было, а вы і паверылі, ха-ха, я яго толькі што выдумаў, я проста зноў хлушу, хаця б дзеля таго, каб знайсьці ў сябе нейкія сымптомы вяртаньня да нармальнага жыцьця, сымптомы, якіх няма.
Спадар ван Дрэйк. Гатуючы сабе неяк раніцай паленту (хлушу, зноў хлушу: грэчку), я ўключыў тэлевізар і раптам пачуў гэтае імя на першым нацыянальным тэлеканале. На нейкі момант у мяне заняло мову. Але ж не, не, адкуль тут было ўзяцца ван Дрэйку: з экрану на мяне пазіраў нейкі доктар Андрэйкін, сівы, паважны кардыёляг, які разважаў пра перасадку сэрца.
— Некаторыя лічаць, што сэрца — галоўны ворган чалавечага арганізму, — казаў доктар Андрэйкін і хітра глядзеў на мяне з экрану. — Але гэта далёка ня так. Нашым галоўным органам ёсьць...
Ён замаўчаў, і я ўпстрыўся ў экран, чакаючы, што ён урачыста скажа зараз пра мозг.
— Галоўным нашым ворганам ёсьць...
Доктар Андрэйкін замаўчаў, з асалодай убіраючы ў сябе нецярплівасьць тэлегледачоў. Яму, відаць, хацелася, каб мы самі назвалі правільны адказ, бы студэнты на практыкуме. Ён трымаў паўзу так доўга і глядзеў з экрана так насьмешліва, што я ня выцерпеў і пераключыў. А калі, апомніўшыся, зноў пачаў шукаць доктара, то на першым нацыянальным ужо былі навіны. Распавядалі, між іншым, пра Мбісакі: рэвалюцыя задушаная, кіраўнікоў чакае суд, абстаноўка стабілізуецца. Я падумаў пра Сімі. Усё ж цяпер гэта стала яшчэ адным маім доўгам — скончыць пераклад і прысьвяціць яго свайму загібламу сябру.
Аягчэй было замест гэтага вывучыць родную мову Сімі. Я быў у роспачы. Але ж згадкі пра Сімі сядзелі ў маім сэрцы, бы цьвікі.
* ♦ *
Так напярэдадні першых асеньніх халадоў я зноў пачаў хадзіць да сваёй рэчкі, марна намагаючыся злавіць гэтую казку за хвост. Я глядзеў на чорную ваду, на змрочны дуб, пакрыты зеленаватай арыштанцкай шчэцьцю, на ўжо амаль адмерлую траву, азіраўся на свой дом, які адсюль выглядаў зусім чужым: на бальконе сохлі нейкія абсаютна незнаёмыя мне рэчы, і ў выразе даўно нямытых вокнаў было нейкае папярэджаньне. Ноўтбук ляжаў у мяне на каленях, нібы пусты паднос, і мне было гідка да яго дакранацца. У сваіх думках я ўжо амаль пагадзіўся з Энтузіястам: я не заслугоўваў гэтае казкі, яна была патрэбная мне не таму, што я любіў яе, хаця я і пераконваў ся-
бе ў адваротным — не, я ўзяўся перакладаць «Халоднае сэрца» для таго, каб вырашыць свае асабістыя справы. I гэта была мая памылка — я заблукаў у Шварцвальдзе. Я і праўда адчуваў сябе ў тупіку. Праца ніяк не пасоўвалася наперад — сорак старонак патрабавалі працягу; я нават ня стаў захоўваць плён сваіх стараньняў на флэшцы, употай я хацеў, каб файл зь перакладам зьнік з майго ноўтбука з-за якойнебудзь шчасьлівай тэхнічнай выпадковасьці. Тады б усё скончылася, тады я стаў бы нарэшце вольны, тады мая гісторыя скончылася б сама сабой. Віна перад Сімі, віна перад Энтузіястам, віна перад спадаром ван Дрэйкам — вось што я меў у выніку. Меў рацыю Энтузіяст: бог не для таго зьмяшаў мовы, каб кожны дурань, кожны шашаль мог беспакарана падточваць вырашчанае ім Дрэва Вялікага Пакараньня. Мне проста захацелася калісьці новага жыцьця, і я схапіўся за першае, што трапілася.
Але казку трэба было перакласьці. Перакласьці і забыцца. Вярнуцца да родных хлявоў і больш не замахвацца на большае. Ня кідаць выклік вялікім кнігам, заставацца бедным Вугляром, не гуляць у лесе, а сядзець ля вогнішча і зайздросьціць іншым. Вуглярам ня варта думаць пра помсту, для іх і помста — раскоша. Здаецца, казка навучыла мяне ціхмянасьці і пакоры. Гэтага я ад яе не чакаў.
Пакрысе я звыкся штодня прыходзіць на бераг рачулкі, уключаць ноўтбук і сядзець там, адчуваючы, як ныюць косткі пад усё больш зімным ветрам. Ад рэчкі, летам заўжды такой смурсдлівай, ішоў усё больш прыемны пах. Пах замярзаючай пакрысе
маладосьці. Усё часьцей раніцай яе краі ледзь прыкмстна ледзянелі. Пройдзе зіма, і споўніцца год, як я прыехаў у Гамонію. Ці скончу я пераклад да гэтае гадавіны?
Мне трэба было працаваць, а я думаў пра дзіўныя рэчы. Напрыклад, мне падабалася ўяўляць сабе Лютэра, які 10 сьнежня 1520 года спальвае зь сябрамі ў Вітэнбэргу папскую булу. Папера гарыць лёгка, агонь прыемна саграе азяблыя пальцы. Твары ў Лютэра і ягоных сяброў адкрытыя, хто-ніхто ўсьміхаецца. Недалёка пакрыкваюць крумкачы. Па плошчы клэпае нейкая глухая старая, валачэ за сабой санкі. «Калі яны спальваюць мае кнігі, я буду паліць іхныя», — флегматычна кажа Лютэр і здымае капюшон.
Неяк на пачатку лістапада на суседнюю лавачку падселі двое. Яны ўважліва разглядвалі мяне, зусім не хаваючыся. У іх былі такія твары, што мне падалося, яны чакаюць, каб я назваў нейкі пароль. Маладыя, спартовага целаскладу людзі, падобныя да прадаўцоў на рэчавым рынку. «Вы ад ван Дрэйка? — так і карцела мне запытацца. — Дык чаго маўчыце? He, пераклад яшчэ не гатовы, і я гатовы расплаціцца сваім сэрцам за тое, каб зь мяне скінулі гэты абавязак, гэты груз!»
— А мы па вашую душу, — прамовіў нарэшце адзін зь іх.
— Значыць, я правільна здагадаўся! — усклікнуў я з палёгкай. — Вы і праўда ад ван Дрэйка!
Маладзёны пераглянуліся.
— He зусім, — сказаў адзін і дастаў чырвоную кніжачку. — Нам трэба з вамі пагаварыць.
— Толькі пагаварыць? — спытаў я расчаравана і чамусьці прыкрыў ноўтбук.
— Пакуль што так, — кіўнуў той, што дагэтуль маўчаў.
Яны сталі ветліва распытваць мяне пра маё жыцьцё-быцьцё ў Гамоніі. Пыталіся, хто запрасіў мяне туды, прасілі назваць імёны, апісаць зьнешнасьць, распавесьці пра ўсіх, з кім я там сутыкаўся. Я адказваў блытана, у галаве маёй быў поўны гармідар: Лютэр, Сімі, Энтузіяст, фраў Габіхт — чаго яна ад мяне хацела... Шпіёны, шпіёны, шпіёны... Я быў перакананы, што расказваю ім пра ўсё, нічога ня ўтойваючы, але ж яны паківалі галовамі і папрасілі мяне, зь ветлівасьцю турэмных наглядчыкаў, выкласьці лепш усё ў пісьмовым выглядзе. Так, уласна, я і пачаў гэтыя нататкі. А вось тая акалічнасьць, што я так і не пазнаёміўся з спадаром ван Дрэйкам, насьцярожыла маіх пільных суразмоўцаў. Яны, відаць, не паверылі мне. Маладзёны разьвіталіся і паабяцалі зьвязацца са мной пазьней. Зьнясілены — бо даўно мне ні з кім не выпадала гаварыць так доўга — я заплюшчыў вочы. I тут я раптам зразумеў: я ведаў, што трэба зрабіць, каб скончыць пераклад да вясны. Шварцвальд — вось куды трэба было выпраўляцца. Толькі там я змог бы скончыць сваю справу. Толькі там, дзе жыла ўся гэтая вясёлая кумпанія: Пэтэр, Шкляны Чалавечак, Галяндзец Міхель, і тоўсты Эцэхіль... Там. Лёгіка усёй маёй гісторыі прыводзіла мяне да такога рашэньня. Усё было правільна, сказаў я сабе, усё, апрача месца.
Праз інтэрнэт я зарэзэрваваў сабе пакой у адным гатэльчыку, нават не гатэльчыку, а так — гастхаўсу;
горад, куды я сабраўся, называўся Пфорцгайм. Ён знаходзіўся ва ўсходнім Шварцвальдзе. Назва ягоная падалася мне сымбалічнай: яна паходзіла ад лацінскага слова, што азначае «брама», і Пфорцгайм меў славу «брамы Шварцвальду». А якраз брама мне і была патрэбная. У такія казкі нельга трапіць праз чорны ход. Заснаваны дзьве тысячы гадоў таму, Пфорцгайм быў амаль цалкам зруйнаваны ў выніку бамбардаваньня ў 1945-м. Гарадок, дзе рабілі гадзіньнікі — усё супадае з казкай! — быў зьнішчаны трохі больш чым за дваццаць хвілінаў. I, кажуць, у адным з засыпаных друзам падвалаў потым знайшлі цэлую лябараторыю нейкага мэдыка, маньяка-нацы, які зьбіраў там выразаныя ім у жывых людзей чалавечыя сэрцы. Хлушу, вядома ж. Зноў хлушу. Калісьці рабіў гэта самааддана і з задавальненьнем, а цяпер па звычцы, стомлена — нібы мне за гэта плацяць.
А можа, за гэта мне і плацяцьі
Ужо праз тыдзень квіткі і віза былі ў мяне ў кішэні. Будучая паездка падавалася мне вызваленьнем ад усіх грахоў і даўгоў. Я марыў пра яе, і пяткі мае дрыжэлі ад нецярплівасьці. Спачатку Бэрлін, потым цягнікамі ІСЕ, па далінах, па ўзгор’ях, праз тунэлі і іншыя вымярэньні — і вось ён, Шварцвальд. Там, на паддашку карчмы, у якой, магчыма, і цяпер яшчэ танчаць мясцовыя каралі і імпэратары, я і давяршу пачатае. I халоднае сэрца стане маім.
Падумаўшы, што ня варта пакідаць кватэру пустой, я вырашыў знайсьці на зіму кватарантаў і даў аб’яву ў газэту. Ужо на другі дзень я меў цэлы натоўп ахвотных — сярод іх былі азэрбайджанскія бізнэсмэны,
два сябры Аль-Каіды, пасол адной непрызнанай краіны, лесьбійская сям’я, кіраўнік рэлігійнае сэкты, рэдакцыя незарэгістраванай газэты, малады графаман, пажылая міліцыянтка з трыма чарапахамі... Карацей, процьма народу паквапілася на нізкі кошт і магчымасьць не аплачваць узімку ацяпленьне. Я, аднак, ня стаў рызыкаваць і ператэлефанаваў нейкаму тыпу зь дзіўным мяном Альгерд Бахарэвіч. Тып гэты называў сябе пісьменьнікам — праўда, што ён там напісаў, і ці напісаў наогул, я так ніколі і не даведаўся. Глядзець кватэру ён прыперся з жонкай і малой дачкой. Я адразу зразумеў, што жытло яму падабаецца, але апошняе слова будзе за жонкай. Жонка пасадзіла дачку глядзець мультфільмы, і мы ўтраіх уладкаваліся на маёй цеснай кухні. Яны сказалі, што таксама нядаўна вярнуліся з Гамбургу.
— Ach so, — я хуценька згатаваў ім кавы. — Але я жыў ня ў Гамбургу, я ў Гамоніі.
Бахарэвіч і яго жонка сталі запэўніваць мяне, што Гамбург і Гамонія — той самы горад. Яны, па ўсёй бачнасьці, сумняваліся ў маім розуме, а я — у іхным. Я ж, у адрозьненьне ад іх, добра ведаў, што Гамонія — гэта востраў.
— Келінгхузэнштрасэ? — сказаў я, каб іх праверыць.
— Што, прабачце? — ускінуў бровы Бахарэвіч, і я прабурчэў:
— Ды так, нічога. He зьвяртайце ўвагі.
Ягоная жонка прапанавала пайсьці пакурыць, і гэта была адзіная разумная ідэя, якую яны выказалі за вечар.